|
“Гэты горад ляжыць на вяршыні пагорка,
узвышаючагася над усёй ваколіцай. Да яго вядзе
доўгая, павольна падымаючаяся між палёў дарога.
У пачатку яе па абодвух баках растуць дрэвы,
потым яна ляжыць між пустых лугоў. Але там, у
горадзе, куды я іду, шмат розных дрэваў, яны
растуць невялікімі выспамі, здалёк падобнымі да
па-майстэрску складзеных букетаў.
Патрапіць у
гэты раскінуўшыся між дрэваў і акружаны сценамі
горад можна праз высокую скляпенчатую браму. Я
праходжу праз яе і апынаюся ў горадзе мёртвых”
[6, 140].
Проста
здагадацца, што горад мёртвых, пра які піша
Філіповіч, – гэта могілкі. Гэта метафара
адносіцца да найбольш шырока вядомых і
распаўсюджаных як ў літаратуры, так і ўвогуле ва
ўсім гуманітарным дыскурсе. Павязана гэта з яе
трапнасцю і шырокімі магчымасцямі для
інтэрпрэтацыі. Культуралагічны аналіз яе
дазваляе вылучыць цэлы шэраг структурных і
семантычных асаблівасцей, характэрных для
прасторы горада і могілак. Ніжэй мы раскрыем
гэты тэзіс, акрэслім асноўныя вынікі такога
аналіза, патлумачым прычыны падабенства і
адрозненняў разглядаемых аб’ектаў на прыкладзе
гарадоў Заходняй Беларусі.
Па-першае,
разгледзім структурна-тапаграфічнае падабенства.
Яго лёгка заўважыць ужо на ўзроўні планіроўкі:
сабор на галоўнай плошчы горада адпавядае
капліцы ў цэнтры могілак, пры тым змяшчэнне
капліцы блізка да галоўнай брамы і вуліцы, на
якой знаходзяцца могілкі, адпавядае гарадам з
веерна-паукружнай планіроўка, пабудаваным над
вялікай ракою, такім, як, напрыклад, Пінск [7,
с. 42]. Пэўныя формы рэтраспектыўнай інверсіі
можна заўважыць і ў тым, што ад сярэдніх вякоў
да канца ХVІІІ
стагоддзя прастора вакол гарадскога храма
служыла асноўным месцам для пахавання, а
гарадская сцяна і брамы, разбураныя класіцысцкай
перапланіроўкай гарадоў у другой палове ХVІІІ
– першай палове ХІХ ст., сталі адпавядаць
наяўнасці бутавай агароджы і брамы вакол
пераважнай большасці вялікіх і сярэдніх могілак
ХІХ стагоддзя (каталіцкія некропалі ў Гародні,
Ваўкавыску, Кобрыне, Івянцы і інш) [7, с. 208].
Прынцып цэнтрызацыі вакол сабора вызначае
наяўнасць такога феномена, як стары горад, і
вызначае стратыфікацыю прэстыжнасці прасторы.
Гэта цалкам пераносіцца і на могілкі, дзе
звычайна вылучаецца пласт старых пахаванняў, які
канцэнтруецца вакол капліцы і адрозніваецца
высокай мастацкай якасцю выканання надмагілляў.
Тут мы бачым і прынцып прэстыжа: лепшыя месцы
заняты радавымі пахаваннямі заможных шляхецкіх
сямей прыхода. Асабліва яскрава гэта назіраецца
на каталіцкіх могілках. Аднак з перанясеннем
прынцыпа старога горада на могілкі пераносіцца і
асноўная праблема – яго захаванне, якая востра
праяўляе сябе ў любым горадзе і на любых
могілках. Размяшчэнне новых пахаванняў, як
пабудова новых дамоў, разбурае культурны краявід
і наносіць непапраўную шкоду аб’екту. Таксама
могілкі раздзяляюць з горадам праблему
рэстаўрацыі і адпаведнага дагляда за імі. Такім
чынам, мы бачым, што разам з выцясненнем могілак
з горада ў канцы ХVІІІ
ст. на іх пераносяцца асноўныя структуры
гарадской тапаграфіі і разам з тым іх асноўныя
праблемы.
Па-другое, параўнаем развіццё архітэктурных
стыляў у горадзе і на могілках. Класіцызм, які
быў характэрны для цывільнай і культавай
архітэктуры да 40-х гадоў ХІХ ст., на могілках
існаваў і паспяхова складаў канкурэнцыю астатнім
накірункам да пачатку ХХ ст. і нават пазней.
Класіцызм надмагілляў перажыў не толькі ”вялікі”
класіцызм, але і неакласіцызм. Асноўную
канкурэнцыю яму ў ХІХ – пач. ХХ ст. складалі
гістарычныя неастылі, у першую чаргу неаготыка і
рэтраспектыўна-рускі стыль (апошні з сярэдзіны
ХІХ стагоддзя). Мы можам канстатаваць, што на
могілках неаготыка, упісаная ў шырокую плынь
рамантычнага накірунка, атрымала непараўнальна
большае развіццё, у тым ліку і ў якасным сэнсе.
Неагатычныя капліцы ў Гародні, Ракаве, Солах
сталі выдатнымі ўзорамі вялікай формы, а малыя
архітэктурныя формы надмагільных помнікаў
сфарміравалі асобны, характэрны толькі для
могілак дэндральны стыль. Да яго належаць
надмагіллі, выкананыя ў форме крыжа-дрэва,
самастойнага ці размешчанага на грудзе
стылізаваных камянёў, распаўсюджаныя з 70-х гг.
ХІХ да 60-х гг. ХХ стагоддзя. Шырока
распаўсюджанаму ў гарадской забудове багата
дэкараванаму рустам стылю, які звычайна вельмі
агульна вызначаецца як эклектыка ці як мадэрн
[4, с. 238-263], на могілках адпавядае вялікая
колькасць строгіх вертыкальных помнікаў без
выразнай стылёвай афарбоўкі. Гарадскім палацам і
асабнякам, якія звычайна добра вылучаюцца з
забудовы, адпавядаюць сямейныя склепы, пра якія
ўжо ішла вышэй размова. Такім чынам, мы бачым,
што развіццё архітэктурных стыляў у горадзе і на
могілках ішло ў межах адных і тых жа культурных
плыняў свайго часу, але на могілках кожны з іх
існаваў даўжэй і адрозніваўся непараўнальна
большай варыябельнасцю формы і эклектычным
патэнцыялам. Павязана гэта ў першую чаргу з
малою формай надмагілля ці нават невялікай
капліцы ў параўнанні з гарадскім храмам ці жылым
домам, таму сама колькасць здзейсненых праектаў
ужо дае акрэслены эфект, да таго ж накладвае
свой адбітак большая ступень асабовасці
помнікавай пластыкі, суаднесенасць палітычных і
эстэтычных поглядаў памерлага і яго сваякоў з
формай і стылем надмагілля, якое яны замаўляюць.
Апошнюю праблему – суаднесенасць
асабовасці/безасабовасці у горадзе і на могілках
– можна вылучыць, як асобную тэму для разгляда.
І сапраўды, вядомы эфект мадэрнізацыі, якая ў
межах урбанізацыі вядзе да ўсё большай
адасобленасці і адзіноты чалавека праз разрыў
сувязей з пастаральнаю грамадою і немагчымасць
рэстаўрацыі іх у горадзе і, пазней, да
паступовага пераплаўлення асобы ў безасабовую
массу. У гэтай негатыўнай дыялектыке асобы і
свабоды надзвычайнае значэнне мае сям’я.
Структурны рэлікт традыцыйнага грамадства, яна
набывае новыя функцыянальныя рысы ў адносінах да
асобы, якая знаходзіць ў ёй дадатковыя
пазітыўныя асэнсаванні сябе, атрымоўвае
падтрымку і пачуццё запатрабаванасці. Усё гэта,
толькі ў больш кантрастных фарбах, мы назіраем
на могілках, калі параўноўваем іх традыцыйны
вясковы варыянт, з драўлянымі крыжамі і
ручнікамі, якія служылі знакам часовай памяці і
не аднаўляліся [5, с. 265], і гарадскія могілкі,
дзе надмагіллі складаюць пышны букет
архітэктурна-скульптурных формаў, адрозніваюцца
індывідуальнасцю і рэпрэзентуюць, па-першае, імя
памерлага, а па-другое, акрэсліваюць кола
сваякоў, якія паставілі помнік і абяцаюць
памерламу вечную памяць. Гэта карціна гарадскіх
і местачковых могілак у ХІХ – пач. ХХ стагоддзя.
Сям’я з’яўляецца і да сённяшнега дня асноўным
прынцыпам лакалізацыі пахавання, і хай
сучаснасць адмяніла сямейныя склепы, мы ўсё яшчэ
імкнемся акружыць пахаваных сваякоў адною
агароджай. З усіх сцэнарыяў бяссмерця ў
секулярызаваным грамадстве, пра якія піша
Бенедыкт Андэрсан ва “Уяўных супольнасцях”,
сям’я аказваецца адным з самых запатрабаваных, і
натуральна, што найбольш яскрава праяўляецца
гэта на тэрыторыі, дзе гэта пытанне пастаўлена
рэбрам [1, с. 25-29]. У горадзе такі праект
здзейсніць даволі складана, як складана нам
ўявіць паверх пад’езда, заселены сваякамі адной
сям’і: безасабовай кватэры, з якой людзі вольна
пераязжаюць, мяняюць мэблю, шпалеры, адпавядае
цалкам прыватнае месца на могілках асобы ці яе
сям’і.
Аднак могілкі не застаюцца вызваленымі ад
агульных тэндэнцый ХХ стагоддзя, і мы бачым, як
паралельна са з’яўленнем ў гарадах тыпавой
забудовы, якая назаўсёды зменіць іх аблічча,
змяняюцца і робяцца больш простымі формы
надмагілляў. Літыя вертыкальныя пліты з мармуру,
бетона ці лабрадарыту запаўняюць цэлыя палі
амаль неадрозных помнікаў, монакультура формы
робіць манатонным і абедненым культурны краявід,
але прызнаецца непазбежным вынікам
дэмаграфічнага росту і разрастання маскультуры.
Крайняй праявай гэтага з’яўляюцца калумбарыі
(самы стары з вызначаных намі – на каталіцкіх
могілках у Кобрыне, адносіцца да міжваеннага
дваццацігоддзя), якія адпавядаюць камунальным
кватэрам і інтэрнатам у горадзе. Могілкі робяцца
аб’ектам жорсткай рэгламентацыі і стандартызацыі
[3, с. 1-64], і ўсё ж адстаюць яшчэ на адну
прыступку ад аналагічных працэсаў у горадзе.
Гэта выдатна бачна на прыкладзе развіцця зялёнай
зоны. Сённяшнія сучасныя мікрараёны будуюцца
хутчэй, чым паспяваюць вырастаць дрэвы, ды і аб
тым, каб пасадзіць іх, не вельмі клапоцяцца.
Могілкі, асабліва старога паходжання, выконваюць
яшчэ сваю функцыю парка, але і яны ў сучасным
выглядзе усё больш пазбаўляюцца дрэваў. Такая
аднесеная на адзін крок дэгуманізацыя прасторы
стварае парадаксальную інверсію, пра праявы якой
на Захадзе піша Бадрыйяр: “Дзіўна, што ў вялікіх
амерыканскіх гарадах, ды часам і ў Францыі,
традыцыйныя могілкі ўтвараюць адзіную зялёную і
незабудаваную прастору ў гарадскім гетта.
Прастора памерлых аказваецца адзіным у горадзе
месцам, прыдатным для жыцця”
[2, с. 234].
Гэта яшчэ не наша рэчаіснасць, але такая
сацыяльная крытыка прасторы ўжо робіцца
актуальнай і для нас.
Яшчэ адзін істотны фактар адрознення – значна
большая семантычная насычанасць могілак ў
параўнанні з горадам. Імя, рэлігійная сімволіка,
суаднесенасць з часам – атрыбутыка кода, у які
замыкаецца памерлы чалавек, сюды ж дадаецца яго
партрэт, які ўводзіўся замест крыжа на
надмагіллі ў савецкі час і застаўся як
абавязковы атрыбут побач з крыжом, які вярнуўся
ў шырокі ўжытак з 80-х гадоў. У горадзе такая
маркіроўка аб’екта ў часе ёсць нечым
надзвычайным і сустракаецца пераважна ў выглядзе
мемарыяльных шыльдаў на дамах. У горадзе кожны
чалавек з’яўляецца аб’ектам усё больш
інтэнсіўнай унутранай урбаністычнай дынамікі і
не можа прэтэндаваць на істотную замацаванасць у
часе праз навязванне індывідуальнага кода для
прасторы, як свежая газета не можа выпускацца ў
цвёрдай вокладцы і прэтэндаваць на
доўгатэрміновы продаж у кнігарні. Але і могілкі
з іх новымі пахаваннямі на месцы старых рухаюцца
ў тым жа кірунку, хай і больш марудна. Гэта ўсё
той жа эфект спазнення на адзін крок, апісаны
намі вышэй.
Спектр праблем, паднятых намі на паверхню пры
правядзенні структурнага і семантычнага аналіза
і параўнання горада і могілак, ступеня іх
актуальнасці гавораць пра карысць даследаванняў
у гэтай галіне і таксама раскрываюць механізмы
ўзнікнення некаторых з іх, паказвае накірункі і
тэндэнцыі развіцця сучаснага беларускага горада.
Крыніцы і літаратура
1.
Андерсон, Б. Уявлені спільнои.
Міркування щодо походження й поширення
націоналізму / Б.Андерсон. –Киів 2001.
2.
Бодрийяр,
Жан. Символический обмен и смерть / Жан Бодрийяр.
–
М., 2000.
3.
Инструкция о
порядке похорон и содержании кладбищ в РСФСР.
Утв. От 12 января 1979г., №25.
–
М., 1980.
4.
Кулагін, А.М. Эклектыка /
А.М.Кулагін. – Мн., 2000.
5.
Сыракомля, У. Вандроўкі па маіх
былых ваколіцах / У.Сыракомля. – Мн., 2003.
6.
Филипович, К.
День накануне: рассказы / К.Філіповіч.
–
М., 2003.
7.
Чантурия,
Ю.В. Градостроительное искусство Беларуси второй
половины ХVI
– первой половины
XIX в.
/ Ю.В.Чантурия.
–
Мн., 2005.
|
|