Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі і культуры

Артыкул/Статья

?>

 
 

  


Городки

 

 

С.В. Занеўскі
(Гродна, ГрДУ імя Я.Купалы)

Гродна ў 1795 – 1802 гадах

 

Пытанне аб сітуацыі на заходнебеларускіх землях у першыя гады пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай мае вялікае значэнне, пакольку ў гэты час былі зроблены першыя крокі па арганізацыі на гэтай тэрыторыі расійскага кіравання і разам з тым ліквідацыі апошніх элементаў былой дзяржавы – ВКЛ. На гэтым можна паставіць апошнюю кропку ў справе дэканструкцыі ВКЛ, якая працягвалася ўжо каля чатырохсот гадоў.

Менавіта з Гродна была звязана спроба патрыятычнага настроенага насельніцтва прадухіліць апошні падзел Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне 1794 года ў Гродна пераязджае Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ – выканаўчы орган паўстанцаў на тэрыторыі Літвы і Заходняй Беларусі. Такім чынам, горад на Нёмане на некаторы момант становіцца часовай сталіцай ВКЛ. Аднак бітва з войскам Суворава 10 кастрычніка пад Мацаевіцамі і захоп у плен Касцюшкі вырашылі лёс паўстання. У гэты ж день Гродна быў заняты рускімі войскамі.

План канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай быў распрацаваны расійскай імператрыцай Кацярынай II ужо ў час падаўлення паўстання 1794 года. Дарэчы, трэба адзначыць, што у ім была зацікаўлена і Аўстрыйская імперыя, вышэйшыя колы якой увесь час падштурхоўвалі Расію да найхутчэйшага здейснення гэтай ганебнай справы. У сувязі з гэтым сярод мясцовага насельніцтва, у тым ліку і гродзенскага, праводзілася барацьба “за прыхільнікаў”. М.Рапнін у сваім данясенні Кацярыне IIО верноподданнических настроениях в Литве после занятия Гродна” пісаў: “Вчера, приехав сюда в Гродна, представились мне здешния жители, которых я уверил в милости Вашего императорского величества по всем спокойно живущим и искренно отставшим от скверности мятежа и також повинующимся Высочайшей Вашей власти. Все они приняли сие объявление с всеподданейшею благодарностию, должным повиновением” [1, с. 74].

Пасля апошняга падзелу рускі ўрад заняўся адміністрацыйным уладкаваннем далучаных зямель. У гэтых адносінах напрацягу даволі кароткага тэрміну адбыліся шматлікія змены як у адносінах назвы, межаў і прасторы адміністрацыйных адзінак, так і ў адносінах кіравання імі.

У адпаведнасці з указам ад 30 кастрычніка 1794 года М.Рапнін быў прызначаны літоўскім генерал-губернатарам. Г.Масціцкі так апісвае гэтую асобу: “Патомак Рурыкавічаў, унук Анікіты, улюблёнца і ганаровага памочніка ў рэфорамах Пятра Вялікіга, належаў князь Мікалай да віднейшых асоб Кацярыны II. Суровы і бязлітасны, змог лёгка пераўтварыцца ў чалавека з бачнасцю шчырых ліберальных поглядаў, здольны да вялікай працавітасці, умеў Рапнін добра выходзіць падчас цяжкіх дыпламатычных перамоў” [15, с. 275-276]. Рэскрыпт Імператрыцы павеляваў далучаныя да Расійскай імперыі землі ВКЛ падзяліць на тры часткі, з галоўнымі месцамі ў Вільні, Гродне і Коўні, “дзеля хуткага і стройнага ўчынення ўсім справядлівасці і добрага шчасця” [10, №17.264]. Рэзідэнцыяй генерал-губернатара Рапніна быў Гродна, а не Вільня, бо “в Вильне было слишком много памятников старины, которые поддерживали в польском обществе экзальтированное состояние и делали страну “мятежным лукошком” [9, с.199].

20 лістапада (3 снежня) 1794 года жыхары Гродна прынеслі прысягу на вернасць Кацярыне II. На цэнтральнай плошчы ў 21 гадзіну стаялі войскі. Знатныя асобы сабраліся ў генерал-майора Палена, а потым пайшлі ў будынак князя Рапніна, і ўжо адтуль накіраваліся: рускія ў праваслаўную царкву, а каталікі – ў езуіцкі манастыр. У прысутнасці Рапніна епіскап прачытаў маніфест, а затым прысягу, і ўсе паўтарылі за ім “от слова до слова” [5, с. 6-8]. М.Рапнін пісаў з Гродна: “всё здесь живущее дворянство, духовенство и мещанство сего города не только беспрекословно, но и с радостию поведённую присягу сделали [1, с. 178]. 23 чэрвеня 1795 года ў горадзе пад старшынствам Рапніна быў адчынены орган новага генерал-губернатарства Літвы – Вярхоўнае Літоўскае праўленне. Яно складалася з чатырох аддзелаў: казённага, крымінальнага, грамадзянскага і эканамічнага [11, с. 14]. Справы вырашаліся большасцю галасоў.

1795 год паставіў краіну перад пагрозай чарговай вайны. Прусія была супраць трактата 3 студзеня 1795 года аб падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Аўстрыяй, з прычыны незадавальнення межамі падзелу. Да вайны, як вядома, справа не дайшла, а новы трактат паміж Расіяй і Прусіяй быў падпісаны 13 (24) кастрычніка. Па ім устанаўлівалася новая расійская мяжа: у районе Гродна яна праходзіла па рацэ Нёман, бо прускі бок выступаў за тое, каб водным шляхам маглі карыстацца абодва бакі. Для складання дакладных межаў была створана спецыяльная сумесная дэмаркацыйная камісія, якая дзейнічала ў перыяд студзеня – чэрвеня 1796 года. Паседжанне камісіі адбывалася ў Гродне, якое суправаджалася выяздамі ўздоўж праектаванай мяжы. Сярод камісіі ўзніклі недаразуменні, бо прускі бок імкнуўся пры дапамозе фальшывых карт правесці дэмаркацыю на сваю карысць. Апошні дэмаркацыйны акт быў падпісаны 2 (13) жніўня [15, с. 281-284].

Адрачэнне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага, падпісанае 25 лістапада 1795 года ў Гродне, можна лічыць юрыдычным замацаваннем трэцяга падзелу. 14 снежня 1795 года быў абвешчаны ўказ сенату “Аб далучэнні да Расійскай імперыі ўсёй часткі ВКЛ”. Адышоўшыя ад Літвы вобласці былі падзелены на дзве губерні: Віленскую і Слонімскую (у якую ўваходзіў Гродзенскі павет). У апошнюю генерал-губернатарам быў прызначаны І.Навіцкі, а віцэ-губернатарам калежскі саветнік М.Волкаў [10, №17.418, 17.332]. У горадзе Слоніме, які быў абраны губернскім горадам, не аказалася ніводнага належнага будынку для размяшчэння там губернскіх устаноў. Пасля правядзення належных перамоў адміністрацыя размясцілася ў доме князя Агінскага. Насельніцтва далучанага края зноў прыводзілася да прысягі. Усяму насельніцтву далучаных зямель Маніфест Кацярыны II надаваў “свободное исповедание веры предков ваших и собственность каждому законно принадлежавшее в целости вам сохранена будет” [9, с. 202].

Адной з галоўных падзей у жыцці Гродна напрыканцы стагоддзя стаў пераезд у горад апошняга польскага караля Станіслава Панятоўскага. Адразу пасля таго, як войска Суворова разграмілі атрады паўстанцаў у прадмесці Варшавы,  Кацярына II прапанавала каралю Рэчы Паспалітай хутчэй пакінуць мяцежную сталіцу і пераехаць у горад на Нёмане. Аднак Панятоўскі не спяшаўся з выяздам. Праз месяц, 24 лістапада 1794 г., імператрыца падпісала загад “Аб прыняцці і пасяленні караля польскага на жыхарства ў Гродне” [5, с. 10]. Князю М.Рапніну было ўказана прыняць да ўвагі, што хаця афіцыйнае далучэнне гэтых зямель да Расіі яшчэ не адбылося, кіраванне ў Гродне праходзіць ўладай рускай імператрыцы, таму кароль ні ў якія справы ўваходзіць не павінны, а за ім самім і перапіскай яго ўстанавіць пільны нагляд. Аднак М.Рэпнін як асцярожны палітык меў падставы для апасенняў.  Ён не быў падрыхтаваны да прыняцця такого важнага госця, прасіў нават імператрыцу, каб караля выслалі не да Гродна, а да Рыгі. Літоўскі генерал-губернатар быў перакананы: “Баюся даваць адказнасць за бяспечнае прыбывання караля. Калі ён будзе мець пры сабе сваіх блізкіх і шмат свабоды, тады ён можа наладзіць кантакты з ворагамі Расіі. Неаднаразова лёс нас пераконваў, што гэты манарх быў заўсёды шкодны нашым інтарэсам, не было ні адзінага кроку ў Польшчы супраць планаў нашага Двара, які б ён не ўзначальваў, хаця і не браў ў ім жывога ўдзелу. З гэтага вынікае, што кароль праз сваіх верных людзей паспрабуе звязацца толькі яму вядомымі шляхамі з замежнымі Дварамі і схіліць іх на свой бок. Баюся, што знаходжанне караля ў Гродне парушыць спакой гэтых мясцін” [17, s. 48].  Але Кацярына II не змяніла свайго рашэння. Згодна з планамі і намерамі імператрыцы выбар Гродна на месцажыхарства польскага караля здаваўся найлепшым, бо яшчэ з мінулых стагоддзяў гэты горад з’яўляўся другой сталіцай Рэчы Паспалітай. Магло здавацца, што Панятоўскі пераехаў на пэўны час з адной рэзідэнцыі ў другую.

Выезд караля Рэчы Паспалітай з Варшавы адбыўся 27 снежня 1794 г. [16, s. 240]. Картэж рушыў паволі і толькі амаль праз тыдзень ён дасягнуў Гродна. У двух вярстах ад горада яго сустрэў генерал Цыцыянаў, які суправадзіў караля да замку, куды манарх прыбыў 2 студзеня ў 12 гадзін. Разам з каралём прыехалі 153 чалавекі світы [17, s. 73]. Ён прабыў у горадзе да студзеня 1797 г.

У той час, калі Панятоўскі здейсніў сваю паездку ў Гродна, горад ужо значна апусцеў, пазбавіўся сваёй былой велічы. Шмат будынкаў апусцела, пакінутыя сваімі гаспадарамі, што выехалі за мяжу. Колькасць насельніцтва знаходзілася на ўзроўні канца 1588 года: чатыры тысячы жыхароў, якія пражывалі ў 815 дамах. Аднак пасля пераезду караля ў Гродна насельніцтва з-за вялікай колькасці “прасіцеляў” значна ўзрасло.

 Кацярына II загадала абыходзіцца з апошнім каралём з самымі вялікімі почасцямі. Адзінае, у чым адбывалася прыцясненне манаршай асобы, – не дазвалялася выязджаць за межы горада, а жыць толькі ў ім і яго ваколіцах (асабліва любіў кароль паездкі ў Ласосна). Цікавы факт – баючыся ўцёку Панятоўскага, Рапнін нават прыказаў знішчыць мост праз Нёман [14, s. 238]. Тут, у Гродне, навяшчалі караля яго сёстры: Ізабэла Браніцкая і Людавіка Замойская. Летам 1795 года пры двары Станіслава Аўгуста з’яўляюцца спявакі з Італіі [3, с. 96].

Аднак жыццё Панятоўскага ў горадзе над Нёманам не было такім радасным, як здавалася. Кароль разумеў, што фактычна ён знаходзіўся ў затачэнні і ўжо не меў аніякай ўлады. Найбольшым няшчасцем для яго было падпісанне акта аб адрачэнні ад трону. Станіслаў Аўгуст доўгі час спадзяваўся, што польская дзяржава ўсё ж не знікне, і Прусія ў адпаведнасці са сваёй заявай абароніць Рэч Паспалітую. Але марна. 25 лістапада, пасля доўгага вагання, кароль быў вымушаны падпісаць адрачэнне: спачатку выпрошваў і плакаў, а па просьбах сясцёр сваіх, што абкружылі яго, – згадзіўся. Падпісаўшы “згодна з уласнай воляй” – зноў заплакаў [13, s. 44]. Уражаны быў і  Рапнін: ён яго на трон праводзіў і яму павелена было яго з трону зняць. Пасля гэтага здароўе ўжо былога манарха моцна пахіснулася. Многія былыя сябры здраджваюць яму і вяртаюцца да Варшавы. Пакінуты былымі падданымі, кароль звярнуўся за дапамогай да Рапніна. Апошні накіраваў просьбу ў Пецярбург аб выезде таго з Гродна: “Палажэнне караля кожны дзень пагаршаецца: з чалавека шчаслівага да глыбако няшчаснага. Сядзім з ім абодва як вязні, калі ж будзе канец побыту караля?” [15, s. 314].

Днём 16 лістапада 1796 года з Пецярбурга ў Гродна прыбыў кур’ер з навінай аб смерці Кацярыны II. Новы імператар Павел I даў згоду на перавод Панятоўскага, які быў накіраваны ў расійскую сталіцу. Апошні кароль Рэчы Паспалітай пакінуў горад на Нёмане 13 студзеня 1797 года.

Калі палітыка Кацярыны II была накіравана на тое, каб паступова зліць далучаныя тэрыторыі з Расійскай імперыяй, то пры Паўле I яна некалькі змянілася. У першы ж год свайго кіравання ён вызваліў з ссылкі некалькі соцень палякаў, вярнуў ім канфіскаваныя маёнткі, а пасля – узнавіў дзейнасць Літоўскага статута 1588 г. на землях былога ВКЛ. Імператарскім указам ад 12 (24) снежня 1796 года адбылася рэарганізацыя заходніх рубяжоў імперыі. Ён павелеваў: “Из определённых прежде в Вильне и Слониме губерний составить одну Литовскую в первом из упомянутых городов” [12,  №25].

У сярэдзіне лютага 1797 года ў Вільне праходзілі выбары дэлегатаў ад паветаў на каранацыю Паўла I. Гродзенская і лідская шляхта выбрала сваім прадстаўніком кашталяна А.Валовіча. Накіроўваючыся ў Пецярбург на каранацыю, Павел вырашыў ехаць акольнай дарогай праз беларускія землі. Маршрут праходзіў праз Смаленск, Оршу, Мінск, Нясвіж, Слонім, Гродна да Вільні. Асаблівую задаволенасць расійскі імператар атрымаў ад стану мясцовых дарог: “Во время нынешнего нашего путешествия нашли мы в губернии Литовской дороги и мосты в самой лучшей исправности: желая чтобы такой порядок и способы содержания дорог введены были повсеместно, повелеваем во все губернии, дабы в оных если не все, то по крайней мере главные дороги исправлены и содержаны были на таком точно состоянии, как в выше сказанной губернии” [12, указ от 23 мая)]. У Гродна Павел I прыбыў 14 (25) мая. Пасля непрацяглага адпачынку ў каралеўскім замку ён разам з Рапніным агледзіў прускую мяжу [15, s. 416].

Цікавым фактам з’яўляецца даволі доўгае знаходжанне ў Гродне вядомага паўкаводца Кутузава. 26 кастрычніка 1799 года Кутузаў быў адазваны у Расію (дагэтуль ён узначальваў рускае войска ў Галандыі) з назначэннем на пасаду генерал-губернатара Літвы. У сваім лісце з Гамбурга Кутузаў пісаў: “Я думаю, заўтра, калі карэта, якая ў пачынцы, будзе зроблена, выехаць і ехаць прама ў Гродна... Вельмі не хочацца жыць у Гродне, дзе, думаю, таксама сумна, як і ў Выбаргу. А добра бы ў Вільню...” [4, с. 113]. Першы ліст Кутузава да жонкі ўжо з Гродна быў датаваны 31 снежня 1799 года. Як відаць з яго зместу, сумаваць яму не прыйшлося з-за мноства папер, што ішлі на яго імя ўжо ў якасці літоўскага генерал-губернатара. Хутчэй за ўсё, М.Кутузаў знаходзіўся ў горадзе над Нёманам каля дваццаці дзён, але чым, акрамя разбору службовых папер, ён тут займаўся, дзе жыў і з кім з мясцовых жыхароў сустракаўся, не вядома.

Значнай падзеяй першых гадоў кіравання Аляксандра I для Гродна стала стварэнне Літоўска-Гродзенскай губерні (так яна называлася да 1840 года). Паводле указа ад 9 верасня 1801 года Літоўская губерня была падзелена на Віленскую і Літоўска-Гродзенскую [2, с. 14-18]. Фактычна апошняя пачала існаваць з 1 (13) студзеня 1802 года, калі ў поўнач адбылося першае паседжанне губернскага праўлення [7, л. 1-2]. Літоўска-Гродзенская губерня  складалася з васьмі паветаў, першым гродзенскім губернатарам стаў А.Кошалеў [6, л. 2]. 28 жніўня 1802 года былі зацверджаны штаты прысутных месцаў губерні: губернскае кіраванне, казённая палата, прыказ грамадзянскага прызрэння, медыцынская управа [8, л. 2-6].

 

Крыніцы і літаратура

 

1. Восстание и война 1794 г. в Литовской провинции (по документам Москвы и Минска).Мн., 2001.210 с.

2. Гродненская губерния в законодательных актах Российской империи (1801 – 1913). Слоним, 2004.360 с.

3. Де Пуле. Журнал пребываня С. Панятовского в Гродно / Де Пуле. – М., 1870. – 250 с.

4. Кутузов, М.И. Письма, записки / М.И.Кутузов. – М., 1989.592 с.

5. Милютин, Д.М. Гродно в 1794, 1795 и 1796гг. / Д.М.Милютин. – Гродно, 1905. 88 с.

6. НГАБ у Гродне. – Ф. 2. – Воп. 1. – Спр. 3.

7. НГАБ у Гродне. – Ф. 2. – Воп. 1. – Спр. 4.

8. НГАБ у Гродне. – Ф. 2. – Воп. 2. – Спр. 160.

9. Орловский, Е. Гродненская старина. Ч. 1. / Е.Орловский. – Гродно, 1910. – 250 с.

10. ПСЗРИ, т. XXIII. СПб, 1830.

11. Солоневич, Л. Краткий исторический очерк Гродненской губернии за 100 лет её существования: 1802-1902 / Л.Солоневич. – Гродно, 1901. 106 с. 

12. Указы государя Императора Павла Первого самодержца Всероссiйского: 1796 г., 1797 г.

13. Jodkowski, J. Grodno z 28 ilustracjami I planem miasta / J.Jodkowski. – Wilno, 1922.

14. Mackiewicz, St. Stanislaw August / St.Mackiewicz. – Warszawa, 1991. 259 s.

15. Moscicki, A. Dzeje porozbiorowe Litwy i Rusi. T1: 1772-1800. / A.Moscicki. – Wilna, 1918.

16. Zahorski, A. Warszawa za Sasow i St.Augusta / A.Zahorski. – Warszawa, 1970.249 s.

17. Zuwirska, M. Ostatnie lata zycia krola Stanislawa Augusta / M.Zuwirska. – Warszawa, 1975.371 s. 

 

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

 

 
 

Партнеры проекта

© Проект Гецевича Андрея©Мястэчкі Беларусі©Віртуальная Іўеўшчына 2008 разработка alfas 2006