А.І. Борка
(Гродна,
ГрДУ імя Я.Купалы)
ГАРАДСКІ МАГІСТРАТ У ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ 1921 –
1939 гг.
Пасля заняцця тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1919 г.
польскімі войскамі і падпарадкавання яе
Грамадзянскаму ўпраўленню ўсходніх зямель пачалі
стварацца органы гарадскога самакіравання.
Распараджэннем Генеральнага камісара ўсходніх зямель ад
27 чэрвеня 1919 г. на тэрыторыю Заходняй
Беларусі, занятую польскімі войскамі,
распаўсюджвалася часовае гарадское палажэнне,
згодна з ім кіраўніцтва гарадскімі справамі
належыла магістрату, у склад якога ўваходзілі
бурмістр, яго намеснік і лаўнікі. Магістрат
першапачаткова прызначаўся наглядальнай ўладай,
якая мела права: унесці ў бюджэт выдаткі, якія
павінен быў пакрыць горад у сілу існуючых
пастаноў ці дамоўленасцей, зрабіць неабходныя
распараджэнні гораду, калі ён не выконваў сваіх
абавязкаў, абвяшчала незаконнасць пастаноў
магістрата, звальняла з займаемых пасадаў членаў
магістрата [1,
c. 114].
У адпаведнасці з гэтым распараджэннем ствараліся
магістраты ў гарадах: Брэсце, Ваўкавыску,
Кобрыне, Лідзе, Навагрудку, Новай Вілейцы,
Ашмянах, Пінску, Пружанах, Слоніме, Свянцянах [2,
с. 17].
У гарадах усходніх ваяводстваў
устанавілася сістэма мясцовага самакіравання,
падобная ў значнай ступені да сістэмы
самакіравання ў гарадах былога Польскага
Каралеўства. Вызначалася яна распараджэннем
Генеральнага камісара ўсходніх зямель ад 14
жніўня 1919 г. Аднак яно першапачаткова
распаўсюджвалася толькі на 19 гарадоў, якія былі
занятыя польскімі войскамі (Брэст-Літоўскі,
Друскенікі, Гродна, Кобрын, Ковель, Ліда, Луцк,
Лунінец, Навагрудак, Новая Вілейка, Ашмяны,
Пінск, Пружаны, Свянцяны, Слонім, Трокі, Вільня,
Владзімір-Валынскі, Ваўкавыск) [3, с. 46].
Пазней, 20 лютага 1920 г. быў выдадзены закон,
які дазваляў міністру ўнутраных спраў
распаўсюджваць на гарады былой расійскай
акупацыі дэкрэт ад 4 лютага 1919 г. аб гарадскім
самакіраванні [4, с. 318] (была павялічана
колькасць гарадоў з самакіраваннем да 68). На
астатнія гарады ў сувязі з блізкаcцю фронта або
з іншых прычын, якія не дазвалялі шляхам выбараў
устанавіць прапольскія органы гарадской улады,
дзе не магчыма было наладзіць нармальнай сістэмы
самакіравання, якая абапіралася б на ўсеагульных
выбарах, магістраты прызначаліся павятовай
уладай. Характар гарадоў выдзеленых са складу
павета на вызначанай тэрыторыі насілі гарады
Вільня, Гродна, Брэст-Літоўскі [5,
с. 181].
Магістрат з’яўляўся кіруючым і выканаўчым органам гміны
[3, с. 35]. Паводле распараджэння
Генеральнага камісара ўсходніх зямель членамі
магістрата ў Вільні, Гродне і Брэсце-Літоўскім
былі прэзідэнт, віцэпрэзідэнт, а таксама
лаўнікі, у іншых гарадах – бурмістр, яго
намеснік і лаўнікі. Яны ўтваралі прэзідыўм
магістрата [3, с. 28]. Трэба адзначыць,
што колькасць лаўнікаў вызначала гарадская рада,
аднак яна не павінна была перавышаць 10 % ад
агульнай колькасці радных, перавышэнне гэтага
працэнта патрабавала зацвярджэння рашэння
наглядальнай уладай [3, с. 30]. Магістрат,
паводле распараджэння Генеральнага камісара, як
і гарадская рада, выбіраўся да змяненяў 1933 г.
на 3 гады. Адной з умоў да кандыдата на пасаду ў
магістрат было веданне польскай мовы [3,
с. 32]. Вынікі па выбарах
членаў прэзідыўма магістрата зацвярджаліся
павятовым старастам, ваяводай або міністрам
унутраных спраў. У выпадку незацвярджэння
праводзіліся новыя выбары. Пасля паўторнага
незацвярджэння, адміністрацыйная ўлада
прызначала на пасаду члена прэзідыўма, які
працаваў да правядзення новых выбараў і
зацвярджэння іх вынікаў [3, с. 33].
У кампетэнцыю магістрата ўваходзілі: выкананне пастаноў
гарадской рады, кіраўніцтва гарадской маёмасцю і
яе інвентарызацыя; кіраванне гарадскімі
прадпрыемствамі, якія непасрэдна
падпарадкоўваліся магістрату, і выкананне
кантролю за прыватнымі; складанне гарадскога
бюджэта і прадстаўленне яго ў вызначаны тэрмін
гарадской радзе [3, с. 35]; распараджэнне
даходамі і выдаткамі гміны, размеркаванне
гмінных падаткаў і павіннасцей, згодна з
абавязваючымі законамі, распараджэннямі і
пастановамі гарадской рады; юрыдычнае
прадстаўленне гміны; справаздачы перад гарадской
радай (аб сваёй дзейнасці, выкананні бюджэту,
стане гміннай маёмасці і ўстаноў); прадстаўленне
павятоваму старасце, ваяводзе і гарадской радзе
прапаноў па вядзенню гміннай гаспадаркі;
выкананне абавязкаў даручаных дзяржаўнай уладай
і законамі. Выкананне некаторых абавязкаў
магістрат даручаў створаным камісіям [3, с. 36].
Магістрат па меры патрэбы дзяліўся на аддзелы
[6, с. 57], якія ў сваю чаргу складаліся з
рэфератаў [7]. Так, асноўнымі аддзеламі
Брэсцкага магістрата былі: адміністрацыйны,
падатковы, фінансавы, харчовы,
будаўніча-тэхнічны, рэгістрацыйна-статыстычны,
аддзел адукацыі і сацыяльнага забеспячэння,
санітарны [6, с. 57]. Ва многім структура
гарадскіх магістратаў залежыла ад
адміністрацыйных улад. Так, напрыклад, палесскі
ваявода ў 1929 г. не зацвердзіў рашэнне Пінскай
гарадской рады аб аб’яднанні адміністрацыйнага
аддзела з прэзідзіальным і скарачэнне штатных
супрацоўнікаў [8, л. 4].
У ІІ Рэчы Паспалітай на тэрыторыі былой расійскай
акупацыі, згодна з існаваўшым заканадаўствам,
параўнальна кампетэнцыі органаў гарадскога
самакіравання, перавага аддавалася выканаўчым
органам. Гэта выражалася ў магчымасці магістрата
аспрэчыць пастановы гарадской рады, члены
магістрата адначасова з’яўляліся і членамі
гарадской рады, што давала ім магчымасць
пашырыць уплыў на раду. Не менш значным
з’яўлялася незалежнасць членаў магістрата, а
таксама прэзідэнта ад рады. Напрыклад,
прэзідэнта горада мог вызваліць ад займаемай
пасады толькі прэзідэнт Рэчы Паспалітай [9,
с. 21].
У 1938
г. у Заходняй Беларусі існавалі наступныя
магістраты: Ваўкавыскі павет Беластоцкага
ваяводства – Ваўкавыск, Свіслач; Гродзенскі
павет – Гродна, Друскенікі, Індура, Крынкі,
Скідзель; Віленскае ваяводства: Браслаў,
Глыбокае, Дзісна, Докшыцы, Маладзечна,
Радашковічы, Ракаў, Ашмяны, Смаргонь, Паставы;
Навагрудскае ваяводства: Баранавічы, Ляхавічы,
Валожын, Ліда, Клецк, Нясвіж, Навагрудак,
Дзятлава (Здзенталь), Слонім, Стаўбцы,
Шчучын; Палескае ваяводства: Брэст,
Высока-Літоўск, Камянец, Драгічын,
Камен-Кашырск, Кобрын, Косава, Ружаны, Лунінец,
Пінск, Бяроза-Картузская, Пружаны, Столін [2,
с. 19-20].
Бурмістр з’яўляўся кіраўніком магістрата, ён таксама і
прадстаўляў яго. У надзвычайных выпадках
бурмістр асабіста вырашаў справы, якія
ўваходзілі ў кампетэнцыю магістрата [3,
с. 37]. Польскія ўлады вельмі часта праводзілі
з’еды павятовых бурмістраў, дзе разглядаліся
справы санітарыі, стану дарог і мастоў,
вайсковыя і справы самакіравання і г.д. [10,
л. 34, 51].
Прызначэнне на пасады бурмістраў непалякаў было досыць
рэдкай з’явай у пачатку 1920-х гг. Падбор кадраў
у магістраты не заўсёды адпавядаў выбарчай
арыфметыцы. Напрыклад, у Свянцянах, дзе палякі і
яўрэй атрымалі па 5 мандатаў радных, бурмістрам
і намеснікам бурмістра сталі палякі, і толькі
дзве пасады лаўнікаў былі размеркаваны паміж
яўрэямі і рускімі (стараабрадцамі). Аднак, у
Ашмянскай гарадской радзе, дзе раднымі былі 7
палякаў і 5 яўрэяў, намеснікам бурмістра быў
абраны яўрэй [11, с. 22]. Роля адміністрацыйных
улад пры фарміраванні магістратаў была значнай.
Так, напрыклад, у 1923 г. нясвіжскі стараста
загадаў бурмістру Клецка звольніць з пасады
некаторых членаў магістрата і прызначыць на іх
месца вызначаных старастам асоб [12, л.
2]. У 1927 г. гродзенскі павятовы стараста
звярнуўся да магістрата мястэчка Індура з
паведамленнем, што не зацвярджае выбраную радай
асобу на пасаду бурмістра і папярэджвае, што
калі пры паўторным галасаванні не будзе выбраны
і адпаведна зацверджаны ім бурмістр, то згодна з
законам стараста прызначыць яго самастойна [13,
л. 240]. У 1927 г. індурскі магістрат
складаўся з бурмістра – паляк, каталік;
віцэбурмістр – яўрэй; лаўнік – паляк, католік;
лаунік – яўрэй, усе яны па палітычнай
прыналежнасці былі беспартыйнымі [14, л.
19].
23 сакавіка 1933 г. быў
выдадзены закон ”Аб частковай змене арганізацыі
тэрытарыяльнага самакіравання”. Згодна з гэтам
нарматыўнам актам кіруючым і выканаўчым органам
гарадской гміны стала гарадское ўпраўленне,
замест існуючага магістрата [4, с. 51].
Тэрмін паўнамоцтваў гарадскіх органаў
павялічыўся з 3 да 5 гадоў [3, с. 53].
Увогуле трэба адзначыць, што
гэты закон узмацніў нагляд дзяржавы над органамі
самакіравання, у большай ступені падпарадкаваўшы
іх адміністрацыйным уладам [15, с. 43].
Праводзілася
таксама дыскрымінацыя беларускага прадстаўніцтва
ў органах мясцовага самакіравання, якая
выражылася ў іх дзейнасці і камплектацыі.
Л.Васілеўскі ў 1926 г. рэзка крытыкаваў іх,
адзначаў, што ў асноўным войты, павятовыя
сеймікі, бурмістры і лаўнікі паўсюдна
прызначаюцца, а не выбіраюцца. Выбарнымі ён
называе толькі гарадскія рады ў Вільні, Гродна і
Навагрудку. Проста ў вялікіх гарадах са знанай
колькасцю польскай інтэлігенцыі беларусу намнога
было цяжэй атрымаць перамогу на выбарах, і
польская адміністрацыя не баялася выбарнасці
рад. На думку Васілеўскага, для нармальнага
паўнавартаснага функцыянавання самакіравання
неабходна было выдаць адпаведныя распараджэнні
аб выбарах гмінных рад і абавязковым
зацвярджэнні старастамі выбраных насельніцтвам
войтаў на ўсёй “беларускай тэрыторыі”, правесці
нармальныя выбары гарадскіх рад, павятовых
сеймікаў і забяспечыць выкананне закону “Аб
дзяржаўнай мове і рабочай мове ва ўрадавых
установах і ўстановах самакіравання”, які
фактычна ні ў самакіраванні, ні ў адміністрацыі
не выконваецца.
[16, с.
45].
Прааналізаваўшы структуру,
дзейнасць гарадскіх магістратаў (пасля 1933 г.
гарадскіх упраўленняў) на тэрыторыі Заходняй
Беларусі ў міжваенны перыяд можна адзначыць, што
польскія адміністрацыйныя ўлады значную ўвагу
аддавалі асабоваму складу гарадскіх магістратаў,
дзе перавага аддавалася асобам, лаяльна
настроеным да польскіх улад, што пацвярджалася
зацвярджэннем або яе адмовай на пасады ў
выканаўчыя органы гарадскога самакіравання. На
працягу вызначанага прамежка часу назіралася ўсё
большая залежнасць у прыняцці розных рашэнняў
выканаўчых гарадскіх органаў ад органаў
павятовай адміністрацыі.
Крыніцы і літаратура
1.
Encyklopedja prawa obowiazującego
w Polsce.
Praca zbiorowa z udziałem
profesorów
uniwersitetów
polskih pod redakcja prof.
Peretiatkowicha.
Bohdan Wasiutynski.
Ustroj władz
administracyjnyh,
państwowyh
i samorządowyh.
Poznań,
1929. – 190 s.
2. Справочник учреждений
и организаций, действовавших на территории
Западной Белоруссии в 1919 – 1939 гг.. – Брест:
Государственный архив Брестской области,1972. –
88 с.
3. Ustroj
samorządy miejskiego w województwach wschodnich
(oras
w pow. grodzieńskim i wołkawyskim w woj.
biełostockiem).
Warszawa 1933. –
134 s.
4. Dziennik Ustaw
Rzeczypospoliteij Polskiej. Warszawa, 1920. – №
115. – Рoz. 91. – 514 s.
5. Podręcznik dla urzędów i
działaczy gminnych. Zebrał i opracował Bronisław
Wesołowski. Warszawa, 1923.
– 298 s.
6. Теребунь, А.В. Из истории
города Бреста межвоенного периода (по документам
Брестского магистрата 1919 – 1939гг.) /
А.В.Теребунь // Берасцейскі хранограф: зб.навук.
прац. Выпуск 1./ навук. рэд. В.Ф.Кушнер і П.А.
Лойка. – Брэст, 1997. – 87 с.
7.
Statut organizacyjnu
zarządu miejskiego miasta Brześcia n/B.
– 33 s.
8. Дзяржаўны архіў Брэсцкай
вобласці. – Ф.1. – Воп. 1. – Спр. 1074.
9. Jerzy
Wójcicki. System Decentraliyacji w Samorządzie
Miejskim.–Warszawa
1931. –
40 s.
10.
Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (далей
ДАГВ). – Ф. 47. – Воп. 1. – спр. 156.
11. Ян Ежы Мілеўскі.
Нацыянальная структура гарадскіх рад у перыяд з
1919 па 1939 год у Віленскім, Навагрудскім і
Палескім ваяводствах // Беларускі гістарычны
часопіс. – 2000. – № 1. – С.21 – 23.
12. ДАГВ. – Ф. 546. – Воп. 1. –
Спр. 14.
13. ДАГВ. – Ф. 47. – Воп. 1. –
Спр. 63.
14. ДАГВ. – Ф. 47. – Воп. 2. –
Спр. 5.
15. Jan
Jerzy Milewski.
Z dziejów województwa
białostockiego w okresie międzywojennym.
Białystok 1999. – 135 s.
16.
Загідулін, А.М. Нацыянальная і канфесійная
палітыка польскіх улад адносна беларускага
насельніцтва Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.):
дыс. ... канд. гіст. навук: 07.00.02. /
А.М.Загідулін. –
Гродна,
2005.
– 126
с. |
|