|
Польскамоўныя афіцыйна-дакументальныя матэрыялы
БССР 20 − 30-х гг. ХХ ст. пашыраюць межы
традыцыйных уяўленняў аб гісторыі польскай
грамады на Беларусі. Гэты комплекс крыніц
склаўся натуральна, як цэласная структура
матэрыялаў афіцыйнага справаводства.
Iнфармацыя, змешчаная
ў іх, дазваляе даследаваць самыя розныя бакі
жыцця палякаў БССР ў 20 − 30-я гг. ХХ ст. Акрамя
інфармацыі аб палітыцы савецкіх уладаў у
дачыненні да палякаў, у іх шмат звестак аб
норавах, звычаях палякаў, спосабах захавання
нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ў новых умовах,
аб стаўленні да навукі і адукацыі, спробах
прыстасавання ва ўмовах
барацьбы з касцёлам, аб
стаўленні да прэсы. Польскамоўныя крыніцы
дазваляюць прасачыць грамадскую актыўнасць
палякаў і яе заняпад. Яны дапамагаюць высветліць
стаўленне палякаў БССР да ананімнага вобраза
УЛАДЫ і канкрэтных яе прадстаўнікоў. З дапамогай
дакументаў гэтага комплекса можна
прааналізаваць каштоўнасны рад палякаў, працэсы
трансфармацыі іх традыцыйнай культуры,
мадэрнізацыю ўсяго ладу жыцця. Яны сведчаць
нават аб розных грамадзянскіх і грамадскіх
поглядах ў мужчын і жанчын. Усё гэта яскрава
сведчыць аб неабходнасці пільнай навуковай ўвагі
да гэтага комплекса крыніц. Антрапалагічны і
культуралагічны паварот, што адбываецца ў
беларускай гістарычнай навуцы з 90-х гг. ХХ ст.
штурхае гісторыкаў да новых даследаванняў.
Важнай і актуальнай сёння ўяўляецца задача
пошуку крыніцавай базы і вывучэння штодзённага
жыцця насельніцтва Беларусі ў розныя гістарычныя
перыяды. Па пытаннях штодзённага жыцця
гарадскога насельніцтва БССР ў 20-я гг. ХХ ст.
сучасных манаграфічных прац няма. Таму
прапанаваная тэма падаецца даволі актуальнай і
вартай навуковай увагі.
Польскае
насельніцтва БССР ў 1926 г., па афіцыйных
дадзеных, складала 97498 чалавек, ці 1.95
% усяго насельніцтва. Палякі з’яўляліся адной з
нацыянальных меншасцяў, што здаўна пражывалі на
тэрыторыі Беларусі. Большая іх частка пражывала
на вёсцы. Толькі 20.1 %, ці 19665, палякаў жылі
ў гарадах. Найбольшы працэнт польскага
насельніцтва знаходзіўся ў раёнах: Пляшчаніцкім
ў Барысаўскай акрузе (15.3%), Нараўлянскім
Мазырскай акругі (8.6 %) і Свіслацкім Гомельскай
акругі (7.5 %) [1, с. 97]. Паводле сацыяльнага
складу сярод гараджан-палякаў пераважалі
рабочыя, служачыя, вайскоўцы, беспрацоўныя і
дробныя рамеснікі. Рабочыя-палякі ў асноўным
уваходзілі ў прафсаюзы хімікаў, чыгуначнікаў,
дрэваапрацоўшчыкаў, медыцынскіх работнікаў. У
горадзе шмат палякаў было сярод рамеснікаў,
дробнай
буржуазіі, большай часткай яны валодалі
невялікімі дамамі, кватэры ў якіх здавалі ў
найм. Большая частка польскай інтэлігенцыі жыла
ў горадзе, яна складалася з былых адвакатаў,
настаўнікаў, тэхнікаў і іншых.
Палякі-гараджане ў сваёй
большасці былі пісьменнымі – 67 %. Пры
гэтым высокай была ўдзельная вага адукаваных
полек – 66 %. Сярод палякаў-мужчын, што жылі ў
гарадах, пісьменных было больш (69 %),
чым сярод сельскіх палякаў (53 %) [2,
72-73].
Польскае насельніцтва прымала актыўны
ўдзел ў грамадска-палітычным і культурным жыцці
БССР 20-х гг. ХХ ст. На самым пачатку 20-х гг.
партыйныя і савецкія органы кіраўніцтва былі
ўпэўнены, што ўсё польскае насельніцтва – гэта
шляхта. Толькі з 1924 г., калі актывізавалася
нацыянальная палітыка, ў тым ліку на месцах,
такое стаўленне пачынае змяняцца. Але на працягу
ўсіх 20-х гг. праца сярод польскага насельніцтва
выдзялялася асобна савецкімі і партыйнымі
органамі. Звязана гэта было з рознымі прычынамі:
барацьбой з каталіцкім уплывам,
узаемным недаверам польскага насельніцтва
і бальшавіцкай улады,
асобымі адносінамі савецкага ўрада з суседняй
Польшчай (этнічнай радзімай польскага
насельніцтва).
Менавіта беларусізацыя дала шмат
магчымасцей польскаму насельніцтву БССР для
рэалізацыі сваіх памкненняў. З 1923 г. ў Мінску
пачаў працаваць польскі Педагагічны тэхнікум, ён
рыхтаваў настаўнікаў для польскіх школ. Але
патрэбы ў польскім настаўніцтве былі так вялікія,
што ў 1926-27 і 1927-28 навучальных гадах былі
адкрыты двухгадовыя
курсы. За 8 гадоў працы тэхнікум выпусціў 113
спецыялістаў польскіх настаўнікаў. Пры Акадэміі
навук БССР з 1928 г.
працаваў польскі сектар, які вырас з польскага
сектара Інбелкульта. У 1925 г. у
ім працавалі Гельтман, Віткоўскі, Клыс,
Хшчановіч [Chszczonowicz]
[7, арк.6]. Гэты сектар
складаўся з некалькіх камісій. Гістарычная
камісія польскага сектара праводзіла архіўныя
даследаванні, што
датычыліся падзей паўстання 1863 г. у Беларусі,
вывучала лёс палякаў на Беларусі. Разам з
Цэнтральным Бюро Краязнаўства (ЦБК) польскі
сектар АН БССР арганізаваў 2 экспедыцыі па
польскіх вёсках і змешаных вёсках Бабруйшчыны і
Гомельшчыны. Матэрыял быў сабраны багаты, яго
апрацоўвалі тры камісіі, уключаючы і
этнаграфічную
Матэрыяльнае
становішча польскага насельніцтва гарадоў у 20-я
гг. было складаным. Заработная плата вагалася ў
1924
−
1926 гг. ад 45 да 150 рублёў, расла заработная
плата і ў другой палове 20-х гг. Нават чыноўнік
акружнога камітэта КП(б)Б атрымліваў у сярэднім
94 рублі і скардзіўся на цяжкае матэрыяльнае
становішча. Пры гэтым дзяржава спаганяла шмат
дадатковых збораў і падаткаў: пай ЦРК,
культпадатак, заём на пяцігодку, пай ЖАКТа, на
ячэйкі МОПРа і ДОПРа, «Осоавіяхім», Саюз
паветранага флоту, Аўтадор, вылічэнні на
пабудову танкаў, аэрапланаў, механізацыю
памежных войскаў [4, с.105]. На рынку
міжваеннага горада квітнела спекуляцыя. Барацьба
дзяржавы з спекуляцыяй і спробы заахвоціць
кааператыўны гандаль пазітыўных вынікаў не
давалі.
Час станаўлення савецкай сістэмы 1918 − 1939 гг.
стаў часам трансфармацыі грамадска-палітычнага і
нацыянальна-культурнага жыцця. Адбывалася
мадэрнізацыя ўсіх сацыяльных працэсаў,
паскараўся сам «тэмп (гістарычнага) жыцця».
Паўсядзённае жыццё малых сацыяльных груп,
этнічных меншасцяў патрабуе грунтоўнага
даследавання.
Баўленне вольнага часу польскай
моладзі гуртавалася вакол рабочых клубаў,
таварыстваў «Прэч непісьменнасць», Саюза
ваяўнічых бязбожнікаў, Таварыства Чырвонага
Крыжа. Піянерскія і камсамольскія арганізацыі
школ і тэхнікумаў актыўна працавалі сярод
польскай моладзі. Польскі рабочы клуб імя
Р.Люксембург ў Мінску гуртаваў вакол сябе
польскую моладзь. Вялася самая разнастайная
работа: працавалі спартыўны і драматычны гурток,
бібліятэка і чытальная зала, наладжваліся
чытанні лекцый, вечарыны, паказ кінафільмаў.
Справаздачы клуба сведчаць, што ў час паказу
фільмаў наведванне клуба было больш масавым. У
20-я гг. папулярнымі былі наступныя кінафільмы:
«Чужынцы», «Вадаварот», «Нямы прыяцель», «Сарочынская
ярмарка», «Першая дапамога», «Заяўка на жыццё»
[5, с.139-147].
Трансфармацыя свядомасці польскай моладзі
адбывалася хутчэй, яна сама цягнулася да новага,
адыходзіла ад традыцыйнай нацыянальнай культуры,
што абапіралася на касцёл. На вёсцы гэтыя
працэсы адбываліся не так інтэнсіўна, бо значная
частка грамадскай сацыяльнай дзейнасці індывіда
магла праявіцца ці ў школе, ці ў касцёльным
гуртку (касцёле). Польская грамада вёскі была
больш звязана ў сваім сацыяльным жыцці з
рэлігійным інстытутам, што было абумоўлена
абмежаванымі мажлівасцямі грамадскага жыцця на
вёсцы. Горад 20-х гг. ХХ ст. дае іншую карціну.
Гарадское сацыяльнае жыццё польскага грамадства
было ўвязана з актыўнай дзейнасцю розных
савецкіх і партыйных устаноў.
Нацыянальная палітыка і
беларусізацыя ў БССР далі магчымасць з’явіцца
польскамоўнаму друку. Для польскага грамадства
выходзілі газеты і часопісы на польскай мове «Młot»,
«Orka»,
«Głos
Młodzieży»,
«Gwiazda Młodzieży»,
«Trybuna Radziecka»,
«Trybuna Komunistyczna».
У рэспубліканскіх і акруговых перыядычных
выданнях друкаваліся рубрыкі пад назвай «Старонка
нац.мэн.». На такіх старонках на польскай,
яўрэйскай, літоўскай і латышскай мовах
друкаваліся артыкулы аб жыцці нацыянальных
меншасцяў ў БССР, розная афіцыйная інфармацыя.
Па радыё таксама на роднай мове гучалі
спецыяльныя перадачы.
Бальшавіцкая ўлада
імкнулася не толькі перацягнуць на свой бок
польскую грамаду, саветызаваць яе, але і змяніць
увесь лад жыцця
грамадства. Спачатку ўсё гэта адбывалася
навольна, а з канца 20-х гг. больш
сістэматызавана. Гэтай мэце служылі шматлікія
савецкія ўстановы,
інстытуты, органы, кампаніі, таварыствы, саюзы.
Аднак нягледзячы на змену
грамадска-палітычнага ладу і з’яўленне новых
структур ў свядомасці, змену жыццёвых арыенціраў
і каштоўнасцей моцная рэлігійнасць не магла
адразу знікнуць. Савецкая ўлада праводзіла
шматлікія захады па дыскрэдытацыі ксяндзоў,
разгарнула антырэлігійную кампанію,
урэшце перайшла да
рэпрэсій у дачыненні да каталіцкіх святароў. Ад
ўсяго гэтага іх аўтарытэт толькі рос сярод
вернікаў. Трэба заўважыць, што антырэлігійная
барацьба прыносіла плён там, дзе сама асоба
ксяндза не карысталася павагай, дзе ксёндз як
чалавек не меў аўтарытэта. Але выдатныя прамоўцы
былі вядомы па ўсёй акрузе. Такім быў
Iосіф Лук’янін з
Полацкага павета. Яго запрашалі казаць
пропаведзі ў г.Полацк на вялікія святы. Па
дакументах польбюро Полацкага укома
КП(б)Б у гэты час на
службу прыходзіла шмат гараджан і жыхароў з
аколіц Полацка [6, с. 59].
Акрамя рэлігійных свят,
у 20-я гг.
у побыт польскай грамады
прыходзяць новыя святы: Дзень нараджэння Леніна,
Сталіна, святкаванне Кастрычніцкай рэвалюцыі,
розных рэвалюцыйных юбілеяў. Вялікі ціск у гэтай
справе рабіла школа. Яна праводзіла спецыяльныя
мерапрыемствы, перад рэлігійнымі святамі
арганізоўвала антырэлігійныя мітынгі і сабранні.
Піянераў строга наказывалі, калі яны наведвалі
касцёл, прымушалі пісаць тлумачэнні і падрабязна
апісваць сказанае ксяндзом. Старэйшае пакаленне
польскага насельніцтва горада ў новых умовах
доўга не пакідала старых інстытутаў, што
дазвалялі на працягу папярэдняга стагоддзя
захоўваць польскасць.
Канешне, горад БССР 20-х
гг. ХХ ст. уяўляў сабою цікавы гістарычны
феномен. Актыўнае нацыянальна-культурнае,
грамадска-палітычнае, сацыяльнае, эканамічнае
жыццё праяўляла сябе ва ўсіх аспектах дзейнасці
беларускага грамадства. Змены і зрухі ў
свядомасці насельніцтва, яго паводзінах, умовах
жыцця праектаваліся на штодзённае жыццё. Яно
адлюстроўвала тыя структурныя, сацыяльныя і
культурныя ў шырокім сэнсе пераўтварэнні. Горад
канцэнтраваў гэтыя працэсы, у ім яны праходзілі
больш інтэнсіўна. I
тыя супярэчнасці, што нараджаліся ў грамадстве,
таксама з большай вастрынёй праяўляліся на жыцці
гараджан.
Крыніцы і літаратура
-
Glogowska, H.
Bialorus.1914-1929. Kultura pod presją
polityki / H.Głogowska. − Bialystok, 1996.
-
Практическое разрешение национального
вопроса в БССР. Часть II.Работа
среди национальных меньшинств. По материалам
национальной комиссии ЦИК БССР. Издано НК
ЦИК БССР. − Минск, 1928. – 159 с.
-
Пушкін,
I.Нацыянальныя
меньшасці БССР ў грамадска-палітычным і
культурным жыцці. 20-я гады ХХ ст.
/ І.Пушкін. − Магілёў:
МДУ, 2004.
-
Ліст рабочых менскіх заводаў ў цэнтральны
выканаўчы камітэт БССР. 20 траўня 1932 г. //
Спадчына. – 2003.
− №2-3. – С. 105-106.
-
Нацыянальны архіў
Рэспублікі Беларусь.
− Ф. 4п.
− Воп.11.
− Спр.106.
-
НА РБ. −
Ф.4п.
− Воп.11.
− Спр.4.
-
НА РБ. −
Ф.4п.
− Воп.11.
− Спр.38
-
НА РБ. −
Ф.4п.
− Воп.11.
− Спр.110.
|
|