Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі і культуры

Артыкул/Статья

?>

 
 

  


Городки

 

 

С. Марозаў
(Гродна, ГрДУ імя Я.Купалы)

ГРОДНА Ў ДНІ АПОШНЯГА СЕЙМА РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

 

Трагічным быў фінал дзяржавы, у якой два стагоддзі разам з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі жылі і нашы продкі – беларусы. Здзейсніўшыя вясной 1793 г. другі падзел Рэчы Паспалітай Расія і Прусія вырашылі прымусіць яе асвяціць іх гвалт шляхам палюбоўнай уступкі ўжо захопленых тэрыторый. Воляй лёсу месцам, дзе дзяржаву прымусілі да згоды на ўступку яе зямель, – тое, што дасягаецца толькі пасля ўпартых і разбуральных войнаў, – стаў Гродна. Горад здаўна служыў, побач з Варшавай, месцам сеймавых сходаў. Яшчэ ў ліпені 1792 г. Кацярына ІІ аддала яму перавагу перад сталіцай.  Варшава была занадта радыкальна настроена дзеля такога мерапрыемства. Сваё прызначэнне гэты сейм мог намнога лягчэй выканаць у правінцыйным горадзе.

Уладкаваць прыкрытую хітрасцю і падманам справу падзелу было даручана вядомаму расійскаму дзяржаўнаму дзеячу, выхадцу са старажытнага роду з Даніі, графу Якаву Сіверсу, прызначанаму Кацярынай ІІ надзвычайным і паўнамоцным паслом у Рэчы Паспалітай.

Калісьці  Гродна быў адным з першых гарадоў Вялікага княства Літоўскага, потым – Рэчы Паспалітай, любімай рэзідэнцыяй некаторых князёў і каралёў. З 1673 г. ён стаў месцам правядзення вальных сеймаў. Але ў другой палове XVIII  ст. горад ужо не меў былой велічы і  значэння. Ён налічваў каля 4 тысяч жыхароў і ажываў толькі ў тыя дні, калі тут праходзілі сеймы.

Стары замак быў паўразвалены, закінуты і занядбаны. У 1734 – 1751 г. на суседнім пагорку па праекту нямецкіх архітэктараў К.Ф.Пёпельмана, І.Ф.Кнобеля і І.Х.Яўха быў узведзены ў навамодным тады стылі ракако Новы замак, але к канцу стагоддзя і ён паспеў састарэць. У 1789 г. яго рэканструяваў архітэктар Дж.Сака.

Гэта быў двухпавярховы будынак у выглядзе літары П з парадным дваром і брамай. У замку знаходзіліся ўпрыгожаныя жывапісам і скульптурай Сенатарская, Пасольская (сеймавая), Круглая залы, капліца. У правым крыле, з вакон якога адкрываўся від на Нёман, размяшчаліся  апартаменты караля і яго радні. Замак выкарыстоўваўся як месца пасяджэнняў генеральных сеймаў Рэчы Паспалітай. Напярэдадні сейма 1793 г. ён быў пачышчаны, нанова атынкаваны. Новы і Стары замкі аддзяляў глыбокі роў, над якім перакінуўся мост.

Уздоўж Замкавай вуліцы, якая вяла да каралеўскага палаца, згуртаваліся дамы знаці.

15 гадоў, з 1765 па 1780 г., у Гродне гаспадарыў Антоній Тызенгаўз. Ён узвысіў і ўзбагаціў горад, забудаваў два прадмесці: Ласосна і Гарадніцу. На Гарадніцы ўзвёў палац, у якім сам і жыў. Тызенгаўз заснаваў шэраг школ, фабрык, заклаў батанічны сад. Нейкі час горад меў нават добры аркестр, тэатр і газеты. Усё гэта знікла разам з заняпадам Тызенгаўза, а пажар 1782 г. выклікаў моцныя разбурэнні.

Мануфактурная вытворчасць, якая некалі сканцэнтравала вакол сябе каля трох тысяч чалавек, у 1793 г. заставалася толькі жывым успамінам. Але горад яшчэ блішчэў рэшткамі тых муроў на Гарадніцы. Будынкі тызенгаузаўскіх мануфактур, цалкам абезлюдзеўшых, яшчэ трымаліся і ў час сейма служылі для расійскага пасла і яго двара. З часоў падскрабія заставалася яшчэ нейкая частка медыцынскай школы з бібліятэкай, закінуты батанічны сад.

У горадзе было 8 касцёлаў, 1 праваслаўны, 2 уніяцкіх, 1 евангеліцкі храм, драўляная сінагога, 9 розных кляштараў, некалькі магнацкіх палацаў і сярод іх асабліва прыгожыя – Агінскіх, Сангушкаў, Радзівілаў, Сапегаў, трохі мураваных дамоў. З вышыні Гродна меў вельмі прыгожы выгляд: храмы, вежы, пабудаваныя па новым гусце палацы. Але ўсё больш горад быў забудаваны драўлянымі хатамі мяшчан, акружаных зелянеючымі садамі. На гандлёвай плошчы стаяла драўляная ратуша. Вуліцы была брукаваныя, але гэта была больш назва, чым сам брук, бо ў моцны дождж ён ператвараўся ў балота [1, с. 13–14; 2, с. 305–306].

З набліжэннем сейма Гродна, звычайна ціхае і спакойнае, набывала ўсё больш ажыўлены выгляд. У маі 1793 г. сюды пачала з’язджацца, вобразна кажучы, уся Рэч Паспалітая: 12 сенатараў і міністраў, каля 140 сеймавых паслоў, ваяводы, кашталяны, біскупы, іншыя высокія саноўнікі. За 5 дзён да адкрыцця сейма прыбыў кароль са сціплай світай. Разам з ім прыбылі дзве яго сястры. Усе яны прыехалі сюды, на жаль, не ствараць, а разбураць. Пакінулі Варшаву і сабраліся ў Гродна замежныя паслы: Расіі – Сіверс, Прусіі – паўнамоцны пасол Бухгольц, Швецыі – Толь, Англіі – Гардынер, Галандыі – Крыгсгейм, папскі нунцый Салуцца. Прыехалі сваякі, сябры і знаёмыя сенатараў і паслоў. Адны прыбылі дзеля забаў і прыгод, другія шукалі пасад і прыбыткаў.

З апусцелай Варшавы сюды перанесліся мадэльеры, краўцы і швачкі, купцы. Са сталіцы  прывезлі шмат магазінаў; яны запаланілі галоўныя вуліцы горада. Шмат прыехала музыкантаў, рознага роду артыстаў. Артысты пастаянна прыбывалі ў горад.  Сюды прыязджалі не толькі з Варшавы, але з усіх бакоў свету. З Пецярбурга прыбылі італьянскія музыканты. Яшчэ ніводзін  сейм не збіраў столькі прыгожых паненак. Шмат якія з іх шукалі сабе тут мужоў. У  той жа час многіх абывацеляў, чый уплыў мог бы перашкодзіць шыкоўнаму жыццю, у горад не пусцілі або загадалі адтуль вывезці. “Бо сейм, – пісаў польскі пісьменнік Ю.Крашэўскі, – вядомая рэч, як кірмаш: прадаецца сумленне, гандлююць душой, сорам ідзе за грошы,… і ўсяму гэтаму павінна падыгрываць музыка, і з бочак цячэ хмель, які бы заліў розум” [2, с. 9–10].

У горад нахлынула так шмат людзей, што знайсці кватэру было вельмі цяжка. Пакой з  ложкам на суткі каштаваў да трох дукатаў. У горадзе не засталося ніводнага свірна, ніводнага самага заняпалага будынка, дзе б не жылі людзі. Рабілі нават шалашы з дошак і галінак – у іх  размяшчаліся слугі, жывёла і коні [1, с. 15; 2, с. 306–308]. Падскочылі цэны на рынку.

На вуліцах было поўна фурманак, брычак. Конна, пешшу і на брычках перасоўвалася столькі людзей, што і прайсці было нялёгка. Гродна стаў нагадваць сталіцу.

Сіверс спыніўся на Гарадніцы, у так званай каралеўскай эканоміі (палацы Тызенгаўза), у доме, які ўжо падчас сейма 1784 г. займаў яго папярэднік – рускі пасол Стакельберг.  На першым паверсе знаходзіліся вялікія парадныя салоны для баляў і прыёмаў, над імі размяшчалася канцылярыя. 

Сіверс быў гаспадаром сітуацыі ў горадзе і галоўным рэжысёрам сеймавай драмы; ён меў пад сваім камандаваннем генералаў Раутэнфельда, Дуніна, барона Кампенхауза і іншых [2, с. 309].

Сіверс, які з’явіўся тут “у час крайняга бяссілля Рэчы Паспалітай і крайняй магутнасці над ёй Расіі”, выклікаў цікавасць і павагу, надзеі і страх. Яго прыбыццё ў Гродна было сустрэта громам гармат і натоўпам народу. У горадзе, як і ў цэлым у дзяржаве, адбыўся раскол на прыхільнікаў саюзу з Расіяй і праціўнікаў. Першыя спяшаліся заявіць пра гэта перад паслом. Сярод тых, хто меў уплыў на дзяржаўныя справы, было нямала шукальнікаў пасад, прыбыткаў, старостваў. Яны нават канкурыравалі паміж сабой у запабяганні перад Расіяй. На іх і зрабіў стаўку Сіверс. Палова выдаткаў на паднашэнні ім рабілася за кошт прускага пасла Бухгольца.

Сіверсу трэба было спраўляцца з мноствам рознага роду пытанняў і ў той жа час клапаціцца аб размяшчэнні, утрыманні і частаванні значнай колькасці сеймавых паслоў. Пры яго гадах і хваробах гэта было вельмі нялёгка Паколькі прыняць усіх паслоў адразу не мог, то ён завёў чарговыя абеды на 60 чалавек. “Гэтыя абеды, – пісаў ён дачцэ, – мяне абцяжарваюць. Падумай! На кожныя два дні па аднаму абеду ў 60 прыбораў і з п’яніцамі, якіх я нават не ведаю” [3, с. 74–75].

Месца для пражывання для караля было падрыхтавана ў Новым замку. Тут жа знайшлося месца і для пані Кракаўскай, у якой гадзінамі праседжваў Сіверс, каб быць бліжэй да сеймавай залы.

Сейм працаваў з 17 чэрвеня па 23 лістапада 1793 г. Ён адбываўся ў Сенатарскай зале каралеўскага палаца. У глыбіні залы размяшчаўся каралеўскі  трон. Па абодва бакі ад яго стаялі два рады крэсел для сенатараў, а за імі – лавы для сеймавых паслоў. Насупраць трона, у другім канцы залы, быў усталяваны табурэт і столік для сеймавага маршалка, па баках ад яго – крэслы для маршалкаў і міністраў. За лаўкамі для паслоў цягнуліся галерэі для арбітраў (назіральнікаў), якім на гэты раз пастаянна адмаўлялі ў праве доступу на сейм. Так што галерэі найчасцей займалі расійскія афіцэры [2, с. 306–307]. Але прадметам дадзенага артыкула не з’яўляецца тое, што адбывалася ў сеймавай зале, а па-за яе межамі.

Усе было зроблена так, каб падпарадкаваць сейм волі “заборцаў”. Гродна было ўзята ў аблогу. Горад і ваколіцы нагадвалі ваенны лагер – тут размяшчаліся рускія войскі. Усюды казакі, салдаты, гарматы. Нібыта не сейм,  а вайну збіраліся праводзіць. Грэнадзёры, палкавы абоз, казначэйства, лазарэты, каб не загрувашчваць горад, былі размешчаны ў яго ваколіцах. У магазінах сабралі вялікую колькасць правіянту, каб не даць салдатам поваду да рабаўніцтва і марадзёрства.

“Смутны быў той час, – адзначыў Ю.Крашэўскі, – а нідзе хіба смутней не было, чым у Гродне, хоць тут умудраліся жудасна весяліцца [4, с. 9]. “Жыццё ў Гродна падчас сейму, – пісаў польскі даследчык Г.Масціцкі, – было напоўнена нейкім вар’яцтвам. Гук танцавальнай музыкі, бразганне застольных келіхаў, звон злотага, які без памяці кідалі на картачнае палатно, запаленыя на плошчах вогнішчы аховы чужаземных лагераў  і затоеныя дзесьці ў кутках чыстых, беззаганных сэрцаў роспач і глухі і бяссільны боль – вось вобраз таго звычайнага, штодзённага фону, на якім разыгрываліся сцэны нямога трагізму, якога можа ніколі да таго ані пасля не зведала зямля польская” [5, с. 97].

Сейм суправаджаўся бесперапыннымі балямі, карнаваламі і п’янствам. Было за што гуляць – золата цякло з агульнай касы суседніх дзяржаў: Расіі  і Прусіі. Банкеты і святы сканцэнтроўваліся галоўным чынам вакол рускага пасланніка, у палацы на Гарадніцы.

Па іроніі лёсу самымі гучнымі забавамі суправаджаўся найбольш трагічны перыяд сейма, калі ішло абмеркаванне трактата з Прусіяй (23 ліпеня – 23 верасня). Пад канец ліпеня, калі быў зламаны першы адпор на сейме, жыццё ў Гродне набыло характар дэкадэнцкага фестывалю. “Адначасова з праявамі смутку і роспачы на сеймавых сесіях, у дамах тых жа паслоў, па-за пасяджэннямі, жыццё плыло поўным струменем вяселля, які даходзіў да шаленства”, – заўважыў адзін расійскі афіцэр [6, с. 412].

Усё пачалося з імянін Сіверса 25 ліпеня, за якое з запалам схапіліся тыя, хто запабягаў перад Расіяй. Віншаванні сыпаліся, як пісаў сам Сіверс дачцэ, “з нейкім шаленствам”: яму прысылалі карзіны і гаршчкі з кветкамі, букеты і нават італьянскія вершы. Віленскі епіскап даў вялікі абед на 50 чалавек. Графіня Ажароўская наладзіла ўрачысты сход і вячэру.

Кароль праз свайго сакратара прыслаў імянінніку падарункі для яго дачок: бранзалет і каралі. Сіверс адмовіўся іх прыняць, а на настойлівыя просьбы каралеўскага сакратара з гневам адказаў, што не можа абдзіраць беднага караля ў яго нястачы.

Святкаванні ў гонар Сіверса ахапілі і  ўвесь горад. Яны не абмежаваліся адным днём, а працягваліся цэлы тыдзень, у выглядзе абедаў, раутаў, вячэраў, феерверкаў і ілюмінацый; а віншавальныя лісты ліліся нястрымным патокам. Сіверс аж западозрыў, што такім чынам яго збіраюцца ўлагодзіць і падкупіць, каб ён выступіў на абарону Рэчы Паспалітай супраць дамаганняў Прусіі.

1 жніўня на завяршэнне імянін таксама адбыліся вялікія ўрачыстасці: шматлюдны абед, вячэра з феерверкам. 2 жніўня былі імяніны жонкі пераемніка расійскага трона і вялікі абед у Сіверса.  Праз некалькі дзён Пуласкі даў абед у гонар Мікалая Зубава, брата фаварыта Кацярыны ІІ, які прыехаў у Гродна. У сувязі з гэтым нават адмянілі ранішнюю сеймавую сесію. Станіслаў Аўгуст на гэты конт іранічна заўважыў, што ў Гродне банкет з’яўляецца важнай прычынай для рэгулявання раскладу сесій.

6 верасня, у 29-ю гадавіну элекцыі, віншавалі на сейме караля, а Сіверс на наступны дзень даў з гэтай нагоды баль і вячэру. 13 верасня, з нагоды нейкай расійскай урачыстасці, цэлы дзень быў заняты касцельнымі, вайсковымі і балёвымі гуляннямі.

Нягледзячы на страшную дарагавізну, на тое, што ў Вялікім княстве Літоўскім у гэты час быў голад, віравала вясёлае гродзенскае жыццё [1, с. 101–103; 3 с. 146–147]. Пры набліжэнні да палацу Тызенгаўза было ўсё людней. Сюды часта пад’язджалі брычкі. П’яныя салдаты і вясёлыя дзяўчаты напаўнялі шынкі па дарозе. І тут лілася гарэлка.

У залах палаца ўсё было змяшана дзіўным чынам: заляцанні, палітыка, п’янства, ігра, подкуп і пагрозы, шэпты кахання і дамовы пра заўтрашнюю сесію. Сіверс прымаў рапарты, папярэджанні, кампліменты, рабіў напамін, даваў абяцанкі, частаваў салодкасцю і адварочваў гнеўныя вочы [4, с. 31]. За кулісамі гэтай забавы і п’янства ішла зацятая барацьба.

Балі, абеды ішлі адзін за адным. На Гарадніцы часта запускалі феерверкі. У гэтых начных забавах легкадумных грэшнікаў было нешта страшнае, такая вар’яцкая іронія. Людзі акуналіся ў бессэнсоўныя гулянкі, каб адагнаць пачуццё сораму, каб хоць гэтым падсаладзіць жыццё. П’яныя оргіі і трагічны роспач... Патрыёты крычалі: “Айчыну раздзіраюць, а яны танцуюць!” [4, с. 41; 6, с. 412]. Гэтыя балі  нагадвалі пляску на труне Айчыны [7, с. 344]. На думку Ю.Крашэўскага, нічога лепей не сведчыла пра тую лёгкадумнасць, з якой краіна прымала сваю трагічную хвіліну. Многія з тых прыгожых пані і паненак, якія з’явіліся ў горадзе, не адхілялі заляцанні расійскіх генералаў, нават іх правакавалі [2, с. 308].

З.Ман ахарактарызаваў людзей, сабраных на сейме, як “зграю”. Суддзі касцюшкаўскага паўстання адмаўляліся называць гродзенскае зборышча сеймам. “Шляхетнейшыя людзі, – пісаў А.Загорскі, – завязлі ў гродзенскай багне” [7, с. 340].

 І кароль у гэтым таварыстве запэцкаўся, хоць і пазбягаў баляў. Ён жыў у сваім замку сціпла і ціха, у пастаяннай боязі перад Сіверсам. Расійскі пасол час ад часу з’яўляўся да караля, каб яго прасіць і яму пагражаць. Станіслаў Аўгуст рабіў конныя прагулкі, бываў у тэатры, слухаў оперу, вёў вялікую карэспандэнцыю са сваімі агентамі пры замежных дварах. Сярод таго п’янага тлуму ён, безуладны, ахутаны болем і трывогай, выглядаў, як пасля моцнай хваробы, і быў бы варты шкадавання, калі б не цярпеў па ўласнай віне [2, с. 309; 6, с. 412]. Кароль прасіў Кацярыну ІІ згадзіцца на яго адрачэнне ад трона. Яна адказала абразліва – маўляў, атрымаеш згоду ў будучым, у залежнасці ад пазіцыі на гродзенскім сейме. Маючы 30 мільёнаў рублёў доўгу, кароль фактычна быў “моцна асядланы” [7, с. 343].

Настроі, якая панавалі ў тыя дні сярод гараджан, пісьменнік Уладзіслаў Рэймант у сваім творы “Апошні сейм Рэчы Паспалітай” апісаў наступным чынам: “Гродна  ўяўляў сабой зусім незвычайную карціну – такі ўзбуджаны і ўсхваляваны быў ён. Усе і ўсюды цікавіліся толькі адным пытаннем аб трактаце, у бясконцых спрэчках узважваліся шанцы «за» і «супраць» яго прыняцця або адхілення сеймам. Нават простанароддзе яскрава выказвала сваю нянавісць да Прусіі. Аднойчы ноччу было выбіты вокны ў Бухгольца, – яго кватэру прыйшлося акружыць кардонам грэнадзёр Цыцыянава. Нейкіх немцаў ледзь удалося вырваць з рук раз’юшанага натоўпу.  І ўсур’ёз прымусіў прызадумацца той факт, што сярод бела дня на плошчы перад кляштарам айцоў езуітаў быў спалены партрэт прускага караля, а імёны яго прыспешнікаў у польскім сейме былі вывешаны на пасмешышча шматлікай публікі, якую казакам удалося разагнаць толькі з дапамогай нагаек [8, с. 326].

Каб зламаць апазіцыю, нешматлікую, але вельмі актыўную, Сіверс з першых жа дзён сейма стаў прыбягаць да жорсткіх мер. У сваім  лісце з Варшавы ад 28 чэрвеня генерал Ігельстром раіў яму для ўтаймавання “польскіх энтузіястаў” увесці ў горад 4 батальёны егераў з гарматамі. Горад падзяліць на 4 участкі і кожны ўчастак даручыць аднаму батальёну. Кожны ўчастак падзяліць на 4 кварталы, каб на кожную роту прыходзілася па аднаму кварталу. Ігельстром раіў устроіць гауптвахту, пікеты і рэзервы, падтрыманыя гарматамі. Ніхто не павінен увайсці ў горад або выйсці з яго без дазволу Сіверса. У час сеймавых пасяджэнняў усе жыхары горада павінны сядзець па сваіх хатах. Усе дарогі, якія вядуць з Гродна, на адлегласці чвэрці мілі заняць салдатамі і карабінерамі. Такі парадак, пісаў генерал, уведзены хоць на 3 дні,  установіць спакой і зробіць вас дыктатарам [3, с. 90–91].

Некаторыя з прапанаваных мер былі прыменены Сіверсам. 1 (12) ліпеня нехта Павел Прок, відаць, прадстаўнік дыпламатычнага корпуса Сіверса, пісаў з Гродна невядомаму адрасату: “Грод со всех сторон окружен нашими войсками, и дабы воспрепятствовать разшествию сейма, то на сей конец более уже не выпускают отселе никого. Все пути снабжены нашими караулами” [9, арк. 2].

Каб прымусіць сейм на ўступку сваіх зямель Прусіі, 22 жніўня (2 верасня) Сіверс пайшоў на дэманстрацыю ваеннай сілы. Ён рушыў у горад атрады, якія размяшчаліся ў ваколіцах. Яны занялі ўсе выхады з Гродна і найважнейшыя вуліцы. Без білета ад рускага каменданта ў той дзень ніхто не мог выйсці са свайго дома. Каралеўскі замак быў акружаны дзвюма ротамі грэнадзёраў з чатырма гарматамі. Пры іх стаялі артылерысты з запаленымі кнатамі. У двары замка і ў калідорах была расстаўлена моцная ахова. Генерал Раутэнфельд з групай афіцэраў размясціўся ў сеймавай зале, каб не дапусціць арбітраў і наогул дапамагаць вялікаму маршалку літоўскаму ў захаванні парадку. Прынятыя меры Сіверс растлумачыў у лісце, які ён уручыў графу Тышкевічу, тым, што дайшлі чуткі аб існаванні змовы супраць караля, сеймавага маршалка і іншых найбольш значных удзельнікаў сейма [3, с. 173].

Але тое, што адбылося 23 верасня, было сапраўды экстраардынарным. Рускі пасол ужыў адносна сейма нябачныя да таго ў гісторыі парламентарызму сродкі. На світанку 23 казакі выхапілі прама з ложкаў і вывезлі з Гродна чатырох апазіцыянераў: Шыдлоўскага, Скажыньскага, Яна Краснадэмбскага і Дыянісія Мікорскага. Замак зноў быў аточаны войскамі і гарматамі з жароламі, накіраванымі на палац. Пры гарматах стаялі кананіры з запаленымі кнатамі. Паслы прыйшлі ў жах, убачыўшы, як з імі збіраюцца абысціся. Ціхія і панурыя, праходзілі яны праз строй грэнадзёраў і займалі свае месцы ў зале. Увайшоў кароль. Расійскі генерал Раутэнфельд заняў месца пры каралеўскім троне і абвясціў сабраным паслам, што не выпусціць іх, пакуль не падпішуць трактат з Прусіяй. Так пачыналася знакамітае “нямое пасяджэнне”, якое ўвайшло ў еўрапейскую гісторыю і школьныя падручнікі.

У Гродне пілі, балявалі і ...рабілі гісторыю: гісторыю нашай Бацькаўшчыны і гісторыю Еўропы.

 

Крыніцы літаратура

 

1.       Mann, Z. Stanisław August na sejmie ostatnim / Z.Mann. Warszawa, 1938.

2.       Kraszewski, J. Polska w czasie trzech rozbiorów 1772—1799. T. III: 1791–1799. / J.Kraszewski. Warszawa, 1903. 

3.       Иловайский, Д. Гродненский сейм 1793 последний сейм Речи Посполитой / Д.Иловайский. − М., 1870.

4.       Kraszewski, J. Sceny sejmowe. Grodno 1793. / J-Kraszewski. Warszawa, 1932. Cz. 1–2.

5.       Mościcki, H. Dzieje porozbiorowe Litwy i Rusi. T.I: 1772–1800 / H.Mościcki. Wilno, 1883.

6.       Zamojski, A. Ostatni król Polski / A.Zamojski. Warszawa, 1992.

7.       Zahorski, A. Spor o Stanisława Augusta / A.Zahorski. Warszawa, 1990.

8.       Реймонт, В. Последний сейм Речи Посполитой: Роман  / В.Реймонт; / пер. с польск. Е.Троповского. Мн., 1994.

9.       Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 899. Воп. 1. Спр. 984 “Записка П.Крока о заседании польского сейма. 2/13 июля 1793 г.”.

 

 

 

 

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

 

 
 

Партнеры проекта

© Проект Гецевича Андрея©Мястэчкі Беларусі©Віртуальная Іўеўшчына 2008 разработка alfas 2006