|
Жыве песня ў МІльках
...Рэгіна
забылася, што знаходзіцца на
сваім вяселлі. Госці спявалі.
Божа! Як яны
спявалі! 1 пачуцці маладой
заглушыла пачуццё прафесійнае — захапленне
культасветработніка. Адкуль тыя песні, ніколі
не чутыя? Адкуль тыя галасы —
народныя, шырокія, жывыя?!. Вось з таго вяселля
загадчыцы Чарнэльскага Дома культуры Рэгіны
Длужнеўскай і пачала існаваць фальклорная група
в. Мількі. Чатыры гады прайшло. Пабывалі артысты
ўжо на абласным аглядзе народнага мастацтва,
атрымалі грамату Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь, а галоўнае — прызнанне,
любоў сваіх вяскоўцаў, жыхароў раёна.
Яны збіраюцца на рэпетыцыю
звычайна ў хаце Веры Іосіфаўны Длужнеўскай —
жанчыны, нягледзячы на сталы ўзрост, жвавай,
гаваркой, вясёлай. Акрамя гаспадыні ў
фальклорную групу ўваходзяць Надзея Іосіфаўна
Завадская, Надзея Мікалаеўна Завадская, Вера
Мікалаеўна Смушко, Ганна Пятроўна Канонік, Вера
Пятроўна Клінцавіч, а таксама Рэгіна
Длужнеўская. Галасы ў іх такія маладыя, гучныя,
поўныя моцы і сілы, быццам увабралі за ўсё жыццё
ў сябе высокі блакіт беларускага неба, сіняву
азёр і рэк, яркую зелень лугоў і лясоў. Здаецца,
што пяе вялікі хор, а не невялічкая група. Існуе
шмат фальклорных калектываў у Беларусі. І ўсе
яны ў асноўным пяюць хоць і старыя, але даўно
вядомыя песні. А ў жанчын з Мілек — незвычайныя,
такія прыгожыя і такія незнаёмыя. Дасталіся яны
ім ад маці і бабуль.
Тыя абрады, з якімі выступаюць
артысткі, не пішуцца спецыяльна сцэнарыстамі.
Гэта ўсё з жыцця. Узяць хоць бы «Дажынкі», што
праводзілі яны на палетках калгаса «Чарнэлі».
Жанчыны проста ўспаміналі тое, што было раней.
Як працавалі па адной на сваёй вузенькай
палосцы, то песня не «ішла» ў адзіноце. А вось
ужо калі ў найм да пана ці больш заможнага
вяскоўца пойдуць, дык якая праца без песні.
Лунала яна над абшарамі палёў, між жоўтага
калосся ў спякоце ліпеньскага ці жнівеньскага
поля.
Крыніца:Памяць:
Іўеўскі раён. - Мінск: Белта, 2002.
|