|
Забарона ў 1773 г. Ватыканам
дзейнасці езуіцкага ордэну паклала пачатак
складванню свецкай сістэмы адукацыі сучаснага
тыпу на беларускіх землях. Заснаваная ў Рэчы
Паспалітай з гэтай нагоды Адукацыйная камісія
ўсяго за 10 гадоў здолела стварыць дакладную
сістэму акруговых і падакруговых вучылішч, да
якіх таксама далучаліся рэарганізаваныя піярскія
і базыльянскія школы. Пры гэтым задачы, якія
вырашала першае айчыннае міністэрства асветы,
датычыліся не толькі праблем удасканалення
выхаваўчага працэсу, але і вызначэння месца
навучальных устаноў у паўсядзённым жыцці
тагачаснага грамадства. Секулярызацыя школьнай
справы павінна была зрабіць іх больш адкрытымі і
куды мацней уцягнутымі ў гаспадарчае, сацыяльнае
і культурнае развіццё тых населеных пунктаў, дзе
яны размяшчаліся.
Зразумела, што ў апошняй трэці
XVIII
ст. гэты працэс толькі пачаўся, але асноўныя
напрамкі ўзаемадзеяння вучылішч з мясцовым
грамадствам ужо прасочваліся. Так, цалкам
лагічным выглядае жаданне Адукацыйнай камісіі
пераўтварыць уласныя школы ў асветныя цэнтры для
ўсяго тутэйшага насельніцтва незалежна ад
ўзросту і сацыяльнага становішча. Рэктарам і
прэфектам раілася запрашаць бацькоў вучняў, а
таксама ўсіх жадаючых на пераводныя і выпускныя
экзамены ды розныя школьныя святы. Вучэбныя
бібліятэкі таксама былі адкрыты для гараджан.
Вядома, напрыклад, што у 1786 г. Т.Падлескі
пачаў выдаваць “Дзённік гандлёвы”, які зыходзіў
з пазіцый французскіх фізіякратаў і змяшчаў
карысную інфармацыю аб кірмашах, цэнах, розных
гандлёвых аперацыях і мануфактурах. Адукацыйная
камісія адразу ж выпісала яго для ўсіх
навучальных устаноў і загадала школьным уладам
даводзіць яго змест да шырокіх колаў грамадства
[4, с. 178-179].
Да таго ж у Варшаве лічылі
цалкам правамерным даручыць менавіта настаўнікам
збіраць каштоўную інфармацыю, неабходную для
ўдасканалення кіравання дзяржавай. Навучальныя
ўстановы павінны былі праводзіць статыстычныя
даследаванні, збіраць звесткі аб эканамічным
патэнцыяле свайго рэгіёну, складаць падрабязныя
геаграфічныя апісанні. У выніку гэтага
настаўнікі разам з вучнямі сталі аглядаць
навакольныя манфактуры, наведваць кірмашы і г.д.
У час летніх вакацый яны здзяйснялі працяглыя
вандроўкі па Беларусі, пашыраючы свае веды ў
галіне геаграфіі, тапанімікі, біялогіі і
мінералогіі. Так, рэктар Гродзенскай медыцынскай
акадэміі Ж.Жылібер у Беларусі разам з іншымі
выкладчыкамі ды студэнтамі арганізаваў некалькі
экспедыцый па наваколлю Гродна, Беластока,
Вільны, Навагрудка, Нясвіжа, Шчорсаў і Вішнева.
Сабраныя звесткі сталі асновай пры падрыхтоўцы
ім “Флоры Літвы”, першыя два тамы якой выйшлі ў
1781 г. у Гродна [2, с. 50].
Часам у ходзе гэтакіх навукова-пазнавальных
вандровак рабіліся і вельмі важныя знаходкі,
здольныя актывізаваць гаспадарчае жыццё суседніх
гарадоў. Вядома, што выкладчык Бабруйскай
падакруговай школы Ш.Ільяшэвіч у 1788 г. знайшоў
паблізу ад горада радовішча солі і даслаў у
Варшаву ўласны праект аб яго распрацоўцы [11, с.
378].
Адчувалася дзейнасць навучальных
устаноў і ў непасрэдным эканамічным жыцці
беларускіх гарадоў. Дадатковы прыбытак мяшчанам
прыносіла здача кватэр і асобных пакояў
выкладчыкам, а таксама заможным выхаванцам.
Вельмі пашыранай справай было і харчаванне ўсяго
педагагічнага складу школы ў бліжэйшым трактыры,
альбо заказ у ім ежы з дастаўкай (Паставы,
Гродна, Пінск). Часам, жадаючы палепшыць сваё
матэрыяльнае становішча мясцовыя вучылішчныя
ўлады ўцягваліся і ў прадпрымальніцкую
дзейнасць. Так, пры школе ў Брэсце працавала
тытунёвая лаўка, якая давала штогод прыбытак у
150 зл., а ў Пінску ў адным са школьных карпусоў
размяшчаўся склад тытуню, за што выкладчыкі
атрымлівалі ад мясцовага гандляра 200 зл. штогод
[11, с. 103, 154].
Яшчэ адна надзвычай важная
функцыя, якая вымушана ўскладвалася на
тагачасныя айчынныя навучальныя ўстановы гэта
ажыццяўленне пэўных мерапрыемстваў па ахове
здароўя, як уласных выхаванцаў, так і па
магчымасці мясцовага насельніцтва. Вядучая роля
тут, зразумела, ускладвалася на ўтвораную ў
Гродне па ініцыятыве А.Тызенгаўза медыцынскую
акадэмію. Запрошаны з Францыі на пасаду рэктара
Ж.Жылібер 9 мая 1776 г. падпісаў з уладамі
спецыяльную дамову, дзе, акрамя яго непасрэдных
абавязкаў, агаворвалася і яго праца ў якасці
ўрача-кансультанта: “...Усім хворым... удзеляць
буду ўвагу, старанні і дапамогу... Хірургаў,
якія знаходзяцца ў эканоміях і губернях... буду
вучыць і буду імі кіраваць...” [7, с. 383].
Да таго ж у ведзенні акадэміі
знаходзіўся гарадскі шпіталь, кіраўніцтва якім
спачатку было даручана бліжэйшаму памочніку
Ж.Жылібера доктару медыцыны Г.В.Хайнцэльману, а
пасля яго раптоўнай смерці былому прафесару
анатоміі універсітэта ў Нансі (Францыя)
К.Ю.Вірыёну. Дзейнасць дадзенай лячэбнай
установы цалкам забяспечвалі выкладчыкі і
выхаванцы акадэміі. Ж.Жылібер так пісаў на гэты
конт: “...Служачыя шпіталя залежылі ад мяне;
...вучні, якія ўтрымліваліся за кошт караля,
слепа падпарадкоўваліся мне; кожны з іх меў
некалькі хворых у шпіталі на 60 ложкаў, дзе
кожны меў дагляд; залы былі дастаткова
прасторныя і лёгка праветрываліся спецыяльнымі
вентылятарамі...” [3, с. 118]. Кожны з
навучэнцаў пастаянна сачыў за станам здароўя
“сваіх” хворых (да 5), выконваў розныя
медыцынскія маніпуляцыі, праводзіў лабараторныя
даследаванні, а таксама штодзённа пісаў
“гісторыю хваробы” з аналізам эфектыўнасці
дзеяння прапісаных лекаў. Апошнія, дарэчы,
большай часткай вырошчваліся ў батанічным садзе
і гатаваліся ў таксама падначаленай акадэміі
экс-езуіцкай аптэке [1, с. 60].
Выконвалі функцыю медыцынскай
установы і іншыя навучальныя ўстановы тагачаснай
Беларусі. Вядома, што пры Шчучынскім піярскім
калегіуме працавала аптэка, а таксама ў 1786 г.
па ініцыятыве прафесара С.Юндзілла быў разбіты
батанічны сад, што дазволіла пашырыць асартымент
прапанаваных насельніцтву лекаў [9, с. 263].
Добрую хімічную лабараторыю, аптэку і батанічны
сад мела таксама піярскае вучылішча ў Любяшове
пад Пінскам.
Разам з тым усе гэтыя захады
асобных навучальных устаноў у цэлым пакуль не
маглі істотна выправіць становішча ў плане
спынення хуткага пашырэння разнастайных хвароб,
якія, зразумела, не абыходзілі і школьныя сцены.
Практычна кожны год у зіму і на пачатак вясны ў
школах хварэлі звыш паловы ўсіх выхаванцаў.
Найбольш вучні пакутвалі ад прастуды, сухотаў,
адру, ліхаманкі і інш. Рэгулярным было
паведамленне візітатараў аб смерці вучняў. У
Жыровіцкай базыльянскай школе, напрыклад, у 1786
г. у час эпідэміі сухотаў памерлі ажно 13 юнакоў
(з 136 выхаванцаў). У Беластоцкай падакруговай
школе ў 1789 г. з прычыны моцных маразоў
захварэлі амаль усе вучні, пры гэтым, адзін з іх
памёр ад воспы, а другі ад гангрэны. Памеры і
цяжкасць захворванняў часам прымушалі нават
спыняць заняткі, бо бацькі забіралі дзяцей
дадому (школы ў Беразвечы і Лужках у 1783 г.).
[11, с. 121, 139, 152, 173, 340, 345, 412, 477].
Пры гэтым даволі цяжка адказаць на пытанне аб
прычынах узнікнення шматлікіх эпідэмій. 3 аднаго
боку, выхаванцы знаходзіліся ў пастаянным
кантакце з гараджанамі і маглі лёгка ад іх
заразіцца, акрамя таго, відавочна, што дзіцячы
арганізм слабейшы за дарослы і куды цяжэй
пераносіць розныя захворванні.
Пакутвалі школы і ад пажараў,
што час ад часу спустошвалі беларускія гарады.
Так, у сярэдзіне 1780-х гг. у Драгічыне
загарэўся мясцовы бровар і полымя хутка
перакінулася на суседнія пабудовы. Дзякуючы
дапамозе жыхароў будынак тутэйшай піярскай школы
ўдалося выратаваць, але згодна з падлікамі
правінцыяла ордэна Д.Рэшчынскага агульныя страты
навучальнай установы ад гэтага здарэння склалі
некалькі дзясяткаў тысяч злотых [6, с. 188].
Не заўсёды кантакты школ з
гарадскімі ўладамі праходзілі толькі на ўзроўні
карыснага для ўсіх узаемадзеяння. Часам уладары
прыватных населеных пунктаў пры нейкай вострай
неабходнасці выкарыстоўвалі прасторныя вучэбныя
памяшканні для ўласных патрэб. У Нясвіжы гэта,
напрыклад, было звязана з шырокімі святкаваннямі
100-гадовага юбілея перамогі Яна
III
Сабескага пад Венай. Не лепш былі справы і ў
буйных гарадах. Адміністрацыя Гродна ў 1783 г.
захапіла частку школьных будынкаў, прыстасавала
іх пад склады, а таксама кватэры, і толькі пасля
спецыяльнага ўказу Адукацыйнай камісіі вярнула
іх у школьнае ведамства [5, с. 34, 36].
Пэўныя праблемы ў школах
існавалі і з органамі дзяржаўнай улады. У
Халапенічах гаспадар мястэчка падканцлер
літоўскі I.Храптовіч
на свае грошы пабудаваў новы вучэбны корпус, але
загадаў менавіта ў ім праводзіць пасяджэнні суда
і сеймікі аршанскага павета [11, с. 28]. У
Мінску і Пінску гарадскія ўлады ўвогуле
распачалі справу па перадачы ім пад судовыя
ўстановы будынкаў мясцовых падакруговых
вучылішч, і толькі ўмяшальніцтва Адукацыйнай
камісіі ў 1785 г. дазволіла знайсці кампраміснае
рашэнне – пасяджэнні судоў пачалі праходзіць на
кватэрах выкладчыкаў, за што тыя атрымлівалі
арэндную плату [5, с. 80].
Асобным кірункам узаемадачынення
айчынных навучальных устаноў з мясцовым
насельніцтвам з'яўлялася справа ахвяравання на
асвету буйных капіталаў заможнымі прадстаўнікамі
мясцовага грамадства. Трэба адзначыць, што новыя
фундушы пераважна атрымлівалі манаскія школы.
Так, у 1781 г. Т.Мігдала перадаў лідскім піярам
12 тыс. зл. з абавязкам заўсёды ўтрымліваць пры
вучылішчы на працэнты з гэтай сумы аднаго са
сваіх сваякоў з прадстаўленнем адзення і
харчавання [8, с. 261].
У цэлым жа не выклікае
сумненняў, што менавіта ў апошняй трэці
XVIII
ст. у гарадах заходняй і цэнтральнай Беларусі
адбываўся цяжкі працэс прыстасавання новых
свецкіх навучальных устаноў да жорсткіх рэалій
мясцовага сацыяльна-эканамічнага жыцця. Разам з
тым зразумела, што нягледзячы на ўсе праблемы
мясцовае насельніцтва вельмі ганарылася тым
фактам, што ў ix горадзе
дзейнічае школа. Аб гэтым сведчаць
i клопаты
грамадства аб паляпшэнні ix
матэрыяльнай базы (Навагрудак, Мазыр),
хадайніцтвы аб недапушчэнні закрыцця ці пераводу
асобных вучылішч (Слонім), звароты аб адкрыцці
новых навучальных устаноў (Паставы, Ушачы,
Дзісна) альбо наданні ім афіцыйнага статусу
(Бяроза, Беразвеч).
Высокі аўтарытэт
i
значэнне школ прызнаваліся і самімі ўладамі.
У ходзе свайго візіту
на сейм у Гродна 8
красавіка 1784 г. Пінск
наведаў кароль Станіслаў Аўгуст. Нягледзячы на
невялікі час знаходжання ў горадзе манарх паспеў
абмеркаваць існуючыя праблемы з рэктарам
тутэйшай школы Вішнеўскім, настаўнікамі
i
вучнямі, лепшых з якіх ён асабіста ўзнагародзіў
залатымі i
сярэбранымі медалямі [10, с. 129]. Такая
ўвага манарха не
толькі ўздымала прэстыж дадзенай
навучальнай установы, але
i
сведчыла аб яе важным месцы
ў тагачаснай гарадской іерархіі.
Крыніцы і літаратура
1. Крючок, Г.Р. Очерки
истории медицины Белоруссии /
Г.Р.Крючок. – Мн.,
1976.
2. Орловский, Е. Очерк
истории города Гродны, составленный на основании
печатных источников /
Е.Орловский.
– Гродна, 1889.
3. Памяць.
Гісторыка-дакументальная хроніка горада
Гродна. – Мн., 1999.
4. Ambroise,
J. Komisja Edukacji Narodowej w Polsce
/ J.Ambroise.
– Wrocław, 1979.
5. Instrukcje dla wizytatorów
generalnych szkół Komisji Edukacji Narodowej.
–
Wrocław, 1976.
6. Korespondencja Ignacego
Potockiego w sprawach edukacyjnych.
–
Wrocław, 1978.
7. Kościałkowski,
S. Antoni Tyzenhaus. Podskarbi nadworny litewski.
T. 1
/ S.Kościałkowski.
– Londyn, 1970.
8. Kościałkowski,
S. Z dziejów ofiarności na rzecz nauki i
nauczania na Litwie /
S.Kościałkowski
//
Nauka Polska. T. 5.–Warszawa,
1925.
9. Kurczewski,
J. Biskupstwo Wileńskie od jego założenia aż do
dni obecnych, zawierające dzieje i prace
biskupów i duchowieństwa djecezji Wileńskiej
/ J.Kurczewski.
– Wilno, 1912.
10. Łukaszewicz,
J. Historya szkół w Koronie i w Wielkim
Księstwie Litewskim od najdawniejszych czasów aż
do roku 1794 /
J.Łukaszewicz.
– Poznań, 1851.
– Т. 4.
11. Raporty generalnych
wizytatorów szkół Komisji Edukacji Narodowej w
Wielkim Księstwie Litewskim.
– Wrocław, 1974.
|
|