|
У канцы ХV – пачатку ХVІ ст.,
калі змаганне за першынство ва ўсходнеславянскім
рэгіёне паміж Вялікім княствам Літоўскім і
Вялікім княствам Маскоўскім перайшло ў стадыю
перманентных войнаў, на ўсходзе Беларусі была
праведзена цэлая акцыя па рамонту старых і
будаўніцтву новых абарончых збудаванняў. У
большасці выпадкаў гэта былі замкі ў дзяржаўных
гарадах. У іх ліку можна назваць крэпасці
Азярышча, Бабруйск, Барысаў, Браслаў, Віцебск,
Гомель, Дрысвяты, Крычаў, Любашаны, Магілёў,
Мсціслаў, Мядзел, Орша, Полацк, Прапойск,
Радамль, Рэчыца, Чачэрск і інш. Былі тут і
прыватнаўласніцкія замкі: Баркалабава, Бялынічы,
Быхаў, Галоўчын, Горы, Друцк, Дуброўна, Копысь,
Круглае, Смальняны, Цяцерын, Шклоў, Усвяты і
інш.
Шклоў выгодна вылучаўся сярод
іншых прыватнаўласніцкіх абарончых збудаванняў
як сваім геаграфічным становішчам (на беразе
Дняпра, фактычна быў паўночным фарпостам
Магілёва), так і арыгінальнасцю самой сістэмы
абарончых збудаванняў.
Надзвычай важную ролю ў абароне
ўсходніх рубяжоў Вялікага княства Літоўскага
Шклоў адыграў падчас вайны з Маскоўскай
дзяржавай 1654 – 1667 гг. У гады вайны горад
некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. У 1655
г. рускі цар Аляксей Міхайлавіч размясціў тут
сваю часовую стаўку. У 1660 г. горад быў
вызвалены, у 1666 г. ізноў заняты рускімі
войскамі і вернуты да ВКЛ у 1667 г.
У беларускіх архівасховішчах
матэрыялаў па гісторыі Шклова і Шклоўскага
графства практычна не захавалася. Асноўныя
звесткі пра абарончыя збудаванні Шклова ў ХVІ
ст. прыведзены М.А.Ткачовым паводле расійскіх
крыніц, у прыватнасці, паводле апісання
Шклоўскіх гарадскіх умацаванняў, зробленага па
загаду царскага ваяводы І.М.Талачанава ў 1657 г.
[1; 4, с. 138 - 146].
Працуючы ў архівасховішчах
Кракава нам пашчасціла знайсці магчыма адно з
самых ранніх і дакладных апісанняў абарончых
збудаванняў г. Шклова, датаванае 1650 г. [2].
Горад за сваю доўгую гісторыю змяніў некалькіх
уладальнікаў. Так, да 1524 г. ён належаў
Гаштольдам, з сярэдзіны ХVІ ст. – Хадкевічам, ў
сярэдзіне ХVІІ ст. перайшоў да Сяняўскіх, а з
1731 г. з’яўляўся ўласнасцю князёў Чартарыйскіх.
Менавіта ў архіве князёў Чартарыйскіх у Кракаве
захоўваецца цэлы комплекс дакументаў па гісторыі
Шклоўскага графства за ХVІ – ХІХ ст. Такім
чынам, з’явілася цікавая мажлівасць параўнаць
апісанні абарончых збудаванняў Шклова, зробленыя
гаспадарамі ў 1650 г. і захопнікамі ў 1657.
Дакумент, які мы паклалі ў
аснову гэтага артыкула, называецца “Інвентар
горада Шклова, мястэчак і ўсёй воласці, што да
яго належыць … пана Мікалая Іераніма Сяняўскага
… 1650 г.” [2, арк. 1.]. Інвентар мае адметнасць
ад іншых крыніц такога рода, ён утрымлівае
своеасаблівую прэамбулу (пачатковы,
непранумераваны аркуш), напісаную аўтарам
інвентара Станіславам Збойшам Богушам,
адрасаваную і прысвечаную ўдаве уласніка
ўладання. Цікава, што С. Богуш называе свой твор
“дыярыюшам” і паведамляе, што пісаўся ён дзень у
дзень “у такой вялікай воласці” на працягу
васьмі гадоў, г.зн. прыблізна з 1642 г. па 1650
г. Сапраўды, дакумент састаўлены даволі
падрабязна, складальніку прыйшлося аб’ехаць усе
вёскі і мястэчкі ўладання і зрабіць як іх
апісанне, так і правесці дакладны ўлік зямлі,
людзей, іх павіннасцей і падаткаў і інш. Пазней
гэтым інвентаром карысталіся пры правядзенні
наступных рэвізій і перапісаў. Разам з тым
Станіславу Богушу, які расказваў у згаданай
прэамбуле пра сваю доўгую і цяжкую працу па
складанню інвентара, спадзеючыся на ўзнагароду,
поўнасцю давяраць нельга. Справа ў тым, што
менавіта ён, Станіслаў Богуш, быў значна раней
(аб чым, магчыма, не ведала ўласніца ўладання),
“на рэвізію ад яснавяльможнага ягомосці пана
Адама Гераніма з Гранова Сяняўскага (папярэдняга
ўладальніка – В.Г.), графа на Шклове і Мышы, да
Шклова прысланы 29 студзеня 1643 г.” [5, арк.
1], і склаў у тым жа годзе падрабязны 233
аркушавы інвентар графства.
Шклоўскія абарончыя збудаванні
складаліся з двух частак. Асноўнай была
спецыяльна збудаваная фартыфікацыйная сістэма,
якая ўяўляла сабой комплекс штучна насыпаных
земляных валоў з абарончым парканам, рэдутаў з
башнямі, брамамі, спецыяльнымі вышкамі для
стральбы – стрэльніцамі, штучнымі ставамі і інш.
Гэтая абарончая сістэма акружала ўвесь горад.
Даўжыня гарадскога валу з парканам складала 3645
¼ локцяў [2, арк. 2 адв.].
Цэнтральным ядром усёй сістэмы
абарончых збудаванняў з’яўляўся замак, які стаяў
асобна, хутчэй за ўсё ўнутры згаданай
фартыфікацыйная сістэмы. Менавіта праз замак
можна было ўвайсці ў горад. Сцверджанні
М.А.Ткачова аб тым, што замак быў пабудаваны на
востраве сярод штучнага става, ўтворанага на р.
Шклоўка (Язона) [3], выяўленымі намі крыніцамі
не пацвярджаюцца. Штучнымі ставамі і, магчыма,
ровамі, была абкружана сістэма гарадскіх валаў,
у тых месцах, дзе іх не прыкрываў Днепр. Да
кожнай брамы, якая была пабудавана на вале, вёў
праз стаў, роў ці раку мост.
Вось, напрыклад, як апісаны
замак у інвентары 1643 г.: “Той замак … з дрэва
збудаваны, з аднаго боку, ад ракі называемай
Язона, парканам абнесены, а з другога боку
астрогам абстаўлены. Да замка праз раку Язону
ідзе мост, на ізбіцах у звод перад брамай, на
чопах жалезных і вароты ўяздныя падвойныя на
бегунах адны… З таго ж замку новыя вароты да
горада вядуць…” [5, арк. 1].
Інвентар г. Шклова і воласці за
1650 г. пачынаецца з “Апісання і вымярэння
паркана вакол горада Шклова, які пачаў будавацца
ў 1648 г., а быў скончаны ў 1650 г.” [2, арк.
1]. Такім чынам, мы маем дакладную дату пачатку
і завяршэння будаўніцтва і рамонту абарончай
сістэмы г. Шклова перад вайной з Маскоўскай
дзяржавай 1654 – 1667 гг. У тэксце прыводзіцца
абмер усіх абарончых збудаванняў і паказваецца
адлегласць паміж імі, у многіх выпадках
адзначана з якіх матэрыялаў яны былі зроблены.
Давайце разам пройдзем па ўсёй абарончай сістэме
сярэднявечнага Шклова.
“Рэдута першая, над Дняпром,
Замкавая, вуглавая, з дубу збудаваная і зямлёй
насыпаная, парканам “у ізбіцу” абведзеная,
пакрытая драніцамі прыбітымі жалезнымі цвікамі”
[2, арк. 1]. На гэтай рэдуце стаяла сасновая
вежа (башта). Агульная даўжыня рэдуты (“вакол”)
складала 92 локці. З рэдуты ў крапасны вал вёў
патаемны ход (“патаемнік”), які зачыняўся дзвюма
дзвярыма.
Да другой рэдуты, якая таксама ў
крыніцы названа Замкавай, але была размешчана
каля сажалкі, вёў абарончы вал з парканам
даўжынёй 157 ½ локцяў. Рэдута таксама была
зведзена ў “ізбіцу” і зверху мела дах – была
пакрыта дорам ад непагадзі, вакол яна складала 8
½ локцяў.
Ад гэтай рэдуты да Новай Брамы
(адкрывала дарогу ў “прыгарадак” – В.Г.) праз
сажалку быў насыпаны вал з парканам “у ізбіцу”,
пакрыты драніцамі. Даўжыня вала складала 251 ½
локаць, брама “вакол ад става” – 25 локцяў. З
гэтай брамы, якая мела двое дубовых варот на
жалезных чопах, праз саджалку ішоў новазбудаваны
дубовы мост. Пры браме была размешчана
“новазбудаваная турма для вязняў” [2, арк. 1
адв.].
“Ад брамы да трэцяй рэдуты, якая
стаяла каля могілак, быў насыпаны вал з
парканам, як і першыя валы” [2, арк. 1 адв.].
Даўжыня яго складала 112 ½
локцяў, а рэдута “вакол ад
ставу” 71 ½ локаць.
Ад гэтай рэдуты ўздоўж могілак і кляштара да
Старой брамы, якая яшчэ называлася Моставай
(каля яе планавалася пабудаваць новую рэдуту,
відаць, яна якраз і будавалася падчас апісання),
ішоў вал с парканам даўжынёй 409 ½ локцяў. Новая
рэдута павінна была скласці вакол 70 локцяў,
праз яе ўжо была зроблена фортка з падвойнымі
дубовымі пад’ёмнымі дзвярыма з засоўкамі і
калодкай на ланцугу.
З гэтага ж месца ў другі бок, да рэдуты Вуглавой,
што размяшчалася каля прадмесця названага
Перакоп, ішоў вал з парканам даўжынёй 210 локцяў.
Рэдута была зроблена з дубу і абгарожана
парканам, які быў зроблены “у ізбіцу і дорам
пакрыты”, а на рэдуце стаяла “новазбудаваная
башта”. З гэтай башты-вежы ішоў “патаемнік” у
вал, закрыты моцнымі падвойнымі дзвярыма “на
бегунках”. Даўжыня гэтай рэдуты вакол складала
100 локцяў.
“Ад той рэдуты ідучы да … (пашкоджаны тэкст,
напэўна “да брамы” – В.Г.) Цёмнай, валу
прыслонам і парканам агароджанага локцяў 322”
[2, арк. 1 адв.]. Каля брамы, якая мела
падвойныя вароты “на бегунах” была пабудавана
“іздебка” для стражы, а да самой брамы быў
падведзены новазбудаваны мост. Каля брамы, над
Дняпром, стаяла яшчэ адна Вуглавая рэдута,
даўжынёй 68 ½ локці. У гэтай рэдуце меліся
верхнія і ніжнія байніцы (“стрэльніцы”). Сама
яна была агароджана дубоваю сцяною і парканам “у
ізбіцу”, які таксама быў пакрыты дорам.
“Ад той рэдуты па-над Дняпром ідзе вал прыслонам
і парканам агароджаны да вежы, якая стаіць
насупраць вуліцы Хадзевічавай, даўжынёй 157 ½
локцяў, а вежа вакол 17 локцяў”
[2, арк. 2.].
“Ад той вежы да іншай, што
насупраць Шырокай вуліцы пабудавана, валу
прыслонам і парканам агароджанага 191 ½ локаць,
вежа вакол 18 локцяў” [2, арк. 2.]. З
адной і другой вежы меліся “форты да Дняпра з
моцнымі варотамі на бегунах” [2,
арк. 2.].
“Ад той вежы, валу прыслонам і
парканам агароджанага, да рэдуты Казловіцкай
локцяў 180, а самой рэдуты вакол ад
Дняпра 34 ½ локці. Ад той жа рэдуты Казловіцкай
валу, які па-над Дняпром знаходзіўся і быў
прыслонам і парканам агароджаны
– 627 локцяў” [2, арк.
2.].
Складальнік інвентара адзначыў, што на гэтым
участку трэба будзе паставіць яшчэ тры вежы, для
таго, каб “адна другую бараніла”. Тут ужо стаяла
адна вежа, якая мела вакол 26 ½ локцяў, з яе
ішла “форта да Дняпра з моцнымі дзвярыма на
бегунах”. Ад той жа вежы ішоў вал, прыслонам і
парканам агароджаны, даўжынёй 296 ¼
локцяў”
[2, арк. 2.].
На гэтым жа ўчастку, напэўна,
каб даваць адпор пры нападзенні з боку Дняпра,
была пабудавана вышка для стральбы – “стрэльніца
на слупах”.
Тут жа, на беразе Дняпра, стаяла “новазбудаваная
на двух сценах” Перавозная брама, даўжыня якой
“вокал ад Дняпра складала 29 локцяў”.
Гэтая брама мела дубовыя краты,
двое дубовых варот на жалезных “чопах і кунах”,
пад’ёмны механізм (круцёлка на ланцугу), які
прыводзіў у дзеянне спецыяльна пастаўлены
“варотны” чалавек, для размяшчэння якога над
брамай была пабудавана “іздебка” [2, арк. 2
адв.].
Ад гэтай брамы да суседняй вежы
ішоў агароджаны “прыслонам і парканам” вал
даўжынёй 102 локці, а вежа мела вакол 20
локцяў. Ад гэтай вежы ізноў жа
агароджаны “прыслонам і парканам” быў
насыпаны да замкавага млына вал
даўжынёй 315 локцяў. Тут таксама была выведзена
“стрэльніца на слупах”. “Млын вакол ад Дняпра
складаў 28 ½ локцяў”. Млын таксама ўяўляў
сабой абарончае збудаванне, у ім былі зроблены
дзве байніцы (стрэльніцы). Ад млына да
“падзамка” вёў вал, агароджаны прыслонам і
парканам, на якім былі “выведзены” некалькі “стрэльніц”.
Гэты вал ішоў да той рэдуты, ад якой пачалося
апісанне. Яго даўжыня складала 198 локцяў”
[2, арк. 2 адв.]. Такім, чынам,
кола фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада
замкнулася.
Складальнік інвентара адзначыў,
што “Сума з рэдутамі, брамамі, баштамі навокал
горада склала 4317 ¾ локцяў. З гэтай лічбы
рэдут, брамаў і баштаў, якія праз воласць
неабходна адрамантаваць і падправіць – 672 ½
локці. То вельмі цяжкая работа, цяжэйшая, чым
пабудова паркану на валу, які складае 3645 ¼
локцяў” [2, арк. 2 адв.].
С.Богуш апісаў і парадак працы
на будове Шклоўскага замку. “Той (паркан – В.Г.)
паводле майго вымярэння кожная вёска будавала з
грунту (у адпаведнасці с колькасцю зямлі ў вёсцы
– В.Г.), з рэдутамі і брамамі, на кожную валоку,
што належыць да замку: служебную, зямянскую,
баярскую, нават дажывотнікаў-застаўнікоў, як на
валокі аседлыя, так і на наездныя, па пяць
чвэртак локця было адведзена …” [2, арк. 3].
“Апісанне прыгарадка. Выехаўшы з
новай Моставай брамы і павярнуўшыся направа,
будуць вароты на прыгарадку, накрытыя, на
бегунах і з “верцядлам” (пад’ёмныя, з “круцёлкай
– В.Г.). Пры тых варотах замёт, які адным бокам
прыстаў да паркана, а другім да пуні, якая
пабудавана для захоўвання сена. Па дарозе да
замка ёсць яшчэ дзве пуні для сена, за імі
піўніца на ярыну дубовая, нядаўна збудаваная. За
пунямі размяшчалася саладоўня, з усім для яе
неабходным, у сенях быў бровар, а каля мосту
стаяла ізба. З правага боку, калі ўжо да замку
ісці, была псярня, агароджаная парканам. Каля
паркану стаяла пуня для хартаў (барзых). За
гэтымі пунямі знаходзіўся агарод для рознай
ярыны, абнесены парканам, які (агарод – В.Г.)
ішоў вакол замка, па-над сажалкай і валам.
Памерамі ён быў 1 морг 14 прутоў. У той агарод
ішлі вароты ад млына на бегунах” [2, арк. 3].
“Апісанне замку. Да яго мост
новы, дубовы, ідзе ад вала праз ваду, аж пакуль
у замак не ўваходзіць. Вароты падвойныя, на
чопах і бегунах з круцёлкай (“верцядлам”) і
калодкай (пад’ёмныя – В.Г.). На браме “іздебка”
для “варотнага” з усім неабходным, гонтам
крытая. Калі з той брамы зайсці ў замак, то з
левага боку стаіць рэдута, прыслонам і парканам
абкружаная. На ёй збудавана пакрытая гонтам
вазоўня…” [2, арк. 3 адв.].
Унутры замка знаходзіліся
таксама вялікі дом з залай; дом, дзе жыў
намеснік; дом гаспадарскі; дом кухенны; млын,
прызначаны для гарадской арэнды; свірны, стайня,
пякарня і бровар [2, арк. 4-7 адв.].
Інвентар змяшчаў і дакладны
пералік зброі і рыштунку, які знаходзіўся ў
замку:
“Гарматы.
Гармат бронзавых……………………2.
Гармат жалезных………………
…1
Гармат бронзавых узарваных…
2
/Жалезных узарваных?/ штук …
13
Маздерж жалезных…………
… 1
Форма латунная для гармат …
1
Скрыні для гармат ……………
… 5
Мушкетаў гайдуцкіх… ……
….100
Шабляў гайдуцкіх
37
Звон з вежы старога замка…
….1
Вёдраў скураных ……………
……4
Жалезных ланцугоў ……………
...2
Путы жалезныя…………………
….1
Kалодак……… …………………
...2
Kаганец жалезны…………………
.1
Дард …………… ……………
1
Крукоў жалезных…………………
..2
Разарваўшыхся гакаўніц
4
Жалезных кайданаў
1
Формачка жалезная для выліўкі
куль 1” [2, арк. 9.].
“Пораху
фунтаў 1947 ¼
Серы
фунтаў 304
Волава
фунтаў 218 ½
Жалеза для
ядраў 2
Ядраў жалезных
вялікіх 2
Ядраў для
гакаўніц 35
Куляў для
мушнкетаў
235
Харугва з кітайкі казацкая старая
1
Харугва гайдуцкая палатняная
1
Бубны казацкія медныя
2
Бубны гайдуцкія
2
Скрыня для захоўвання вялікая адна, у якой ад
зброі розных штук 11
Дзежка для пораху дубовая новая
1
Зброі
3
Шышакі 2
Kaрвашы
2
Mісюрка
1
Завяршаючы апісанне абарончых
збудаванняў Шклова 1650 г., адзначым, што ў
нашым распараджэнні таксама маецца апісанне
Шклоўскай фартэцыі 1715 г., якое таксама рыхтуем
для публікацыі. Спадзяемся, што гэтыя дакументы
будуць карысныя не толькі для даследчыкаў
вайсковай гісторыі Беларусі, але і для ўсіх
цікаўных.
Крыніцы і літаратура
1. Ткачоў, М. Шклоўскія
гарадскія ўмацаванні / М.Ткачоў // Энцыклапедыя
гісторыі Беларусі. Т. 6.
Кн.
ІІ.
Усвея
– Яшын.
Дадатак.
– Мн.,
2003. – С.
208 – 209.
2. Biblioteka Czartoryskich w
Krakowie. Arciwum i Zbiór Rękopisów. (Далей
-- Bibl. Czart.) Rkp. 9236.
3.
Ткачоў М.
Шклоўскі замак
/ М.Ткачоў
//
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.
Т.
6. Кн.
ІІ.
Усвея
– Яшын.
Дадатак.
–
Мн.,
2003. С.
207.
4.
Ткачоў М.А.
Замкі і людзі
/ М.А.Ткачоў. – Мінск:
Навука і тэхніка,
1991. –
184 с.
5. Bibl. Czart. Rkp. 9233. |
|