|
Культурнае жыццё Брэста ў першай палове
ХІХ ст. развівалася пад
уплывам разнастайных фактараў. Бадай, найбольш
важным з іх можна лічыць геаграфічнае становішча
горада. Знаходжанне ля мяжы з Царствам Польскім,
а таксама блізкасць расійска-аўстрыйскай мяжы
абумовілі стварэнне тут
крэпасці, дзеля чаго амаль цалкам быў знішчаны
старажытны горад. Памежнае становішча рабіла яго
сваеасаблівай брамай у Расійскую імперыю. Праз
берасцейскую мытню ехалі на захад і з захада
многія вядомыя асобы. Брэст у тым ліку прымаў на
сваёй зямлі дзеячоў культуры, якія падарожнічалі
па Расійскай імперыі або за яе мяжамі.
Парубежнае становішча горада выклікала
сваеасаблівую ваенізацыю гарадскога жыцця –
ваенны гарнізон складаў вялікую частку
гарадскога насельніцтва, а гарадское жыццё
падпарадкоўвалася спецыяльнай рэгламентацыі.
Брэст адным з першых сярод гарадоў Гродзенскай
губерні атрымаў паліцыю (ў 1802 г.)
[11, арк.1], з 1841г. дзейнічала моцная
жандармская каманда, што было рэдкай з’явай для
уезднага горада. [12, арк.1,4] Акрамя гэтых
напоўваенных устаноў,
за культурным жыццём горада наглядаў камендант
Брэсцкай крэпасці, аб чым было зроблена
спецыяльнае растлумачэнне ў 1840 г. [18,
арк.16-18].
Сваеасаблівы каларыт эканамічнаму і культурнаму
жыццю Брэста надаваў нацыянальны склад яго
насельніцтва. Каля 80 % жыхароў, не бяручы пад
увагу гарнізон крэпасці, складалі яўрэі. Так, у
1836 годзе у горадзе жылі
8172 чалавекі яўрэйскай
нацыянальнасці [14, арк.36], а паводле
дадзенных В.Чапко,
на 1841 год гарадское насельніцтва Брэста
налічвалася 10625 чалавек [37, с.18].
Традыцыйнае адмежаванне ад навакольнага
іншавернага асяроддзя, уласцівае ў той час
яўрэйскаму насельніцтву, аскетызм, які
культывавалі адэпты іўдаізму,
прыводзілі да неўдзелу ў
культурным жыцці горада значнай часткі яго
жыхароў.
Часам жыхарам Брэста культура была проста не па
кішэні. На працягу 50 год горад чатыры разы
моцна быў пашкоджаны пажарам: у
1802 годзе згарэла 160 дамоў, у 1822 − 150
складаў і 70 дамоў [1,с.18]. У 1828 і 1836 годзе
пажар знішчыў больш за 300 пабудоў [10, арк.85].
Можна меркаваць, што ў час, калі будавалася
крэпасць, пажары выклікаліся наўмысна, каб
прымусіць насельніцтва хутчэй перасяляцца ў
фарштаты. Вялікую шкоду гораду нанасіла таксама
раскватэраванне войскаў у час ваенных дзеянняў,
у тым ліку, паўстання 1830 − 1831 г.г. У верасні
1831года гарадавы ратман паведамляў Гродзенскаму
губернатару, што ў сувязі з раскватэраваннем
войскаў, а таксама з-за марнавання хлябоў і
сенажацяў у час ваенных дзеянняў жыхары Брэста
“пришли до таковой степени нищеты, что не
могут нести казённые повинности и пропитать сами
себя” [13, арк.1]. Аднак
нягледзячы на ўсе цяжкасці ў культурных падзеях
і інтэўсіўнасці культурнага жыцця Брэст не
адставаў ад іншых уезных гарадоў.
Сярод іншых
невялікіх населеных пунктаў Брэст займаў першае
месца па колькасці навучальных установаў. Гэта
найперш было звязана з дзейнасцю тут
Аляксандраўскага кадэцкага корпусу. Гэтая
навучальная ўстанова была адкрыта ў 1842 г. па
ініцыятыве віленскага генерал-губернатара
Ф.Я.Міркавіча, падтрыманай Мікалаем І. Аб
гісторыі стварэння і дзейнасці гэтага корпусу
ўжо пісалася ў айчынных выданнях, у тым ліку
аўтарам гэтых радкоў [4]. Таму прыгадаем толькі
некаторыя факты яго побыту ў Брэсце.
Аляксандраўскі кадэцкі корпус, названы так у
гонар будучага Аляксандра ІІ, павінен быў не
столькі рыхтаваць будучых афіцэраў для
расійскага войска, сколькі выхоўваць шляхціцаў
нядаўна “мяцежных” губерняў у духу адданасці
прастолу. У корпус прымаліся шляхецкія дзеці ва
ўзросце 10 − 18 гадоў. Штогод з Мінскай і
Гродзенскай губерняў у корпус залічаліся 122
чалавекі, незалежна ад таго, ці збяруць жыхары
гэтых губерняў грошы на ўтрыманне такой
колькасці кадэтаў.[28, арк.10] Толькі ў 1851 г.
колькасць навучэнцаў была пастаўлена ў
залежнасць ад сабранай па губернях сумы [27,
арк.1,3]. У корпусе быў сямігадовы тэрмін
навучання, выкладалі мовы − рускую, польскую,
класічныя, сучасныя нямецкую і французскую;
натуральную і ўсеагульную гісторыі, шмат увагі
надавалася фізічнай падрыхтоўцы і, безумоўна,
ваеннай справе. Кадэцкі корпус быў закрытай
навучальнай установай – кадэты жылі ў казармах
корпуса, размешчаных у крэпасці, і толькі на
лета выязджалі ў летнія лагеры. Яны знаходзіліся
ля мызы Каценборг, якая належала корпусу.
Колькасць кадэтаў была вялікай – у 1854 г., да
прыкладу, калі яго перавадзілі ў Маскву, тут
вучыліся 400 кадэтаў [24, арк. 22]. Кадэцкі
корпус быў сваеасаблівым цэнтрам прыцягнення для
шляхты заходніх губерняў – пасля закрыцця
Віленскага універсітэта і Віленскай
медыка-хірургічнай акадэміі тут не засталося
ніводнай вышэйшай навучальнай установы для
прывілеяванага саслоўя. Корпус часткова запаўняў
гэтую нішу. Адначасова гэтая навучальная
ўстанова, утрымліваючыся за грошы мясцовых
шляхцічаў, працавала на карысць русіфікацыі.
“Открытые заведения не принесут плода, – пісаў
Ф.Я.Міркавіч, -… ибо то, что юношеству внушается
в классах, уничтожается в родительских домах и
мы остаемся на той же точке. Здесь необходимы
закрытые заведения, от которых только должно
ожидать образования нового поколения людей» [35,
с.232].
Другой параўнальна буйной навучальнай установай
было Брэсцкае ўезднае
дваранскае вучылішча. Яго гісторыя пачынаецца,
згодна з дакументамі, у 1624 г., калі Л.Сапегай
было заснавана першае вучылішча ў Брэсце [ 34,
с.169]. У 1779 годзе ў
адпаведнасці з планам Камісіі народнай адукацыі
было адкрыта базільянскае павятовае вучылішча
[15, арк.3]. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай гэтая
навучальная ўстанова была ўключана
ў адукацыйную сістэму
Расійскай імперыі і ўтрымліваліся базіліянамі
яшчэ больш за 35 гадоў. Базільянскае вучылішча
было пяцікласным, тут працавалі 5 настаўнікаў. У
1803 г. у ім вучыліся 158
чалавек, частка – на сродкі манахаў, а частка –
на прыватныя фундушы [34, с.169] Пры вучылішчы
дзейнічала прыходская школа для 20 чалавек.
Базільянскія вучылішчы
былі ўсесаслоўнымі, у адным класе атрымлівалі
веды дзеці дваран, чыноўнікаў,
мяшчан, святарства. Сялянам, аднак, уваход быў
закрыты. Згодна з меркаваннем
С.Марозавай, выхаванне ў базільянскіх школах
пераўзыходзіла па якасці свецкія навучальныя
ўстановы [5, с.99]. У Брэсцкім базільянскім
вучылішчы выкладалі тыя ж прадметы, што ў
гімназіі, аднак праграмы былі больш простыя.
Базільянскія вучылішчы, як і
большасць навучальных установаў Віленскай
акругі, працавалі на карысць патрыятычнага
выхавання, разумеючы пад гэтым любоў да айчыны –
былой Рэчы Паспалітай. Такая дзейнасць
базільянаў не засталася незаўважанай царскай
адміністрацыяй. У 1827 − 1828 гг. на ўсходзе
Беларусі была праведзена рэвізія базільянскіх
вучылішчаў, якая высветліла, што дзейнасць іх
ідзе насуперак жаданню ўлад [33]. Акрамя таго, у
гэты час змяняюцца адносіны да уніяцкай царквы,
урад бярэ напрамак на хуткую ліквідацыю гэтай
канфесіі і далучэнне вернікаў да праваслаўя.
Пачалося пераўладкаванне базільянскіх уездных
вучылішчаў у свецкія. 1 сакавіка 1830 года на
базе базільянскага вучылішча было створана
Брэсцкае ўезднае дваранскае вучылішча [15,
арк.7-8]. Цалкам памяняўся склад настаўнікаў і
дырэкцыя. На працягу многіх гадоў з 1830
дырэктам (наглядчыкам) вучылішча працаваў
І.А.Ганусовіч, які адначасова выкладаў фізіку і
матэматыку. Выкладанне ў вучылішчы вялі восем
выкладчыкаў: К.П.Славіцкі (лацінская і польская
мова), Ф.П.Хадзінскі (гісторыя), Т.С.Паўловіч
(арыфметыкаі геаметрыя) і іншыя. Усе настаўнікі
мелі вышэйшую адукацыю, некаторыя – навуковыя
ступені (магістра філасофіі, тэалогіі і г.д.).
Большасць выкладчыкаў былі выхаванцамі
Віленскага універсітэта, а Ф.П.Хадзінскі, акрамя
таго, вывучаў правазнаўства ў Маскоўскім
універсітэце [15, арк.3-4].
Да 1858 года Брэсцкае ўезднае
вучылішча было пяцікласным з шасцігадовым курсам
навучання (у апошнім класе − 2 гады). Тут
вывучалі гісторыю, геаграфію, матэматыку,
натуральную гісторыю (прыродазнаўства), фізіку,
рускую, польскую, нямецкую, лацінскую і
французскую мовы, тапаграфічны малюнак [22,
арк.1-2]. У 1832 годзе вучылішча наведавалі 72
чалавекі, толькі 45 з іх было шляхціцамі. Як
паведамляў папячыцель вучылішча мясцовы
маршалак Ягмін, колькаць вучняў у вучылішчы
магла быць удвая ці утрая больш, але не хапала
памяшканняў пад кватэры для іншагародніх вучняў
[22, арк. 4-6].
У 1858 годзе жыхары Брэста
звярнуліся да міністра асветы з прашэннем
адкрыць у горадзе гімназію. Але зварот засталаўя
без задавальнення. Брэстчанам прапанавана было
адкрыць гімназію за свой кошт. У гэтым жа годзе
пяцікласнае вучылішча было ператворана ў
трохкласнае. Змяніўся не толькі тэрмін
навучання. Трохкласнае вучылішча давала хоць і
скарочаны, але завершаны курс навук, тады як
пяцікласнае прадуглежвала далейшае заканчэнне
адукацыі ў гімназіі. Такім чынам, ліквідавадася
пераемнасць, якая раней існавала паміж уезнымі
вучылішчамі і гімназіямі [22, арк.1-2].
Дзе размяшчалася ўезднае
вучылішча? Да 1830 года, безумоўна, у памяшканні
пры базільянскім манастыры, падмуркі якога і
сёння можна ўбачыць у крэпасці. Затым для
вучылішча на ахвяраванні мясцовых памешчыкаў быў
пабудаваны аднапавярховы каменны дом. Аднак у
1832 годзе гэты дом быў заняты пад ваенны
шпіталь, а вучылішча перавялі ў прыватнае
памяшканне [15, арк.4-6]. У 1837 годзе ў сувязі
з будаўніцтвам крэпасці і заснаваннем вакол яе
фарштатаў улады загадалі тэрмінова перавесці
вучылішча на Кобрынскі фарштат [10, арк.31-33].
На Кобрынскім фарштате вучылішча размяшчалася ў
прыватных будынках, у тым ліку з 1846 да
сярэдзіны 50-х гадоў у драўляным доме памешчыка
Куроўскага, прыстасаваным пад вучылішча [21,
арк.18].
Акрамя вышэй названых, у Брэсце
ў першай палове мінулага стагоддзя дзейнічалі
два жаночых пансіёны [25, арк.1-5],
царкоўна-прыхадская школа, якая размяшчалася пры
уездным вучылішчы [1, с.48]. З пачатку 50-х
гадоў у горадзе працавала светскае вучылішча для
яўрэяў. Гэтае вучылішча было заснавана паводле
ініцыятывы ўлад, якія імкнуліся пераадолець
замкнёнасць яўрэйскага грамадства і ўключыць
яго ў навакольнае жыццё. Да 1844 года адукацыя
яўрэяў праводзілася іўдзейскімі святарамі., была
абмежавана амаль выключна вывучэннем дагматаў
іўдаізму. У Брэсце ў 1836 годзе дзейнічала 19
талмуд-тораў, хадарымаў і іншых школаў, дзе
вывучалі Тору, Талмуд і каментарыі да іх [34,
арк. 1-1к].
Такім чынам, у Брэсце была
даволі развітая сетка навучальных установаў.
Аднак існуючых вучылішчаў, пансіянатаў і школ не
хапала, каб задаволіць патрэбы адукацыі
насельніцтва. Гэтаму перашкаджала таксама
наяўнасць саслоўных і нацыянальных абмежаванняў.
Памежнае становішча Брэста
наканавала яму лёс прымаць на сваёй зямлі
падарожнічаючых літаратараў. Менавіта праз Брэст
пралягалі шляхі А.Грыбаедава, А.Шахоўскага,
П.Вяземскага, В.Кюхельбекера і іншых
пісьменнікаў. Амаль у кожнага старажытны Брэст
запаў у памяць. Захапіўся горадам над Бугам і
Павал Шпілеўскі, які прысвяціў Брэсту дзесятак
старонак сваіх запісак. Дарэчы, гісторыя Брэста,
дадзеная Шпілеўскім, па сваёй дакладнасці
набліжае літаратурны твор да навуковага
даследавання. У часы Шпілеўскага Брэст ужо
згубіў значную частку сваёй старажытнай
забудовы, страціў таксама і шмат цікавых архіваў
і старажытных калекцый. Нездарма менавіта ў
Брэст у 1834 годзе па загаду М.М.Мураўёва, які ў
той час быў на пасадзе гродзенскага губернатара,
была паслана спецыяльная камісія для росшуку
архіўных дакументаў. Чыноўнікі Мірановіч і
Левашоў працавалі ў архівах уезднага суда,
гарадавога магістрата, Сямёнаўскага манастыра,
збіраючы матэрыялы па гісторыі Брэста [ 23].
Найкаштоўнешыя матэрыялы былі адасланы асабіста
Мураўёву і на гэтым іх след пакуль што губляецца
[23, арк.2].
Важнай сферай культурнага жыцця
Брэста ў першай палове ХІХ стагоддзя быў тэатр.
У той час ён з’яўляўся найбольш масавым, побач з
музыкай, відам мастацтва. Пераход на камерцыйныя
рэйкі, які адбыўся ў тэатральнай справе у канцы
XVIII
стагоддзя, рабіў тэатр агульнадасяжным і таму
найбольш дэмакратычным і папулярным сярод іншых
галін прафесійнага мастацтва. Аднак невялікая
колькасць жыхароў у гарадах, нават губернскіх,
не дазваляла мець большасці з іх сталыя
тэатральныя калектывы. Тэатральныя паказы
наладжваліся ў той час вандроўнымі трупамі, якія
затрымліваліся ў горадзе на адзін-два сезоны, а
затым параязджалі на новае месца.
У гэты час Брэст з’яўляўся адным
з прывабных для тэатральных калектываў гарадоў.
На жаль, у архівах пакуль што не выяўлена
дакументаў, якія бы пралівалі святло на
дзейнасць тэатральных калектываў у Брэсце ў
першыя дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя.
Мечыслаў Рулікоўскі, які даследаваў адным з
першых тэатральнае жыццё Беларусі, спасылаючыся
на Эстрэйхера, паведамляе, што Брэст у гэты час
наведвалі нейкія вандроўныя трупы[39,
s.33].
Можна меркаваць, што ў горадзе ў першае
дзесяцігоддзе ХІХ ст. маглі выступаць трупы
С.Дзешнер, Шыманскага, Кажынскага і другіх
антрэпрэнёраў, якія асталёўваліся у Гродне і
адтуль наладжвалі турнэ па гарадах губерні.
Больш дакладныя звесткі об
тэатральным жыцці Брэста датычыць 30-х − 50-х
гадоў ХІХ ст. Часцей за іншых наведваў горад у
гэты час антрэпрэнёр Станіслаў Навакоўскі.
Упершыню ён прыехаў у Брэст у красавіку 1834
года і правёў тут увесь летні сезон да
кастрычніка [16, арк.16]. Станіслаў Навакоўскі
ўвайшоў у гісторыю тэатра як арганізатар першага
руска-польскага дырэкцыйнага тэатра ў Гродне ў
час тэатральнай рэформы 1844 − 1847 гг.
Менавіта ў 40-я − 50-я гады ён часцей за ўсё
прыяджаў са сваёй трупай у Брэст, наведаўшы яго
апошні раз у 1854 годзе [39,s.77].
Склад трупы Навакоўскага часта мяняўся, што было
звычайнай справай для аб’язных труп. У пачатку
40-х гадоў у ёй працавалі акцёры Бетляеўскія,
якіх дабра ведалі на Віленскай і Мінскай сцэнах
Блажаевіч, Станішэўскі і іншыя [17, арк.3, 72].
Бадай, найбольш яркай зоркай трупы быў Казімір
Скібінскі − адзін з лепшых акцёраў Беларусі,
Літвы і Польшчы, які таксама выступаў у
Пецярбургу і Маскве. Казімір Скібінскі пакінуў
надзвычай цікавыя мемуары, якія даюць маляўнічую
карціну тэатральнага жыцця ў краі ў мінулым
стагоддзі [40]. Репертуар трупы Навакоўскага быў
вельмі шырокі, што звычайна практыкавалася
вандроўнымі трупамі. Аддаючы належнае
антрэпрэнёру, адзначым яго добры густ у выбары
п’ес. Брэсцкія гледачы маглі ўбачыць творы
Шэкспіра, Багуслаўскага, Мальера, Кацэбу,
Дмушэўскага, Эльснера, Фрэдры і іншых польскіх і
заходнееўрапейскіх драматургаў.
Магчыма, у Брэст заязджала трупа
Карла Вільгельма Шмідкофа, якая выступала ў
гарадах губерні ў 1841 − 1843 гг. Гэта была адна
з найлепшых оперных труп у краі ў першай палове
ХІХ ст. Менавіта для гэтай трупы напісаў свае
першыя сцэнічныя творы Станіслаў Манюшка.
Некалькі гадоў гасцявала ў Брэсце трупа Юльяна
Кацюцевіча, які, аднак, вымушаны быў перапыніць
паказы ў сувязі з заснаваннем Гродзенскага
дырэкцыйнага тэатра з манапольным правам на
гастролі ў губерні [38, l
p. 84, 92]. З гэтай жа
прычыны, а таксама з-за няведання рускай мовы не
было дазволена даваць паказы добрай трупе Паўла
Ратаевіча, якая завітала ў Брэст з Любліна ў
1851 г. [30, арк.1]. Акрамя вышей названых, у
Брэсце выступалі трупы Гана, Лінкоўскай [39,
s.77],
Блажэвіча [43, s.32]
і іншыя.
Адзін з эпізодаў тэатральнага
жыцця Брэста хацелася б распавесці больш
падрабязна не толькі таму, што ён унікальны для
Беларусі, але і таму, што яскрава характарызуе
атмасферу, у якой развівалася культурнае жыццё
горада ў той час. У 1840 годзе сябры брэсцкага
папячыцельнага аб турмах камітэта вырашылі
зрабіць дабрачынны паказ на карысць вязняў
мясцовай турмы. Брэсцкі паліцмайстар, які
ўзначальваў камітэт, узяўшы справу ў свае рукі,
дамовіўся з мясцовымі аматарамі, сярод якіх былі
доктар Зяленка, чыноўнікі мытні, дзеці мясцовых
памешчыкаў. Быў арандаваны зал у доме купца
Бірштэйна, паліцыя займалася распаўсюджваннем
білетаў, якія прадалі больш за дзьве сотні.
Спектакль павінен быў адбыцца 3 сакавіка.
Аматары падрыхтавалі п’есу “Гонта, або Гайдамакі
на Украіне” (гэтая п’еса пад назвай “Алена, або
Гайдамакі на Украіне” − драма ў 3-х дзеяннях
паводле Корнера, перакладзеная на польскую мову
І.Камінскім, з поспехам шла на сцене Віленскага
тэатра і распавядала пра падзеі 1768 года ў час
казацка-сялянскага паўстання [44,s.249]).
Далей аддадзім слова дакументу. “3 марта в 7
часов вечера Брестская публика, состоящая
из военных штаб и обер офицеров и почти всех
чиновников и других местных и приезжих лиц до
200 асоб, собравшись и уплатив за вход по пять
злотых, была в ожидании сказанного
представления; между тем, в полчаса перед самым
начатием пьесы Брестский плац маер подполковник
Дублянский с двумя плацадьютантами и десятью
солдатами с огнестрельным оружием со штыками,
держа в руках 14 том Свода Законов Устава
Благочиния, без предварительного оповещения,
вошёл в залу, и в имени Брестского коменданта на
основании 177 статьи воспретил играть … Стращая,
что в противном случае приказано занимающихся
сим представлением брать под стражу, и один из
них плац-адъютант Мирович произносил даже
неприличные выражения… ” [18,
арк.8 адв.]. Справа была не ў тым, што п’еса
ставілася ў час паста, што, хаця і было
забаронена, але часта адбывалася нават ў
сталіцах. Галоўнае – у супярэчнасцях паміж
грамадзянскай і вайсковай уладай. Брэсцкі
камендант Пяткін, які ўяўляў сабой тып мясцовага
“унтера Пришибеева”, не мог пагадзіцца, што ў
горадзе нешта робіцца без яго дазволу. Яскрава
характарызуе Пяткіна яго пытанне да Гродзенскага
губернатара: “Ці можна дазваляць іграць п’есы на
польскай мове, калі камендант гэтай мовы не
ведае?” [18, арк.18 ].
Дзе адбываліся тэатральныя
паказы? Вядома, што да 1862 года ў горадзе не
было пстаяннага тэатральнага будынку.
Тэатральныя паказы наладжваліся ў будынку
летняга тэатра, у афіцэрскім клубе, у
прыстасаваных для тэатральных відовішчаў дамах.
Змены ў архітэктурным абліччы
горада ў першай палове ХІХ стагоддзя былі,
бадай, найбольш значныя з часоў узнікнення
Брэста. Іх апісанне можа скласці асобнае
аб’ёмістае даследаванне. Нам бы хацелася
спыніцца толькі на асобных старонках, якія
пакуль што менш вядомы. Гэта датычыць у першую
чаргу дзейнасці гарадскога архітэктара
Рагоўскага, які ў значнай ступені вызначыў
знешні выгляд горада ў час пераноса яго на
фарштаты.
Пабудова Брэсцкай крэпасці
пачалася ў 1833 годзе. У гэтым жа годзе
Рагоўскі, які раней працаваў на пасадзе
ваўкавыскага ўезднага землямера, быў прызначаны
архітэктарам у Брэст [9, арк.1]. З гэтага часу і
да пачатку 50-х гадоў амаль усе грамадзянскія
забудовы ў горадзе ўзводзіліся па яго праектах
або пад яго наглядам. Рагоўскі быў аўтарам
праекту будынка брэсцкай адміністрацыі,
пабудаванага на Кобрынскім фарштаце. Тут па
існуючым у той час правілам у адным доме з
флігелямі размясціліся ўездныя органы ўлады,
пажарная частка, турма і памяшканне варты [ 10,
арк.36-37]. Гарадскі архітэктар распрацоўваў
фасады дамоў, якія будаваліся мяшчанамі на
Валынскім і Кобрынскім фарштатах. Дарэчы, пад
гэтую забудову ўрадам былі выдзелены сродкі – на
1837 г. яны склалі 437 тыс. руб.[10, арк.103].
Кобрынскі фарштат у той час з’яўляўся цэнтрам
новага Брэста. Першапачаткова пад яго забудову
было адведзена 270 дзесяцін зямлі (каля 295 га).
Сюды з крэпасці былі пераведзены акрамя
адміністратыўных органаў, паштовая кантора,
конная пошта, яўрэйская школа, уездны і земскі
суды, магістрат і казначэйства.
У 1837 годзе Рагоўскі
распрацаваў праект плавучага маста, які злучыў
Кобрынскі і Валынскі фарштаты. Гэты мост,
даўжынёй каля 27 метраў і шырынёй каля 6
метраў, быў пабудаваны каля вёскі Шпанавіч у
пяці вярстах ад крэпасці [10, аркэ205-208].
Найвялікшым будынкам у горадзе ў
той час былі гандлёвыя рады, якія былі
закладзены ў 1837 годзе. Першапачаткова праект
радоў быў даручаны Рагоўскаму, але яго
прапановы не спадабаліся Брэсцкаму будаўнічаму
камітэту і асабіста начальніку інжынераў
дзейнічаючай арміі генералу Дзену, які кіраваў
забудовай Брэсцкай крэпасці. Дзен прапанаваў
свой праект, у якім прадугледзіў вялікія
ўнутраныя двары, дзе маглі размясціцца склады
для тавару. Праект Дзена быў прыняты і
зацверджаны царом [ 10, арк.129].
У першай палове ХІХ ст. у
горадзе было пабудавана некалькі культавых
будынкаў. У 1837 годзе Рагоўскі распрацаваў
праекты касцёла і плебаніі, якія павінны былі
будавацца на Кобрынскім фарштаце. Але доўгі час
касцёл так і не быў узведзены. Справа была не
толькі ў недахопе грошай, але і ў негатыўным
стаўленні ўлад да каталіцкай царквы на Беларусі.
Набажэнствы да сярэдзіны 50-х гадоў праводзіліся
ў прыстасаваных памяшканнях. “На Кобринском
фортштате, − паведамляе брэсцкі ўездны маршалак
у 1851 годзе, − римско-католический
костёл помещается в невыгодном доме полковницы
Астрищевской, состоящем в закладном владении
еврея Юдки Роземблюма” [31,
арк.1]. На працягу многіх гадоў на плошчы стаялі
падмуркі новага касцёла. У 1851 годзе ўлады
дазволілі збіраць на яго грошы. У 1856 годзе
касцёл быў пабудаваны.
Акрамя каталіцкага касцёла ў
Брэсце, Рагоўскі займаўся ўзвядзеннем з дзікага
каменя праваслаўнай царквы ў маёнтку Баршчэва
непадалёк ад горада, якая будавалася на грошы
графіні Грабоўскай [19].
Большасць будынкаў, узведзеных у
Брэсце ў первай палове ХІХ ст., будаваліся ў
стылі класіцызму – ужывалі пілястры, франтоны,
порцікі і інш. Нам вядомы імёны інжынераў і
архітэктараў, якія прычыніліся, акрамя
Рагоўскага, да ўтварэння архітэктурнага вобліка
горада. Да 1833 года Брэсцкім гарадскім
архітэктарам з’яўляўся Ленчоўскі, які напачатку
стагоддзя працаваў на пасадзе гродзенскага
губернскага архітэктара [6, арк.1; 7, арк.3]. 15
лютага 1833 года ў Брэсце пачаў працаваць
інжынерны будаўнічы камітэт, якім кіравалі
камендант крэпасці генерал Ляховіч і будаўнік
Брэсцкіх умацаванняў палявы інжынер палкоўнік
Маслаў [8, арк.1].
У першай палове ХІХ стагоддзя
маляўнічыя краявіды Берасцейшчыны часта
прыцягвалі да сябе ўвагу мастакоў. У 1845 годзе
у сваяго сябра Фелікса Влодка ў ваколіцах Пружан
гасцяваў Міхал Кулеша. Ён шмат паездзіў па
Берасцейшчыне, рабіў замалёўкі Белай Вежы, дома
ў Воўчыне, у якім нарадзіўся Станіслаў Аўгуст
Панятоўскі, маляваў краявіды Мерачоўшчыны,
Пінска. Гэтыя працы мастака, зробленыя гуашам,
крэйдай ці алеем, захоўваліся ў калекцыях
Міхала Грабоўскага, Владыслава Дзедушыцкага,
Фелікса Влодка і іншых збіральнікаў твораў
мастацтва [42, s.351-353].
Шмат краявідаў Берасцейшыны
пакінуў Напалеон Орда. Да найлепшых яго твораў
знаўцы далучаюць замалёўкі Камянецкай вежы,
акварэльныя краявіды Пінска, выявы палацаў у
Скоках, Ружанах, Высокім, Пружанах, від
Ляшчыцкага манастыра і іншыя работы, зробленыя
на берасцейскай зямлі.
У Брэсцкім кадэцкім корпусе
ўпершыню праявіўся талент выдатнага майстра
Апалінарыя Гараўскага. Тут ён вучыўся у 1845 −
1850 гг. Дарэчы, брат Апалінарыя Гілярый
Гараўскі, вядомы мастак, таксама атрымаў
адукацыю ў Аляксандраўскім кадэцкім корпусе, але
ўжо у той час, калі корпус быў пераведзены ў
Маскву [41, s.351-353].
Краявіды Брэста і яго ваколіцы,
партрэты жыхароў Берасцейшыны пакінулі
Б.Залескі, А.Даманскі, П.Аненскі, Ю.Косак і
іншыя.
Апісанне культурнага жыцця
Брэста ў першай палове ХІХ стагоддзя будзе не
поўным, калі не згадаць аб тым, якую ролю ў
жыцці берасцейцаў адыгрывала друкаванае слова.
Гэта тым больш варта ўвагі, калі ўлічваць
друкарскія традыцыі горада. У разглядаемы парыяд
у горадзе найбуйнейшай кніжнай крамай была
кнігарня Лейбы Шарашэўскага, куды паступалі
самыя новыя выданні. Так, напрыклад, у 1851
годзе ў гэтай краме прадаваліся творы Антона
Савы [29, арк.10]. Антон Сава (Эдвард Вітальд
Жалігоўскі) – выдатны паэт, філосаф,
рэвалюцыянер, менавіта ў гэты час быў асуджаны і
сасланы ў Петразаводск. Продаж яго твораў магла
каштаваць гандляру па меншай меры штрафам. 28
красавіка 1859 года Лейба Шарашэўскі атрымаў
дазвол на адкрыццё ў Брэсце тыпаграфіі і
літаграфіі [26, арк.1-4]. Тут выдавалі
разнастайную літаратуру, у тым ліку інстукцыі,
падручнікі, статыстычныя выданні. Трэба сказаць,
што жыхары Брэста ў гэты час не былі абыякавымі
да чытання. Нават тыя нешматлікія факты, якія
трапіліся нам падчас архіўных пошукаў, даюць
даволі яркае ўяўленне аб гэтым. Так, добрая
бібліятэка – 83 кнігі – была ў доме квартальнага
наглядчыка Рэйнгарта. На жаль, уся яна, у тым
ліку 14 тамоў расійскай энцыклапедыі, згарэла ў
час пажару у 1842 г. [20, арк.8] Нядрэнная
бібліятэка, хутчэй за ўсё, была ў начальніка
брэсцкай мытні Якава Міркавіча, які наогул быў
адукаваным чалавекам. Яго сын, будучы
генерал-губернатар Ф.Я.Міркавіч, прыгадвае, што
ў дзяцінстве ён атрымаў разнастайныя веды, а ў
доме бацькі затрымліваліся такія вядомыя і
адукаваныя асобы, як фельдмаршал Сувораў, князь
Баграціён і іншыя [36, с.395-398]. “Тут, −
згадвае Міркавіч у сваіх дзённіках, − было
цудоўнае таварыства адукаваных дваран, якія мелі
ў наваколлі свае маёнткі…” [3, с.128]. Наогул,
берасцейскія мытнікі вылучаліся сярод іншых
дзяржаўных чыноўнікаў сваёй адукаванасцю.
Менавіта яны павінны былі сачыць за тым, каб
цераз мяжу не правозіліся недазволеныя выданні.
Як правіла, у спісах падпісчыкаў на цікавыя
кнігі ці часопісы можна знайсці прозвішча
берасцейскіх мытнікаў – Каржанеўскага, Ястрабава
і іншых.
З гісторыі музычнага жыцця
Брэста ўзгадаем тут толькі адзін, але, магчыма,
надзвычай важны факт. З горадам на Буге звязана
жыццё аднаго з пачынальнікаў рускай гітарнай
музыкі Ігнація Гельда. І.Гельд. па паходжанню
чэх, нарадзіўся ў 1766 г. у г.Тржебеховіцэ. У
1783 г. ён прыехаў у Рэч Паспалітую, а затым
перабраўся ў Санкт-Пецярбург. Тут пачалася яго
вайсковая кар’ера – удзелам у руска-турэцкай
вайне, дзе ён адрозніўся пры штурме Ачакава. З
1791 г. Гельд зноў служыў ў войску Рэчы
Паспалітай, меў чын маёра, а калі выбухнула
паўстанне 1794 г., музыкант прыняў у ім актыўны
ўдзел. Разам з іншымі паплечнікамі Т.Касцюшкі ён
трапіў у расійскую крэпасць пасля задушэння
паўстання і быў вызвалены з яе паводле жадання
Паўла І. У пачатку ХІХ ст. Ігнацій Гельд служыў
у мытнай службе, а ў час вайны 1812 г. прымаў
удзел у баявых дзеяннях. Адначасова ён праявіў
сябе як выдатны гітарыст, кампазітар, настаўнік.
У 1798 г. убачыў свет яго самавучыцель ігры на
семіструннай гітары, які пасля неаднаразова
перавыдаваўся. І.Гельду належыць таксама адзін з
першых надрукаваных у Расіі самавучыцеляў для
класічнай гітары. Апрача самавучыцеляў І.Гельд
пакінуў шматлікія зборнікі музычных твораў для
гітары, фартапіяна, ансамбляў. Жыццё выдатнага
музыканта закончылася ў Брэсце. Тут ён памёр у
1816 г.[2, с.13-16].
Факты, прыведзеныя намі, даюць
падставы зрабіць выснову, што культурнае жыццё
Брэст-Літоўска у першай палове ХІХ ст.,
нягледзячы на усе цяжкасці і перашкоды, не
толькі не адставала ад іншых уездных гарадоў,
але ў некаторых галінах, такіх, як асвета ці
архітэктура, было нават больш інтэнсіўным. У
архіўных сховішчах засталося яшчэ шмат
матэрыялаў, якія могуць праліць святло на тыя
старонкі развіцця Брэста ў першай палове ХІХ
стагоддзя, якія засталіся па-за межамі нашага
даследавання.
Крыніцы і літаратура
1.
Брест. Энцикл..справ. – Мн.:
Изд-во БелСа, 1987.
2.
Вольтман, Б.Л. Гитара в Росии /
Б.Л.Вольтман. – Музгиз, Л., 1961.
3.
Грыцкевіч, В.П. Шляхі вялі праз Беларусь
/ В.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс. – Мн, 1980.
4.
Куль-Сяльверстава, С.Я. Брэсцкі кадэцкі
корпус / С.Я.Куль-Сяльверстава // Беларускі
гістарычны часопіс – 1998. − № 3. − С.48-54.
5.
Марозава, С.В. Уніяцкая царква ў
этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839
гады) / С.В.Марозава / пад рэд. У.М.Конана. –
Гродна, 2001.
6.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 3. − Спр.
1194.
7.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 3. − Спр.
59.
8.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 4. − Спр.
147.
9.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 4. − Спр.
369.
10.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 4. − Спр. 564а.
11.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 4. − Спр. 110.
12.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1.
− Воп. 5. − Спр. 179.
13.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 8. − Спр. 1831.
14.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 19. − Спр. 1212.
15.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 19. − Спр. 123.
16.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 20. − Спр.
1520.
17.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 20. − Спр. 397.
18.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 20. − Спр. 399.
19.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 20. − Спр.
265.
20.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 20. − Спр.
910.
21.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 27. − Спр. 1250.
22.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 27. − Спр. 1562.беседки навесы из поликарбоната
23.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 27. − Спр.
600.
24.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 27.
− Спр. 1330.
25.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 27. − Спр.
1555.
26.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 28. − Спр.
1001.
27.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 28. − Спр.
174.
28.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. − Воп. 28. − Спр.
77.
29.
НГАБ у Гродна. −
Ф. 1. − Воп. 29. − Спр. 638.
30.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 29. − Спр. 718.
31.
НГАБ у Гродна. − Ф. 1. −
Воп. 29. − Спр. 721.
32.
НГАБ у Мінску. − Ф.
1297. − Воп. 1.
− Спр. 25658.
33.
НГАБ у Мінску. − Ф.
1227. − Воп. 1.
− Спр. 253, 1848
34.
Сборник материалов для истории
просвещения в России,
извлеченных из Архива Министерства народного
просвещения − Т.2 Учебные
заведения в западных губерниях. 1802 − 1804. −
СПб, 1897 .
35.
Фёдор Яковлевич Миркович.
Ёго жизнеописание. – Спб, 1881 .
36.
Фёдор Яковлевич Миркович. Ёго
жизнеописание // Руский архив, 1890. − №3 – С.
395-398.
37.
Чепко В.В. Города
Белоруссии в первой
половине ХІХ века: экон. развитие
/ В.В.Чепко – Мн.:
Изд-во БГУ, 1981 .
38.
Lietuvos
valstybinis istorios archyvas
(LVIA).
−
f. 378, 1845,
b.1978.
39.
Rulikowski, M. Teatr polski na Litwie.
1784-1906 / M.Rulikowski.
− Wilno,
1907.
40.
Skibiński, K.
Pamiętnik aktora.(1786-1858) / K.Skibiński /
oprac. i wyd. M.Rulikowski.
−
Warszawa, 1912. − 306
s.
41.
Słownik artystów
polskich i obcych w Polsce działających.
− T. 3.
−
Wrocław; Ossolineum −
1986.
42.
Słownik artystów polskich i obcych w
Polsce działających. −
T. 4. −
Wrocław; Ossolineum −
1986.
43.
Słownik
biograficzny teatru polskiego. 1765-1965.
−
Warszawa, 1973 .
44.
Timoszewicz, J. Z
teki afiszów Wileńskich. 1800-1863 /
J.Timoszewicz //
Pamiętnik teatralny. −
1986 −
z. 2-3 - S. 235-253.
|
|