Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі і культуры

Артыкул/Статья

?>

 
 

  


Городки

 

 

І.І. Коўкель
(Гродна, ГрДУ імя Я.Купалы)

ДЗЕЙНАСЦЬ ПРЭЗІДЫУМА РАДЫ І УРАДА БНР У ГРОДНА
(СНЕЖАНЬ 1918 – САКАВІК
1919 г.)

Калі ў лістападзе 1918 г. пачалося вызваленне Беларусі ад нямецкіх акупантаў, Прэзідыум Рады і ўрада БНР спачатку пераехалі ў Вільню, а затым перабраліся ў Гродна, якое яшчэ знаходзілася пад кантролем нямецкіх войск. Немцы абяцалі перадаць Віленскую і Гродзенскую губерні пад упраўленне Літвы. Літоўскі ўрад, не маючы ўласных сіл асвоіць гэтыя тэрыторыі, заключыў пагадненне з Віленскай беларускай радай, выдзеліў ёй у складзе Тарыбы 6 дэпутатскіх месц і стварыў Міністэрства беларускіх спраў. Кіраўніком Міністэрства быў зацверджаны былы Старшыня Народнага Сакратарыята БНР Іосіф (Язэп) Варонка [2, с. 23].

Прэзідыум Рады і урад БНР сустрэлі пагадненне з Літвой з энтузіязмам. Яно давала ім магчымасць выкарыстаць тэрыторыю Літвы як базу для фарміравання беларускай арміі, з дапамогай якой яны разлічвалі зацвердзіць сваю ўладу на тэрыторыі Беларусі. Перабраўшыся ў Гродна, яны адразу ж памянялі сваю знешнепалітычную арыентацыю – з Германіі на краіны Антанты. Вось што аб гэтым пісаў у сваіх уласнаручных паказаннях следчым НКУС БССР 30 кастрычніка 1939 г. тагачасны Старшыня Савета Міністраў БНР А.Луцкевіч: “Для  нас было зусім ясна, што пасля ваеннага разгрому Германіі роля яе на Усходзе і ў прыватнасці ў Беларусі кончылася сама сабой. Цяпер лёсы Еўропы будуць вырашаць пераможцы – перш за ўсё Англія і Францыя” [8, с. 144]. Таму Прэзідыум Рады і урад БНР прыкладалі ўсе намаганні, каб накіраваць у Парыж, дзе пачынала сваю працу міжнародная канферэнцыя па пасляваеннаму ўладкаванню Еўропы беларускую дэлегацыю, якая павінна была дамагчыся прызнання незалежнасці Беларусі і абароны яе тэрыторый ад пасягальніцтва як з боку Савецкай Расіі і расійскага белага руху, так і Польшчы, марыўшай аб аднаўленні Рэчы Паспалітай у граніцах да 1772 г. [2, с. 144].

Але для паездкі дэлегацыі ў Парыж патрэбны былі сродкі, якіх ва ўрада і Прэзідыума Рады БНР не было. Каб раздабыць грошы, урад БНР яшчэ ў снежні 1918 г., калі знаходзіўся ў Вільні, накіраваў у Кіеў намесніка Старшыні Савета Міністраў А.Смоліча, спадзяючыся атрымаць крэдыт ад урада Украінскай Народнай Рэспублікі, які абяцаў такую дапамогу А.Луцкевічу ў час яго знаходжання на Украіне ў якасці кіраўніка беларускай дэлегацыі ў верасні – кастрычніку 1918 г. Пазней на дапамогу А.Смолічу ў Кіеў былі накіраваны міністр юстыцыі А.Цвікевіч і выконваючы абавязкі міністра фінансаў В.Захарка [1, с. 314, 329, 333-334].

Пакуль Смоліч, Цвікевіч і Захарка вялі перагаворы з Пятлюрам і Віннічэнка аб прадстаўленні крэдыту, ураду БНР, перабраўшамуся з Вільні ў Гродна, прыйшлося ўступіць у барацьбу супраць анексіі беларускіх зямель з боку Польшчы. Правячыя колы Польшчы яшчэ 28 лістапада 1918 г. аб’явілі выбары ва Уставадаўчы сейм Польшчы ў Беластоцкім і Бельскім уездах Гродзенскай губерні, а пазней у Аўгустоўскім уездзе Сувалкаўскай губерні, заселеных у пераважнай большасці беларусамі. 31 снежня 1918 г. польскае вайсковае камандаванне акругі Літвы і Беларусі ад імя польскага урада абвясціла ў Вільні ўсеагульную мабілізацыю мужчынскага насельніцтва ва ўзросце ад 17 да 50 гадоў, у тым ліку і беларусаў. У сувязі з гэтым урад БНР накіраваў польскаму ураду тры ноты пратэсту – ад 14 снежня 1918 г., 2 і 3 студзеня 1919 г., расцаніўшы гэтыя акцыі як “грубае насілле над суверэннымі правамі беларускага народа” [1, с. 314, 316. 317].

Адначасова ноты пратэсту былі накіраваны ўраду Германіі і дыпламатычным прадстаўнікам ЗША, Велікабрытаніі, Францыі і Італіі ў  Спа, у якіх паведамлялася аб агрэсіўных акцыях суседніх дзяржаў у адносінах да БНР. У нотах канстатавалася, што нямецкая акупацыя пазбавіла беларускі ўрад магчымасці стварыць уласныя ўзброеныя сілы для абароны сваёй тэрыторыі, а гэта прывяло да таго, што Украіна, асноўваючыся на ўмовах несправедлівага Брэсцкага мірнага дагавора, захапіла 10 беларускіх уездаў Гродзенскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў, а Расійская Савецкая Рэспубліка акупавала ўсю Усходнюю Беларусь. “Цяпер польскія войскі, – гаварылася ў нотах, – прадпрыймаюць крокі па захопу заходняй часткі Беларусі – Віленскай і Гродзенскай губерняў, населеных пераважна беларусамі”. У нотах падкрэслівалася, што ўрад БНР “углядае ў гэтым парушэнне суверэнных правоў беларускага народа і пасягальніцтва на цэласнасць і незалежнасць Беларусі”. Не маючы  ваеннай сілы “для адпору захопніцкіх памкненняў суседзяў”, урад БНР звяртаўся да дзяржаў Антанты з просьбай “прыняць пад сваю  абарону тэрыторыю Беларускай  Народнай Рэспублікі” [1, с. 317-318].

У сувязі з капітуляцыяй Германіі і Аўстра-Венгрыі ў лістападзе 1918 г. краінамі Антанты ў Варшаве была створана спецыяльная  следчая камісія па польскіх справах. Яе ўзначаліў прыхільнік Польшчы, былы пасол Францыі ў Берліне Жан Камбон. Камісія павінна была выпрацаваць прапановы на Парыжскую мірную канферэнцыю па пытанню аб усходніх граніцах Польшчы [4, с. 17]. У канцы 1918 – пачатку 1919 гг. камісія накіравала ў Галіцыю, Заходнюю Беларусь і Літву, якія яшчэ знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй, свае дэлегацыі з заданнем сабраць канкрэтны матэрыял аб тэрытарыяльных прэтэнзіях Польшчы на “ўсходнія землі”. Азнаёміўшыся з абстаноўкай на месцы, камісія 20 студзеня 1919 г. прыняла рашэнне вызначыць умоўна як усходнюю граніцу Польшчы лінію па трэцяму падзелу Рэчы Паспалітай. На захад ад гэтай лініі Польшчы дазвалялася ўводзіць сваю адміністрацыю, праводзіць выбары ў сейм і органы мясцовага самакіравання [4, с. 17].

У сувязі з тым, што Польшча выказала сваю гатоўнасць актыўна ўключыцца ў  барацьбу з бальшавікамі, то галоўнакамандуючы войскамі краін Антанты  маршал Фош 25 студзеня 1919 г. выдаў загад нямецкім акупацыйным уладам перадаць палякам – у акрузе Гродна – Беласток землі на захад ад лініі Брэст – Нарва – Крынкі – Кузніца – Новы Двор – Сапоцкін  і прапусціць праз гэтую лінію на ўсход польскія войскі [7, с. 41]. У адпаведнасці з загадам Фоша ў канцы студзеня 1919 г. немцы перадалі польскім уладам  вышэй вызначаную тэрыторыю, а 5 лютага 1919 г. заключылі ў Беластоку пагадненне, паводле якога згадзіліся прапусціць польскія войскі на ўсход праз Беласток, Гродна, Ваўкавыск [4, с. 17]. Але праз 4 дні, 9 лютага,  у Гродне было заключана дадатковае пагадненне, па якому з Гродзенскага ўезда, да заканчэння эвакуацыі нямецкіх войск, выводзіліся польскія часці, сфарміраваныя Самаабаронай зямлі Гродзенскай. Такім чынам, на падставе гэтага пагаднення польская акупацыя г.Гродна і Гродзенскага ўезда адкладвалася.

9 лютага 1919 г. польскія войскі ўжо ўвайшлі ў сутыкненне з Чырвонай Арміяй на лініі р.Неман (уверх ад Скідзеля), яго прытокаў Зельвянкі і Ружанкі і ў раёне Пружан і Кобрына [4, с. 17]. Да канца лютага 1919 г. нямецкае камандаванне перадало Польшчы беларускія землі з гарадамі Брэст, Пружаны, Ваўкавыск, Кобрын.

Урад і Прэзідыум Рады БНР спачатку не ведалі ні аб загадзе Фоша, ні аб нямецка-польскіх пагадненнях і прадаўжалі высылаць пратэсты урадам Польшчы, Германіі і краінам Антанты. У мемарыяле ад 22 студзеня 1919 г., накіраваным на імя старшыні Парыжскай мірнай канферэнцыі, урад БНР абаснаваў неабходнасць прызнання незалежнасці БНР на аснове права народаў на самавызначэнне і акрэсліваў прыкладныя яе граніцы, заснаваныя на этнаграфічным прынцыпе. Граніцы БНР ачэрчваліся  ад Дзвінску на поўнач ламанай лініяй да  станцыі Корсаўка, адтуль на ўсход да Ржэва, ад Ржэва ў паўднёва-заходнім накірунку да Бранска і далей па Дзісне, адтуль на захад крывой лініяй на Грэмяч, Ноўгарад-Северскі, Гарадню, вусце Прыпяці (на поўдзень ад іх), далей па Бугу і Нарэву да Беластока, агібаючы з захаду Беласток і Харошч, далей на  поўнач, уключаючы горад Аўгустоў. І далей ламанай лініяй праз Друскенікі, Эйшышкі, Новыя Трокі, Мусьнікі, Свянцяны да Дзвінску. “Горад Вільня, – падкрэслівалася ў мемарыяле, – стаіць на беларускай зямлі і літоўская граніца акружае яго паўкругам у радыусе 20 – 60 вёрст” [1, с. 321].

Скардзячыся на негатыўнае стаўленне нямецкіх вайсковых уладаў да беларускага нацыянальнага руху ў час акупацыі і анексіянісцкія памкненні палякаў у сувязі з эвакуацыяй нямецкіх войск, урад БНР прасіў старшыню Парыжскай мірнай канферэнцыі дапусціць на яе беларускую дэлегацыю, вырашыць беларускае пытанне і “аказаць дапамогу беларускаму народу ў яго дзяржаўным будаўніцтве ў этнаграфічна-гістарычных межах” [1, с. 327].

Прэзідыум рады, урад БНР і іншыя беларускія нацыянальныя арганізацыі рашуча пратэставалі таксама супраць так званай “плебістычнай акцыі”, якую ініцыіравалі польскія ўлады на  занятых беларускіх землях. Паводле ініцыятывы ксяндзоў паўсюдна пачалі стварацца парафіяльныя камітэты, якія актыўна збіралі подпісы сярод мясцовага насельніцтва з патрабаваннем аб уключэнні гэтых зямель у склад Польшчы. Але ўдзел у “плебістычнай акцыі” прымалі толькі каталікі. Праваслаўнае насельніцтва яе ігнаравала [4, с. 17].

Пратэсты ўрада БНР і скаргі беларускіх нацыянальных арганізацый прымусілі камісію Ж.Камбона спыніць  свавольства польскіх уладаў, і “плебістычныя акцыя” была забаронена [4, с. 17]. Правалілася і правакацыя, арганізаваная членам Рады БНР К.Цвірка-Гадыцкім (польскім вайсковым разведчыкам – І.К.) разам з палкоўнікам А.Янсанам, якія ад імя не існуючай Беларускай краёвай народнай рады ў Навагрудку накіравалі 23 сакавіка 1919 г. прэм’ер-міністру Польшчы І.Падарэўскаму пісьмо з хадайніцтвам аб уключэнні беларускіх зямель у склад Польшчы. Гэтае пісьмо І.Падарэўскі прыводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі ў якасці аргумента, што насельніцтва Беларусі жадае жыць у складзе польскай дзяржавы [11, с. 34].

Адбіваючы анексіяністскія манеўры польскіх урадавых колаў, Прэзідыум рады і ўрад БНР пры падтрымцы беларускіх палітычных партый і арганізацый наладжвалі сувязі з вайсковымі і дыпламатычнымі місіямі краін Антанты ў Літве, Германіі і на поўдні Расіі. Перагаворы ў Коўна і Берліне ад іх імя вялі В.Ластоўскі і Д.Сямашка, у Адэсе консул БНР С.Некрашэвіч і інш.

С. Некрашэвіч разам з палкоўнікам П. Вендтам устанавілі ў Адэсе цесны кантакт з галоўнакамандуючым узброеных сіл Антанты на поўдні Расіі французскім генералам Бартэлё і прасілі яго даць дазвол і аказаць дапамогу ў фарміраванні беларускай арміі. Бартэлё даў згоду, але супраць гэтага выступіла камандаванне Расійскай Дабраахвотніцкай арміі. Галоўны інспектар Дабраахвотніцкай арміі генерал Шварц выдаў нават загад, забараняючы фарміраванне беларускіх вайсковых часцей. Загад быў апублікаваны ў газетах. Але, як вынікае са справаздачы С.Некрашэвіча, французы па настаянню беларусаў паўторна далі згоду на фарміраванне беларускіх нацыянальных войск, і ў Адэсе пачала фарміравацца беларуская дывізія. Фарміраваў яе палкоўнік П.Вендт. Ён меў пасведчанне ўрада БНР, што з’яўляецца начальнікам штаба беларускай арміі [1, с. 552].

База для фарміравання беларускай арміі на поўдні Расіі была вялікай. Там знаходзілася многа воінаў-беларусаў, дэмабілізаваўшыхся з расійскай арміі, асабліва з былога Румынскага фронта. У канцы лютага 1919 г. у дывізіі ўжо налічвалася каля 1000 чалавек. Але ў сакавіку – красавіку 1919 г. французскія войскі пачалі эвакуацыю з Адэсы. Хутка яе пакінула і Расійская Дабраахвотніцкая армія. Рыхтавалася да эвакуацыі і беларуская дывізія, аднак палкоўнік Вендт застаўся ў Адэсе і перайшоў на бок бальшавікоў. З прыходам бальшавікоў на базе дывізіі пачалося фарміраванне беларускай савецкай брыгады. Хутка ў яе шэрагах налічвалася каля 10 тыс. чалавек [1, с. 553].

Нацыяналістычна настроеныя афіцэры, як сведчыць С.Некрашэвіч, хацелі перадыслакаваць брыгаду ў Мінск, каб “выгнаць адтуль маскоўскіх камісараў”. З гэтай мэтай А.Баліцкі ездзіў у Мінск. Але савецкае камандаванне не дало згоды на гэта, а ў Адэсе пачалося паўстанне атамана М.Грыгор’ева. Да яго прымкнуў і камандзір беларускай брыгады П.Вендт. Паўстанне ў хуткім часе было падаўлена. Вендт збег з Адэсы, а брыгада была адпраўлена на фронт [1, с. 554]. Такім чынам, сфарміраваць беларускую армію на поўдні Расіі з дапамогай французскіх інтэрвентаў Прэзідыуму рады і ўраду БНР не ўдалося.

Крыху лепш абстаялі справы па фарміраванню беларускай арміі ў Літве. У снежні 1918 г. літоўскаму ўраду ўдалося дабіцца ад немцаў згоды на фарміраванне літоўска-беларускай арміі. На пасаду намесніка міністра абароны Літвы быў прызначаны генерал ад інфатэрыі К.А.Кандратовіч. У Вільні адразу ж пачалося фарміраванне беларускіх часцей. Але хутка работа ў гэтым напрамку была спынена, бо літоўскаму ўраду прыйшлося эвакуавацца ў Коўна [8, с. 23].

Калі ж урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў перабраліся ў Гродна, тут адразу ж аднавілася работа і па фарміраванню беларускай арміі. Дазвол на фарміраванне першага беларускага палка ў Гродне немцы далі 1 лютага 1919 г. Але міністр беларускіх спраў Літвы І.Варонка абвясціў мабілізацыю мясцовага насельніцтва ў полк яшчэ за тры дні  да афіцыйнага дазволу – 29 студзеня [5, с. 275]. У выніку мабілізацыйных мерапрыемстваў у сярэдзіне лютага 1919 г. у палку ўжо знаходзіліся 30 афіцэраў і 63 салдаты [5, с. 275].

Як бачна з прыведзеных лічбаў, вынікі  мабілізацыі былі мізэрнымі, ды і мабілізаваныя вялі сябе непрыстойна. У казармах працвітала п’янства, часта ўзнікалі сваркі і нават бойкі. Нямецкй жандармерыі часта прыходзілася сілай наводзіць у казармах парадак [5, с. 275].

Але з цягам часу становішча выправілася. Намаганнямі ваеннага каменданта горада капітана М.Дзямідава ў гарадах і мястэчках Заходняй Беларусі, якія знаходзіліся яшчэ пад кантролем немцаў, былі адкрыты вярбовачныя бюро і прыток добраахвотнікаў павялічыўся, асабліва за кошт беспрацоўных. Гэта дало магчымасць закончыць фарміраванне першага беларускага палка і пачаць фарміраванне другога.

У красавіку 1919 г. першы беларускі полк у Гродна ўжо налічваў 800 чалавек. Ён складаўся з чатырох рот пяхоты і эскадрона кавалерыі. Камандаваў паклком спачатку палкоўнік Лаўрэнцьеў, пазней палкоўнік Езавітаў [5, с. 275].

Фарміраванне другога беларускага палка не было завершана. Быў сфарміраваны толькі спецыяльны батальён, які падпарадкоўваўся каменданту горада. Ён налічваў каля 350 чалавек. У падпарадкаванні каменданта горада знаходзілася яшчэ група грэнадзёраў пад камандаваннем паручыка Бандарчука, узвод гусараў пад камандаваннем ротмістра М.Глінскага і вайсковы аркестр [5, с. 275].

Адначасова з фарміраваннем беларускіх войск урад і Прэзідыум Рады БНР, Міністэрства беларускіх спраў Літвы імкнуліся наладзіць на падкантрольнай яшчэ немцам тэрыторыі Беласточчыны, Віленшчыны, Гродзеншчыны і Сувальшчыны, дзе значную колькасць насельніцтва складалі беларусы, свае органы ўлады і мясцовага самакіравання – валасныя, уездныя і губернскія рады і камітэты. Да гэтага іх абавязвала грамата Рады БНР ад 28 лістапада 1918 г., а таксама дагавор Віленскай Беларускай рады з Літоўскай Тарыбай, якая з дапамогай беларусаў перашкодзіла захопу Польшчай гэтых зямель. Адказансць за стварэнне гэтых органаў была ўскладзена на дзяржаўных камісараў, якія былі прызначаны Міністэрствам беларускіх спраў Літвы ў снежні 1918 г. са згоды літоўскага ўрада. Дзяржаўным камісарам Беластоцкага ўезда быў прызначаны К.Езавітаў, Ваўкавыскага – К.Цярэшчанка, Дзятлаўскага – С.Бялевіч, Крынкаўскага – Л.Дзекуць-Малей, Гродзенскага – П.Крэчэўскі, Бельскага – А.Маеўскі, Сакулкаўскага – М.Касцевіч, Шчучынскага (Плянтаўскага) – М.Кашчанецкі [2, с. 24].

Для ўездных камісараў у Міністэрстве беларускіх спраў была распрацавана інструкцыя – як ствараць і кіраваць гэтымі органамі ўлады. Згодна з ёю ў валасцях сяляне павінны былі ад кожных дзесяці двароў выбраць упаўнаважаных, якія на валасным сходзе павінны былі выбраць валасную раду і камітэт у складзе 7 чалавек і аднаго прадстаўніка ва ўездны камітэт. Ва ўездзе, на ўездным з’ездзе валасных камітэтаў, выбіралася ўездная рада і зацвярджаўся ўездны камітэт з выбраных у валасцях прадстаўнікоў. Разам з урадавымі ўезднымі камісарамі яны і павінны былі кіраваць уезднымі, падпарадкоўвацца Міністэрству беларускіх спраў і Міністэрству ўнутраных спраў Літвы. У абавязкі камітэтаў уваходзіла прыняцце ўлады ад нямецкіх акупацыйных органаў, дапамога бедным, калекам, сіратам, удовам, ахвярам вайны, арганізацыя міліцыі для падтрымання парадку ў згодзе з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, школьнай справы, пошты, вызначэнне стратаў ад вайны, забеспячэнне працай беспрацоўных і малазямельных сялян, адбудова разбураных вайной гаспадарак, улік свабодных зямель для пазнейшай іх перадачы сялянам без выкупа на аснове прынятага ўладамі закона [2, с. 24]. Але амаль ніхто з назначаных камісараў не змог прыступіць да выканання сваіх абавязкаў. На тэрыторыі вызначаных ім уездаў ужо дзейнічалі польскія камісары і камітэты, якія падтрымліваліся нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Яны абапіраліся таксама на вайсковыя фарміраванні мясцовай польскай самаабароны (“Самаабароны зямлі Віленскай”, “Самаабароны зямлі Гродзенскай”, “Самаабароны зямлі Лідскай” і г.д.). На тэрыторыі Гродзенскага ўезда “Самаабарона зямлі Гродзенскай” мела 28 сваіх камендатур. Кантралявала ўсю тэрыторыю ўезда за выключэннем г.Гродна. Яна ж мела і ў горадзе Гродна глыбока заканспіраваную шматлікую падпольную вайсковую арганізацыю (ПАВ), якая налічвала некалькі соцень членаў [5, с. 274]. Аналагічным было становішча і ў іншых рэгіёнах. Немцы не хацелі канфліктаваць з палякамі. Калі М.Касцевіч прыбыў у Сакулку і паспрабаваў апублікаваць аб’яву аб сваім прызначэнні на пасаду ўезднага камісара і стварэнні валасных і ўезднага камітэтаў, нямецкі крэйзгауптман забараніў яму гэта зрабіць, матывуючы тым, што “беларуская агітацыя” можа выклікаць больш мацнейшую вялікапольскую, а гэта “будзе пагражаць спакою і парадку ва ўездзе”. З аналагічнымі праблемамі сутыкнуліся беларускія камісары ў Беластоку, Бельску, Крынках, Шчучыне. Нічога не дабіўшыся, яны вымушаны былі вярнуцца назад у Гродна, у распараджэнне Міністэрства беларускіх спраў. Некаторыя з іх нават былі арыштаваны палякамі, як гэта мела месца з Л.Дзекуць-Малеем у Крынках. Толькі з дапамогай А.Луцкевіча пры пасрэдніцтве польскага камісара ў Гродна С.Іваноўскага (роднага брата В.Іваноўскага – І.К.) ён быў вызвалены з турмы.

Немцы, баючыся беспарадкаў на падкантрольнай тэрыторыі, супрацьдзейнічалі і арганізацыі беларускай міліцыі, не хацелі выдаваць ёй зброю. Калі гродзенскі ўездны камісар П.Крэчэўскі прапанаваў немцам выдаць на ўзбраенне гродзенскай міліцыі 500 вінтовак, апошнія заявілі, што зброя будзе выдадзена толькі ў апошні момант, калі пачнецца вывад нямецкіх войск.

На гэтым дзейнасць Прэзідыума Рады і ўрада БНР у г.Гродна практычна скончылася. Украінскі крэдыт урад БНР атрымаў. Ён склаў 4  млн. украінскіх карбаванцаў, прыкладна 4,4 млн. нямецкіх марак (тагачасны курс 90 карбаванцаў – 100 нямецкіх марак). Частку крэдыту беларуская дэлегацыя атрымала наяўнымі, прыкладна 1 млн. карбаванцаў у расійскай і ўкраінскай валюце, астатнія сумы былі пераведзены двума пераводамі (прыкладна па 1,6 млн. нямецкіх марак) у банкі Вены і Берліна. Але на берлінскі перавод савецкі ўрад налажыў арышт, і ўрад БНР змог атрымаць толькі венскі перавод, усяго, разам з наяўнымі, прыкладна 2,5 млн. нямецкіх марак [1, с. 346, 350, 351].

Атрымаўшы грошы, беларуская дэлегацыя выехала ў Парыж. У яе склад уваходзілі А.Луцкевіч (старшыня), генерал К.А.Кандратовіч, былы член IV Расійскай Дзяржаўнай Думы А.Азнабішын і капітан Я.Ладноў, які  прыехаў з Адэсы. Хутка ён атрымаў званне палкоўніка і быў назначаны ваенным міністрам урада БНР. Першымі выехалі ў Парыж генерал К.А.Кандратовіч і А.Азнабішын. Яны  рыхтавалі глебу для працы дэлегацыі. А.Луцкевіч, не маючы французскай візы, выехаў у Парыж толькі ў канцы мая 1919 г.

 

Крыніцы і літаратура

 

1. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікаі: У 2-х кн.: Т.1. – Кн. 1 / склад. С.Шупа. – Вільня-Нью-Ёрк-Менск-Прага: Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Таварыства беларускага пісьменства, 1998. – 860 с.

2. Багалейша, С. Дзейнасць Міністэрства беларускіх спраў у 1918 – 1924 гг. / С.Багалейша // Беларускі гістарычны часопіс. – 2005. – № 9 (74). – С. 22-26.

3. Брыгадзін, П. “Іменем беларускага народу...” Матэрыялы і дакументы аб дзейнасці Міністэрства беларускіх спраў. 1918 – 1919 гг. / П.Брыгадзін, У.Ладысеў // Беларуская мінуўшчына. – 1997. – № 2. – С. 26-31.

4. Волаціч, М. Лінія Кэрзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зменаў у Усходняй Еўропе / М.Волаціч // Спадчына. – 1993. – № 6. – С. 16-33.

5. Коўкель, І.І. Рэвалюцыйны і грамадска-палітычны рух у 1917 – 1920 гг. / І.І.Коўкель, А.М.Чарнякевіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Гродна / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.].– Мн.: БелЭН, 1999. – С. 271-277.

6. Latyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe. 1917 – 1923. / O.Latyszonek. – Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1995. – 273 s.

7. Мигун, Д.А. Германия и Беларусь: уроки истории (1914 – 1922 годы) / Д.А.Мигун.– Мн.: РИВШ БГУ, 2001. – 63 с.

8. Ружанцаў, А. Беларускія войскі ў Літве. 1918 – 1920. Кароткі вайскова-гістарычны агляд / А.Ружанцаў //  Спадчына. – 1993. – № 4. – С. 23 – 32.

9. Собственноручные показания А.И.Луцкевича 30 октября 1939 г. / подг. к публ. В.Н.Михнюк, Н.М.Климович, А.Н.Гесь // Неман. – 1995. - № 1. – С. 127 – 162.

10.   Чарнякевіч, А. Гарадзенскія апосталы. Беларускі нацыянальны рух у Гародні (1918 – 1920 гады) / А.Чарнякевіч. – Гродна, 1999. – 49 с.

11.    Чарнякевіч, А. Хроніка беларускага нацыянальнага руху ў Гродна ў 1919 – 1920 гадах. Рукапіс. – 53 с.

 

 

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

 

 
 

Партнеры проекта

© Проект Гецевича Андрея©Мястэчкі Беларусі©Віртуальная Іўеўшчына 2008 разработка alfas 2006