|
Яўрэі – найстаражытнейшы народ,
патомкі іўдзеяў, што жылі яшчэ задоўга да новай
эры ў Палесціне, адкуль яны ў пачатку новай эры
рассяліліся ў многія часткі свету. Яны апынуліся
ў многіх краінах, захоўваючы тым не менш свой
самабытны культурна-побытавы ўклад.
Яўрэі ажыўлялі жыццё гарадоў і
мястэчак Заходняй Беларусі актыўным удзелам у
гаспадарчым жыцці. Яны займаліся фактарствам,
гандлем, былі камісіянерамі, пасярэднікамі ў
сферы фінансаў, уладальнікамі кніжных лавак.
Былі прадстаўнікі яўрэяў і сярод ніжэйшага
саслоўя – грузчыкі, насільшчыкі, вадавозы,
каменячосы, землякопы.
У міжваенны перыяд мела месца
паслабленне сферы ўплыву кагала. Гэта выклікала
зразумелую занепакоеннасць яўрэйскай
грамадскасці. У 1923 г. у Наваградку прайшла
канферэнцыя, на якой абмяркоўвалася праблема
пераўтварэння кагалаў. Сіяністы на гэтай
канферэнцыі выказваліся за тое, каб лічыць
задачай абшчын ажыццяўленне дабрачынных акцый,
арганізацыю нацыянальных школ, арганізацыю
свецкага культурнага жыцця.
Гэтыя прапановы выклікалі
пратэст равінаў, якія былі ўпэўнены, што
пераўтварэнне абшчын з рэлігійных у нацыянальныя
прывядзе да ўпадку рэлігіі і маралі. Адно, у чым
супалі погляды равінаў і сіяністаў, гэта шкода,
якую наносіла дзяржаўная польская школа
самасвядомасці яўрэйскай моладзі [9, арк. 13].
Увогуле, якімі б рознымі не былі
палітычныя настроі яўрэяў, але іх
характарызавала здольнасць да кансалідацыі ў імя
агульнай справы. Гэта адзначалі ў сваіх
справаздачах паліцэйскія чыноўнікі: “Выбары ў
гарадскі савет Слоніма 7 снежня 1924 г.
прадэманстравалі салідарнасць яўрэяў,
падкрэсліваючы адначасова адсутнасць яе ў
хрысціянскага і магаметанскага насельніцтва. У
выніку выбараў яўрэі, якія з’яўляліся большасцю
жыхароў, атрымалі 17 мандатаў, а хрысціяне і
магаметане – 7” [11, арк. 334].
У палітычным жыцці яўрэяў у гэты
час важнае месца займаў нацыяналістычны рух –
сіянізм. Сіянізм – гэта ідэалогія, палітыка і
сістэма арганізацый буйной яўрэйскай буржуазіі.
Ён прапаведаваў ідэю “выключнасці” так званай
“сусветнай яўрэйскай нацыі”, лозунг “зыходу”
яўрэяў з краін іх фактычнага пражывання і
“нацыянальнага аб’яднання” ва ўласнай дзяржаве.
У другой палове 20-х гг.
XX ст.
узрасла актыўнасць сіянісцкага руху, які быў
прадстаўлены дзвюма партыямі:
сіянісцка-артадаксальнай Мізрахі, а таксама
Сіянісцкай арганізацый у Польшчы (САП). Апошняя
ў другой палове 20-х гг. раздзялілася на тры
самастойныя фракцыі: “Час будаваць” (Et
Liwnot) “На стражы” (Al
Hamiszmar) і “Саюз
сіяністаў-рэвізіяністаў”.
Пад уплывам фракцый “Час
будаваць” і “На стражы” на тэрыторыі
Наваградскага ваяводства знаходзілася 30
пярвічных арганізацый, якія налічвалі 2000
членаў. Найбольш шматлікімі былі сіянісцкія
арганізацыі ў Слоніме (120 членаў), Баранавічах
(175), Лідзе (63), Нясвіжы (65), Дзятлаве (40),
Моўчадзі (45) [12, арк.190].
У 30-я гг. дзейнасць на
тэрыторыі Заходняй Беларусі Мізрахі, фракцый “На
стражы” і “Час будаваць” аслабла, а дзейнасць
сіяністаў-рэвізіяністаў, наадварот,
актывізавалася. Так, Мізрахі на тэрыторыі
Наваградскага ваяводства мела толькі 3
арганізацыі – у Баранавічах, Лідзе, Нясвіжы.
Кіраўнікамі гэтых груповак былі Фарбштэйн, Брот,
равін Рубінштэйн [7, арк. 28].
Адным з асноўных відаў дзейнасці
сіянісцкіх груповак на тэрыторыі Заходняй
Беларусі ў 1929 – 1933 гг. было правядзенне
публічных лекцый і дыскусій па палесцінскай
праблеме.Так, ў снежні 1933 г. сіяністы
арганізавалі публічную лекцыю ў Баранавічах
(дакладчык – Аўсей Брук) і дыскусіі ў Наваградку
і Лідзе, дзе ўдзельнічалі каля 450 чалавек [12,
арк.14]. У пачатку 1933 г. дзейнасць сіянісцкіх
арганізацый на тэрыторыі Заходняй Беларусі была
сканцэнтравана на падрыхтоўцы да выбараў
дэлегатаў на XVIII
Сусветны Сіянісцкі Кангрэс. У гэтых выбарах
большасць галасоў атрымаў так званы Блок
працоўных Палесціны; на другім месцы апынулася
рэвізіянісцкая група Жабацінскага. Так, у
Наваградскім павеце ад Блока працоўных Палесціны
выбрана 631 дэлегатаў, ад групы Жабацінскага –
293; у Баранавіцкім павеце адпаведна – 1382 і
999 дэлегатаў; у Слонімскім – 699 і 364 [5,
арк.88].
Як частка групы Жабацінскага ў
гэты час існавала так званае “Таварыства
сіяністычнай моладзі імя Тэадора Герцэля” ў
Лідзе, якое налічвала каля 45 членаў [12, арк.
189]. Арганізацыя сіяністаў-рэвізіяністаў
дзейнічала і на тэрыторыі мястэчка Сейны (каля
60 членаў), а таксама групы “Бейтар” і
“Брыт-Хасаар”, якія ўзніклі ў 1932 г.
Кіраўнікамі гэтых груп былі купец Хаім Перыц і
гандляр Борух Эпштэйн. У 1933 г. як частка
арганізацыі “Брыт-Хасаар” на тэрыторыі мястэчка
Сейны аформілася арганізацыя “Брыт-Трумпельдор”
(каля 12 членаў). Уласнай прэсы яна не мела, але
атрымоўвала з іншых мясцовасцей 2 экземпляры
часопіса “Змагар”
[6, арк. 5].
Найбольш актыўнай дзейнасцю
вызначаліся сіяністы-рэвізіяністы. На 1934 г.
уплыў групы Жабацінскага ва ўсіх гарадах
Наваградскага ваяводства быў практычна роўны
ўплыву САП. У Баранавічах у склад групы
Жабацінскага ўваходзіла 250 членаў, у Ляхавічах
– 50, у Лідзе – 70, у Васілішках – 80, у
Нясвіжы, Слоніме – 40 [12, арк. 208].
На працягу 1934 г.
сіяністамі-рэвізіяністамі былі арганізаваны
публічныя лекцыі ў Нясвіжы, Гарадзішчы, Лідзе,
Іўі, Клецку, Слоніме, Баранавічах Шчучыне;
урачыстыя паседжанні ў Беліцы, Слоніме, Клецку;
сходы ў Баранавічах, Нясвіжы, Дзярэчыне. Тут
было ўзнята шэраг пытанняў: “палесцінская
праблема”, становішча яўрэйскага насельніцтва ў
дзяржаве, арганізацыйныя праблемы [12, арк. 88].
У другой палове 20-х гг.
XX ст.
у цэнтры яўрэйскага палітычнага жыцця
знаходзіўся кансерватыўна-клерыкальны рух, у
якім галоўную ролю адыгрывала партыя Агудас
Ізраэль. Гэта партыя лічыла паняцце “яўрэйская
нацыя” другарадным у параўнанні з “яўрэйскай
рэлігіяй”, якая “з’яўлялася асновай
інтэлектуальнай сутнасці яўрэяў усяго свету”.
У свёй праграме галоўнымі сваімі
задачамі партыя лічыла наступныя:
·
абарона рэлігійных
інтарэсаў яўрэяў;
·
умацаванне і
распаўсюджванне асноў яўрэйскай рэлігіі сярод
адзінаверцаў;
·
арганізацыя і
субсідзіраванне рэлігійных школ розных відаў
(хедэраў, ешыботаў, рэлігійных семінарый і
іншых);
·
дзейнасць у
грамадска-філантрапічнай сферы;
·
арганізацыя
рамесных майстэрань, кааператыўных таварыстваў;
·
арганізацыя ў
Палесціне сельскагаспадарчых пасяленняў для
яўрэйскіх артадоксаў [16, с. 246].
Нягледзячы на свой клерыкальны
характар, Агудас Ізраэль выкарыстоўвала ў сваёй
агітацыі шэраг мерапрыемстваў грамадскага
характару: спектаклі ў ешыботах на рэлігійныя
тэмы, стварэнне сваёй белетрыстыкі і паэзіі,
выязды рэферэнтаў на перыферыю [16, с. 247].
На тэрыторыі Наваградскага
ваяводства Агудас Ізраэль мела тры арганізацыі,
адна з іх была створана ў Нясвіжскім павеце ў
горадзе Клецку ў 1926 г. і налічвала 100 членаў.
На чале яе стаяў Хаім Пімштэйн, сакратаром быў
Нахман Меламет, а скарбнікам – Мойша Гаўзэль.
Клецкая арганізацыя праводзіла святочныя
мерапрыемствы, сходы, апекавалася рэлігійнымі
школамі: школай равінаў і духоўнай семінарыяй
[8, арк. 4].
Сярод кіраўнікоў і лідэраў
Агудас Ізраэль выдзяляліся равіны, а таксама
прадстаўнікі купецтва і прамыслоўцаў, напрыклад,
Арон Левін, Янкель Трокенхейм, Фрыдман [17,
с.564]. У 1933г. лідэрамі партыі ўздымаўся шэраг
праблем на старонках мясцовага яўрэйскага
перыядычнага друку. Адным з найважнейшых
пытанняў з’яўлялася праблема выбараў у мясцовыя
рады. У 48 і 49 нумарах газеты “Baranowiczer-Woch”
за 15 і 22 снежня 1933 г. былі змешчаны
артыкулы, аўтары якіх уздымалі праблемы,
звязаныя са стварэннем адзінага спісу, заклікалі
яўрэйскае насельніцтва да таго, каб вынікі
выбараў адпавядалі наступным крытэрыям: 1)
незалежнасць яўрэйскай палітыкі; 2) салідарнае
яўрэйскае прадстаўніцтва [4, арк.19]. Гэта
сведчыла аб тым, што ў першай палове 30-х гг.
XX
ст. яўрэйскі грамадска-палітычны рух не быў
актыўным, зменшыўся яго ўплыў на масы з боку
Агудас Ізраэль. Аб гэтым сведчыць той факт, што
ў вызначаны перыяд была створана толькі адна
новая пярвічная арганізацыя гэтай партыі – у
Слоніме (1931 г.), а пярвічныя арганізацыі ў
Баранавіцкім і Наваградскім паветах не
вызначаліся актыўнай дзейнасцю: колькасць членаў
партыі складала адпаведна 200 і 97 чалавек і ў
чэрвені 1933 года тут было праведзена па адной
публічнай лекцыі [13, арк. 23].
Інтарэсы рабочых яўрэйскай
нацыянальнасці прадстаўляў Усеагульны яўрэйскі
рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі – Бунд.
Бунд у сваёй дзейнасці знаходзіў
падтрымку ў розных грамадскіх арганізацыях
(спартыўных, жаночых, дзіцячых, прафесійных
яўрэйскіх саюзах). Асабліва распаўсюджаны
бундаўскія арганізацыі былі на тэрыторыі
Наваградскага ваяводства: у Слоніме і
Баранавічах. Так, у верасні – кастрычніку 1933
г. агульная колькасць членаў Бунда ў Слонімскім
і Баранавіцкім паветах была каля 400. Членамі
яго арганізацый было арганізавана ў вызначаны
перыяд дзве публічныя лекцыі і шэраг сходаў
арганізацыйнага і прапагандысцкага характару [5,
арк. 199].
Некаторы ўплыў на яўрэйскія масы
гарадоў і мястэчкаў Наваградскага ваяводства
мелі правыя паалейцыяністы. Шляхам арганізацыі
працоўных лагераў (“кібуцы”) яны імкнуліся
натравіць ахопленую імі моладзь супраць кадравых
рабочых. У якасці сваёй групоўкі правыя
паалейцыяністы мелі культурна-асветніцкае
таварыства “Свабода”, якое ў 1929-1933 гг.
даволі актыўна дзейнічала на тэрыторыі
Наваградскага ваяводства. Так,
у Лідзе ў склад таварыства
“Свабода”
ўваходзілі 72 чалавекі, у
Слоніме – 65, у Беліцы –
38, у Іўі – 32 [12,
арк. 194].
На тэрыторыі Заходняй Беларусі
польскі ўрад імкнуўся стварыць сваё палітычнае
апірышча сярод яўрэйскага насельніцтва і пры
дапамозе некаторай часткі яўрэйскай буржуазіі
непасрэдна ахапіць сваім арганізацыйным уплывам
яўрэйскія працоўныя масы. Тым самым урад
імкнуўся забяспечыць сабе тыл на выпадак вайны з
СССР, пашырыць сваю сацыяльную базу і ўмацаваць
паланізатарскую палітыку ў Заходняй Беларусі.
Дзеля гэтага ў Заходняй Беларусі была
арганізавана яўрэйская група пілсудчыкаў пад
назвай “Яўрэйскі клуб дзяржаўнай думкі” на чале
з Гіршбергам. Пачынаючы з 1933 г. група
ўзмацніла сваю агітацыйную і арганізацыйную
працу ў мястэчках. Ёй дапамагалі местачковыя
равіны, адвакаты і ўрачы [16, с. 253].
У 1933 г. у Віленскім ваяводстве
гэтая група мела ўжо шэсць павятовых
арганізацый, якія ахоплівалі каля 200
аддзяленняў; у Наваградскім ваяводстве – тры
павятовых, а ў Палескім – шэсць павятовых
арганізацый [16, с. 253]. Аб сутнасці праграмы
гэтай групы яе орган “Унзэр Шцімэ” (15.11.1934
г.) пісаў так: “Наша задача – развіваць думку аб
мірным супрацоўніцтве яўрэяў з польскім народам
дзеля справы пабудовы Вялікай Польшчы. Мы
павінны згрупіравацца вакол польскай
грамадскасці, вакол маршала Пілсудскага”
[16, с. 254].
Лозунгам гэтай групы з’яўлялася: “Польшча
для нас, мы для Польшчы”.
У другой палове 30-х гг.
“Яўрэйскі клуб дзяржаўнай думкі”
імкнуўся разгарнуць на тэрыторыі Заходняй
Беларусі шырокую дзейнасць, у сувязі з чым група
вяла барацьбу з іншымі палітычнымі групоўкамі;
таксама імкнулася праводзіць выбары ў гарадскі
савет горада Ліды пад лозунгам “дзяржаўнай
думкі”.
У 1934 – 1939 гг. яўрэйскую
грамадскасць асабліва хвалявала распаўсюджванне
нацыянал-сацыялістычнага руху ў Германіі.
Найбольш актыўную пазіцыю ў гэты час займаў
Бунд, які вёў перамовы з КПЗБ аб стварэнні
адзінага фронту. У гэты перыяд амаль усе
яўрэйскія групоўкі канчаткова парываюць з
санацыйным лагерам, а галоўную сваю задачу
бачаць у стварэнні адзінага антыфашысцкага
фронту.
У лістападзе 1935 г. у
Баранавічах быў створаны адзінафрантавы камітэт
з прадстаўнікоў КПЗБ, Бунда, ППС і Паалей-Цыёна.
Характэрна, што бундаўцы былі супраць уключэння
ў гэты камітэт паалейцыяністаў [15,
c.103].
Такім чынам, у 1926 – 1939 гадах
у гарадах і мястэчках Наваградскага ваяводства
актыўна дзейнічалі яўрэйскія палітычныя партыі і
арганізацыі розных накірункаў. Агульным, што
аб’ядноўвала іх дзейнасць, была ідэя абароны
нацыянальных, палітычных і эканамічных інтарэсаў
і правоў яўрэйскага насельніцтва.
Крыніцы і літаратура
1.
Барыс, А. Палітычныя партыі і арганізацыі
на Беларусі ў першай палове
XXст.
/ А.Барыс // БГЧ. – 1998. – №1. –С. 26-30.
2.
Вернигоров, В.И.
Политические партии и общественные движения в
России и Беларуси: вторая половина
XIX – первая треть
XX века
/ В.И.Вернигоров. –
Минск: Алмафея, 2001. –
176 с.
3.
Гайба, М. Навагрудскае ваяводства /
М.Гайба // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6
т. / гал. рэд. Г.П.Пашкоў. – Мн.: БелЭН, 1999. –
Т.5. – С. 257.
4.
Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці. – Ф.
93. – Воп. 1. – Спр. 865.
5.
Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. –
Ф. 200. – Воп. 2. – Спр. 13.
6.
ДАГВ. – Ф. 209. – Воп. 1. – Спр. 6.
7.
ДАГВ. – Ф. 209. – Воп. 1. – Спр. 10.
8.
ДАГВ. – Ф. 546. – Воп. 1. – Спр. 21.
9.
ДАГВ. – Ф. 662. – Воп. 3. – Спр. 4.
10.
ДАГВ. – Ф. 662. – Воп. 3. – Спр. 5.
11.
ДАГВ. – Ф. 662. – Воп. 3. – Спр. 9.
12.
ДАГВ. – Ф. 662. – Воп. 3. – Спр. 38.
13.
ДАГВ. – Ф. 678. – Воп. 2. – Спр. 3.
14.
Егоров, Г. Западная Белоруссия /
Г.Егоров. – Минск, 1939. – 342 с.
15.
Ладысев, В.Ф. В
борьбе за демократические права и свободы
/ В.Ф.Ладысев. –
Минск: Беларусь, 1988. –
191 с.
16.
Политические партии в Польше, Западной
Белоруссии и Западной Украине. –
Минск: Издательство Бел. Академия Наук,
1935. – 335 с.
17.
Holzer,
Jerzy.
Mozaika polityczna Drugiej
Rzeczypospolitej /
Jerzy Holzer.
– Warszаwa,
1974. –
669 s.
|