|
Актуальнасць
праблемы даследавання гарадоў абумоўлена самім
феноменам урбанізацыі, той асаблівай і важкай
роллю, якую адыгрывалі, адыгрываюць і будуць
адыгрываць працэсы урбанізацыі ў гістарычным
развіцці, у арганізацыі жыццядзейнасці
грамадства ў сацыяльна-эканамічнай,
культуралагічнай і палітычнай сферах. Менавіта
працэсы урбанізацыі і інтэгрыруючыя гэтыя
працэсы гарады ў найбольшай ступені вызначаюць
узроўневыя характарыстыкі і агульны
соцыякультурны патэнцыял грамадства і выконваюць
важную функцыю забеспячэння ўмоў для яго
развіцця. Сказанае мною пацвярджае і тая
акалічнасць, што зусім не выпадкова праблемы
урбанізацыі і гарады з’яўляюцца прадметам увагі
і даследаванні навукоўцаў розных галін ведаў, у
першую чаргу, вядома ж, гісторыкаў, але ж і
эканамістаў, сацыёлагаў, географаў і іншых. У
сістэме ўласна гістарычных ведаў працэсы
урбанізацыі ў нашай рэспубліцы застаюцца яшчэ
маладаследаванымі. І гэта пры ўсім тым, што ёсць
выдатныя працы па даследаванню гарадоў і
мястэчак у пэўныя храналагічныя перыяды іх
развіцця, па асобных беларускіх рэгіёнах і
гарадах, а гісторыка-дакументальныя хронікі
“Памяць” выдадзены па ўсіх абласных цэнтрах і
раёнах нашай рэспублікі. Пры ўсёй спецыфічнасці
ўзгаданых гісторыка-дакументальных хронік і
першапланавасці разгляду ў іх падзей Вялікай
Айчыннай вайны савецкага народа (у кантэксце
Другой сусветнай вайны), у іх комплексна,
сістэмна і паслядоўна разглядаецца
жыццядзейнасць насельніцтва ва ўсіх адзначаных
вышэй сферах ад глыбокай старажытнасці да
пасляванных часоў, практычна да пачатку ХХІ
стагоддзя.
У першую
чаргу тэрмін “маладаследаваны рэгіён” тычыцца
заходняй часткі Беларусі, спецыфічнага рэгіёна
нашай рэспублікі паводле цэлага шэрагу
аб’ектыўных і суб’ектыўных абставін. Да
комплекснай распрацоўкі яго развіцця наша
кафедра гісторыі Беларусі – арганізатар дадзенай
канферэнцыі – прыступіла ў канцы ХХ стагоддзя. У
2000 – 2005 гадах распрацоўваўся дзяржбюджэтны
праект “Сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і
канфесіянальныя працэсы ў заходнім рэгіёне
Беларусі ў 1921 – 2000 гадах”, зацверджаны
Прэзідыўмам НАН РБ у рамках выконваемай
Інстытутам гісторыі НАН Беларусі фундаментальнай
тэмы “Беларусь у сацыяльна-эканамічных і
грамадска-палітычных працэсах ХХ ст.” З сакавіка
2006 года калектыў членаў кафедры распрацоўвае
дзяржбюджэтны праект “Працэсы урбанізацыі ў
заходнім рэгіёне Беларусі ў ХІХ – ХХ
стагоддзях”. У нашым перспектыўным плане яе
распрацоўкі на 2006 – 2010 гады прадугледжана і
правядзенне шэрагу канферэнцый з выданнем іх
матэрыялаў, падрыхтоўка і публікацыя калектыўнай
манаграфіі па выніках выканання дадзенага
праекта.
Дадзены зборнік навуковых артыкулаў складзены
паводле матэрыялаў Рэспубліканскай навуковай
канферэнцыі “Гарады Беларусі ў кантэксце
палітыкі, эканомікі і культуры”, якая адбылася 3
лістапада 2006 г. на базе кафедры гісторыі
Беларусі ГрДУ. На ёй разглядалася шырокае кола
пытанняў гістарычнай урбаністыкі Беларусі.
Асвятляліся актуальныя праблемы гісторыі і
сучаснасці гарадоў Беларусі, іх роля ў
грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і
культурным развіцці Беларусі ў розныя перыяды
айчыннай гісторыі. Праца канферэнцыі складалася
з пленарнага пасяджэння і пасяджэнняў трох
секцый: “Гарады Беларусі з часоў ранняга
сярэднявечча да канца
XVIII
ст.”, “Гарады Беларусі ў перыяд Расійскай
імперыі (канец
XVIII
ст. – 1917 г.)”, “Гарады Беларусі ў навейшы час
(1918 – 2006 гг.)”. У канферэнцыі прынялі ўдзел
як мэтры гістарычнай навукі Беларусі, так і
маладыя навукоўцы, а таксама аспіранты,
магістранты, студэнты. Пры падвядзенні вынікаў
работы канферэнцыі было прынята рашэнне выдаць
яе матэрыялы ў выглядзе зборніка навуковых
артыкулаў, пабудаванага паводле тэматычнага
прынцыпу. Структура зборніка складаецца з пяці
раздзелаў, у якіх раскрываюцца розныя аспекты
гістарычнага і сучаснага развіцця гарадоў
Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі,
культуры. У першым раздзеле разглядаюцца
гістарыяграфічныя і крыніцазнаўчыя праблемы
даследавання урбанізацыі і гарадоў, у другім –
сацыяльна-эканамічных адносінаў, трэццім –
грамадска-палітычнага жыцця, чацвёртым –
культуры і штодзённага жыцця, пятым –
археалогіі, урбанімікі, гістарычнага
краязнаўства.
Навуковыя артыкулы дадзенага зборніка дапамогуць
адказаць на наступныя пытанні: як і пад уплывам
якіх фактараў адбываліся урбаністычныя працэсы ў
Беларусі? Якім чынам на гэтыя працэсы ўплывала
дзяржаўная палітыка пры ўсіх існаваўшых тут
грамадска-палітычных ладах? Пад уздзеяннем якіх
абставін і ў якім накірунку змянялася дынаміка
сацыяльна-эканамічнай, этнаканфесіянальнай і
прафесіянальнай структуры гарадскога
насельніцтва? Як мянялася ўзаемадзеянне горада і
вёскі і якую ролю ў гэтым працэсе адыгрывалі
мястэчкі? Як можна ацаніць ролю гарадоў у
палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным
развіцці Беларусі у розныя перыяды нашай
гісторыі? і інш. Цешу сябе надзеяй, што зборнік
з’явіцца новым словам у развіцці беларускай
гістарычнай урбаністыкі, у вывучэнні нашых
гарадоў у кантэксце палітыкі, эканомікі і
культуры са старажытнасці і да сённяшніх дзён
І.П. Крэнь (Гродна, ГрДУ
імя Я.Купалы)
Па матэрыялам:
Гарады Беларусі ў кантэксце
палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук.
артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П.
Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. –
Гродна: ГрДУ, 2007.
|