|
У палітычным жыцці Вялікага
княства Літоўскага і Усходняй Еўропы ХІІІ ст. і
іх царкоўна-рэлігійным жыцці ХІV
– ХV
стст. Наваградку належала вялікая, а нярэдка і
вызначальная роля. Валянцін Пікуль, рускі
гісторык і раманіст, пісаў пра сярэднявечную
Беларусь: “Калі б беларусы змаглі прыўзняць
гістарычную заслону мінулага, то … свае
гістарычныя цэнтры Полацк і Наваградак яны
паставілі б паводле гістарычнага рэйтынгу і
ўплыву ў Еўропе на першае месца ў ХІ – ХІІ – ХV
стагоддзях” [1, с. 7].
У сярэдзіне XIII
ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі
перамяшчаецца з Полацка ў Наваградак і тут
робіць свае першыя крокі дзяржава, якая ў
крыніцах спачатку фігуруе пад назвай “Княства
Літоўскае і Наваградскае” або нават “Вялікае
княства Наваградскае”. Вялікую ролю ў яе
станаўленні і лёсе адыгрываў царкоўна-рэлігійны
фактар.
Гораду належыць прыярытэт у распаўсюджванні на
беларускіх землях каталіцызму. Гісторыкі схільны
бачыць у Наваградку месца хрышчэння ў 1251 г.
Міндоўга. Пры ім горад стаў цэнтрам першага ў
ВКЛ каталіцкага епіскапатства. Першым епіскапам
у Наваградку стаў прэсвітэр Лівонскага ордэна
Хрысціян. Праўда, у 1260 г. Міндоўг выгнаў яго,
а сам вярнуўся ў язычніцтва [2, с. 21].
Традыцыйна лічыцца, што ў першай сталіцы Вялікага
княства Літоўскага ў 1252 (1253) г. адбылася і
каранацыя Міндоўга. Прыняцце ім каралеўскага
тытула разам з хрышчэннем азначалі ўзмацненне
заходнееўрапейскай арыентацыі новай дзяржавы [3,
с. 158–159].
Сын Міндоўга Войшалк у 1262 г. заснаваў пад Наваградкам
праваслаўны Лаўрышаўскі манастыр і ў ім прыняў
манаства пад імем Лаўрэнцій [4, с. 25, 81]. Самы
ранні манастыр Гродзеншчыны са згаданых
крыніцамі, знакаміты сваім Лаўрышаўскім
евангеллем, ён меўся стаць аплотам праваслаўнай
хрысціянізацыі Літвы, каб не гвалтоўная смерць
Войшалка [2, с. 18; 5, с. 80].
У імкліва разрастаючымся з пачатку ХIV ст. Вялікім
княстве Літоўскім Наваградак і надалей адыгрываў
важную палітычную і рэлігійную ролю. Нават пасля
заснавання Гедымінам Вільні і пераносам туды
сталіцы княства Наваградак яшчэ значны час
захоўваў статус аднаго з галоўных
грамадска-палітычных і культурных цэнтраў
дзяржавы [6, с.69].
Горад меў Барысаглебскую царкву (заснавана ў ХІІ ст.),
Успенскую (Замкавую) царкву (заснавана ў ХIV
ст.). На 1323 г. у ВКЛ існавалі толькі тры
каталіцкія храмы – з іх два ў Вільні і адзін у
Наваградку. Паводле некаторых звестак, першы (Францысканскі)
касцёл у Наваградку з’явіўся яшчэ пры Віцені
[7, с. 71, 83]. Такім чынам, тут быў закладзены
першы ў межах сучаснай Беларусі каталіцкі прыход.
У 1395 г. Вітаўт заснаваў у Наваградку Фарны
касцёл. У 1568 г. у горадзе было 10 храмаў [8,
с. 358].
Са стварэннем у 1316 (называюцца таксама 1317, 1291) г.
Літоўскай мітраполіі Наваградак на два стагоддзі
становіцца царкоўна-рэлігійнай сталіцай Вялікага
княства Літоўскага і ператвараецца ў буйны
ўсходнееўрапейскі цэнтр праваслаўя.
Рост у ХIV
–
XV
стст. у геаграфічнай і палітычнай прасторы
Еўропы ВКЛ, якое ўвабрала ў сябе вялікія абшары
беларускіх і ўкраінскіх зямель з
хрысціянізаваным насельніцтвам і
царкоўна-іерерахічныя структуры значнай часткі
Кіеўскай мітраполіі, паставіла пытанне аб
стварэнні ў дзяржаве сваёй мітраполіі. Тым больш,
што перанясенне пасля спусташэння Кіева татарамі
мітрапаліцкай кафедры і рэзідэнцыі спачатку ва
Уладзімір-на-Клязьме, а потым у Маскву выклікала
незадавальненне ў ВКЛ.
Ідэя заснавання
Літоўскай мітраполіі хутчэй за ўсё была
ініцыяваная вярхоўнай уладай княства. Ужо Віцень
хадайнічаў аб гэтым перад Канстанцінопальскім
патрыярхатам, але ажыццявіў ідэю Гедымін, які
знайшоў разуменне патрыярха Іаана Глікіса [4,
с. 86].
Цэнтрам новай
мітраполіі быў абраны Наваградак, які
Канстанцінопалем разглядаўся як апора
праваслаўнага місіянерства ў язычніцкім
асяроддзі. Першым літоўска-наваградскім
мітрапалітам з’яўляўся грэк Феафіл. У 1317, 1327
і 1329 г. ён удзельнічаў у пасяджэннях
патрыяршага Сінода ў Канстанцінопалі [9,
с. 78].
Кафедральным саборам у Наваградку служыла
Барысаглебская царква, мітрапаліцкай
рэзідэнцыяй – манастыр пры ёй. Сродкі давалі
вялікія зямельныя ўгоддзі, якімі была надзелена
кафедра, і ўклады багатых дабрадзеяў.
Мітрапаліты, хоць
па-ранейшаму называліся кіеўскімі і лічылі Кіеў
сваёй сталіцай, але там былі рэдка, некаторыя
туды і наогул не ездзілі. Тытул “кіеўскі” меў
для іх намінальнае значэнне. Паводле
хрысціянскай традыцыі, яны атрымлівалі свой
царкоўны тытул ад горада, у якім была заснавана
іх кафедра і які з’яўляўся іх рэзідэнцыяй.
Кіраўнік мітраполіі называўся мітрапалітам
наваградскім, а ў спалучэнні з дзяржаўным
тытулам – літоўска-наваградскім [4, с.
110; 9, с. 78].
Спачатку Наваградская мітраполія аб’ядноўвала толькі
Полацкую і Тураўскую епархіі. Пазней, калі ВКЛ
адсунула свае межы далей на ўсход, да іх
далучыліся Смаленская і Чарнігаўская епархіі.
Акрамя таго, мітрапаліты мелі сваю,
мітрапаліцкую епархію. У яе склад уваходзілі
заходняя частка Беларусі, Віленшчына, пазней і
Кіеў, а таксама цэрквы ў Галіцыі, Валыні,
Падоллі, калі там не было свайго епіскапа. Гэтай
епархіяй мітрапаліт кіраваў сам або праз свайго
намесніка.
Літоўска-Наваградская мітраполія – буйны
ўсходнееўрапейскі цэнтр праваслаўя. Яе стварэнне
садзейнічала больш цеснаму ўключэнню ВКЛ у кола
краін, зарыентаваных на грэка-візантыйскую
хрысціянскую культуру і тып ментальнасці.
Свой высокі статус
цэнтра мітраполіі Наваградак захоўваў і ў
далейшым, нават пасля пераносу сталіцы дзяржавы
ў Вільню. Больш таго, ён прэтэндуе на
кананічную ўладу над ўсёй Кіеўскай мітраполіяй (
“усёй Руссю”) і ўступае ў
барацьбу з
Масквой за лідэрства ў царкоўнай сферы. Гэта
барацьба працягвалася амаль тры стагоддзі.
У сувязі з
канкурэнцыяй Вільні і Масквы за царкоўныя ўплывы
ва Усходняй Еўропе пасля смерці ў 1330 г.
літоўска-наваградскага мітрапаліта Феафіла
канстанцінопальскі патрыярх не прызначыў новага
мітрапаліта для Літоўскай Русі. Ён прыслухаўся
да просьбы мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі
Феагноста, які імкнуўся падпарадкаваць
Літоўска-Наваградскую мітраполію сабе. Іншыя
настроі запанавалі тады і ў Канстанцінопалі: не
дзяліць праваслаўны ўсходнеславянскі свет, а
аб’ядноўваць яго. Феагност прыязджаў тады з
Масквы ў Наваградак і ўзяў маёмасць
архіерэйскага дома пад свой кантроль [9,
с. 79].
Новую вастрыню
пытанне аб самастойнасці праваслаўнай царквы ВКЛ
і наяўнасці Літоўска-Наваградскай мітраполіі
набыло ў 50 – 60-я г. ХIV
ст. у сувязі з намаганнямі вялікага літоўскага
князя Альгерда аб’яднаць пад уладай Вільні ўсе
ўсходнеславянскія землі былой Кіеўскай Русі і
завяршыць гэты працэс у Маскве.
Палітычныя інтарэсы
Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства
Маскоўскага сутыкнуліся ў царкоўнай сферы ў
1353 г., пасля смерці мітрапаліта ўсяе Русі
Феагноста. У 1354 г. Альгерд дамогся ад
Канстанцінопаля прызначэння мітрапалітам
Літоўскай і Малой Русі з рэзідэнцыяй у
Наваградку свайго стаўленіка Рамана. У склад
мітраполіі ўвайшлі Полацкая, Тураўская, а потым
і Галіцкая, Уладзіміра-Валынская, Луцкая,
Холмская і Пярэмышльская епархіі. Тым самым
ствараліся ўмовы для нейтралізацыі ў гэтым
рэгіёне царкоўна-палітычнага ўплыву Масквы і
ўзмацнення тут пазіцый Альгерда [10, с. 97].
Патрыярх зацвердзіў за Раманам усе епархіі ВКЛ,
за выключэннем Кіева, тытул якога насіў
мітрапаліт у Маскве.
У той жа час
патрыярх прызначыў кандыдата Масквы Алексія
мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Паўнамоцтвы
паміж мітрапалітамі не былі размежаваны, і
абедзве мітраполіі прэтэндавалі на права
агульнарускага праваслаўнага цэнтра. Кіеў стаў
аб’ектам спрэчкі двух мітрапалітаў: літоўскага
Рамана і кіеўскага (фактычна маскоўскага)
Алексія. Раман прадпрыняў захады, каб перанесці
сваю кафедру ў Кіеў, які фармальна ўваходзіў у
сферу дзейнасці Алексія, але знаходзіўся на
тэрыторыі ВКЛ [11, с. 276]. Паводле слоў
летапісца, гэта спрэчка выклікала “мяцеж во
святительстве” – духавенства не ведала, якому
мітрапаліту падпарадкоўвацца: таму, што жыве ў
Маскве, або таму, што знаходзіцца ў Наваградку
[4, с. 94].
Алексій паскардзіўся
на свайго наваградскага калегу ў Канстанцінопаль.
Той выклікаў абодвух мітрапалітаў на патрыяршы
суд. Канстанцінопальскі сабор 1356 г. устанавіў
тэрыторыю Літоўска-Наваградскай мітраполіі ў
межах Наваградскай мітрапаліцкай, Полацкай,
Тураўскай, Уладзіміра-Валынскай, Луцкай,
Холмскай, Галіцкай і Пярэмышльскай епархій.
Пасля да іх была далучана і Бранска-Чарнігаўская
епархія. Але Раман не адмовіўся ад намеру
пашырыць сваю ўладу і на Кіеў. У патрыярхаце
гэта расцанілі як перавышэнне ім сваіх
паўнамоцтваў. Патрыярх накіраваў у ВКЛ сваіх
паслоў для расследавання гэтай справы, якая была
спынена толькі са смерцю Рамана ў 1362 г. [11,
с. 276].
Зацяжная спрэчка двух
мітрапалітаў выклікала непрыемнае ўражанне ў
Канстанцінопалі. Каб не ствараць такога
прэцэдэнту ў далейшым, пасля смерці
літоўска-наваградскага мітрапаліта Рамана
патрыярх адмовіўся ад прызначэння для ВКЛ
асобнага мітрапаліта, і праваслаўная царква
Літоўскай Русі больш за 10 гадоў
падпарадкоўвалася маскоўскаму мітрапаліту, чым
было адноўлена адзінства мітраполіі ўсяе Русі,
Літоўскай і Маскоўскай. Але Альгерд не змірыўся
з гэтым.
Каля 1373 г.
канстанцінопальскі патрыярх паслаў ў ВКЛ і Цвер
іераманаха Кіпрыяна для прымірэння з
мітрапалітам Алексіем літоўскага і цвярскога
князёў. Ідучы насустрач Альгерду, які з прычыны
варожых адносін з Масквой дамагаўся для ВКЛ
асобнага мітрапаліта, і не жадаючы канчатковага
падзелу Кіеўскай мітраполіі, патрыярх прыняў
кампраміснае рашэнне. У 1375 г. ён пасвяціў
Кіпрыяна, якому Альгерд прапанаваў заняць
прастол літоўска-наваградскага мітрапаліта, у
мітрапаліта “кіеўскага, рускага і літоўскага” з
разлікам, каб ён пасля смерці Алексія аб’яднаў
абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам
“кіеўскім і ўсяе Русі” [11, с. 158].
У 1376 г. Кіпрыян,
ужо у новым сане, прыехаў з Канстанцінопаля на
Русь. Па прыбыцці ў Наваградак ён абвясціў усім
рускім епіскапам аб сваім пастаўленні ў сан
мітрапаліта “ўсяе Русі”. Вялікі маскоўскі князь
Дзмітрый Іванавіч (Данскі) разам з мітрапалітам
Алексіем выказалі ў Канстанцінопаль свой пратэст
супраць Кіпрыяна [4, с. 98].
Кіпрыян жыў у ВКЛ, у
Вільні, Наваградку, Кіеве. Пасля смерці ў 1378
г. Алексія ён двойчы ездзіў у Маскву, каб
узначаліць нанова аб’яднаную мітраполію. Але быў
пасаджаны маскоўскім князем Дзмітрыем у цямніцу
і двойчы выгнаны з княства як некананічна
пастаўлены на мітраполію яшчэ пры жыцці Алексія.
У 1389 г. Кіпрыян рашэннем канстанцінопальскага
патрыярха быў абвешчаны мітрапалітам “кіеўскім і
ўсяе Русі”, а ў 1390 г. быў прызнаны і новым
вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам
[11, с. 158–159]. Прызнаны дзяржаўнай уладай
Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства
Маскоўскага, ён паспяхова ажыццяўляў духоўную
ўладу на абшарах усяе Русі: Літоўскай і
Маскоўскай. Хоць пасля таго Кіпрыян жыў
пераважна ў Маскве, але часта наведваў ВКЛ, у
тым ліку быў у Наваградку [6, с. 72].
Пасля смерці ў 1406
г. мітрапаліта Кіпрыяна Вітаўт, зыходзячы з
дзяржаўных інтарэсаў ВКЛ, не жадаў
падпарадкавання праваслаўнай царквы княства
мітрапаліту Фоцію, які жыў у Маскве і праводзіў
прамаскоўскую палітыку (хоць спачатку і прызнаў
яго як мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі).
Вітаўт, выдатна разумеючы палітычнае значэнне
царквы, у тым ліку праваслаўнай іерархіі, пачаў
дамагацца ад Канстанцінопальскага патрыярхата
прызначэння асобнага мітрапаліта для ВКЛ. Пасля
доўгіх і беспаспяховых перагавораў з патрыярхам
у Наваградку быў створаны прэцэдэнт, які
потым увайшоў у жыццё, у тым ліку быў пераняты
Масквой, – выбар мітрапаліта на саборы,
незалежна ад Канстанцінопаля [12, с. 387].
У 1414–1415 г. да
Наваградка была прыцягнута ўвага духавенства,
свецкіх улад і шырокай грамадскасці, бадай, усёй
Усходняй Еўропы і Канстанцінопаля. Тут вырашаўся
лёс агульнарускай праваслаўнай мітраполіі.
Тройчы ў замкавай царкве св.Багародзіцы збіраўся
высокі сабор беларуска-ўкраінскага епіскапату,
каб вырашыць пытанне надзвычайнай складанасці і
важнасці: мець або не мець праваслаўнай царкве
Вялікага княства Літоўскага свайго асобнага,
незалежнага ад Масквы, мітрапаліта? [6,
с. 72].
Найважнейшым для арганізацыі праваслаўнай царквы ВКЛ быў
сабор, якія адбыўся 15 лістапада 1415 г. Тады ў
Наваградку сабраліся епіскапы ўладзімірскі,
луцкі, пярэмышльскі, полацкі, тураўскі, холмскі
і чарнігаўскі, свецкія магнаты Яны вылілі свае
скаргі на Канстанцінопаль, пералічылі
злоўжыванні ў візантыйскай царкве ў ХIV ст., у
тым ліку парушэнні пры назначэнні кіеўскіх
мітрапалітаў
[13].
На тым прадстаўнічым з’ездзе прысутнічаў і сам
Вітаўт.
Улічваючы вышэйшыя
дзяржаўныя інтарэсы Княства і цвёрдую волю
вялікага князя, насуперак рэзка адмоўнай пазіцыі
канстанцінопальскага патрыярха і маскоўскага
мітрапаліта, сабор у Наваградку пайшоў на
парушэнне кананічнай традыцыі і абраў без
дазволу Канстанцінопаля асобнага мітрапаліта для
ВКЛ. Ім стаў высокаадукаваны багаслоў і добры
дыпламат Рыгор Цамблак, балгарын паводле
паходжання.
Такім чынам, наваградскі сабор 1415 г. абвясціў
незалежнасць праваслаўнай царквы ВКЛ ад
мітраполіі ўсяе Русі і ад Канстанцінопальскага
патрыярхата і аднавіў незалежную ад Масквы
Літоўска-Наваградскую мітраполію. Гэта была
другая ў межах усходнеславянскай
праваслаўнай царквы, асобная мітраполія [12, с.
387]. Як запісана ў Густынскім летапісе, “з таго
часу пачалі быць два мітрапаліты, адзін у Кіеве,
а другі ў Маскве” [14, с. 145].
Пасвячэнне Цамблака на мітрапаліта без дазволу
канстанцінопальскага патрыярха было смелым
актам. З дзяржаўнага пункту погляду, як
сцвярджае А.Мартас, гэты акт быў неабходны, але
кананічна не можа быць апраўданы [4, с. 104].
Гэты акт выклікаў шалёны адпор маскоўскага
мітрапаліта і канстанцінопальскага патрыярха.
Першы напісаў тры пасланні, у якім пракляў як
сабор 1415 г., ахрышчаны ім “неправедным
сборищем”, так і новаабранага мітрапаліта.
Епіскапаў ВКЛ ён называў “помраченниками, а не
просветителями”, «волками, а не пастырями” і пад
пагрозай пракляцця забараніў уступаць у якіясьці
кантакты з адступнікамі [15, с. 214–215], якія
ўчынілі падзел у Царкве. Але гэтыя пасланні не
мелі вялікага значэння ў ВКЛ. У сваю чаргу канстанцінопальскі
патрыярх не прызнаў рашэнне наваградскага сабора
і не зацвердзіў кандыдатуру Цамблака, бо не
хацеў “терпети еже на церковь Божию насилие
царево” [9, с. 80], адлучыў Г.Цамблака ад
царквы. Рускія гісторыкі ХІХ – пачатку ХХ ст.
таксама лічылі Цамблака царкоўным мяцежнікам [4,
с. 106].
Канфлікт вырашыла смерць мітрапаліта, якую датуюць 1419
г. Смерць Цамблака азначала канец Літоўскай
мітраполіі [15, с. 214–215].
Мітрапаліцкая кафедра Р.Цамблака знаходзілася ў Кіеве,
але пасля 1416 г., калі Кіеў быў разбураны ханам
Эдыгеем, ён перанёс яе ў Вільню, а сваёй
рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак [16, с. 82].
Наданне ў 1415 г. Наваградку статуса рэзідэнцыі
аўтакефальнай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ
зноў-такі сведчыла пра вельмі высокае значэнне
гэтага горада ў познім сярэднявеччы.
Цамблак карыстаўся
даверам Вітаўта, нават неаднойчы спрабаваў
угаварыць князя перайсці ў праваслаўе. Новая
мітраполія адразу праявіла цікавасць да
заключэння ўсяленскай уніі. Не здраджваючы
праваслаўю, Р.Цамблак быў адным з першых
праваслаўных мітрапалітаў, які намагаўся
ўстанавіць кантакт з кіраўніцтвам каталіцкай
царквы. Па загаду Вітаўта Р.Цамблак ў 1418 г.
узначаліў вялікую дэлегацыю, у складзе якой былі
і святары з Наваградка, на Канстанцкі сабор –
даволі прадстаўнічы царкоўны форум, у якім
прымалі ўдзел прадстаўнікі розных канфесій.
Сярод шматлікіх праблем на саборы абмяркоўваліся
ўзаемаадносіны паміж ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам
[17; 18]. Кіраўнікі ўсходняй і заходняй царквы
выпрацоўвалі на саборы ўмовы паяднання.
На Кастанцкім саборы 1418 г. Цамблак выступіў з праектам
Вітаўта аб заключэнні царкоўнай уніі,
які шляхам уніі жадаў устараніць антаганізм
паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам
княства, і пры гэтым рабіў націск на
паразуменне ў гэтым пытанні з візантыйскім
імператарам і канстанцінопальскім патрыярхам.
Гэта быў першы крок з таго часу ужо непрарыўных
– аж да Фларэнційскай уніі 1439 г. – перамоў аб
уніі.
Такім чынам, з пачатку ХV ст.
Наваградак становіцца генератарам і носьбітам
моцных уніяцкіх тэндэнцый і можа лічыцца
радзімай уніяцкай ідэі ў ВКЛ.
Але пасля паездкі на
Канстанцкі сабор Цамблак сышоў з гістарычнай
арэны, а Вітаўт прызнаў главенства над
праваслаўнай царквой княства маскоўскага
мітрапаліта Фоція, які ўжо ў 1421 г.
бесперашкодна раз’язджаў па гарадах ВКЛ. Тады ж
ён наведаў Наваградак [9, с. 80]. “В лето
6928, – паведамляецца ў Беларуска-літоўскім
летапісе 1446 г., – поеха митрополит Фотей в
Литву месяца июня 1, а с ним владыка Амбросей. И
наехал великого князя Витовта в Новегородце” [6,
с. 72].
У лютым 1422 г. Наваградак стаў сведкам яшчэ адной
высокай урачыстасці. У новым касцёле, узведзеным
ля Замкавай гары ў пачатку ХV ст., адбыўся шлюб
стагоддзя. У шлюбны саюз у чацвёрты раз уступаў
кароль Польшчы Уладзіслаў Ягайла. Ён браў у
жонкі беларускую князёўну Софью Гальшанскую.
Урачыстасцямі кіраваў віленскі біскуп Мацей.
Паколькі ад ранейшых трох жонак кароль не меў
нашчадкаў па мужчынскай лініі, то гэты шлюб
выратаваў дынастыю Ягелонаў – ад яго нарадзіліся
2 сыны: Уладзіслаў і Казімір [6, с. 72].
У сярэдзіне – другой палове ХV ст. у Наваградку
па-ранейшаму адбываліся значныя
царкоўна-рэлігійныя падзеі ўсходнееўрапейскага
маштаба, праходзіла дзейнасць цэлага шэрагу
літоўска-наваградскіх мітрапалітаў. У 1441 г.
“поехал в Литву к Казимеру в Новый Городок (Наваградак
– С.М.) и пробыв тамо поиде к Риму” падпісант
Фларэнційскай уніі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе
Русі Ісідар. Урачыста выпраўлены ў 1438 г. з
Масквы на Ферара-Фларэнційскі сабор, ён па
вяртанні быў арыштаваны за тое, што не такую
унію заключыў, “еретическую”. З заключэння яму
ўдалося ўцячы – у Цвер, потым у ВКЛ, у
Наваградак. Далейшы шлях апальнага мітрапаліта
ляжаў у Рым [4, с. 112].
Мітрапаліт маскоўскі і ўсяе Русі Іона, пры якім у 1448
г. Руская праваслаўная царква стала
аўтакефальнай, незалежнай ад Канстанцінопаля (мітраполія
ў Маскве з 1459 г. стала афіцыйна называцца
Маскоўскай), паспяшаўся пасля свайго абрання ў
Літоўска-Наваградскую мітраполію, якая не мела
свайго мітрапаліта, каб аб’яднаць усе епархіі
ВКЛ пад сваім кіраўніцтвам. Тады ён наведаў Кіеў,
Галіч, Львоў, Вільню і Наваградак [4, с. 113] і
змог замацаваць у гэтых абласцях сваю ўладу.
Але ў 1458 г. у Вільню і Наваградак прыбыў вучань і
паплечнік мітрапаліта Ісідора, прыхільнік
Фларэнційскай уніі Рыгор Балгарын – першы, пасля
Герасіма, мітрапаліт у ВКЛ, незалежны ад Масквы
[4, с. 118]. . Ён прывёз вялікаму літоўскаму
князю Казіміру ліст ад папы рымскага, у якім
гаварылася, што ўсе рускія ў яго каралеўстве
адбіраюцца ад “злочестивого монаха Ионы” і
перадаюцца уніяту Рыгору. Тытул Рыгора
“архіепіскап кіеўскі, літоўскі і Ніжняй (Малой)
Русі” сведчыў аб яго прэтэнзіях на кананічную
ўладу над усёй тэрыторыяй былой Кіеўскай Русі і
выклікаў зразумелы пратэст з маскоўскага боку.
Прыбыццё Рыгора Балгарына ў ВКЛ унесла новы
парадак у царкоўнае жыццё. З гэтага часу пачаўся
новы перыяд незалежнага ад Масквы існавання
Літоўска-Наваградскай мітраполіі.
13 верасня 1459 г. Іона склікаў у Маскве сабор
епіскапаў, на якім была складзена саборная
пастанова супраць Рыгора. Для Масквы Рыгор, як і
яго папярэднік Ісідор, быў сімвалам грэчаскай
інтрыгі, якая ў Фларэнцыі праявіла сваё радство
з лацінскай ерассю. Адбыўся канчатковы падзел
Рускай праваслаўнай царквы на 2 мітраполіі:
Маскоўскую і Кіеўскую, або Літоўска-Наваградску.
Рыгор Балгарын меў рэзідэнцыю ў Наваградку, тут
памёр у 1482 ці 1483 г. быў пахаваны ў
Наваградку [4, с. 115; 11, с. 84–85].
Пасля смерці Грыгорыя Балгарына мітрапалітам кіеўскім і
ўсяе Русі з рэзідэнцыяй у Наваградку ў 1475 г.
быў абраны смаленскі епіскап Місаіл, які
падтрымаў ідэю царкоўнай уніі. Але ён не быў
зацверджаны Канстанцінопалем [11, с. 212].
Абранне Місаіла хутчэй за ўсё адбылося на саборы
епіскапаў, архімандрытаў, князёў, баяр і шляхты
ВКЛ у Наваградку. Міхаіл у 1476 г. арганізаваў
зварот вышэйшага праваслаўнага духавенства і
свецкіх асоб да папы рымскага Сікста
V, у якім выказваў
гатоўнасць прыняць унію, скардзіўся на ўціск з
боку рымска-каталіцкага духавенства і прасіў
ураўняць яго ў правах з лацінскімі біскупамі.
Польскія гісторыкі сцвярджаюць, што ліст з
прапановай заключэння царкоўнай уніі з Рымам быў
накіраваны папе рымскаму ад імя епіскапата і
шляхты наваградскім саборам. Ліст яму перадалі
праз удзельнічаўшага ў саборы папскага легата
Антоніа Банумбрэ [12, c.
391]. Адказу на гэта пасланне папа рымскі не даў
– падобна, ліст з Наваградка да адрасата не
дайшоў. Місаіл жыў у мітрапаліцкім доме, дзе
знаходзілася яго кафедра. У Наваградку ён і
памёр у 1480 г. [4, с. 119].
У 1481 г. у Наваградак з Канстанцінопаля спецыяльна
прыбылі два экзархі патрыярха: мітрапаліт
енейскі Ніфант і епіскап іпанейскі Феадарыт, каб
пасвяціць новага мітрапаліта кіеўскага для ВКЛ з
кафедрай у Наваградку. Яны прывезлі патрыяршае
пасланне і разам з мясцовым епіскапатам учынілі
тут інтранізацыю новага літоўска-наваградскага
мітрапаліта. Ім стаў полацкі архіепіскап Сімяон
(1481 – 1488 г.) [11, с. 300].
У 1498 – 1501 г. на мітрапаліцкай кафедры ў Наваградку
сядзеў Іосіф І Балгарыновіч – прыхільнік
далучэння праваслаўнай царквы ВКЛ да
Фларэнційскай уніі. У перапісцы з рымскім папам
Аляксандрам VI
мітрапаліт абгаворваў умовы гэтага акта, аднак у
хуткім часе захварэў і памёр [11, с.130].
У другой палове ХV ст. Кіеў, які стаў цалкам
безабаронным перад набегамі крымскіх татар, ужо
толькі тэарэтычна лічыўся сталіцай мітраполіі.
Некаторыя з мітрапалітаў часова або пастаянна
перасяляліся на беларускія землі, у Наваградак.
У ХVI ст. ужо ніхто з мітрапалітаў не жыў у
Кіеве [19, с. 89], але – у паўночнай частцы
сваёй мітраполіі – у Наваградку або Вільні. У
гэтых цэнтрах канцэнтравалася палітычнае,
культурнае, рэлігійнае жыццё ВКЛ. З пачатку ХVI
ст. царкоўныя саборы праводзяцца ўжо і ў Вільні.
Мітрапаліт Іосіф ІІ Солтан (1507 – 1521 або 1522
г.) меў рэзідэнцыю ў Вільні і там склікаў у 1509
г. сабор [11, с.130].
З пачатку ХVI ст. роля
царкоўна-рэлігійнай сталіцы ВКЛ паступова
пераходзіць да Вільні, але Наваградак працягваў
захоўваць становішча другой пасля Вільні кафедры
і рэзідэнцыі мітрапалітаў. Яго гістарычны
рэйтынг і ўплыў у царкоўна-рэлігійным жыцці
Еўропы яшчэ далёкі ад навуковага асэнсавання
намі.
Крыніцы і
літаратура
1.
Беларуская літаратура: падручнік для 10
кл. / В.Я.Ляшук [і інш.]; пад рэд. В.Я.Ляшук. –
Мн.: Рэдакцыя часопіса “Крыніца”, 1997. – 608 с.
2.
Царкоўнае жыццё // Гайба М.П. //
Навагрудак: гістарычны нарыс. – Навагрудак,
1992. – С. 17–22.
3.
Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага
княства Літоўскага / А.К.Краўцэвіч. – Рэшаў,
2000. – 238 с.
4.
Мартос, А. Беларусь в исторической
государственной и церковной жизни / А.Мартос. –
Мн.: Белорусский экзархат Русской Православной
Церкви, 1990. – 299 с.
5.
Ермаловіч, М. Беларуская дзяржава Вялікае
княства Літоўскае / М.Ермаловіч. – Мн.:
Белілтфонд, 2000. – 448 с.
6.
Чамярыцкі, В. Ад сталіцы княства да
цэнтра ваяводства / В.Чамярыца // Памяць:
Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага
раёна. – Мн.: Беларусь, 1996. – С. 68–77.
7.
Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад
старажытнасці да канца ХVIII
стагоддзя / Г.Сагановіч. – Мн.: Энцыклапедыкс,
2001. – 412 с.
8.
Гайба, М. Новагародак / М.Гайба //
Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. У 2 т.
Т. 2. – Мн.: БелЭн, 2006. – С. 357–359.
9.
Жарскі, М. Наваградак – сталіца
мітраполіі Вялікага княства Літоўскага /
М.Жарскі // Памяць: Гісторыка-дакументальная
хроніка Навагрудскага раёна. – Мн.: Беларусь,
1996. – С. 78–80.
10.
Думин, С.В. Другая Русь (Великое
княжество Литовское и Русское) / С.В.Думин //
История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки
истории России ІХ – начала ХХ в. / сост.
С.В.Мироненко. – М.: Политиздат, 1991. – С.
76–126.
11.
Рэлігія і царква на Беларусі:
энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Г.П.Пашкоў [і
інш.]. – Мн.: БелЭн, 2001. – 368 с.
12.
Historia kościola w Polsce. – T. 1. Cz.
1/ red. B.Kumor, Z.Obertynski. −
Poznań-Warszawa, 1974. – 464 s.
13.
Саборная грамата беларуска-ўкраінскіх
епіскапаў пра абранне мітрапалітам Грыгора
Цамблака 15 лістапада
1415 г. // Памяць:
Гісторыка-дакументальная
хроніка Навагрудскага раёна. –
Мн.: Беларусь,
1996. – С. 83–84.
14.
З Густынскага летапісу пра абранне
мітрапаліта Грыгора Цамблака //
Сведкі сівой мінуўшчыны:
зборнік дакументаў і матэрыялаў па
гісторыі Беларусі VI–XV
стст. / пад рэд.
Г.В.Штыхава. – Мн., 1996. - С. 144–145.
15.
Украіна крізь віки: Т.6: Русина О.В.
Украіна під татарамі і Литвою. – Киів, 1998.
16.
Чамярыцкі, В. Грыгор Цамблак /
В.Чымярыцкі // Памяць: Гісторыка-дакументальная
хроніка Навагрудскага раёна. – Мн.: Беларусь,
1996. – С. 81–83.
17.
Казакова, Т. Уніяцкая ідэя ў Вялікім
княстве Літоўскім напачатку
XV ст . / Т.Казакова // З гісторыі
уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі)
/ С.Марозава [і інш.]. – Мн.: НКФ “Экаперспектыва”,
1996. – С. 17–22.
18.
Казакова, Т.П. Царкоўна-палітычная
пазіцыя Р.Цамблака / Т.П.Казакова // Брэсцкай
царкоўнай уніі – 400: матэрыялы міжнар. навук.
канф., Брэст, 8–9 кастр. 1996 г. – Брэст: БДУ,
1997. – С. 16–19.
19.
Гудзяк, Б. Криза і реформа: Киівська митрополія,
Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі
уніі / Б.Гудзяк; пер. з англ. – Львів: Інститут
Історіі Церкви Львівськоі Богословськоі Академіі,
2000. – 16, 426 с.
|
|