Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі і культуры

Артыкул/Статья

?>

 
 

  


Городки

 

 

А.Ф. Вашкевіч
(Гродна, УК ГДГАМ)

ГАРАДСКІЯ І МЕСТАЧКОВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРЫТЫІ І БЕЛАРУСКАГА ІНСТЫТУТА ГАСПАДАРКІ І КУЛЬТУРЫ
(1921 – 1939 гг.)

Ролю Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры (культурніцкай арганізацыі, што знаходзілася пад уплывам БХД) у заходнебеларускім нацыянальна-вызваленчым руху цяжка пераацаніць. Максімальная колькасць арганізацыяў БІГіКу вагалася прыблізна ад 69 да 80 (каля 1200 сяброў), сама БХД налічвала да 2000 сяброў па ўсёй Заходняй Беларусі [11, s. 8, 149]. Зразумела, што не апошняе месца ў структуры мясцовых гурткоў БХД і БІГіКу займалі гарадскія і местачковыя арганізацыі, хаця набольшымі ўплывамі БХД карысталася на вёсцы.  

Найбольш значнай сярод усіх гарадскіх арганізацыяў БХД і БІГіКу была віленская. Гэта зразумела, паколькі Вільня ў міжваенны час была цэнтрам беларускага руху ў Заходняй Беларусі, яго інтэлектуальным цэнтрам. Дзейнасць віленскай арганізацыі БІГіКу была надзвычай шматграннай і уключала культурна-асветніцкую работу (лекцыі, акадэміі, сцэнічныя пастаноўкі як у Вільні, так і па-за яе межамі), стварэнне беларускіх спартыўных арганізацыяў, выдавецтва, арганізацыю дапамогі беларускім навучэнцам харчаваннем, жытлом і грашыма.

Сярод традыцыйных святаў можна назваць Купалле, запусныя бліны, арганізоўваліся святкаванні юбілейных датаў: 400-годдзе Літоўскага Статуту (1929 г.), 30 год з дня смерці Фр. Багушэвіча (1930 г.), 70 год з выхаду «Мужыцкай праўды» (1933 г.), Юбілей Вітаўта Вялікага і інш. Кожны год віленскія бігікаўцы прачытвалі некалькі дзясяткаў лекцыяў як у самой Вільні, так і па-за яе межамі, на лекцыях часам прысутнічала па 100 і болей чалавек. Тэмы лекцыяў былі самыя розныя: ад гістарычных, да эканамічных («Аб кааперацыі») і санітарна-гігіянічных (напрыклад, па ветэрынарыі). Такая форма грамадскай і культурнай актыўнасці, як чытанне лекцыяў, была вельмі недаспадобы польскім уладам, паколькі ўстанаўліваўся жывы кантакт паміж правінцыяй і ўласна Вільняй. Таму лекцыі часта забараняліся па самых фантастычных прычынах.

У лютым 1931 г. віленскі аддзел БІГіКу складаўся з 21 чалавека. Сярод іх былі ксяндзы Гадлеўскі і Станкевіч, лідэры БХД Адольф Клімовіч, Янка Пазняк, Янка Шутовіч і многія іншыя знакавыя для беларускага руху асобы [4, арк. 298]. Напрыклад у траўні 1931 г. у аддзел былі прынятыя былыя лідэры Беларускага Сялянскага Саюзу Браніслаў Туронак і Тодар Куніцкі, а таксама будучы класік беларускага мастацтва, вядомы ўжо ў той час Язэп Драздовіч [4, 56]. Да 1933 г. віленскі гурток павялічыўся да 57 чалавек, сярод сяброў былі не толькі актыўныя беларускія дзеячы, але і простыя рабочыя [11, s. 217]. Гэта быў напэўна найвялікшы лік сяброў, які ўдалося дасягнуць віленскім бігікаўцам. Гурток праіснаваў да канца 1936 г., да моманту зачынення БІГіКу польскімі ўладамі.

Зімою 1932 – 1933 гг. быў створаны гурток БІГіКу ў Баранавічах. Узначалілі гурток Базыль Плаўсюк і Уладзімір Леванеўскі, якія, гледзячы па ўсім, мелі нейкае дачыненне да зачыненага яшчэ ў 1929 г. баранавіцкага гуртка ТБШ, паколькі патрабавалі ад уладаў вяртання тэбэшоўскай бібліятэкі гуртку Інстытута. У планах жыхароў Баранавічаў было стварэнне ўласнай беларускай бібліятэкі-чытальні, арганізацыя хору і аркестра. Для выкарыстання падчас розных мерапрыемстваў быў зроблены бел-чырвона-белы сцяг [6, арк. 117].

Асабліва цікавым пачынаннем гуртка БІГіКу ў Баранавічах было стварэнне арганізацыі “беларускага спартоўца”, паколькі папулярызацыя спорту з’яўлялася адным з галоўных накірункаў дзейнасці Інстытута. У лютым 1933 г. Базыль Плаўсюк пытаў Вільню аб тым, як павінна выглядаць форма беларускіх спартоўцаў і футбольнай каманды. Форма футбольнай каманды мусіла быць наступнай: зялёныя або іншага колеру штаны і майка колераў нацыянальнага сцягу (бел-чырвона-белая). Спартовы (паходны) касцюм быў зялёнага колеру (штаны, фрэнч, кашуля, гальштук) а таксама зялёны бярэт са значком БІГіКу (колас на фоне дубовай галінкі з жалудамі) [6, арк. 173].

Аднак ужо ў пачатку красавіка 1933 г. кіраўніцтва баранавіцкага гуртка БІГіКу звярнулася да Цэнтральнага Ўрада Беларускага выдавецка-асветнага таварыства “Сяўба” з сядзібай у Беластоку з прапановай усім гурткам перайсці ў “Сяўбу”. У лісце, падпісаным старшынёй, скарбнікам і сакратаром гуртка БІГіКу, выказвалася незадаволенасць тым, што прысланая з Вільні бібліятэка складаецца пераважна з кніг каталіцкага зместу, а галоўны ўрад БІГіКу не хоча аплочваць 25 злотых штомесяц на ўтрыманне сядзібы арганізацыі ў цэнтры Баранавічаў [7, арк. 33]. Невядома, ці здзейснілі свой намер бігікаўцы з Баранавічаў, але пад канец 1933 г. гурток у горадзе яшчэ існаваў і налічваў 18 сяброў. У спісах 1935 г. гэтага гуртка ўжо няма.

30 верасня 1935 г. беластаччанін Канстанцін Сідаровіч звярнуўся да кіраўніцтва БІГіКу з прапановай заснаваць у Беластоку гурток Інстытута. Сідаровіч матываваў неабходнасць стварэння гуртка адсутнасцю беларускіх арганізацый у горадзе і актыўнай працай г.зв. “праваслаўных палякаў”, якім трэба было нешта супрацьпаставіць. “Сучасны стан у Беластоку надта трагічны, няма аніводнай беларускай арганізацыі, з каторай праменявала б жывое беларускае слова ў масы”, – пісаў ён у сваім лісце [8, арк. 54]. 9 кастрычніка кс. В.Гадлеўскі выслаў Сідаровічу шэраг дакументаў, неабходных для легалізацыі гуртка, і праінструктараваў апошняга аб асноўных накірунках дзейнасці інстытуту [6, арк. 52]. Ужо ў канцы кастрычніка Сідаровіч узяўся за працу ў сваім яшчэ не існуючым гуртку. Замовіў у Вільні шэраг беларускіх выданняў, пячаткі і сяброўскія білеты, арганізаваў драматычна-харавую секцыю [6, арк. 38].

Захады Сідаровіча па стварэнню гуртка БІГіКу ў Беластоку праходзілі ва ўмовах актывізацыі іншых беларускіх грамадскіх і палітычных груповак, што было звязана з абвяшчэннем КПЗБ праграмы Народнага Фронту і перамовамі БХД і КПЗБ аб магчымым супрацоўніцтве. З гэтай прычыны камуністы ўбачылі ў Сідаровічы фактар аслаблення іх і без таго падупаўшых уплываў сярод беларускіх рабочых Беластоку. Тым больш што Сідаровіч падазраваўся камуністамі ў сувязях з дыфензівай (хаця, як паказала наша даследчыцкая практыка, да такіх абвінавачванняў з боку камуністаў трэба ставіцца даволі крытычна). Паводле актывіста КПЗБ М-ра група Сідаровіча ў снежні 1935 г. складалася з васьмі чалавек рабочых і хутка павялічвалася, асабліва за кошт моладзі. Камуністы, баючыся, што Сідаровіч, пачаўшы актыўную культурніцкую дзейнасць, паступова перацягне на свой бок усю патрыятычна настроеную моладзь, далі дазвол на ўступленне ў гурток БІГіКу 11-ці сваім прыхільнікам, якія ў перспектыве павінны былі ўзарваць гэты гурток знутры [3, арк. 379]. Але да гэтага не дайшло.

Улады больш чым месяц не адказвалі на просьбу аб легалізацыі гуртка і, паводле дзеючага заканадаўства, калі б адказу ад беластокскага старасты не было да 8 снежня 1935 года, то гурток мог бы лічыцца зарэгістраваным. Аднак адказ прыйшоў 7 снежня, літаральна за 1 дзень да заканчэння тэрміну. У ім паведамлялася, што беластокскі страста на просьбу аб заснаванні гуртка БІГіКу ў Беластоку дае адмоўны адказ, паколькі гурток можа стаць “крыніцай злачынстваў і парушэнняў грамадскай бяспекі” і паколькі яго сябры былі раней сябрамі ўжо згаданага таварыства “Сяўба”. Зварот Сідаровіча да ваяводы, у якім той тлумачыў, што сябры гуртка БІГіКу ніколі не пазбаўляліся грамадзянскіх правоў і да “Сяўбы” не належалі, не даў вынікаў [6, арк. 32-32 адв.]. У той час польская адміністрацыя ўжо стала на пазіцыі г.зв. “нацыянальнай” (поўнай) асіміляцыі беларусаў і паслядоўна забараняла дзейнасць усіх беларускіх арганізацыяў, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі [10].   

Куды больш моцнымі і шматлікімі былі гурткі БІГіКу ў невялікіх гарадках і мястэчках. Местачковых гурткоў БІГіКу было вельмі многа. З 53 гурткоў БІГіКу ў 1933 г. каля 20 размяшчаліся ў населеных пунктах, якія можна аднесці ў катэгорыю ад вялікіх вёсак да маленькіх гарадоў. Гэта Жодзішкі, Будслаў, Браслаў, Ляхавічы, Іказнь, Новая Мыш, Мядзведзічы, Рубяжэвічы і іншыя. Актыўнасць местачкоўцаў у беларускім руху зразумелая, яны менш, чым гараджане, падпадалі пад паланізацыйныя ўплывы і адначасова былі больш адукаваныя за вяскоўцаў, таму ім і хапала смеласці засноўваць гурткі БІГіКу не кіруючыся ў радыкальныя, але адначасова кіруемыя з усходу беларускія арганізацыі кшталту КПЗБ. Нельга таксама забываць і пра тое, што дзе-нідзе, напрыклад у Жодзішках, працавалі беларускія ксяндзы і таму нават праз многа гадоў пасля іх ад’езду там былі моцныя беларускія асяродкі.

Дарэчы сказаць, гурток у Жодзішках быў мабыць найбольшай местачковай арганізацыяй БІГіКу. У 1933 г. у ім было 47 сяброў, за год яны паставілі 4 спектаклі і арганізавалі 1 лекцыю [6, арк. 85]. Актыўную асветніцкую працу праводзіў гурток у Будславе (у канцы 1931 г. у ім было 12 сяброў) [5, арк. 166]. У 1934 г. ён валодаў бібліятэкай, у якой было больш за 600 кніжак (з іх 2/3 беларускія), бібліятэку наведвалі 88 чалавек [2]. За год гурток паставіў 2 тэатральныя спектаклі, выпісваў 13 газетаў і часопісаў, наладзіў супрацоўніцтва з распушчанымі гурткамі ТБШ з ваколіцаў мястэчка [6, арк. 101 і 162]. Актыўна дзейнічалі гурткі ў Новай Мышы і Рубяжэвічах, у апошнім налічвалася 16 сяброў. Абодва гурткі, аднак, сутыкаліся з вялікімі матэрыяльнымі цяжкасцямі і пастаянным пераследам з боку польскіх уладаў.

Большасць гурткоў БІГіКу была ліквідавана польскімі ўладамі ў канцы 1936 – пачатку 1937 гг., пасля таго, як беларускія хрысціянскія дэмакраты разам з заходнебеларускімі камуністамі разгарнулі г.зв. “школьную акцыю” (прапагандысцкую кампанію за заснаванне школ з беларускай мовай навучання). Аднак, нягледзячы на рэпрэсіі з боку польскіх уладаў, беларускія патрыятычныя суполкі (праважна з ліку хадэкаў, былых сяброў БІГіКу, ТБШ, БСРГ і КПЗБ) праіснавалі ў гарадах і мястэчках Заходняй Беларусі да 17 верасня 1939 года [1]. 

 

Крыніцы і літаратура

 

1.   Вашкевіч, А. Супрацоўнітва паміж БХД і КПЗБ (восень 1935 – восень 1936 гг.) / А.Вашкевіч // Беларускі гістарычны часопіс. – 2006. – №10. – С. 5-10.

2.   Беларуская Крыніца. – 1934. – №3. – 15.01. – С. 2.

3.   Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). – Ф. 242-п. – Воп. 1. – Спр. 218.

4.   НАРБ. Ф. 880. – Воп. 1. – Спр.10.

5.   НАРБ. Ф. 880. – Воп. 1. – Спр.11.

6.   НАРБ. Ф. 880. – Воп. 1. – Спр.12.

7.   НАРБ. Ф. 880. – Воп. 1. – Спр.14.

8.   НАРБ. Ф. 880. – Воп. 1. – Спр.15.

9.   Мазько, Э. Дзейнасць Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў 1926-1935 гг. / Э.Мазько // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа. – Гродна, 2003. – С. 144-150.

10.                       Mironowicz, Eugeniusz. Białorusini, komunizm i władze sanacyjne w latach 1937-1939 / Eugeniusz Mironowicz // Białoruskie Zeszyty Historyczne. – 2006. – №25. – S. 102-115.

11.                       Moroz, M. „Krynica”. Ideołoqia i przywódcy białoruskieqo katolicyzmu / M.Moroz.  – Białystok, 2001. – 230 s.

12.                       Полуян, В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии / В.А.Полуян. – Минск: Наука и техника, 1978. – С. 267.

 

 

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

 

 
 

Партнеры проекта

© Проект Гецевича Андрея©Мястэчкі Беларусі©Віртуальная Іўеўшчына 2008 разработка alfas 2006