Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі і культуры

Артыкул/Статья

?>

 
 

  


Городки

 

 

І.Э. Страх
(Гродна, ГрДУ імя Я. Купалы)

РАЗВІЦЦЁ МУЗЕЙНАЙ СПРАВЫ
Ў ГРОДНЕ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІХ – ПАЧАТКУ  ХХ ст.

Паняцце “музей” было ўпершыню скарыстана ў дачыненні да збораў, якія ўзніклі пры вучэбных установах Беларусі яшчэ ў другой палове ХVIIІ ст.

Першыя музеі пры некаторых свецкіх і духоўных навучальных установах Гродна пачалі стварацца з апошняй трэці ХVIIІ. Так, пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі існаваў музей натуральнай гісторыі, а ў дамініканскім вучылішчы дзейнічаў кабінет натуральнай гісторыі. Яны захоўвалі многія рысы прыватных збораў, увасаблялі дыдактычны прынцып нагляднасці навучання. Іх  калекцыі спрыялі засваенню ведаў, развіццю мастацкага густу, пашырэнню навуковага кругагляду вучняў. Усё гэта сведчыла аб зараджэнні адукацыйна-выхаваўчай сацыяльнай функцыі, якая атрымала далейшае развіццё ў музеях ХІХ – пачатку ХХ ст. Акрамя таго, некаторыя калекцыі, дзякуючы дзейнасці выкладчыкаў-энтузіястаў, ператвараліся ў сапраўдныя лабараторыі.

Развіццё капіталістычных адносін у другой палове ХІХ ст. – рост прамысловасці, чыгунак, інтэнсіфікацыя і спецыялізацыя сельскай гаспадаркі – ўсё  гэта патрабавала павышэння ўсеагульнага ўзроўню адукацыі. Узрасла патрэба ў спецыялістах з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй, прафесійна падрыхтаваных фабрычных рабочых. Неабходнасць прыстасавання сістэмы народнай адукацыі да сацыяльна-эканамічных патрабаванняў асабліва востра адчувалася ў Беларусі і падтрымлівалася прагрэсіўнай часткай грамадства. Тым часам царскі ўрад, напалоханы размахам паўстання 1863 г., патрабаваў ад кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі “ідэалагічнага выпрамлення” паўстаўшага краю, выхавання народа ў духу праваслаўя і вернасці цару. Аднак арганізацыя навучання, яго якасць заставаліся на нізкім узроўні. У краі не хапала настаўнікаў, пачатковых і сярэдніх школ, адсутнічалі вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Адным з найважнейшых патрабаванняў да школы у  другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. было развіццё прынцыпу нагляднасці навучання. Выкарыстанне гэтага прынцыпу спрыяла жывому ўспрыманню, замацаванню ведаў, павышала цікавасць да заняткаў.

Аднак у 70-я гг. ХІХ ст. камплектаванне і выкарыстанне ў навучальным працэсе кабінетаў губернскіх гімназій фактычна спынілася, што тлумачылася прыняццем Міністэрствам адукацыі новага статута, які выключаў з праграм сярэдніх навучальных устаноў прыродазнаўства. Каштоўныя зборы, якія сталі непатрэбнымі, перахоўваліся ў непрыстасаваных памяшканнях [1, с. 65].

Карэнным чынам сітуацыя змянілася ў 90-я гг. ХІХ ст., пасля прызначэння новага міністра народнай асветы П.С.Ваноўскага, які вярнуў у школу прыродазнаўства, а разам з ім і нагляднасць навучання.

Адпаведна агульнарасійскай тэндэнцыі ў навучальных установах Беларусі ў пачатку  ХХ ст. паўстала вялікая колькасць вучэбных кабінетаў і калекцый, якія склаліся са спецыфічных экспанатаў (пераважна наглядныя дапаможнікі і педагагічная літаратура). Перш за ўсё гэта тычыцца сярэдніх навучальных устаноў. Так, на мяжы ХХ ст. пачаў фарміравацца збор гродзенскага рэальнага вучылішча. Яго характар акрэсліла буйная калекцыя помнікаў каменнага веку, якую ахвяраваў для стварэння музея мясцовы краязнаўца і настаўнік Я.Ф.Арлоўскі [1, с. 66].

Да станоўчых бакоў дзейнасці педагагічных музеяў трэба аднесці мэтанакіраванае камплектаванне спецыфічных па змесце калекцый, добры ўлік і захаванне, рэалізацыю адукацыйна-выхаваўчай функцыі. У выніку гэтых поспехаў былі закладзены асновы самастойнай галіны дзейнасці музеяў – музейнай педагогікі.

Акрамя музеяў, што існавалі пры навучальных установах, у Гродне ў разглядаемы перыяд паўставалі музеі пры навуковых установах.

Пачатак фарміравання музейнага збору гродзенскага статыстычнага камітэта адносіцца да сярэдзіны 60-х гг. ХІХ ст., калі ў камітэт пачалі трапляць некаторыя незвычайныя прадметы, вышуканыя на тэрыторыі губерні.

Пэўным укладам у развіццё музея былі калекцыі, што збіраліся для музея лясной гаспадаркі пры гродзенскай палаце дзяржаўных маёмасцей [1, с. 88].  18 лютага 1859 года быў падпісаны ўказ аб арганізацыі музея пры мясцовым аддзяленні Гродзенскай палаты дзяржаўнай маёмасці [2]. На жаль, ён так і не быў адкрыты для агляду публікі, а ў 1867 г. быў перададзены губернскаму статыстычнаму камітэту [1, с. 109].

Колькаснаму росту музейнага збору садзейнічалі археалагічныя матэрыялы, якія збіралі ў губерні па праграме прафесара Дз.Я.Самаквасава. Лепшыя калекцыі музея былі прадстаўлены на Палітэхнічнай выставе ў Маскве, якая адбылася ў 1872 г.

Усе прадметы у музеі былі размешчаны ў спецыяльных шафах і знаходзіліся ў невялікім пакоі пры канцылярыі статыстычнага камітэта. Прадметы класіфікаваліся ў залежнасці ад прыналежнасці да профільнай навуковай дысцыпліны ці галіны вытворчасці. Недахоп экспазіцыйнай плошчы зрабіў калекцыі музея недасягальнымі для наведвальнікаў [1, с. 88].

На старонках тагачаснага друку мы знаходзім наступную характарыстыку музея: “Музей невялікі, але калі ўпарадкаваць тут усё, скласці каталогі, то ён мог бы стаць карыснай установай,  зараз жа аб ім ніхто не ведае, а сабраныя рэчы не прыносяць нікому аніякай карысці” [1, с. 89].

Калі ацэньваць трыццацігадовы перыяд існавання музеяў пры статыстычных камітэтах, трэба адзначыць, што гэта былі першыя на Беларусі губернскія центры па збору і вывучэнні краязнаўчага матэрыялу. Сабраныя калекцыі атрыбуціраваліся, праходзілі першую класіфікацыю, звесткі аб іх заносіліся ў каталог.

У канцы XIX ст. кола вывучаемых гістарычных помнікаў значна пашырылася. Разам з археалагічнымі, этнаграфічнымі і нумізматычнымі зборамі пачалі паступова фарміравацца зборы беларускіх царкоўных старажытнасцей. Апошнія ўтварылі шматлікую і амаль не даследаваную ў навуковых адносінах групу помнікаў.

Толькі на мяжы ХІХ – ХХ стагоддзяў, са стварэннем царкоўна-археалагічных музеяў быў распачаты арганізаваны збор разглядаемай групы помнікаў. Да гэтага ж часу адносіцца станаўленне царкоўнай археалогіі як самастойнай навуковай дысцыпліны. Паспрыяў гэтаму пачатак так званага “царкоўнага рэнесансу”, які адлюстроўваўся ў росце знешняй велічы праваслаўя [1, с.90].

Ідэя стварэння царкоўна-археалагічнага камітэта ў Гродна неаднаразова выказвалася яшчэ з моманту стварэння Гродзенскай епархіі ў 1900 г., але гатоўнасць яе рэалізацыі ў поўнай меры была выражана толькі ўвосень 1904 г. 21 лістапада у нумары 47 “Гродзенскіх Епархіяльных Ведамасцей” быў апублікаваны зварот епіскапа Гродзенскага і Брэсцкага Ніканора (1847 – 1910 гг.) да ўсіх аматараў гісторыі з заклікам аб’яднацца дзеля аховы старажытных помнікаў. У гэтым звароце епіскап Ніканор падкрэсліў неабходнасць захаваць старажытныя помнікі [3, с.56].

У канцы лістапада 1904 г. у залі архіерэйскага дома адбыўся сход аматараў царкоўных старажытнасцей, які налічваў 30 асоб. Выслухаўшы выступленне Ніканора аб неабходнасці і мэтах аховы старажытнасцей, менавіта царкоўна-гістарычных, сход пастанавіў: прызнаць сваечасовым і вельмі карысным стварыць у Гродне царкоўна-гістарычны камітэт [4].

Пасля звароту валадар дэманстраваў прадметы, якія павінны стаць асновай музея старажытных рэчаў: табліца 14 алфавітаў (егіпетскага, фінікійскага, арамейскага і інш.), літы Новага Запавета IX стагоддзя, славенскія рукапісы XIV ст. і інш. Затым прысутным былі паказаны фотакопіі старажытных ікон і храмаў [3, с.54]. Затым кафедральны протаіерэй Мікалай Дзікоўскі, рэдактар “Гродзенскіх Епархіяльных Ведамасцей”, прадэманстраваў цікавыя па сваёй старажытнасці і унікальнасці рэчы: бронзавы крыж з выявамі і грэчаскімі надпісамі (XIIXIII стст.), знойдзены на старажытных могілках каля Браслава, літую сярэбраную ікону Богамаці (XVIXVII стст.), знойдзеную на раскопках каля Мілейчыцкай царквы Берасцейскага уезда, медную літую ікону Зыход Св. Духа да апосталаў і інш. [5].

Пракурор акруговага суда Георгій Чапліцкі перадаў  для будучага музея старажытны рукапіс пад назвай “Летопись смиренного Дмитрия, архиерея Ростовского”, створаны Пятром Ненадзскім, і інш. Настаўнік гімназіі  Я.Ф.Арлоўскі таксама ўпэўніў сабраўшыхся, што перадасць у музей многія цікавыя гістарычныя рэчы і матэрыялы [3, c. 55].

Такім чынам, мэтай музея было збіранне, вывучэнне і папулярызацыя помнікаў мясцовай царкоўнай гісторыі. Гэта ідэя была адлюстравана ў статуце камітэта, зацверджанага Сінодам у 1905 г. [1, c. 92]. Праз тры гады камітэт надрукаваў зварот да праваслаўнага святарства перадаваць царкоўныя старажытнасці ў музей, а таксама захоўваць нерухомыя помнікі мінулага [6].

Праз два гады старшыня камітэта І.А.Глебаў атрымаў ад гарадскіх улад памяшканне для музея ў Барысаглебскім манастыры, куды былі перавезены сабраныя прадметы [1, c.93].

Напярэдадні Першай сусветнай вайны планавалася рэарганізацыя царкоўна-археалагічных музеяў. Яна павінна была прайсці у межах агульнарасійскай музейнай рэформы. Аднак ажыццяўленню гэтага плану пашкодзіла вайна [7, c. 85]. У 1915 г. у сувязі з акупацыяй Гродна музей і камітэт былі закрыты [1, c.93].

Перад Першай сусветнай вайной ствараліся музеі і іншых тыпаў. У Гродне ў 1913 г. быў адкрыты агульнаадукацыйны музей, пабудаваны на арыгінальным мясцовым матэрыяле гістарычнага і прыродазнаўчага характару [7, c. 85]. У 1912  г.  мясцовы настаўнік І.Г.Астравумаў прапанаваў стварыць “камісію па арганізацыі ў Гродне агульнаадукацыйнага музея”, было выпрацавана палажэнне аб музеі. Праводзіўся збор грашовых сродкаў, рыхтавалася памяшканне, пачалі  паступаць   першыя прадметы. Была выпушчана брашура І.Г.Астравумава з прапановай ахвяраваць у музей старажытныя рэчы – “Музеі і іх значэнне” [1, c.98]. Вызначыліся матэрыялы архелагічных раскопак вядомага гродзенскага гісторыка Я.Ф.Арлоўскага.

17 лістапада 1913 г. у адным з прыватных дамоў на Тэатральнай плошчы адбылося адкрыццё музея. Нягледзячы на абмежаваны час наведвання (2 гадзіны на тыдзень і святочныя дні) цікавасць да музея няспынна павялічвалася. У студзені 1914 г. музей наведвалі каля 250 чалавек на дзень. Далейшае развіццё музея было перапынена ваеннымі і рэвалюцыйнымі падзеямі. У сувязі з набліжэннем кайзераўскіх войск калекцыі перанесены ў сутарэнні. Там у 1920 г. іх знайшлі ўжо члены польскай Камісіі аховы помнікаў [1, c.99].

Адкрыццё музеяў навуковых устаноў у Гродне забяспечвала крыніцавую базу для развіцця археалогіі, археаграфіі, нумізматыкі, батанікі, заалогіі, глебазнаўства і інш. Некаторыя сфарміраваныя калекцыі адразу ж дэманстраваліся пэўнай аудыторыі, што сведчыць аб акцэнтаванні ўвагі іх стваральнікаў на асветніцкай працы.

Стварэнне музеяў навуковымі ўстановамі было рэакцыяй на распаўсюджванне ў Расіі ў пачатку ХХ ст. радзімазнаўства. Асобае значэнне гэты рух набыў у нацыянальных рэгіёнах імперыі. Вывучэнне экалагічных, гістарычных і культурных асаблівасцей аб’ектыўна прыводзіла да думкі аб нацыянальнай культуры, стварэнні для яе развіцця аптымальных сацыяльна-эканамічных умоў [1, c. 100].

Дзейнасць музеяў навуковых устаноў суправаджалі цяжкасці і недахопы, характэрныя для большасці тагачасных музеяў: адсутнічала дакладная прафілізацыя калекцый, іх камплектаванне было, за нешматлікім выключэннем, выпадковым, асветніцкая праца знаходзілася ў зародкавым стане. Пераадолець гэтыя недахопы давялося ўжо пасля заканчэння Першай сусветнай вайны.

 

 

 

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

 

 
 

Партнеры проекта

© Проект Гецевича Андрея©Мястэчкі Беларусі©Віртуальная Іўеўшчына 2008 разработка alfas 2006 квартальная статистическая отчетность