|
Сучасныя прававыя дзяржавы на
ўсіх этапах свайго развіцця імкнуцца максімальна
выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія маюць, каб
палегчыць жыццё малазабяспечаным людзям. У гэтай
сферы у Рэспубліцы Беларусь распрацавана і
дзейнічае дзяржаўная палітыка, якая ахоплівае
шырокі спектр праблем. Канкрэтныя меры па
матэрыяльнай падтрымцы датычаць у першую чаргу
інвалідаў, хворых, адзінокіх. Аднак
дзяржава не можа ўзяць на сабе клопаты аб усіх
групах насельніцтва, якім неабходна падтрымка.
Шматлікія грамадскія арганізацыі імкнуцца
раздзяліць гэтыя клопаты з дзяржавай.
Грамадскія арганізацыі
ахопліваюць значную частку насельніцтва краіны,
аб’яднаную агульнымі інтарэсамі. Сваімі
дзеянннямі яны могуць аказваць пэўны ўплыў на
грамадска-палітычнае жыццё дзяржавы. Права на
аб’яднанне ў асацыяцыі, абвешчанае Агульнай
дэкларацыяй правоў чалавека, з’яўляецца
неад’ёмным правам чалавека і грамадзяніна. Под
грамадскай арганізацыяй разумеюць дабраахвотнае
аб’яднанне грамадзян, што садзейнічае
задавальненню і абароне іх шматлікіх інтарэсаў і
патрэб, развіццю палітычнай, сацыяльнай і
працоўнай актыўнасці і самастойнасці.
Дабрачынныя
грамадскія аб’яднанні прызваны аказваць
падтрымку і дапамогу ўсім, каму яна неабходна.
Аб’яднанні, як правіла, ствараюцца на сродкі
прыватных асоб ці прадстаўнікамі кампаній з
мэтай фінансавання тых абласцей чалавечай
дзейнасці, што вызначаны статутам дадзенай
арганізацыі.
Беларусь атрымала незалежнасць
раптоўна. У краіне ніколі не было развітой
інфраструктуры, сістэмы служб, юрыдычнай і
эканамічнай сістэмы, неабходных для стварэння
дэмакратычнага грамадства са стабільнай рыначнай
эканомікай. Перамены ў краіне адбываліся
хаатычна. Для дзейнасці грамадскіх арганізацый
пасля 1991 г. неабходна было ўдасканаліць
заканадаўчую базу, што рабілася на працягу 1991
– 2001 гг. і працягваецца далей.
Існуе шэраг
асноўных нарматыўных актаў (да дзейнасці
грамадскіх аб’яднанняў маюць адносіны больш за
130), што рэгулююць стварэнне і дзейнасць
грамадскіх аб’яднанняў Беларусі.
Мясцовыя грамадскія аб’яднанні
рэгістраваліся ўпраўленнем юстыцыі выканаўчых
камітэтаў абласных, Мінскага гарадскога Саветаў
дэпутатаў па месцу знаходжання кіруючага органа
аб’яднання.
У адпаведнасці з артыкулам 6
Закона РБ “Аб грамадскіх аб’яднаннях” мясцовым
лічыцца грамадскае аб’яднанне, дзейнасць якога
распаўсюджваецца на тэрыторыі некалькіх
адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Гэта
можа быць раённае, міжраённае, гарадское і інш.
аб’яднанне [1, с. 20].
У Гродне размяшчаліся цэнтры,
аддзяленні грамадскіх аб’яднанняў, якія мелі
статус мясцовых, у лік іх уваходзілі абласныя,
гарадскія аб’яднанні. У 1991 – 2001 гг. у Гродне
дзейнічалі наступныя гарадскія дабрачынныя
грамадскія аб’яднанні: Гродзенскае грамадскае
аб’яднанне шматдзетных бацькоў і сірот (створана
ў 2001 г.), Гродзенскае грамадскае аб’яднанне
шматдзетных бацькоў “Сем Я” (2001 г.) [2, с. 58,
60], Гродзенская асацыяцыя маці дзяцей-інвалідаў
“Вера” (1996) [3, с. 25], Гродзенская гарадская
арганізацыя Грамадскага аб’яднання “Беларуская
асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым
інвалідам” (2002) [2, с. 48], “Карытас”
Гродзенска дыяцэзу (1994) [3, с. 48] і іншыя.
Усе гэтыя аб’яднанні імкнуліся
дапамагчы тым, хто аказаўся ў складанай жыццёвай
сітуацыі. Гродзенская асацыяцыя маці
дзяцей-інвалідаў “Вера” з’яўлялася не столькі
грамадскім дабрачынным аб’яднаннем, колькі
асацыяцыяй самадапамогі, суполкай маці
дзяцей-інвалідаў, якія імкнуліся дапамагаць адна
адной лекамі, адзеннем, дзіцячым харчаваннем і
проста маральнай падтрымкай. У канцы 90-х гг.
гэтае аб’яднанне перастала існаваць, але яго
справу працягвала новая арганізацыя, якая ў
Гродне з’явілася ў 2002 г. – Гродзенская
гарадская арганізацыя Грамадскага аб’яднання
“Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам
і маладым інвалідам”. Грамадскае аб’яднанне
БелАДДІіМІ дзейнічала ў рэспубліцы з канца 80-х
гг., аднак у той час не мела сэнсу рэгістрацыя
гарадскіх аддзяленняў з прычыны нешматлікасці
членаў і неразвітасці структурнай арганізацыі
[4, с. 29]. Паступова БелАДДІіМІ аб’яднала
шматлікія, але маленькія асацыяцыі, арганізацыі,
аб’яднанні бацькоў, якія мелі дзяцей-інвалідаў,
у выніку чаго ўзнікла і гродзенская арганізацыя
БелАДДІіМІ.
“Карытас” Гродзенскага дыяцэзу –
дабрачынная каталіцкая арганізацыя, якая аказвае
дапамогу самым розным слаям насельніцтва,
дапамагае не толькі матэрыяльна, але займаецца
духоўным і маральным выхаваннем дзяцей, моладзі,
людзей сярэдняга ўзросту. Адрасатамі дапамогі,
якую аказвае “Карытас”, з’яўляюцца ўсе асобы
незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання [5,
с. 6-7]. Сярод гэтых асоб бамжы, мігранты,
вязні, інваліды, пажылыя адзінокія людзі,
хворыя, члены шматдзетных і малазабяспечаных
сем’яў, дзеці-сіроты. Аб’яднанне з’яўляецца
арганізатарам адпачынку дзяцей за мяжой і ў
рэспубліцы [6, с. 16]. “Карытас” не толькі
распаўсюджвае гуманітарную дапамогу з-за мяжы,
але і арганізоўвае працу па збору рэчаў з
жыхароў Гродна.
Невялікая колькасць існуючых у
1991 – 2001 гг. у Гродне гарадскіх грамадскіх
аб’яднанняў тлумачыцца даволі значнай колькасцю
абласных аб’яднанняў [7, с. 4] [8, с. 7] [9, с.
4]. Аднак па колькасці грамадскіх
арганізацый Гродзенская вобласць знаходзілася на
адным з апошніх месцаў. Так на пачатак 1997 г.
вобласць знаходзілася на 6 месцы (з 6 абласцей)
[3, с. 10], на пачатак 1998 г. – на 4 месцы
(разам з Брэсцкай вобласцю) [10, с. 15], у
сярэдзіне 2000 г. – на 6 месцы з сямі (6
абласцей і г.Мінск) [11, с. 12)], у другой
палове 2002 г. – на 4 месцы з сямі [2, с. 23].
Неабходна адзначыць, што ў
пачатку 90-х гг. сваю дзейнасць у сферы
дабрачыннасці працягвалі толькі самыя “моцныя”
арганізацыі, такія, як Таварыства Чырвонага
Крыжу, Фонд Міру, Дзіцячы фонд. Аднак і яны ў
Гродне дзейнічалі толькі як абласныя аддзяленні.
Некаторыя арганізацыі ў гэты перыяд толькі
пачалі сваю дзейнасць – Гродзенскі абласны фонд
вязняў нямецкіх лагераў, абласное прадстаўніцтва
таварыства “Дзеці ў бядзе” і інш. У сярэдзіне
90-х гг. назіраецца рост колькасці грамадскіх
арганізацый, у канцы 90-х гг. – спад. Гэты
працэс можна растлумачыць некалькімі прычынамі.
З сярэдзіне 90-х гг. з пераходам да рыначных
адносін колькасць ахвяраванняў рэзка
скарацілася, дабрачынныя арганізацыі пачалі самі
зарабляць грошы. Змяненне заканадаўства,
узмацненне кантролю за дзейнасцю арганізацый,
адсутнасць замежнага і іншых форм фінансавання
адмоўна адбіліся на рабоце аб’яднанняў.
Зменшылася дзяржаўнае фінансаванне праектаў
трэцяга сектару, ускладнілася працэдура
атрымання матэрыяльнай падтрымкі з бюджэту і ад
замежных спонсараў, што часткова аказала ўплыў
на скарачэнне колькасці грамадскіх арганізацый.
Некаторыя аб’яднанні не змаглі прыстасавацца да
новых умоў існавання і былі вымушаны
самаліквідавацца.
Праблема арганізацыі
ўзаемадзеяння паміж суб’ектамі грамадства, і ў
першую чаргу паміж грамадствам і дзяржаўнымі
арганізацыямі, з’яўлялася адной з самых
актуальных у Беларусі ў 1991 – 2001 гг.
Гісторыя
ўзнікнення дабрачынных арганізацый налічвае
больш дзесяці стагоддзяў, і сёння дзесяткі тысяч
такіх арганізацый з’яўляюцца неад’емнай часткай
сучаснага дэмакратычнага грамадства. Для многіх
людзей, што звярнуліся ў фонды, стала рэальнай
магчымасць атрымаць усебаковую і разнастайную
дапамогу. Дабрачынныя арганізацыі аказвалі
дапамогу самым розным групам насельніцтва сярод
якіх самыя малазабяспечаныя і безабаронныя.
Аказанне медыцынскай дапамогі, нагляд за хворымі
і самотнымі, арганізацыя бясплатнага гарачага
харчавання, збор і размеркаванне гуманітарнай
дапамогі, аказанне грашовай дапамогі,
арганізацыя адпачынку дзяцей у рэспубліцы і за
яе межамі, аказанне юрыдычнай і псіхалагічнай
дапамогі – невялікі пералік накірункаў дзейнасці
гродзенскіх гарадскіх грамадскіх дабрачынных
арганізацый у 1991 – 2001 гг.
Такім чынам, як было адзначана
на адным з міжнародных семінараў, у Беларусі
складваецца "трэцяя ўлада" – грамадская. Адной з
рашаючых умоў яе замацавання з'яўляецца цеснае
ўзаемадзеянне дзяржаўнага і грамадскага сектару.
Крыніцы і літаратура
1.
Эффективное развитие общественных
организаций / С. Зинкевич [і др.]; под общ. ред.
Е.Липской. – Минск: БРОО «Объединённый путь»,
1998. – 89 с.
2.
Даведнік беларускіх грамадскіх
аб’яднанняў / Беларуская рэспубліканская
грамадская арганізацыя “Аб’яднаны шлях”; склад.
І.М.Чырко [і інш]; – 4-е выд., перап. – Мазыр:
ТАА ВД “Белы Вецер”, 2002. – 500 с.
3.
Справочник белорусских общественных
объединений / Белорусская республиканская
общественная организация «Объединённый путь»;
сост. А.Р.Шибицкая. – Минск: Агентство САДИ,
1997. – 157 с.
4.
Мы учимся жить с нашими детьми, жить с
радостью: Общественное объединение «Белорусская
ассоциация помощи детям-инвалидам и молодым
инвалидам»; сост. М. Куновская. – Минск: ОО «БелАПДИиМИ»,
2003. – 32 с.
5.
Міхайлік, А. Галоўныя накірункі дзейнасці
“Карытас” / А. Міхайлік //
Misericordia. – 2003. – №1. – С. 6–7.
6.
Сямашка, С. Дзіцячы адпачынак 2000 у
дыяцэзіях / С. Сямашка, //
Misericordia. – 2000. – №3-4. – С. 16.
7.
Список местных общественных объединений,
зарегистрированных (перерегистрированных)
управлением юстиции Гродненского облисполкома по
состоянию на 1.06.2000 г. // Гродзенская праўда.
– 2000. – 27 ліпеня. – С. 4.
8.
Список местных общественных объединений,
зарегистрированных (перерегистрированных)
управлением юстиции Гродненского облисполкома по
состоянию на 1.06.2000 г. // Гродзенская праўда.
– 2000. – 27 ліпеня. – С. 7.
9.
Список местных общественных объединений,
зарегистрированных (перерегистрированных)
управлением юстиции Гродненского облисполкома по
состоянию на 1.06.2000 г. // Гродзенская праўда.
– 2000. – 1 жніўня. – С. 4.
10.
Справочник белорусских общественных
объединений / Белорусская республиканская
общественная организация «Объединённый путь»;
сост. А.Р.Шибицкая. –
Минск: Агентство САДИ, 1998. – 358 с.
11.
Даведнік беларускіх грамадскіх
аб’яднанняў / Беларуская рэспубліканская
грамадская арганізацыя “Аб’яднаны шлях”; склад.
Г.У.Глебка [і інш]; – 3-е выд., перац.
– Мінск: УП “Новік”, 2000. – 339 с.
|
|