|
Паўстанне 1830-1831 гг. не
абмінула Гродна. З 13 снежня 1830 г. горад і
губерня знаходзяцца на ваенным становішчы з
падпарадкаваннем галоўнакамандуючаму рускай
арміі графу І.І.Дзібічу-Забалканскаму. У горадзе
знаходзяцца атрады казакаў для падтрымання
парадку. У час ваенных дзеянняў у Гродне
дзейнічаюць: прадуктовая крама (склад),
артылерыйскі парк 1-га корпуса, лятучы
артылерыйскі парк, лабараторная рота №2, два
мясцовых артылерыйскіх парка, шпіталь на 1200
хворых. На працягу ўсяго хода баявых дзеянняў у
горадзе знаходзіцца мясцовы гарнізон, штаб 24-й
пяхотнай дывізіі, 3-я брыгада 5-й пяхотнай
дывізіі.
Тэрор і рэпрэсіі запанавалі на
Гродзеншчыне пасля задушэння паўстання 1830-1831
гг. У горадзе Гродна дзейнічалі
губернская ліквідацыйная камісія (з 22 лютага
1833 г. па 28 лютага 1844 г.), якая займалася
канфіскацыяй маёнткаў паўстанцаў [1, арк. 2],
губернская следчая камісія “для определения вины
мятежников” (вяршыла суд і расправу з 8 снежня
1831 г. па 11 снежня 1834 г.) [2, арк. 4].
Грамадства ахапіла дэпрэсія. Але ў тых колах,
якія не змірыліся з паражэннем паўстання, віталі
ідэі ўзнаўлення вызваленчай барацьбы,
выношваліся праекты новых выступленняў. Вясной
1832 г. і на працягу ўсяго наступнага года, як
дакладваў гродзенскаму губернатару маёр Вендорф,
у маёнтку памешчыка Мілачэўскага “выливались
пули”. Пачалося следства. Мілачэўскага цягалі на
допыты. Інкрымінуемы яму злачын ён адвяргаў [3,
арк. 7 адв.].
Неспакойнымі былі настроі вучняў Гродзенскай
дамініканскай гімназіі ў канцы 1832 г., бо на
свята Нараджэнне Хрыстова іх не адпусцілі дадому
[4, с. 254]. Вясной 1833 г. адбылося выступленне
вучняў гімназіі: яны разбілі шкло ў кватэры
старшыні казённай палаты. Вінаваты вучань быў
хутка знойдзены. Затым арыштавалі настаўніка
гісторыі і польскай мовы гімназіі ксяндза
Нецюнскага і настаўніка гісторыі і геаграфіі ва
ўездным вучылішчы ксяндза Садоўскага. Пасля быў
арыштаваны ксёнз Зелянко, але загадам
губернатара М.М.Мураўёва яго адпусцілі, бо
Мураў’ёў не хацеў спыняць заняткі ў гімназіі.
Былі ўведзены пасады старшынь двух малодшых і
аднаго – галоўнага з ліку “добранадзейных”
вучняў, пакаёвых і хатніх наглядчыкаў за
паводзінамі, якіх падпарадкавалі галоўнаму
старшыні. Усім далі падрабязную інструкцыю.
Асноўны абавязак старшынь – спыняць усякія
беспарадкі вучняў і дакладваць аб іх начальству.
Аднак хваляванні ўсё роўна працягваліся. 1(12)
чэрвеня быў арыштаваны настаўнік матэматыкі ў
гімназіі ксёндз Ляскоўскі і 2 вучні 11 класа. 8,
12 (20, 24) чэрвеня таксама прайшлі арышты
вучняў. Гэтыя, гаворачы тэрміналогіяй судовага
справаводства, “беспарадкі” сталі ракавымі для
дамініканскага манастыра і гімназіі пры ім. Іх
ліквідавалі, а будынкі перадалі ў ведамства
народнай адукацыі для адкрыцця ў Гродне
свецкай гімназіі.
Урачыстае адкрыццё гімназіі прайшло 6 (18)
красавіка 1834 г., для яе былі назначаны новыя
настаўнікі рускага паходжання з ліку скончыўшых
курсы ў Галоўным настаўніцкім інстытуце [5, с.
255-257].
У НГАБ у Гродна ёсць справа аб адкрыцці ў
будынку Дамініканскага манастыра новай гімназіі
і “благородного пансиона на 50 человек”. Дзеля
гэтага пачынаецца перабудова галоўнага будынку і
флігеля для ўладкавання там гімназіі і пансіёна
[6, арк. 1 адв.].
Пры перабудове галоўнага корпуса Гродзенскага
Дамініканскага манастыра быў знойдзены ў вялікім
манастырскім пакоі сшытак на 34 лісты і асобныя
лісты з “мяцежнымі выпісамі”, а таксама з
польскамоўнымі патрыятычнымі вершамі на 8
старонках. Імя Антонія Доўкінта, якое
сустракалася на гэтых паперах, сведчыла пра
аўтара і ўладальніка гэтых запісаў. Ім быў
ксёндз А.Доўкінт, які знаходзіўся ў
дамініканскім манастыры ў 1832 г. Як вынікае са
следчай справы па факту знаходжання гэтых папер,
сярод вершаў былі наступныя:
1 – “ О возбуждении к мятежу, о народной свободе
поляков”
2 – “Дума литвина”
3 –“Прощание с Константином”
4 – верш, які пачынаецца словамі: “Ещё Польша не
погибла, когда мы живём…” [7, арк. 1, 8].
Падчас вобыску ў бібліятэцы Гродзенскага
Бернардынскага манастыра ў сакавіку 1833 г. былі
знойдзены 193 экзэмпляры кнігі “Голос
обывателя”. Змест яе складаўся з успамінаў аб
былой Польскай рэспубліцы і мараў аб ёй. Кніга
была названа “бесполезной к нынешнему времени” і
падлягала знішчэнню [8, арк. 8, 12 адв.].
Распаўсюджванне рукапісных антыўрадавых вершаў,
якія ўвесь час хадзілі ў краі па рукам, –
характэрная рыса тагачаснага
грамадска-палітычнага жыцця. Прасякнутыя марамі
аб свабодзе і незалежнасці, яны сведчылі аб тым,
што нягледзячы на паражэнне паўстання,
пратэстныя настроі захаваліся сярод насельніцтва
Гродзеншчыны.
Грамадска-палітычнае жыццё першай паловы 30-х
гадоў ХІХ ст. на Гродзеншчыне было прадстаўлена
значнай колькасцю выступленняў супраць дзеючай
улады. Аднак выступленні не былі масавымі.
Распаўсюджваліся вызваленчыя ідэі шляхам
напісання вершаў, лістовак, сувязяў жыхароў
Гродзеншчыны з польскімі рэвалюцыянерамі.
Менавіта ўсё гэта паслужыла штуршком для
актывізацыі шляхецкай паўстанцкай эміграцыі, што
асела ў Францыі і не губляла надзей на
ўзнаўленне ваенных дзеянняў, і засылала на
беларускія землі сваіх эмісараў.
Сярод іх быў ураджэнец Слонімшчыны Міхал Валовіч,
які ў сакавіку 1833 г. тайна вярнуўся на радзіму,
сфарміраваў з сялян уласнай вёскі невялікі атрад
і ажыццяўляў партызанскія дзеянні ў
Слонімска-Навагрудскай акрузе. Мэтай сваёй
барацьбы ён лічыў вызваленне сялян і абвяшчэнне
Беларусі і Літвы дэмакратычнай рэспублікай.
Аднак ужо ў маі 1833 г. экспедыцыя Валовіча была
ліквідавана.
А 2(14) жніўня 1833 года Міхал Валовіч быў
павешаны ў Гродне каля
парахавога складу за Скідзельскай заставай.
Перад павешаннем на яго вачах адбывалася
экзекуцыя над часткай ягоных паплечнікаў. Цела
павешанага Даўгарукаў загадаў пахаваць патаемна
і ў невядомым месцы, каб не дапусціць да
маніфестацыі [9, с. 191], бо на Гродзеншчыне
былі ўжо выпадкі, калі целы паўстанцаў,
расстраляных расейскімі ўладамі, таемна ноччу
адкопвалі і хавалі на мясцовых могілках ці ў
фамільных скляпах.
Як адзначае А.Талерчык, у міжваенны час,
адзначаючы стагоддзе лістападаўскага паўстання
1830 г., тое месца ў Гродне,
паміж вуліцамі Лідскай, Белуша і Парахавым
завулкам, было названа “Пляцам Валовіча”. На
жаль, у 1939 г. усё гэта было забыта, а помнік,
пастаўлены М.Валовічу ў Парэччы,
быў знішчаны [10, с. 81].
З пакараннем Міхала Валовіча звязаны сумна
вядомыя ў гісторыі словы М.М.Мураўёва: “Я не з
тых Мураўёвых, якіх
вешаюць, а з тых, якія
вешаюць”. Менавіта пасля
пакарання Валовіча за Мураўёвым, які быў тады
гродзенскім генерал-губернатарам (1831
– 1834 гг.), назаўсёды засталася агідная
мянушка “вешальнік” [11, с. 201].
Інакш выглядала дзейнасць кіраўніка
Гродзенска-Лідскай акругі Марцэля Шыманскага,
які нарадзіўся і атрымаў пачатковую адукацыю ў
Гродне. Ён рабіў стаўку
на традыцыйную сацыяльную базу ўсіх паўстанняў
на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай: шляхту,
каталіцкіх святароў, інтэлігенцыю і вучнёўскую
моладзь. Увесну 1833 года Шыманскі разгарнуў
актыўную дзейнасць паміж Вільняй і Гродна. Яе
вынікам стала падпольная арганізацыя, цэнтр якой
знаходзіўся на Гродзеншчыне [12, с. 138]. Група
Шыманскага налічвала 25 чалавек [13, с. 86].
Больш за 10 дзён правёў Шыманскі ў Гродне,
дзе яму дапамагаў сакратар губернскага праўлення
Антон Яжэўскі. У ягонай кватэры Шыманскі жыў і
таемна сустракаўся з гродзенцамі. Ён планаваў
стварыць у горадзе моцную падпольную арганізацыю.
Шыманскі знайшоў найбольшую падтрымку ў
манахаў-дамініканцаў і вучнёўскай моладзі. Ён
арганізаваў у гродзенскіх касцёлах прысягі
юнакоў на барацьбу за вольнасць [14, с. 254].
Распрацоўваліся планы захопу Гродна адначасовым
ударам паустанцкіх атрадаў і паўстаннем у
горадзе з захопам арсеналу. Сярод арганізатараў
узброенага атраду для нападзення на Гродна
ўпамінаецца імя пісара Станіслава Цімінскага
[15, арк. 1-1 адв.]. Ён з дапамогай пісара
Малішэўскага збіраў “шайку” для Шыманскага.
Сярод смелых гродзенскіх планаў Шыманскага варта
адзначыць забойства М.Мураўёва. Некалькі разоў
ён спрабаваў забіць Мураўёва. У час адной з
спроб замаху на жыццё гродзенскага губернатара
пад мастом у Швейцарскай даліне (мост праз
Гараднічанку па вуліцы Ажэшкі)
М.Шыманскі быў схоплены. Пры сабе ён меў кінжал
і пісталет [16, с. 253]. Чаму гэты першы
тэрарыстычны акт у гісторыі Гродна не адбыўся і
чаму Шыманскі быў схоплены менавіта ў той момант
– невядома. Для допытаў Шыманскі быў адпраўлены
ў Санкт-Пецярбург, але адтуль “обманом бежал за
границу” [17, с. 253].
Пад следства трапілі жыхары Гродзншчыны, якія
былі звязаны з Марцэліям Шыманскім: Аляксандр
Каралько, памешчык Гродзенскага павета, ён
прымаў у сваім доме Шыманскага і садзейнічаў яго
пераездам па Лідскаму павету на працягу 2-х
тыдняў (за гэта Каралько быў высланы ў
Валагодскую губерню) [18, арк. 7]; памешчык
Лідскага павета Іван Цедрынскі высланы ў
Пензенскую губерню [19, арк. 16].
Праяўленнем апазіцыйнасці царскай палітыцы
з’яўлялася нашэнне насельніцтвам Гродзеншчыны
ўпрыгожванняў з нацыянальна-вызваленчай
сімволікай. Аўтар знайшла ў НГАБ у Гродне
цікавую справу аб распаўсюджванні па Гродзенскай
губерні пярсцёнкаў з выявай польскага і
літоўскага гербоў. Вядома, што вырабляў іх за
мяжой былы ўдзельнік паўстання 1830-1831 гг.
Дылістровіч. Справа датуецца 1839 г. Гаворыцца,
што мяцежнік Дылістровіч зрабіў па заказу тузін
(“дюжина”) срэбраных пярсцёнкаў, якія павінны
служыць знакам саюза [20, арк.1].
На пярсцёнках былі выразаны аб’яднаныя польскі
і літоўскі гербы, значыць, Арол і Коннік. Унізе
на пустым месцы змешчаны словы, якія азначаюць
ступень даверу, якой надзялёны чалавек, што
носіць пярсцёнак. Назва пярсцёнкаў – “успамін
пра Польшчу”. Па справе праходзіць імя
Каўнацкага, якому з Варшавы былі накіраваны ў
значнай колькасці галантарэйныя рэчы з падобнымі
выявамі [21, арк. 5].
Акрамя пярсцёнкаў, упамінаюцца таксама гузікі
для манішак. Гузікі былі залатыя, кожны
складаўся з двух медальёнаў: сіняга і краснага.
На красным фоне – арол, а на сінім – літоўскі
коннік. Над імі карона. Унізе надпіс “29 9tze
1830”. Дакладна невядома, што азначае гэты
надпіс. На думку аўтара,
гэта дата пачатку лістападаўскага паўстання
1830-1831 гг.
Такім чынам, грамадска-палітычны рух стаў
вызначальнай рысай палітычнага жыцця не толькі ў
30-я гг., але і ў наступныя дзесяцігодзі Х1Х ст.
і сведчыў аб глыбокім крызісе, у якім
знаходзілася тагачаснае грамадства.
Крыніцы і літаратура
1. НГАБ у Гродне.
– Ф. 5. – Воп. 1.
– Спр. 2.
2. НГАБ у Гродне.
– Ф. 5. – Воп. 1.
– Спр. 2.
3. НГАБ у Гродне.–
Ф. 1. – Воп. 10.
– Спр. 299.
4. Орловский,
Е. Гродненская старина. Часть 1. Гор. Гродно
/ Е. Орловский.
– Гродно, 1910. –
347 с.
5. Тамсама.
6. НГАБ у Гродне.
– Ф. 1. – Воп. 27.
– Спр. 737.
7. НГАБ у Гродне.
– Ф. 1. – Воп. 27.
– Спр. 533.
8. НГАБ у Гродне.
– Ф. 1. – Воп. 27.
– Спр. 344.
9. Мальдзіс,
А. Падарожжа ў ХІХ ст. /
А.Мальдзіс. – Мн.:
Полымя, 1969. – 204 с.
10. Талерчык, А.
Лістападаўскае паўстанне 1830 г. і ўдзел у ім
Міхала Валовіча /
А.Талерчык // Спадчына. – 2000.
– №2. – С. 58-85.
11. Сокал,
С. Кароткі агляд гісторыі палітычнай і
прававой думкі Беларусі /
С.Сокал. – Магілёў, 1999.
– 309 с.
12. Данскіх, С. Горадня ў
паўстанні 1830-1831 гг. /
С.Данскіх // Спадчына. – 2001. – №1. – С.
116-141.
13. Дьяков,
В.А. Первые шаги под лозунгом “За нашу и вашу
свободу”. 1830 – 1856
/ В.А.Дьяков // Очерки революционных
связей народов России и Польши. 1815
– 1917. – М.:
Наука, 1976. – С. 87-92.
14. Орловский, Е.
Гродненская старина. Часть 1. Гор. Гродно
/ Е.Орловский.
– Гродно, 1910. –
347 с.
15. НГАБ у Гродне.
– Ф. 1. – Воп. 27.
– Спр. 531.
16. Орловский, Е.
Гродненская старина. Часть 1. Гор. Гродно
/ Е.Орловский.
– Гродно, 1910. –
347 с.
17. Тамсама.
18. НГАБ у Гродне.
– Ф. 1. – Воп. 27.
– Спр. 530.
19. Тамсама.
20. НГАБ у Гродне.
– Ф. 1. – Воп. 20.
– Спр. 33.
21. Тамсама. |