|
Як зразумець учынкі людзей
населенага пункта, калі ад іх не засталося ні
эпісталярнай спадчыны, ні ўласных успамінаў, ні
мемуараў пра іх? Якім чынам здолець растлумачыць
тую складанасць лёсаў, якая ў рознай ступені,
але заўсёды не ў малай, напаткала кожную сям’ю,
бо кожны крок у развіцці мястэчка – гэта шмат
крокаў, зробленых яго жыхарамі? Адна з крыніц
для пошуку адказаў на такія пытанні – гэта ніці
радаводаў. Па іх, бы па правадах, цягнулася і
перадавалася самая важная інфармацыя. Гэта
інфармацыя аб папярэдніках. Яна выхоўвала,
упэўнівала, дзе трэба, стрымлівала, дзе
неабходна, надавала моцы. Гэта дзіўным чынам
магло адбіцца праз пакаленні, а магло
цэментаваць калены нашчадкаў адно з адным, у
непарыўны, апантаны дынастычны вектар развіцця.
Магло здацца, што адной сям’і. Але праз шэраг
такіх сем’яў – гэта быў вектар развіцця ўсяго
мястэчка. Разбураная памяць, расцярушаныя
сувязі, знішчаныя радаводныя ніці – галоўная
прычыны пазнейшага ператварэння мястэчка ў
населены пункт. Наколькі гэтыя ніці яшчэ
працуюць, настолькі жыхары свядома жывуць у
сваёй мясцовасці і свядома рэагуюць на розныя
выпрабаванні лёсу.
Свет крынкаўскага насельніцтва,
нягледзячы на лакальны местачковы характар, –
стракаты і складаны. Стагоддзе расійскага
панавання адзначылася ўласцівай дзяржаўнай
палітыкай да розных яго сацыяльных, нацыянальных
і рэлігійных груп. Але ў гэтай стракатасці і
складанасці можна заўважыць цэментуючыя
жыхарства канструкцыі. Гэта – дынастыі. Аграрны,
прамысловы і гандлёвы крынкаўскі “бамонд”
налічваў не адну сялянскую, мяшчанскую і
купецкую дынастыю.
З сялянскіх дынастый возьмем, да прыкладу,
Яновічаў – адну з тых, чые прадстаўнікі пакінулі
след у жыцці Крынак, у прыватнасці, у перыяд
расійскага панавання 1795 – 1917 гг.
Яновічы.
1795 г. 5-я рэвізія згадвае сям’ю Андрэя
Яновіча (70), сыноў Матэўша (18), Пятра
(12), Варфаламея (32) з жонкаю Кацярынай
(26) і дзецьмі Станіславам (1/2) і
Марыянай (4), якія пражывалі на Новай вуліцы.
Таксама там жа пазначана сям’я
Кацярыны Яновічавай (50, удава) з сынам
Пракопам (12), зяцем Казімірам
Неймановічам (21), яго жонкаю Настасяй (25) з
вуліцы Свіслацкай.
Яшчэ
дзве сям’і Яновічаў – Эльжбеты Яновічавай (52,
удавы) з сынам Якубам, зяцем Паўлам Юзэфовічам
(28), жонкаю яго Марыянай (23). І Сільвестра
Яновіча (36), з жонкаю Канстанцыяй (28), дзецьмі
Андрэем (7), Леанам (3), Лукашам (1),
Кацярынаю (5) пражывалі на Гродзенскай [1].
Рэвізскія казкі за 1816 г.,
больш чым праз дваццаць гадоў згадваюць у ліку
прыгонных сялян П.Г.Дзівова сям’ю 32-гадовага
Пракопа Яновіча з жонкаю Фядораю (30), і
дзецьмі Мікалаем, які памёр ў чатырохгадовым
узросце ў 1812 г., Міхаілам, таксама памерлым у
1813 г., Іванам (3) і Ганнаю (1) [1].
Там жа
ёсць звесткі аб сям’і Мацвея Яновіча
(51), ягонай жонкі Зоф’і (43) і дзецях Фёдары
(20), ужо ажанатым з Зоф’яй (18), Іване
(14), Магдалене (15) і Разаліі (10).
Сярод прыгонных Сакалова
пазначана сям’я Пятра Яновіча (28), памерлага ў
1813 г., і яго жонкі Агаце, якая ўцякла з
невядомай прычыны на наступны год пасля смерці
мужа; сям’я Мікалая Яновіча (38); яго
жонка Мар’яна (40) і сын Міхайла (4) і сям’я
Варфаламея Андрэевіча Яновіча (52).
Сям’я Варфаламея была вялікая, бо разам з
дзецьмі Зоф’яй (18), Мар’янай (10), сынам
Станіславам (20) жыла сям’я брата Варфаламея
– Матэўша (38): жонка Ельзбета (40) і
дзеці Міхаіл (11) і Вікторыя (12).
Наступныя звесткі аб сем’ях
знаходзім у інвентарах маёнткаў Вірыёнаў і
Ліпхартаў. Сярод ліпхартаўскіх сялян за 1845 –
1850 гг. (мінула 29 – 34 гады, цэлае пакаленне)
згадваюцца Іван Фёдаравіч Яновіч (34), з
жонкаю Варвараю (32) і дзецьмі Фамой (5,5) і
Паўлінаю (2). Разам жыла і маці Івана – Агата
(58) [3]. Другой сям’ёю прыгонных Дзіваполу былі
Лукаш Сільвестравіч Яновіч (51) з жонкаю
Пракседаю, сынам Сымонам і яго жонкаю Зоф’яй,
дачкой Ганнаю, другім сынам Антонам, трэцім –
Іванам, унучкаю Мар’янаю (дачка Сымона) [4].
Станіслаў Андрэевіч Яновіч (50) жыў разам з
сям’ёю сына Паўла (жонка Соф’я) і дзецьмі
Станіславам, Грыгорыем, Сцяпанам і Паўлінкай.
Тут жа, сярод цяглых Ліпхарта, быў і Іван
Мацвеевіч Яновіч
(44) Яго жонка –
Ганна (34), дзеці – Іосіф, Антон, сваячніца –
Апалонія Міклашэвіч) [5].
Сярод паўцяглых Ліпхарта была
сям’я Івана Яновіча (33) – яго жонка
Ганна (35), дзеці Іван, Антон, Мар’яна,
сёстры Ганна (31) і Марьяна.
І сям’я Іосіфа Яновіча (21) –
жонка Апалонія (22), брат Павел, маці
– Ева [6]. Сярод адзінокіх пазначаны Сямён
Яновіч [7].
Сярод Вірыёнаўскіх сялян, што
жылі на Нова-Астроўскай вуліцы, значыцца толькі
сям’я Міхаіла Яновіча з чатырох чалавек.
Гэта быў сын альбо Варфаламея, альбо
Мікалая Яновічаў.
Па казкам 1857 г. у Вірыёна
лічылася сям’я Станіслава Варфаламеевіча
Яновіча
(52), які жыў з сынам Іванам
(20), яго жонкаю Канстанцыяй (26) і дачкамі
Магдаленаю (26) і Еваю (22). Разам жыла
пляменніца Кацярына (23) [8].
За гэты ж год спісы сялян
Ліпхартаў згадваюць пра ўжо нагаданую сям’ю
Івана Фёдаравіча Яновіча (32 (?), апіска) з
жонкаю Варвараю (42). Але ўжо ў стане дваравых
сялян. Таксама дзеці, якія згаданы праз 10 гадоў
папярэдняй дэмаграфічнай фіксацыі гэтай сям’і –
іншыя: Павел (11), Мікалай (6), Магдалена (7),
Дамініка (3). Згаданых раней Фамы і Паўліны,
няма. Памерлі, праданы? Як пра памерлых –
“мёртвых душах”, казкі, аднак ні кажуць [9].
Сярод ужо дваравых, а раней быў цяглым, значыцца
Іван Іванавіч Яновіч (25) з маці Ганнаю
(39), братам Антонам (22), Юрыем
(9) і сястрой Мар’янай (14). Тут жа,
сярод сялян Ліпхарта, запісаны ў сям’і Іосіфа
Іосіфавіча Царэвіча Павел Якаўлевіч Яновіч
(28) з маці Еваю (61) [10].
У 1856 г. памёр Лукаш
Сільвестравіч Яновіч (55). У яго хаце
засталіся сын Сямён (42) з жонкаю Соф’яю (36) і
дзецьмі Сцяпанам і Мар’янаю (14), Пракседаю (10)
і братам Антонам (25) – яго жонка Пелагея (23)
і братам Іванам (16). У 1851 г. памёр Фёдар
Мацвеевіч Яновіч (54). Пасля яго ў
гаспадарцы засталіся браты Грыгорый (24), Сцяпан
(22) і ўнукі сына Паўла (23), памерлага ў 1854
г., якія гадаваліся жонкаю Паўла Соф’яй (28).
Гэта былі Юльян (9), Даніла (6) і Пётр (3) [11].
У гэтам жа спісе за 1857 г.
значыцца сям’я Івана Мацвеевіча Яновіча
(55)
– жонка Ганна (45)
і дзеці Іосіф (17), Антон
(14), Грыгорый (8) і Міхаіл (5). І
Іосіфа Якаўлевіча Яновіча (25), які быў
адпраўлены ў рекруты ў 1854 г. У хаце яго
застаўся брат Павел (28), пазначаны як
пераведзены ў дворню.
Гэта пакаленні Яновічаў, якія
можна згадаць у рэвізскіх казках да апошняй,
праведзенай напярэдадні адмены прыгону (1858
г.).
Далей імёны гэтых сем’яў
згадваюцца ў розных спісах або справах –
выпадкова. Можна заўважыць, што сярод згаданых
сям’я Івана Мацвеевіча Яновіча будзе красамоўнай
ілюстрацыяй пранікнення таварна-грашовых адносін
ў сялянскае асяроддзе. Можна толькі здагадвацца,
як гэта было ў сям’і Восіпа Іванавіча Яновіча,
але нельга не быць упэўненым, што гэта было
абавязкова: выхаванне на памяці пра прадзеда
Мацвея, які ў далёкім 1826 меў смеласць
падпісаць ліст звароту да самога расійскага
самадзержца. Такі эпізод гэтай дынастыі шмат
ставіць на свае месцы ў разуменні прагі
нашчадкаў Мацвея Яновіча, да таго, каб “людзьмі
звацца” ў новых жорсткіх капіталістычных часах
гісторыі мястэчка. Тым больш, што ў гісторыі
гэтай сям’і ўчынак Мацвея быў не ў адзіноце.
Яго сын, Фёдар, таксама быў адным з таго кола
крынчан, хто, ужо ў 1829 г., патрабавалі ад
ўладаў належнай волі.
У 1866 г. адным з першых, а мо,
і першы, але і не ў першы раз на пасаду
крынкаўскага сельскага старасты выбіраецца
35-гадовы Антон Сільвестравіч Яновіч, брат
вядомага барацьбіта за мешчанскія правы крынчан
Лукаша Сільвестравіча Яновіча, які тройчы (!), у
1826, 1829 і 1843 гг., вызываўся выступіць ў
супрацьстаянне ўладзе. Чаго былі варты для яго
сям’і гэтыя ўчынкі, не зафіксавана нідзе. Можна
толькі здагадвацца аб тых праклёнах, слязах,
размовах і спрэчках, якія папярэджывалі кожнаму
такому выступу. Аднак справа была зроблена і пры
ўсім сваім выніку далей, міжволі, фарміравала
тых, хто быў побач, хто спачуваў, калі і не
верыў да канца. Стараства – невыпадковая,
выбарная пасада, і паверым, што без такога
папярэдняга выхавання заняць яе было бы ў
Крынках складана. Не той быў дух у яго сялянскай
грамады.
Прадпрымальніцкія дынастыі
габрэйскай часткі Крынак таксама маюць свае
прыклады моцных сямейных традыцый, якія спрыялі
развіццю і абаранялі ад выпрабаванняў жыцця.
Кожны населены пункт глыбінкі перажывае ўсе
калізіі і перыпетыі вялікай эканамічнай і
сацыяльнай палітыкі, толькі “робіць гэта на свой
правінцыяльны манер”, дадаючы ці пазбаўляючы
змест перамен уласнымі традыцыямі і
акалічнасцямі. Крынкі – не выключэнне.
Арганізацыя гарбарскіх і
тэкстыльных майстэрань і заводаў была, як
вядома, адной з галоўных старонак жыцця
габрэйскага крынкаўскага кагала, а па сутнасці,
і ўсяго насельніцтва мястэчка. У гэтым
сацыяльна-эканамічным працэсе знайшлі
адлюстраванне як вынікі агульна расійскага
развіцця капіталізма, так і мясцовыя асаблівасці
дэмаграфічнага, сацыяльнага, нацыянальнага і
геапалітычнага кшталту. А разам з імі ўсе
спрадвечныя чалавечыя якасці. Калекцыя скаргаў
жыхароў па быццам бы слушных прычынах – па
тэхналагічных парушэннях і, у выніку гэтага,
пагрозе іх здароўю суседствуе з зайздрасцю
чалавечаму поспеху.
Адной з
такіх дынастый былі Нагдыманы, купцы і
прамыслоўцы. Пачынальнікам яе быў Сроль Герц
Залманавіч Нагдыман. Пасля працяглага пераходу з
рук у рукі гарбарны завод Штурманаў у 1900 г.
перайшоў Шэйне і Сролю Нагдыманам [12].
Гарбарскую справу Сроля і Шэйны
Нагдыманаў працягнуў іх сын Зельман, які ў 1914
– 1915 гг. будуе чарговы завод [13]. Стыль і
лексіка ананімнага звароту аб гарбарным заводзе
Зельмана Нагдымана і вынікі ўсёй справы – толькі
адзін з шэрагу прыкладаў другога роду
складанасцей. Жыхары просяць змілавацца над імі
і загадаць правесці вышук, але не з дапамогаю
паліцыі (няма даверу!), ці справядлівыя іх
словы, і гэтым пазбавіць насельніцтва ад такой
страшэннай небяспекі, як забруджванне паветра
[14]. Іх аргументы: 1. Завод вядомага
крынкаўскага купца пабудаваны на ўчастку 31, дзе
нельга будаваць гарбарныя прадрыемствы. 2. Ён
вырашыў пабудаваць новы завод для выпрацоўкі
скур на незаконнай адлегласці ад жылых дамоў. 3.
Нагдыман разлічвае на свае матэрыяльныя сродкі,
якія мае ў вялікай колькасці. 4. Паблізу ўчастка
Нагдымана ёсць дамы Стэфана Латыша, Абрама Моўшы
Абрамовіча, Лейбы Гендэля, Моўшы Шамшановіча і
шмат іншых [15].
Аднак вердыкт прыстава 2-га
стану разам з сельскім урачом Крынак Івановым
быў не на карысць ананімшчыкаў: “Завод
З.Нагдымана не з’яўляецца небяспечным у
санітарных адносінах”, што стала прычынай такога
рашэння, сказаць складана. Можа, шчодры хабар
Нагдымана? А можа, і сапраўдная дарэмшчына,
якой, на звыклай глебе шматлікіх парушэнняў,
вырашылі “дабразычліўцы”-местачкоўцы штурхнуць
вядомага здольнага мясцовага нуварыша.
Спадарожнікамі росту і росквіту гарбарнай
вытворчасці былі і ўзаемныя прычэпкі з боку
саміх фабрыкантаў – аднаго да аднаго. Падставаў
для гэтага – больш чым магчыма [16]. Прайсці
скрозь усе выпрабаванні можна было толькі,
абапіраючыся на сямейны падмурак. Гэтым былі
моцныя, дзеля гэтага і супраціўляліся.
Крыніцы і літаратура
-
НГАБ у г. Гродна. – Ф.24. –
Воп.7. – Адз. зах. 16.
-
НГАБ у г. Гродна. – Ф.24. –
Воп.7. – Адз. зах. 32а. – Арк. 1082.
-
НГАБ у г. Гродна. – Ф.96. –
Воп.1. – Адз. зах. 367. – Арк.49 адв.
-
Тамсама. – Арк. 51 адв.
-
Тамсама. – Арк.52 адв.
-
Тамсама. – Арк. 58.
-
Тамсама. – Арк. 66 адв.
-
НГАБ у г. Гродна. – Ф.24. –
Воп.7. – Адз. зах. 89. – Арк.1099 адв.
-
Тамсама. – Арк. 1078.
-
Тамсама. – Арк. 1077 адв.
-
Тамсама.
-
НГАБ у г. Гродна. – Ф.8. –
Воп.2. – Адз.зах. 1484. – Арк. 5-5 адв.*
Чарговы яго ўладар, Вольф Айзікавіч Штурман,
у канцы 80-х гг. ХІХ ст. продаў завод
мешчаніну Юдэлю Штэйнсаперу. Потым, у
кастрычніку 1898 года, гэта вытворчасць
перайшла ў рукі купца Натана Езерскага, які,
у сваю чаргу, продаў яе Янкелю Штэйнсаперу.
-
НГАБ у г. Гродна. – Ф.8. –
Воп.2. – Адз.зах. 2162. – Арк. 23-25.
-
НГАБ у г. Гродна. – Ф.8. –
Воп.2. – Адз.зах. 2162. – Арк. 3.
-
НГАБ у г. Гродна. – Ф.8. –
Воп.2. – Адз.зах. 2162. – Арк. 9, 10-10 адв.
-
НГАБ у г. Гродна. – Ф.8. –
Воп.2. – Адз.зах. 1237. – Арк.10-10 адв.
|
|