|
Турма была месцам пакарання за
здзейсненае злачынства і, у большай ступені,
месцам папярэдняга зняволення. Прычым часта
зняволены чакаў судовага выраку некалькі гадоў,
пасля чаго палова такіх арыштантаў аказвалася
невінаватымі [1, арк. 17 - 17 адв.]. У
Гродзенскай губ. у 60-я гг.
XIX
ст. было дзевяць астрогаў, адпаведна колькасці
паветаў. Гэта была тыповая сітуацыя для таго
часу: астрогі размяшчаліся ў кожным губернскім і
павятовым горадзе. Амаль усе астрогі
размяшчаліся ў адмыслова для іх пабудаваных
будынках [1, арк. 41 - 42; 3, арк. 62, 67].
Большасць гэтых турэмных замкаў была пабудавана
ў 1820 г., у Беластоку − у 1831 г., у Брэсце − у
1850 г. [1, арк. 41 - 42]. Бельскі астрог
месціўся ў былой кляштарнай кармеліцкай камяніцы
[3, арк. 32 адв.]. Камеры Гродзенскага астрога,
акрамя непасрэдна турэмнага замка, знаходзіліся
ў былых будынках езуітаў і кармелітаў [1, арк.
41; 3, арк. 112]. І толькі ў Саколцы астрог
месціўся ў прыватным мураваным доме, узятым у
арэнду Сакольскім турэмным аддзяленнем [3, арк.
75, 119; 11, арк. 101].
У кожным астрозе абавязкова
павінны былі існаваць так званыя сакрэтныя
камеры для ўтрымання неспакойных арыштантаў;
асобныя пакоі для перасыльных арыштантаў і,
нарэшце, мясцовыя арыштанты размяркоўваліся па
камерах паводле ўзроста, пола, віда злачынства.
Самым непрыстасаваным у гэтым плане быў Бельскі
астрог: арыштанты, нягледзячы на віды злачынства
і ўзрост, утрымліваліся разам у 4 маленькіх
камерах (у кожнай каля 20 чалавек); адмысловай
камеры для перасыльных наогул не існавала
(месціліся ў двух маленькіх пакоях лазні), як не
існавала і сакрэтнага пакоя [14, арк. 155, 156,
164 адв.]. Ва ўсіх турмах, акрамя астрогаў у
Гродне і Беластоку, падсудныя ўтрымліваліся
асобна ад пакараных [1, арк. 19 - 19 адв.].
Хворыя арыштанаты размяшчаліся асобна ад
астатніх. Пры ўсіх астрогах існавалі бальніцы з
асобнымі пакоямі для мужчын і жанчын [3, арк.
36, 43 адв., 63 адв., 67 адв., арк. 75 адв., 86,
96, 103 адв., 113].
Парадак і чысціня астрога
ўваходзілі ў абавязкі саміх арыштантаў. Задача
была нялёгкая. Перапоўненасць некаторых камер,
недастатковая топка печак, і нерэгулярнае
праветрыванне, мыццё і развешванне бялізны ў
камерах і т.п. былі прычынамі распаўсюджвання
бруду, вільгаці, душнага і цяжкага паветра [5,
арк. 2, 9 - 9 адв.; 14, арк. 155; 13, арк. 505,
506 адв.]. Нават такія абавязковыя атрыбуты
чысціні, як лазні, пакідаюць кепскае ўражанне.
Так, лазня гродзенскага астрога ў 1862 г. была
чорнай, закуранай, з затхлым паветрам, гніллю і
вільгаццю, падлога, столь і паліцы ў ёй
паступова гнілі. Прычым такой яна выглядала праз
год пасля рамонту. Прычына − дрэнны догляд:
пасля мыцця арыштантаў лазню не чысцілі і не
праветрывалі [5, арк. 1 адв.]. У беластоцкім
астрозе праз комін лазні выходзіла полымя, таму
карыстацца ёй было небяспечна для жыцця [13,
арк. 401 адв.]. А ў Бельску, Кобрыне, Пружанах,
Слоніме і Ваўкавыску лазняў пры астрогах наогул
не было: арыштанты пасылаліся ў прыватныя і
інвалідныя лазні [1, арк. 18 адв.]. Самым
брудным месцам у астрогах былі прыбіральні.
Смурод ад іх распаўсюджваўся па калідорах [13,
арк. 322]. Напрыклад, у тым жа беластоцкім
астрозе ў 1864 г. прыбіральня была такім жа
небяспечным месцам, як і лазня: тонкія бакавыя
сценкі згнілі, зямля абвальвалася, лавы
пагражалі зусім разваліцца, акрамя таго, тут
была цеча [13, арк. 420].
Паводле штогадовых справаздач
турэмных аддзяленняў арыштанты забяспечваліся
вопраткай, абуткам, камплектам для ложка. Пры
гэтым у “аглядах” турмаў гродзенскім
губернатарам быў заўважаны шэраг парушэнняў.
Каты і каптаны, дасланыя падрадчыцай
Гіндаю Вільбушэўскай у 1865 г. у бельскі,
брэсцкі і беластоцкі астрогі, былі непрыдатнымі
для выкарыстання, прычым каптаны разышліся па
швах яшчэ да апранання [8, арк. 17 — 17 адв.]. У
беластоцкім астрозе вопратка, што заховалася ў
цэйхгаузе, належным чынам не даглядалася
і, як вынік, яе з'ела моль [8, арк. 5 адв.].
Кожны арыштант меў права на нары
і поўны камплект ложка. Але часам не хапала
нават першых: арыштанты часта спалі на падлозе
[8, арк. 5 адв.]. Не хапала і камлектаў для
ложка, прычым гаворка ўжо не ішла пра навалкі і
насыпкі з пер'я. Сеннікі замяняліся
лямцамі, а калі і іх не хапала, то
падкладалася вопратка [5, арк. 1 - 2]. Можна
меркаваць, што адной з прычын такой сітуацыі
было тое, што тэрмін выпрацоўкі рэчаў не
адпавядаў заяўленаму тэрміну іх дзеяння. Але
галоўным было слабое фінансаванне астрогаў [5,
арк. 8].
Харчаваліся арыштанты ў
залежнасці ад сваёй сацыяльнай прыналежнасці.
Норма кармавых грошай прызначалася Міністэрствам
унутраных спраў у залежнасці ад коштаў на
прадукты харчавання па губерні. Дваранам і
чыноўнікам грошы выдаваліся на рукі. Астатнія
арыштанты харчаваліся “з падрада”, права выбару
арыштанты простага саслоўя тут не мелі. Меню не
адрознівалася разнастайнасцю:
- хлеб (2 1/2 фунта на
чалавека на дзень);
- ячныя крупы;
- каля 615 г гародніны:
буракоў, капусты або шчаўя (часам замяняліся
гарохам);
- сала (у постныя дні -
алей);
- соль;
- па серадах і пятніцах на 10
чалавек выдаваўся адзін селядзец [1, арк. 38 -
38 адв.; 3, арк. 19 адв. - 20].
На святы прадугледжвалася
палепшанае харчаванне − ялавічына [3, арк. 67].
У Гродзенскім астрозе арыштанты простага саслоўя
былі забеспечаны мясной порцыяй (1/2 фунта
ялавічыны на чалавека на дзень) на працягу двух
месяцаў падчас эпідэміі халеры ў горадзе [10,
акр. 1, 29 - 29 адв.]. Стравы гатаваліся самімі
арыштантамі (якія ўтрымліваліся за нязначныя
злачынствы) [1, арк. 12].
Арыштанты простага паходжання
займаліся штодзённымі гаспадарчымі працамі ў
астрозе: наглядалі за чысцінёй і парадкам, мылі
і рамантавалі вопратку, насілі ваду, калолі
дровы, гатавалі ежу на агульнай кухні [3, арк.
36, 43 адв., 96, 104]. Акрамя таго, гэта магла
быць праца на агародзе, калі апошні меўся пры
астрозе (Пружаны [3, арк. 36; 4, арк. 148],
Гродна [4, арк. 148]). Зрэдку, калі была
магчымасць забяспечыць іх каравулам, арыштантаў
накіроўвалі для ачысткі гарадскіх плошчаў і
вуліц (такое было ў Брэсце [3, арк. 67 адв.] і
Гродне [3, арк. 113]).
Адным з клопатаў астрожнага
кіраўніцтва было т.зв. маральнае выхаванне
арыштантаў. Вядучую ролю ў ім адыгрывала
рэлігія. Прадугледжваліся абавязковыя штодзённыя
маленні арыштантаў раніцай і ўвечары,
павучальныя размовы са святарамі, чытанне
рэлігійнай літаратуры. Цэрква мелася толькі пры
Гродзенскім астрозе, тут у нядзелі і святочныя
дні адбываліся набажэнствы [3, арк. 112 адв. -
113]. Яшчэ ў Беластоку ў адным з калідораў была
створана капліца [3, арк. 63]. У астатніх
астрогах арыштанты маліліся ў камерах [3, арк.
35 адв., 43 адв., 67 - 67 адв., 75 - 75 адв., 85
адв. - 86, 95 адв., 103 адв.].
Падчас і пасля паўстання 1863 −
1864 гг. турмы запоўніліся палітычнымі
арыштантамі. Месца не хапала. Пад турмы, дзе
была магчымасць, прыстасоўваліся былыя
кляштарныя будынкі, напрыклад будынак
бенедыктынскага кляштара ў Слоніме [15, арк.
1,5-6 адв.].
Крыніцы і літаратура
1. НГАБ у г. Гродна. – Фонд 1. –
Воп. 13. – Спр. 1306. Сведения о тюрьмах губ. и
количестве заключённых в них и переписка по
этому вопросу, 1862 – 1863 гг. – 73 л.
2. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. –
Воп. 1. – Спр. 481. Дело по распоряжению
губернского тюремного комитета о обеспечении
продовольствием арестантов в 1860 г. по
Гродненской губ. и о заключении контракта на
время с 1860 по 1863 г. – 137 л.
3. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. –
Воп. 1. – Спр. 529. Годовые отчеты Губернского о
тюрьмах Комитета за 1860 г. – 181 л.
4. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. –
Воп. 1. – Спр. 571. Годовой отчет за 1861 г. –
185л.
5. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. –
Воп. 1. – Спр. 599. Дело о замеченных
начальником губернии недостатках по Гродненскому
и Белостокскому острогам и исправлении первого,
1862 – 1863 гг. – 15 л.
6. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. –
Воп. 1. – Спр. 662. О поставке продовольствия
для арестантов в 1863 г. и выплате денег
подрядчице. – 435 л.
7. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. –
Воп. 1. – Спр. 682. Об отпуске подрядчице денег
за продовольствие арестантов по острогам
Гродненской губ. в 1864 г. – 435 л.
8. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. –
Воп. 1. – Спр. 735. Дело о замеченных при
ревнзии Гродненского губернатора беспорядках в
городовых острогах и о нсправлении таковых, 1865
– 1872 гг. – 36 л.
9. НГАБ у г.Гродна. – Ф. 37. –
Воп. 1. – Спр. 776. Дело об отпуске гюдрядчице
Вильбушевской кармовых денег за продовольствие
арестантов по острогам Гродненской губ. в 1866
г. – 121 л.
10. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37.
– Воп. 1. – Спр. 785. Дело о покупке говядины
для улучшения пищи арестантам Гродненского
острога во время существования болезни холеры в
г. Гродно, 1866 г. – 32 л.
11. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37.
– Воп. 1. – Спр. 887. С годовыми отчетами за
1868 г. – 137 л.
12. НГАБ у г.Гродна. – Фонд. 8.
– Воп. 1. – Спр. 1310. Дело о ремонте казенных
зданий в губернии, 1861 – 1863 гг. – 445 л.
13. НГАБ у г.Гродна. – Фонд. 8.
– Воп. 1. – Спр. 1340. Дело о ремонте казённых
зданий в городах Гродненской губ., 1863 – 1865
гг. - 596 л.
14. НГАБ у г. Гродна. – Фонд. 8.
– Воп. 1. – Спр. 1348. Дело о ремонте казенных
зданий в городах Гродненской губ., 1863 – 1871
гг. – 173 л.
15. НГАБ у Гродна. – Фонд. 8. –
Воп. 1. – Спр. 1345. О перестройке упраздненного
Бенедектинского монастыря под помещение для
политических заключенных в г. Слоннме, 1863 г. –
17 л.
|
|