|
У канцы XIX
ст. адбываўся працэс інтэнсіўнага развіцця
польскага грамадска-палітычнага руху ў Беларусі.
У гэты перыяд пачынае складвацца сістэма
польскіх палітычных партый, якія ў сваіх
праграмах адлюстроўвалі эканамічныя, палітычныя
і культурныя імкненні розных слаёў польскага
грамадства беларускіх зямель. І ў рэчышчы
асноўных кірункаў польскага
грамадска-палітычнага руху (кансерватыўнага,
ліберальнага, радыкальнага) ідэалагічна
аформіліся і заявілі аб сабе розныя плыні
польскіх палітычных партый, якія дзейнічалі ў
Беларусі на мяжы XIX –
XX ст.: сацыялістычная,
краёвая (кансерватыйна-памешчыцкая і
ліберальна-буржуазная), рэлігійна-клерыкальная,
нацыянальна-дэмакратычная [5, с.19].
Польскі сацыялістычны рух на
Беларусі быў прадстаўлены трымя партыямі:
Пралетарыят, Польская партыя сацыялістаў (ППС) і
Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы
(СДКП і Л).
На грамадска-палітычнае жыццё Беларусі аказвала
ўплыў польская партыя “Пралетарыят”. Яна
з,явілася першай партыяй польскага рабочага
класа. Адным з стваральнікаў
партыі быў Людзвік Варыньскі. У верасні 1882 г.
рабочы камітэт, у які ўваходзілі: А.Дзембскі,
Х.Дулемба, С.Куніцкі і інш., апублікаваў
палітычную праграму, у якой разглядаліся
асноўныя палажэнні “Камуністычнага маніфеста”
К.Маркса і Ф.Энгельса, прыстасаваныя
да рэаляй
Каралеўства Польскага. Партыя друкавала
наступныя перыядычныя выданні: часопісы “Пшэдсвіт”,
“Пралетарыят” і журнал “Валька кляс” [3, с.40].
Партыя “Пралетарыят” дзейнічала і на тэрыторыі
Гродзенскай губерні. Членамі гродзенскага гуртка
партыі з’яўляліся М.Яноўскі, К.Стэфаноўскі,
С.Людвіг, Б.Сыкульскі, М.Янчэўскі [1, c.4].
М.Янчэўскі ў пачатку 1883 г.
склаў друкарскі станок для партыі “Пралетарыят”
і з дапамогай сваіх віленскіх сяброў
П.Кавальскага, Л.Рымкевіча забяспечыў яго
шрыфтам [5, c.58].
Цэнтрам распаўсюджання
сацыял-дэмакратычных ідэй у канцы ХІХ ст. на
Беларусі становіцца г.Гродна. Гэта было звязана
з дзейнасцю польскай партыі сацыялістаў (ППС).
У 1895 г. тут узнік сацыялістычны
гурток маладых інтэлегентаў, які знаходзіўся
пад уплывам ППС. Яго заснаваў Петр Шумаў. Праз
Шумава, дзякуючы яго знаёмству з А.Сулькевічам,
які з’яўляўся адным з кіраўнікоў цэнтральнага
камітэта партыі ППС, пачала паступаць з Варшавы
ў Гродна нелегальная літаратура ППС. У асноўным
гэта часопіс “Pszedswit” (“Досвітак”), які
з’яўляўся ідэйным цэнтрам партыі ППС. У
1896-1897 гг. члены гуртка разгарнулі прапаганду
сацыялістычных ідэй сярод рабочых.
Першапачаткова прапаганда вялася выключна сярод
яўрэяў, бо ў Гродне
яўрэі складалі 58 працэнтаў ад агульнай
колькасці рабочых. У 1897 г.
сацыялістычны гурток маладых інтэлегентаў
ператварыўся ў Гродненскі рабочы камітэт. На яго
чале стаялі Пётр Шумаў, Францішак Эйдукевіч,
Васіль Фрэйман. У склад камітэта ўваходзілі:
В.Гец, М.Вайнер, Ш.Капульскі, Я.Лімоні, М.Хіруг,
І.Штам, Ф.Сольц і Л.Фарбер. У 1898-1899 гг.
колькасць членаў рабочага камітэта складала 60 –
100 рабочых, якія аб’ядналіся ў гуртках на
найбуйнейшых фабрыках горада – Шэрэшэўскага,
Харына і інш. Па ініцыятыве рабочага камітэта ў
1899-1900 гг. былі праведзены першыя буйныя
стачкі рабочых Гродна і палітычныя сходы.
Баставалі 514 работніц фабрыкі Шэрэшэўскага,
рабочыя фабрыкі Харына. Рабочы камітэт выпусціў
адозвы ”Ко всем рабочим Гродно”. Колькасць
палітычнай літаратуры, прывезенай з Варшавы,
складала 10 тыс. экземпляраў. У пачатку 1901 г.
Гродзенскі рабочы камітэт быў перайменаваны ў
Гродзенскі Рабочы Камітэт ППС. Гэта было звязана
з тым, што да яго пачалі далучацца першыя
рабочыя-палякі. Пры дапамозе аднаго з іх,
Францішака Грабоўскага, рабочага губернскай
друкарні, камітэт ППС стварыў уласную друкарню
[7, c.12].
Пашырэнне дзейнасці ППС як у Каралеўстве
Польскім, так і ў беларускіх губернях, рост
колькасці яе членаў выклікалі неабходнасць
пераўтварэнняў у арганізацыйнай структуры партыі.
На VI з'ездзе ППС (чэрвень 1902 г., Люблін) было
вырашана стварыць пяць партыйных акругаў, якія б
карысталіся пэўнай самастойнасцю. Сярод іншых
была арганізавана Літоўская акруга, альбо ППС на
Літве. У сувязі з гэтым з’явіўся дадатак
– Гродзенскі Рабочы
Камітэт ППС на Літве.
У пачатку ХХ ст. значна актывізавалася дзейнасць
Гродзенскага Рабочага Камітэта ППС на Літве.
Ім былі заснаваны партыйныя арганізацыі ў Індуры,
Ваўкавыску, Слоніме, Брэсце. У Гродна праводзілі
арганізацыйную работу акружныя функцыянеры ППС
на Літве: А.Дзяканаў ("Саша"), У.Матушэўскі ("Анатолій"),
С.Нелюбовіч ("Казімір") і інш.
[2, с.45].
У 1903 г. Гродзенскі рабочы
камітэт ППС на Літве выступіў у якасці аднаго з
арганізатараў першых агульнагарадскіх палітычных
выступленняў рабочых у Гродне. У канцы марта
1903 г. некалькі соцень рабочых удзельнічалі ў
маніфестацыі каля сцен гарадской турмы ў знак
пратэста супраць здзекаў над вязнямі. Рабочыя
выкрыківалі антыўрадавыя лозунгі і спявалі
рэвалюцыйныя песні. Маніфестацыя доўжылася
некалькі мінут і была разагнана паліцыяй.
1 мая 1903 г. у вёсцы Пышкі адбыўся сход, на
якім прысутнічалі каля 200 рабочых. Вырашаліся
пытанні аб шляхах атрымання незалежнасці, аб
рабочай салідарнасці. Выступалі
Ф.Эйдукевіч і П.Шумаў, затым былі дэкламацыі і
спеў рэвалюцыйных песен. Адразу пасля схода
Ф.Эйдукевіч быў арыштаваны паліцыяй [7, c.14].
З самага пачатку першай расійскай рэвалюцыі ў
студзені 1905 г. Гродзенскі рабочы камітэт ППС
на Літве з’явіўся арганізацыйным цэнтрам
рабочага руху у Гродзенскай губерні. Гродзенскі
рабочы камітэт ППС на Літве выдаваў уласную
газету "Звястун вольнасці" [6, c.21]. У яго
склад уваходзілі: Ганна Камянецкая, Майсей
Лейбаў, Чышка Капульская, Іосель Нелекіс, Янкель
Ляцкі, Браніслаў Шушкевіч, Даніэль Габаў, Хайма
Ліпскі, Шала Прылінг, Абрам Айзенберг, Рахпі
Фрахтаўнін, Сіма Гольдберг, Юдэль Бурдэ, Шенона
Капульска, Пейсах Ліпец, Шэпшель Каплан, Эстэр
Гурвін, Янкель Любіс, браты Станіслаў і Казімір
Трускоўскія, Абрам Ліпнік, Эстэр Крапу, Ева
Хвілевіцкая, Ісер Длугач, Рыўка Кантар, Габрыэль
Шатавскі, Арона Руда, Барэль і Зуселя
Куленернскія [2,c.35].
У маі 1905 г. Гродзенскі рабочы камітэт ППС на
Літве прыняў рашэнне стварыць групу, якая б
уваходзіла ў непасрэдны кантакт з масамі
працоўных, сялян і салдат. Група атрымала назву
"Цэнтралка". "Цэнтралка" арганізоўвала стачкі,
распаўсюджвала нелегальную літаратуру. У яе
склад уваходзілі Ф.Грабоўскі, Б.Руткоўскі,
Бальцэр, Кавальчук, М.Станіслаўчык, М.Панкевіч,
В.Ган. Кіраўніком яе да кастрычніка быў
Б.Шушкевіч, а затым П.Шумаў.
У снежні 1905 – пачатку
1906 г. склад "Цэнтралкі" змяніўся, з яе выйшлі
Ф.Грабоўскі, Б.Руткоўскі, М.Станіслаўчык, а
ўвайшлі І.Петрашкевіч і Радзінскі. "Цэнтралка"
збіралася на кватэры Веранікі Мазэціс, а затым
на кватэры В.Гана. Сход быў два разы ў тыдзень
[7,c.32].
Дзейнасць Гродзенскага рабочага камітэта ППС на
Літве распаўсюджвалася ў асноўным на Гродна і
яго бліжайшыя акругі. У іншых
гарадах, такіх, як Брэст,
Слонім, Ваўкавыск, яно было вельмі слабым. З
мэтай падрыхтоўкі працоўных кадраў ППС "на
экспарт" Шумаў стварыў "школу агітатараў", якой
сам кіраваў.
Заняткі ахоплівалі пытанні тэорыі марксізма і
гісторыі сацыялістычнага руху. У школу былі
запрошаны: Петрашкевіч, Ярашэвіч, Ган, Сенкевіч,
Кавальчук, Руткоўскі, Грыбоўскі, Юхневіч, а з
яўрэяў – Капульскі, Ганна
Гурвіч, і інш. Школа знаходзілася на кватэры
рыбака Бяляўскага [7, c.36].
Нягледзячы на тое, што "школа агітатараў" пачала
дзейнічаць восенню 1905 г., ужо ў пачатку 1906
г. яе работа дала свае вынікі. У горадзе Слоніме
на кватэры Бяліцкага паліцыяй
была знайдзена наступная нелегальная літаратура
на рускай мове: "Манифест к народу", "Вестник
ППС», на польскай мове: журнал "Работник" (19
шт.), часопіс "Народная" (12 шт.)., журнал
"Валька", адозва "Да ўсіх палякаў-сялян", "Таварышы
і таваркі" [7, c.20].
У мястэчку Дабравольскае Ваўкавыскага ўезда
членамі Гродзенскага рабочага камітэта ППС на
Літве былі прачытаны адозвы да сялян і маніфест
ППС. У горадзе Беластоку на кватэры Талькоўскага
было знойдзена 159 экзэмпляраў адозваў і 127
разнастайных брашур ППС [7, c.45].
Члены Гродзенскага рабочага камітэта ППС на
Літве арганізавалі 7 сакавіка 1905 г. у
прыгарадзе Гродна і 1 мая 1905 г. у Гродне
палітычныя дэманстрацыі [7, c.31]. Напярэдадні 1
мая паліцыяй былі арыштаваны лідэры Гродзенскага
рабочага камітэта, сярод іх: Е.Хвіліцкая,
Б.Шушкевіч, Лапін, Ч.Капульскі. Жандармам падчас
арыштаў удалося раскрыць канспіратыўную кватэру
Франца Ігнатовіча, дзе як раз друкавалі на
гектографе адозвы да рабочых Ліпнік, Кранс.
Цудам паспеў схавацца дэлегат ЦРК ППС "Юліян" (Станіслаў
Капецкі), які прыехаў з Варшавы ў Гродна з
інструкцыямі па каардынацыі правядзення
мерапрыемства.
Негледзячы на ўсе гэта, 1 мая па
вул.Дамініканскай пачалося шэсце працоўных.
Сігнал да пачатку выступлення далі А.Дыяканаў і
Глінскі. Імі былі раскіданы адозвы
да рабочых,
падняты над галавамі сцяг ППС. Аднак
дэманстрацыя была разагнана паліцыяй, а
А.Дыяканаў быў арыштаваны [7, c.24].
У перыяд рэвалюцыі 1905 –
1907 гг. ППС на Літве працягваў супрацоўнічаць з
Бундам. У Гродне гэтымі
арганізацыямі былі праведзены агульнагарадскія
палітічныя забастоўкі: 19 кастрычніка супраць
Маніфеста 17 кастрычніка, 9 снежня 1905 г.
супраць увядзення ваеннага становішча ў
Каралеўстве Польскім, 25 –
29 снежня ў падтрымку ўзброенага паўстання
рабочых у Маскве. Апошняя ў адпаведнасці з
заклікам ЦК ППС павінна была прывесці да захопу
ўлады ў Гродне. Але на
гэта Гродзенскі рабочы камітэт ППС на Літве не
пайшоў, як, дарэчы, і
камітэт Бунда. Была праведзена агульная стачка.
Усе забастоўкі былі разагнаны паліцыяй. Пачаліся
рэпрэсіі. Былі арыштаваны члены Гродзенскага
рабочага камітэта ППС на Літве Хвеліцкая,
Клашэўскі, Галавач, Левіцкі, Судакоў. Выехаць з
горада вымушаны былі А.Дыяканаў, К.Глінскі,
Б.Руткоўскі [6, c.21].
Акрамя горада Гродна, камітэт ППС на Літве з
1905 г. дзейнічаў у Брэсце. Але ён не карыстаўся
падтрымкай рабочых. Членамі арганізацыі і
камітэта ППС тут былі амаль выключна яўрэйскія
рабочыя, але большасць работнікаў Брэста
падтрымлівала Бунд [6, c.21].
Апошнюю буйную дэманстрацыю ў рэвалюцыі 1905
– 1907 гг.
Гродзенскі рабочы камітэт ППС на Літве правёў 1
мая 1907 г. У той дзень быў вывешаны чырвоны
сцяг на Фабрычнай вуліцы ў Гродне
з надпісам "Да здравствует 1 Мая", "Долой
самодержавие". Па ўсяму гораду на рускай і
яўрэйскай мовах распаўсюджваліся адозвы "Ко всем
работникам и работницам". Дэманстрацыя была
разагнана паліцыяй [2, c.508].
У сувязі з дзейнасцю Гродзенскага рабочага
камітэта ППС на Літве выйшаў Указ Міністэрства
унутраных спраў ад 15 мая 1907 г. "Аб забароне
дзейнасці ППС у Гродзенскай губерні" і Указ ад
23 красавіка 1907 г. №2755 "Аб забароне праграмы
ППС" [3, c.229].
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што
дзейнасць польскіх палітычных партый сярод
рабочых на тэрыторыі Гродзенскай губерні на
мяжы XIX
– XX стагоддзяў не насіла масавага
характару. У асноўным гэта былі невялікія
нелегальныя гурткі, якія займаліся друкаваннем і
распаўсюджваннем
нелегальнай літаратуры і брашур. Іх дзейнасць
была пад наглядам паліцыі.
Крыніцы і літаратура
1. Национальный исторический архив Беларуси (НИАБ).
– Фонд 34. – Оп.
3. – Д. 90. Рапорт
помощника начальника Гродненского губернского
жандармского управления.
2. НИАБ. – Фонд 366.
– Оп. 1.
– Д. 89. Донесение начальнику
Гродненского губернского жандармского
управления.
3. НИАБ. – Фонд 366.
– Оп. 1.
– Д. 170. Донесение начальнику
Гродненского губернского жандармского
управления.
4. НИАБ. – Фонд 399.
– Оп. 1.
– Д. 23. Рапорт полицейского урядника.
5. Солошенко, В.И. От народниничества к
марксизму / В.И.Солошенко. – Минск: Беларусь,
1971. – 150 с.
6. Яцкевіч, І. ППС на Беларусі / І.Яцкевіч //
Беларуская мінуўшчына. –
1997. – № 4.
– С. 18-22.
7. Szuszkiewicz, B. Organizacja
Grodzienska PPS ( 1898-1910 rr.) /
B.Szuszkiewicz. –
Warszawa, 1937. – 61 s.
|
|