Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі і культуры

Артыкул/Статья

?>

 
 

  


Городки

 

 

З.В. Шыбека
(Мінск, БДЭУ)

З ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКІХ МАРАЎ ПРА ВІЛЬНЮ.
ПЕРЫЯД НЯМЕЦКАЙ АКУПАЦЫІ. 1915 –1918 гг.
 

Пра “віленскае пытанне” першым у незалежнай Рэспубліцы Беларусь загаварыў гісторык Анатоль Цітоў [7]. Беларуска-літоўскія адносіны пасля распаду Расійскай імперыі вывучаў Анатоль Грыцкевіч [5]. Беларуска-польскія дачыненні ў Вільні знайшлі адлюстраванне ў манаграфіі Аляксандра Смаленчука [17]. Алесь Пашкевіч вывучаў сітуацыю вакол Вільні ў  часы Сярэдняй Літвы (1919 – 1922 гг.) [14]. Дзякуючы публікацыям Анатоля Сідарэвіча, стала шырока вядома дзейнасць і наукова-публіцыстычная спадчына аднаго з галоўных змагароў за Вільню Антона Луцкевіча [9]. Адкрыўся доступ да  мінскай часткі архіва БНР [10-13]. Апублікавана віленская частка гэтага архіва [1]. Некаторыя матэрыялы выяўлены ў Польшчы [2]. А сярод замежных гісторыкаў першым на спрэчкі за Вільню звярнуў увагу амерыканскі даследчык Тыматы Снайдэр [18]. Не так даўно ў беларускім друку з'явіўся адпаведны нашай тэме артыкул літоўскага даследчыка Эдмундаса Гімжаўскаса [4].

Усё гэта дазваляе паказаць новы аспект беларускага нацыянальнага самасцвярджэння – праз дамаганні беларусаў і суседніх народаў, дакладней, іх лідэраў, на валоданне Вільняй. Тэма заслугоўвае, можа, нават асобнай навуковай манаграфіі. У межах дадзенага артыкула, каб зразумець важнасць праблемы, мяркуем, дастаткова прааналізаваць ход  падзей у перыяд нямецкай акупацыі 1915–1918 гг., калі спрэчкі за Вільню ўпершыню так заўважна абвастрыліся.

З уступленнем у Вільню 5 верасня 1915 г. кайзераўскіх войскаў лёс горада аказаўся ў руках немцаў. Прыход на Беларусь акупацыйных войск прынёс новыя беды, але ў той жа час адхіліў ад актыўнай гульні рускага і польскага "актораў". Дзеля супрацьвагi польскаму нацыянальнаму руху і дзеля ціску на Расію немцы сталі на шлях выкарыстання нацыянальных памкненняў беларусаў і літоўцаў і пры гэтым не талеравалі перавагу тых ці іншых [3, c. 8-9]. Беларускія сілы дзяліліся лініяй фронту. Таму беларускія лідэры маглі разлічваць толькі на частковую рэалізацыю нацыянальных інтарэсаў у межах акупаваных немцамі беларускіх зямель. Рабілася няўдалая спроба ператварэння гарадской рады Вільні ў прадстаўнічы орган усіх гараджан шляхам кааптацыі туды беларусаў, літоўцаў, яўрэяў. Няўдалым аказаўся і план стварэння Віленска-Ковенскага абывацельскага камітэта – прадстаўнічага органа ўсіх тутэйшых народаў [9, с. 96].

У снежні 1915 г. беларускія лідэры сталі ініцыятарамі стварэння Часовай рады Канфедэрацыі ВКЛ і прыняцця гэтай Радай 15 снежня 1915 г. Універсала, які, хутчэй за ўсё, быў напісаны Іванам Луцкевічам [17, с. 314; 9, с. 79, 97]. Універсал змяшчаў заяву пра незалежнасць Літвы і Беларусі ў форме іх супольнай дзяржавы, гарантуючы ўсім яе грамадзянам усе правы. Беларуска-літоўская дзяржава абвяшчалася ў межах акупаваных немцамі беларускіх і літоўскіх зямель без надання ім аўтаномнага статуса. У лютым 1916 г. Універсал быў дапоўнены зваротам пад загалоўкам "Грамадзяне!", у якім мэта Канфедэрацыі канкрэтызавалася. Гаворка ішла пра сейм у Вільні, які зацвярджаў канстытуцыю будучай дзяржавы [9, с. 80-81]. Адначасова выстаўляўся прагноз, што пасля перамогі Германіі ўсе польскія, літоўска-беларускія і прыбалтыйскія землі будуць аддзелены ад Расіі і створаць дзяржаўныя адзінкі ў той ці іншай камбінацыі з сярэдне-еўрапейскімі дзяржавамі [8]. З гэтай заявы і звестак Антона Луцкевіча вынікае, што канфедэрацыя стваралася ў якасці пераходнай меры, каб сумеснымі намаганнямі дабіцца незалежнасці для ўсёй Літвы і ўсёй Беларусі. Але гэта ўдакладненне не ўратавала пагадненне аб Канфедэрацыі ад развалу. І галоўнай прычынай таго сталі спрэчкі за Вільню.

З улікам разнагалосся створаны ў  пачатку 1916 г. патаемны Беларускі народны камітэт удакладніў сваю тактыку. Беларусы прыехалі на міжнародную канферэнцыю ў Лазане (чэрвень 1916 г.) з асобным Мемарандумам, у якім выказалі спадзяванне, што народы Еўропы дапамогуць беларусам абараніць свае правы, якія дадуць ім магчымасць стаць гаспадарамі на ўласнай зямлі [19, с. 28]. Мемарандум зноў засведчыў, што яго аўтары не забываліся пра землі, якія кантраляваліся Расіяй. Гэты дакумент яшчэ больш выразна, чым Універсал аб адраджэнні ВКЛ, выявіў сапраўдныя мэты віленскіх беларусаў – імкненне да поўнай незалежнасці сваёй краіны з захаваннем у яе межах Вільні. А што тычыцца канфедэрацыі, то існавала надзея, што з яе дапамогай удасца прыцягнуць ўсходнія беларускія землі, затым дабіцца  раўнапраўнай федэрацыі з літоўцамі і, нарэшце, атрымаць шанцы на непадзельную і незалежную Беларусь, якая не дапусціць ніякіх прэтэнзіяў на яе землі з боку суседзяў, у тым ліку і Літвы [9, с. 97].

Але сітуацыя мянялая. Прэтэнзіі польскіх палітычных лідэраў на гістарычную Літву (беларускія і літоўскія землі) прымусілі літоўцаў і беларусаў зноў прадэманстраваць узаемаўзгодненыя дзеянні. У сярэдзіне студзеня 1917 г. прадстаўнікі Літвы і Беларусі пазнаёмілі нямецкага эмісара Фрыдрыха фон Ропа з супольнай палітычнай платформай. Гэта быў другі беларуска-літоўскі праект адраджэння ВКЛ (пакуль малавядомы нават гісторыкам). Вось яго асноўныя палажэнні: 1) незалежнасць тэрыторыяў ВКЛ і Курляндыі, аддзеленых ад Расіі; 2) аддзеленасць ад Польшчы; 3) падзел ВКЛ на тры аўтаномныя нацыянальныя часткі (літоўскую, беларускую і латышскую); 4) сталіца Вільня з дзвюма афіцыйнымі назвамі (Вільня, Вільнюс) належыць да літоўскай часткі [4, с. 61–62].

Асобным пунктам, як бачым, вылучалася Вільня і тым падкрэслівалася важнасць яе для нацыянальнага самасцвярджэння абодвух народаў. Беларусы рабілі літоўцам важную ўступку, прызнаючы горад літоўскай часткай супольнай дзяржавы. Інакш не было б і агульнай платформы. Але для літоўцаў ідэя адраджэння ВКЛ выкарыстоўвалася толькі для дыпламатычнай гульні. Таму другі літоўска-беларускі праект адраджэння ВКЛ стаў апошнім.

Віленскія ж беларусы працягвалі прытрымлівацца ідэі федэрацыі з літоўцамі, бо яна разглядалася імі як адзін з рэальных сродкаў утрымання Вільні і дасягнення ў канчатковым выніку поўнай суверэннасці беларускай дзяржавы. Аднак немцы не падтрымалі беларускі канфедэратыўны праект, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. канчаткова адвярнуліся ад яго і зрабілі стаўку на літоўскую нацыянальную дзяржаву. Чаму так здарылася?

Па-першае, гэта тлумачылася міжнароднай сітуацыяй. Перад акупантамі стаяла задача ўтрымаць Oberst коштам сепаратнага міру з Расіяй. Разлік падштурхнуць царскі ўрад на такі крок, абвясціўшы незалежнасць Польшчы, не прынёс вынікаў. Расія і пасля Лютаўскай рэвалюцыі выказвала прэтэнзію на ўласнае разуменне пасляваеннага ўладкавання свету. Выкарыстаць палякаў для сваіх анексійных мэтаў немцам таксама не ўдавалася. Будучыню Літвы польскія лідэры звязвалі з будучыняй Польшчы. А ідэя прамой анексіі вельмі асуджалася ў Еўропе [4, с. 67–68]. Што тычыцца беларусаў, дык іх праект стварэння федэральнай дзяржавы з уключэннем у яе межы ўсіх беларускіх земляў закранаў інтарэсы ўсё яшчэ магутнай Расіі. У такой сітуацыі стаўка на выкарыстанне літоўскага нацыянальнага праекта рабілася непазбежнай.

Па-другое, немцаў стрымлівала слабасць беларускага руху і адсутнасць у ім палітычнага правага крыла. За Вільню змагалася не ўся Беларусь і напачатку не ўся беларуская палітычная эліта, а пераважна выхадцы з заходнебеларускай шляхты. Літоўскі рух пачаўся гадоў на 30 раней за беларускі і здолеў узгадаваць нацыянальную інтэлігенцыю [3, c.10; 10, с. 57]. Літоўскія лідэры мелі большую падтрымку з боку сялянскай масы, што было вынікам асветніцкай дзейнасці ў вёсцы яшчэ ў ХІХ ст.

Па-трэцяе, палітычныя мэты немцаў і літоўцаў часова супадалі. Літоўскія дзеячы пагаджаліся на ўсе ўмовы акупантаў [4, с. 62], тады як беларусы адмаўляліся ад германскага пратэктарату. Таму немцам было выгадна падтрымліваць літоўскую дзяржаву, якая магла быць поўнасцю залежнай ад Германіі.

На другім этапе акупацыі (сакавік 1917 – люты 1918 г.), калі немцы зрабілі свой выбар на карысць літоўскай дзяржавы, у змаганні за Вільню літоўцы і беларусы дзейнічалі кожны паасобку, канфрантуючы паміж сабой. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі сярод беларускіх лідэраў Вільні ўзнікла спадзяванне на расійскі Часовы ўрад. Усходняя арыентацыя беларускай партыі  акрэслілася летам 1917 г. у ходзе дыскусій беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх радыкалаў. На праведзеным тады сацыялістычным мітынгу прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў Іван Луцкевіч кляйміў палітыку акупантаў і тых літоўцаў, якія пайшлі на супрацоўніцтва з імі [9, с. 98-99]. Антон Луцкевіч заяўляў, што беларуская партыя падтрымлівала ідэю стварэння беларуска-літоўскай дзяржавы ва ўмовах нямецкай акупацыі толькі таму, што ў Расіі царыў дэспатызм і заставалася надзея на ўтварэнне ў аддзеленай ад Расіі частцы Беларусі беларускага П'емонту. З прыходам жа ў Расію свабоды беларусы не могуць цярпець падзелу нацыі на дзве часткі, а таму імкнуцца да незалежнасці ўсёй Беларусі [4, с. 69]. З падобнымі заявамі ў ліпені 1917 г. на сходзе віленскай інтэлігенцыі выступаў і Іван Луцкевіч. Ён казаў: "Па-першае, у часе расійскай няволі  [група] прагла нават частачкі свабоды і таму далучылася да літвінаў. Цяпер прагнуць свабоды для ўсёй Беларусі, і Літва ім непатрэбная. Вільня аднак (ёсць) сталіцаю Беларусі" [15, c. 31]. Іван прытрымліваўся радыкальных поглядаў. Вільня была для яго самым любімым горадам [9, с. 95]. Хоць і Антон Луцкевіч у радыкалізме на той момант ад брата не адставаў. 22 ліпеня 1917 г. ён заявіў, што літоўцы сталі для беларусаў нават большымі ворагамі, чым палякі [4, с. 69]. І гэта не выпадкова. У літоўскім мемарандуме да нямецкіх уладаў, абвешчаным якраз у ліпені 1917 г., Літва выстаўлялася адзінай пераемніцай гістарычнай спадчыны ВКЛ, там утрымліваліся прэтэнзіі на беларускія землі і нават дапускалася знявага беларусаў і іх мовы, якая называлася польска-рускім жаргонам [2, л. 77-80]. 

А літоўцы тым часам выбралі ў верасені 1917 г. Тарыбу (Савет) і абвясціла ў Вільні  пра неабходнасць стварэння незалежнай Літоўскай дзяржавы ў этнаграфічных межах, куды ўключалася і Вільня. Немцы пагадзіліся з такой ідэяй, бо не хацелі, каб на Вільню прэтэндавала Польшча. Беларусы разам з палякамі і яўрэямі адмовіліся ад выдзеленных ім месц у Тарыбе. На беларускім сходзе 30 верасня 1917 г. была прынята рэзалюцыя пратэсту, якая патрабавала, каб нямецкія ўлады дапусцілі скліканне ў Вільні беларускай нацыянальнай канферэнцыі дзеля ўтварэння беларускага прадстаўнічага органа па прыкладу літоўцаў. Спроба нямецкіх уладаў схіліць Івана Луцкевіча на згоду прылучыць акупаваныя беларускія землі да Нямеччыны не мела вынікаў [9, с. 82, 99].

Прыкладна ў той жа час у Вільні  ўтварылася арганізацыя на чале з В.Ластоўскім пад назвай "Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі", якая поўнасцю адмаўлялася ад ідэі беларуска-літоўскай дзяржавы і выступала за поўную незалежнасць Беларусі са сталіцай у Вільні. Але не ўсе прытрымліваліся такога радыкалізму. Пагроза з боку непрадказальнай Расii i маладой польскай дзяржавы, што прэтэндавала на тэрыторыі ў межах былой Рэчы Паспалітай, прымушала віленскіх лідэраў і надалей ісці з літоўцамі на кампраміс. 19 жніўная 1917 г. Беларускі Народны Камітэт на сваім пасяджэнні выпрацаваў чарговую платформу беларуска-літоўскай канфедэрацыі. У ёй упершыню ўтрымлівалася прапанова ўнутранага размежавання аўтаномных беларускіх і літоўскіх земляў у складзе незалежнай і непадзельнай Беларусі і Літвы. Аднак літоўцы ішлі сваім курсам.  11 снежня 1917 г. Тарыба абвясціла Дэкларацыю аб стварэннi Лiтоўскай дзяржа­вы са сталіцай у Вільні і згаджалася на нямецкі пратэктарат [7, с. 30; 18, с. 197]. Сацыялістычныя арганізацыі беларусаў, рускіх, яўрэяў, палякаў у Вільні прынялі ў студзені 1918 г. Дэкларацыю пратэсту супраць узурпацыі літоўцамі ўлады ў краі, але яна была літоўцамі проста праігнаравана [2, л. 97-98]. Беларуская мара пра Вільню зноў азмрочвалася. Да таго ж спадзяванні на дэмакратызацыю Расіі пасля звяржэння царызму аказаліся марнымі.

Прыходзілася ўдакладняць праграму дзеянняў. Дазволеная немцамі Беларуская канферэнцыя, якая адбылася  25 – 27 студзеня ў Вільні, прыняла рэзалюцыю наступнага зместу. 1. Канферэнцыя згаджалася з пазіцыяй В.Ластоўскага, што толькі поўная дзяржаўная незалежнасць забяспечвае беларускаму народу ўсебаковае развіццё. 2. Канферэнцыя не прызнала дэкларацыю Тарыбы, якая ў аднабаковым парадку дэкларавала незалежнасць этнічнай Літвы з уключэннем у яе склад беларускіх земляў.       3. Канферэнцыя, улічваючы традыцыю супольнага жыцця, эканамічную неаходнасць выхаду да мора і складанае становішча, ўсё ж дамагалася ўтварэння федэратыўнай Літоўска-Беларускай дзяржавы з унутраным размежаваннем аўтаномных беларускіх і літоўскіх зямель.  4. Канферэнцыя выказала жаданне, каб рэшта беларускіх земляў на ўсходзе была далучана да беларуска-літоўскай дзяржавы. 5. Канферэнцыя выказалася за скліканне Устаноўчага сейму Беларусі і Літвы ў Вільні для рэалізацыі сваіх прапаноў. 6. Канферэнцыя выказала меркаванне, што беларуска-літоўская канфедэрацыя будзе існаваць у цеснай сувязі з Латвіяй і Украінай. 7. Канферэнцыя стварала Вiленскую Беларускую Раду (беларускую Тарыбу) на чале з Антонам Луцкевічам [9, с. 83]. Рэзалюцыя канферэнцыі была паслана нямецкаму канцлеру. Але немцы ніяк не адрэагавалі. Канферэнцыя не споўніла таго, чаго чакалі ад яе нямецкія ўлады. Беларуская арганізацыя засталася на незалежніцкіх пазіцыях [9, с. 102, 195].

Не адрэагавалі і літоўцы. Спроба прадухіліць працэс фарміравання літоўскай дзяржаўнасці на беларускіх землях без удзелу беларусаў не ўдалася. 18 лютага 1918 г. Тарыба абвясціла Літву незалежнай дзяржавай, на гэты раз не запэўніваючы Германію ў сваёй вернасці [18, с. 197].

Пасля абвяшчэння Літвой Акта пра незалежнасць і наступу немцаў на ўсход пачаўся новы, трэці этап нямецкай акупацыі (ад сакавіка да канца 1918 г.). Кайзераўскае войска дайшло да Дняпра. Узрасло значэнне новага палітычнага цэнтра Беларусі – Мінска. На палітычную арэну барацьбы за Вільню вярталіся старыя "гульцы" – адроджаная Польшча і абноўленая Расія. 

Брэсцкі мір 3 сакавіка 1918г., паводле якога савецкая Расія падзялілася з Германіяй беларускімі землямі, выклікаў абурэнне віленскіх лідэраў. Віленская Беларуская Рада заявіла 19 лютага 1918 г. ад свайго імя аб незалежнасці Беларусі ад бальшавіцкай Расіі і выказала жаданне, каб усе беларускія землі (па два бакі фронту) сталі асновай для адбудовы з дапамогай заходніх краін Вялікага княства Літоўскага [16, с. 17]. Ідэя агульнарасійскага федэралізму поўнасцю адкідалася. Заява Віленскай Беларускай Рады прагучала тады (19 лютага), калі ў Мінску 9 лютага 1918 г. ужо было аб'яўлена аб стварэнні нацыянальнай дзяржавы пад назвай Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). Значыць, для віленскіх лідэраў праект адраджэння ВКЛ са сталіцай у Вільні быў больш значным і лёсавызначальным. Натуральна, што ажыццяўляць празаходнюю палітыку ў прарасійскім Мінску было не зусім лагічна і зручна. Ды і не існавала ўпэўненасці, што ў мінскіх беларусаў нешта атрымаецца. Нават пасля прызнання кайзерам 23 сакавіка 1918 г. абвешчанай этнічнымі літоўцамі дзяржавы, праўда, як часткі сваёй імперыі, Віленская Беларуская Рада працягвала спадзявацца на дапамогу немцаў. У спецыяльным лісце да рэйхканцлера Нямеччыны яна расцэньвала прызнанне Літвы як першы крок да ператварэння яе з дзяржавы літоўскай у беларуска-літоўскую шляхам склікання прадстаўнічага органа ад усяго насельніцтва краю [1; c. 51].

Аднак крыху пазней станавілася ўсё больш відавочным, што рэалізацыя  канцэпцыі беларуска-літоўскага федэралізму і на трэццім этапе нямецкай акупацыі не мае надзейных шанцаў на поспех. Віленскай Беларускай Радзе нічога не заставалася, як ініцыіраваць абвяшчэнне незалежнасці БНР са сталіцай у Мінску.

Чаму віленскія лідэры так доўга і ўпарта прытрымліваліся ідэі федэралізму? Не толькі таму, што ім як сацыялістам ён быў блізкім, бо нагадваў пралетарскі інтэрнацыяналізм. І не толькі таму, што яны недаацэньвалі нацыяналізм, як гэта думае Тыматы Снайдэр [18, с. 196]. На іх думку, беларуская грамадства было не падрыхтаваным да незалежнасці. Беларуская буржуазія і беларуская нацыя не паспелі сфарміравацца. Без сувязяў з марскімі партамі Літвы эканамічная магутнасць беларускай дзяржавы, на іх думку, істотна зніжалася. Добра разумелі віленскія лідэры і ідэалагічна-культурную важнасць Вільні, а таму не хацелі яе губляць. Увогуле, для самастойнай беларускай дзяржавы, паводле іх меркаванняў, не хапала ні эканамічнага, ні сацыяльнага, ні культурнага  падмурка.       

Але падзеі прыспешвалі хоць бы дэкларыраваць свае намеры. 25 сакавiка 1918 г., у Мiнску было аб’яўлена аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублiкi. Мінск станавіўся сталіцай, а Вільня – часткай абвешчанай беларускай дзяржавы. Сярод урада БНР напачатку  пераважалі iдэалы поўнай незалежнасцi Бела­рускага краю i надзея на падтрымку народаў дэмакратычнага свету. Беларускія лідэры станавіліся  на шлях стварэння не федэратыўнай, а унітарнай нацыянальнай дзяржавы, якім ішлі тады практычна ўсе народы былой Расійскай імперыі. 

Лiтоўская Тарыба прызнала БНР з цэнтрам у Мінску ў лiку першых, абы адчапіцца ад беларусаў. Але гэта не азначала, што яна прызнавала яе дэклараваныя межы. Не выключаўся пры гэтым і ціск на літоўцаў з боку немцаў. Кіраўніцтва БНР таксама прызнала незалежнасць Літвы [11, л. 111-112]. Але гэта не азначала прыняцця Мінскам літоўскіх прэтэнзій на Вільню і на беларускія землі. У Мемарыяле Народнага Сакратарыяту БНР імперскаму канцлеру Нямеччыны ад 5 красавіка 1918 г. адстойвалася непадзельнасць беларускіх земляў і асабліва падкрэслівалася, што "горад Вільня знаходзіцца на беларускай тэрыторыі, акаляючай яго з боку Літвы паўкругам радыуса 20 – 60 вёрст" [1, c. 79-80]. Акрамя таго, урад БНР аказваў фінансавую падтрымку віленскай беларускай газеце "Гоман", якая бараніла заходнія рубяжы Беларускага краю. 

Красавік стаў перыядам актыўнай дыпламатыі вакол БНР. 22 красавіка 1918 г. у друку выйшла лістоўка амаль фантомнай арганізацыі Вацлава Ластоўскага "Сувязь незалежнай і непадзельнай Беларусі" з заклікам да стварэння федэрацыі з Украінскай Народнай Рэспублікай. На думку Антона Луцкевіча, такая заява была інсперыравана немцамі, каб адцягнуць ўвагу беларускіх дзеячоў на поўдзень, самім жа спакойна ўзяць Беласточчыну, а Гродзеншчыну і Віленшчыну падарыць этнічнай Літве [1, c. 123-124]. Вось чаму акупанты, відаць, і змірыліся з існаваннем БНР, органы якой пры ўступленні ў Мінск спачатку разагналі. Аднак пазнейшыя падзеі паказалі беспадстаўнасць разлікаў нямецкага кіраўніцтва.      

23 красавiка 1918 г. у Вiльнi Антон Луцкевiч, Дамінік Семашка, кс.Ян Стан­кевiч пайшлі на перамовы з прадстаўнiкамi літоўскага кіраўніцтва аб удзеле беларусаў у Тарыбе. І рабілі яны гэта, магчыма, не без уліку вышэйакрэсленай нямецкай палітыкі У якасці ўмовы літоўцы патрабавалі прызнання Літвы са сталіцай у Вільні і ведання літоўскай мовы. Беларускія прадстаўнікі высунулі сустрэчныя патрабаванні: 1) ператварэнне Тарыбы з прадстаўнічага органа літоўцаў у прадстаўнічы орган усяго краю, у якім беларусы будуць прадстаўлены прапарцыянальна іх колькасці, 2) прызнанне недзялімасці этнаграфічнай тэрыторыі беларускага народа, 3) адраджэнне ВКЛ як федэрацыi ўсей Лiтвы i ўсёй Бела­русi, з гарантыяй прадстаўлення беларускім землям статуса "аўтаномнага арганізму".  Тут важна падкрэсліць, што пад канфедэрацыяй меўся на ўвазе саюз новых дзяржаў – Літоўскай Рэспублікі і БНР. Літоўцы згаджаліся толькі на культурную аўтаномію для беларусаў. Але галоўнае, што прывяло перамовы ў тупік, было тое, што два бакі ніяк не маглі дамовіцца аб межах паміж двумя аўтаномнымі дзяржавамі і аб тым, на якім баку застанецца Вільня [2, л. 111-112].

Тым не менш віленскія лідэры прадэманстравалі немцам вернасць першапачатковаму варыянту развязання беларускага пытання ў выглядзе беларуска-літоўскай федэрацыі. Гэты варыянт, між іншым, узбагачаў і арсенал беларускай дыпламатыі. Для iснуючай БНР рыхтавалася падстрахоўка. Лiтоўска-бела­руская дзяржаўная супольнасць магла лiчыцца ў тых складаных умовах больш жыццяздольнай і хутчэй атрымаць міжнародную падтрымку. Не выключана, што Мінск ва ўяўленнях віленскіх палітыкаў адпавядаў тактычным мэтам дасягнення беларускай дзяржаўнасці, а Вільня – стратэгічным. Вільня лічылася імі неразрыўнай часткай незалежнай Беларусі і найлепшым горадам для патэнцыяльнай сталіцы суверэннай беларускай дзяржавы. Па сутнасці і пасля абвяшчэння незалежнасці БНР Вільня заставалася кіруючым цэнтрам беларускага руху. Мінск паказваў сябе як горад прарасійскай арыентацыі. Кіраўніцтва БНР у гэтым горадзе не мела моцнага лідэра, цвёрдага курсу ды выяўляла часам сваю разгубленасць і бездапаможнасць. Усе найважнейшыя пытанні прэмьер ураду БНР Язэп Варонка ўзгадняў з Антонам Луцкевічам [1, c. 78, 106, 132]

Значныя інтэлектуальныя сілы былі адцягнуты з Мінска ў Кіеў для вядзення перамоваў з Украінскай Народнай Рэспублікай аб межах і пазыках. Дэлегацыю Народнага Сакратарыяту БНР узначальваў Аляксандар Цвікевіч, кансультантам выступаў прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі. Хутка дэлегаты зразумелі бездапаможнасць УНР і вырашылі "зацікавіць немцаў стварэннем Беларусі", "адстаяць для нас Вільню, нашу сталіцу" [1, c. 119-120]. Прафесарам Доўнар-Запольскім быў складзены спецыяльны Мемарыял, які 25 красавіка 1918 г. быў перададзены часоваму дыпламатычнаму прадстаўніку Нямеччыны пры ўрадзе УНР.  У дакуменце выказвалася просьба прызнання БНР, дазволу на ўласныя ўзброеныя сілы і захавання тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Асабліва настойліва выказвалася просьба пакінуць за Беларусіяй Гродзеншчыну, цячэнне р.Прыпяць і Вільню. "...Адносна г. Вільні мы павінны напомніць, – пісаў прафесар, –  што гэты горад зараз – гэта разумовы цэнтар Беларусі, найбольш жыццёва ўсведамляючы ідэю беларускай дзяржаўнай незалежнасці" [1, c. 125-128]. Толькі ў вузкім коле аднадумцаў прафесар дазволіў сабе назваць Вільню "нашай сталіцай". У афіцыйных дакументах яна называлася "разумовым цэнтрам Беларусі", "адвечнай сталіцай краю", "старым гістарычным цэнтрам краю" і г.д.

Такім чынам, ні віленскія, ні мінскія, ні кіеўскія беларусы не адмаўляліся ад прэтэнзій на Вільню. Гэтыя прэтэнзіі вынікалі з іх непахільнага імкнення да цэласнасці і непадзельнасці беларускіх земляў. Аднак, каб дабівацца незалежнасці ў адзіночку, не хапала падтрымкі зрусiфiкаванага народа, iнтэлектуальных сiл, уласнага войска ды i спрыяльных умоў пад нямецкай акупацыяй [20, с. 205-209]. А яшчэ беларусам, відаць, не хапала такой напорыстасці, якую дэманстравалі літоўцы.

Абставіны прымушалі адмовіцца ад стаўкі толькі на ідэю унітарнай нацыянальнай дзяржавы, да якой імкнуліся беларускі Мінск і беларускі Кіеў. Беларускія лідэры ўсё больш выяўлялі гатоўнасць ісці на федэратыўны саюз з суседнімі краінамі пры ўмове прызнання імі цэласнасці і непадзельнасці беларускіх земляў. Ужо ў чэрвені члены беларускай дэлегацыі ў Кіеве дыскутавалі пра неабходнасць федэрацыі БНР з Літвой, Украінай ці  Расіяй. Мітрафан Доўнар-Запольскі настойваў на заходнім накірунку, бо гэта давала, на яго думку, магчымасць захаваць Гродзеншчыну і Віленшчыну [1, c. 167, 172-175].

У кастрычніку 1918 г., калі пачаўся вывад нямецкіх войск з беларускіх земляў, а месца Нямеччыны паступова займала савецкая Расія і новая Польшча, лiдэры БНР вымушаны былі шукаць дзяржаву, якая б згадзiлася на са­юз з БНР, папярэдне прызнаўшы яе незалежнасць. Адмысловыя дэлегацыі рабілі падарожжы ў Нямеччыну, Польшчу, Літву, Украіну, Расію, Швейцарыю [1, c. 292]. Газеты "Беларускi шлях" i "Беларусь" абгрунтоўвалi думку аб заснаваннi канфедэратыўнага саюза Беларусi, Польшчы, Лiтвы, Латвii, Эстонii i, магчыма, Украiны. Не знімалася з парадку дня і ідэя абароны незалежнасці БНР як унітарнай дзяржавы. Дзеячы БНР пратэставалі супраць наступлення Расіі і Польшчы, неаднаразова прасілі прызнання і дапамогі ў Германіі, звярталіся нават да прэзідэнта ЗША і ваюючых дзяржаў Еўропы [1, c. 283-284]. І ўсё безвынікова. Дыпламатычная актыўнасць дзеячоў БНР засведчыла ўсё ж іх высокі напал патрыятызму, іх жаданне захаваць для беларускага народа ўсе яго землі і гарады, уключаючы Вільню. Калі ваенны разгром нямецкага войска і рэвалюцыя ў Нямеччыне зрабілі паглынанне акупантамі Обер-Оста немагчымым, яны прадставілі літоўцам шанец арганізаваць у Вільні свой урад, а супраць Рады БНР у Мінску пагражалі ўжыць сілу за спробу арганізаваць свае ўласныя ўзброеныя аддзелы.

Найбольш рэальным саюзнікам у тых умовах  заставалася Літва. Цікава, што ідэю дзяржаўнага саюза з ёй спачатку падтрымалi i клерыкальна-памешчыцкiя колы Мiнш­чыны. З пачаткам германскага адступлення (кастрычнiк 1918) яны абралi дэлегацыю на чале з Юрыем Чапскiм i перадалi ад яе iмя мемаран­дум шэфу штаба Х армii, дзе прасiлi iмператара Вiльгельма ства­рыць пад апекай Германii Вялiкае Княства Лiтоўска-Беларускае з цэнтрам у Вільні [6, c. 46]. Заставалася апошняя надзея супольнымі намаганнямі з літоўцамі ўтрымаць Вільню, пасля таго, як яе пакінуць разбітыя немцы, бо на горад з двух бакоў наступалі войскі бальшавіцкай Расіі і новай Польшчы.

Віленская Беларуская Рада, урэшце, пайшла на супрацоўніцтва з Тарыбай, каб хоць неяк прадоўжыць беларускую справу. Урад БНР прадстаўляў Янка Станкевіч [1; c. 286]. Каб павялічыць сваю вагу ў перамовах, Віленская Беларуская Рада  абвясціла сябе 3 лістапада 1918 г. Органам, раўнапраўным з літоўскай Тарыбай у раёне так званай першай нямецкай акупацыі або на тэрыторыі новаўтворанай літоўскай дзяржавы, і патрабавала найхутчэйшага ўтварэння беларуска-літоўскага часовага парламенту і часовага ўраду [1, c. 292, 294-295]. Старшыньстваваў у беларускай дэлегацыі Вацлаў Ластоўскі, бо Антон Луцкевіч узначальваў у той час урад БНР у Мінску. Беларускія дэлегаты згаджалася прыступіць да сумеснай з Тарыбай працы на наступных умовах: 25 % агульнага ліку месц у Тарыбе, адзін міністэрскі партфель, утварэнне сакратарыяту па беларускіх справах з правам зацвярджэння ўрадавых асоб на пасады на беларускіх тэрыторыях, размеркаванне паміж літоўцамі і беларусамі сродкаў прапарцыянальна іх колькасці і плошчы этнічнай тэрыторыі, прызнанне непарушнасці заходнебеларускіх межаў з Беластокам і Бельскам, аўтаномнасць беларускіх земляў з наданнем у межах гэтай аўтаноміі беларускай мове статуса урадавай, стварэнне асобнай беларускай школьнай інспекцыі [1, c. 296-298]. Пытанне аб Вільні дыпламатычна не ўзнімалася. Істотныя дапаўненні  ў выпрацоўку гэтых умоў унёс зусім хворы Іван Луцкевіч. Літоўцы пагадзіліся толькі на стварэнне беларускай школьнай інспекцыі і Беларускага сакратарыяту, але  без права зацвярджэння ім чыноўнікаў на пасадзе [1, c. 298-299]. Прыйшлося пагаджацца. Тым больш што на Віленшчыне і Гродненшчыне нямецкія акупанты прызнавалі толькі літоўскія органы ўлады. Немцы фактычна не дапусцілі дзейнасці ўрада БНР ў Вільні, і ён мусіў перабрацца ў Гродна.

Літоўцы прадставілі беларусам у Тарыбе, урэшце, не два, а шэсць месцаў. У канцы лістапада 1918 г. Віленская Беларуская Рада  накiравала  туды сваiх прад­стаўнiкоў. Уступаючы ў склад Тарыбы, беларускія дэлегаты 27 лістапада склалі дэкларацыю, у якой напомнілі літоўцам пра пастанову Беларускай канферэнцыі 25 – 27 студзеня 1918 г. аб утварэнні федэратыўнай Літоўска-Беларускай дзяржавы [5, c. 6]. 1 – 3 снежня 1918 г. Беларускi нацыянальны кангрэс Гродзеншчыны вынес рэзалюцыю аб да­лучэннi гродзенскай часткi БНР да Лiтвы ў мэтах абароны ад Поль­шчы [12, л. 9; 13, л. 9-10].

Нягледзячы на ўступкі, найбольш важныя пытанні літоўцы па-ранейшаму вырашалі за спіной беларускага прадстаўніцтва. Літоўскі ўрад не адмаўляўся ад сваіх намераў падпарадкаваць Вiленшчыну i Гродзеншчыну ды абмежавацца аўтаноміяй для беларускага насельніцтва. Коўна так і не дало грошы А.Луцкевічу для паездкі ў Парыж, дзе са студзеня 1919 г. працавала Парыжская мірная канферэнцыя па выпрацоўцы ўмоў міру з пераможанай Германіяй і яе саюзнікамі. Усё гэта прымусіла яго разам з братам і большасцю беларускіх дэпутатаў дэманстратыўна пакінуць Тарыбу [9, с. 100-101, 109, 199, 201]. Пераадолець літоўскі нацыяналізм, а таксама "пралітоўскасць" ды і "прарасійскасць"  немцаў не ўдалося. Утрымаць Вільню літоўскі ўрад быў не ў стане. Не здолеўшы стварыць уласнае войска, ён эвакуіраваўся ў пачатку студзеня 1919 г. ў Коўну. А Вільню 5 студзеня 1919 г.  заняла Чырвоная Армія.     

Нямецкая акупацыя Беларускіх земляў у 1915 – 1918 гг. ніяк не спрыяла ажыццяўленню беларускай мары пра Вільню. Думаю, што ролю ІІ Рэйху ў беларускай гісторыі не варта перабольшваць. Нямецкую палітыку ў дачыненні да беларусаў Антон Луцкевіч назваў у сваім дзённіку 1918 г. крывадушнай [17, c. 317].

У 1939 г. Вільня, урэшце, дасталася літоўцам. Але не варта думаць, што беларусы яе страцілі? Гара Арарат таксама знаходзіцца за межамі Арменіі, і тым не менш застаецца сімвалам армян усяго свету. Вільня застаецца "духоўным Араратам" Беларусі. 

 

Крыніцы і літаратура

 

1. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі / складальнік Сяргей Шупа.Т.1, кн.1. – Вільня-Нью-Ёрк-Менск-Прага, 1998.

2. Ваяводская публічная бібліятэка імя Лапацінскага ў Любліне. Рукапісны аддзел, № 1944.

3. Wielhorski, Władysław. Naròd białoruski wśròd swych sąciadòw / Władysław Wielhorski. – London, 1949.

4. Гімжаўскас, Эдмундас. Беларускі фактар утварэння сучаснай літоўскай дзяржавы. 1915 – 1917 гг. / Эдмундас Гімжаўскас // Гістарычны альманах. Т. 11. – Гародня – Беласток, 2005. – С. 57-70.

5. Грыцкевіч, А. Беларуска-літоўскія дачыненні: 1918 – 1922 / А.Грыцкевіч // Спадчына. – 1994. – № 5. – С. 58 - 63.

6. Deruga, Aleksy. Polityka wschodnia Polski wobec ziem Litwy, Bialorusi i Ukrainy (1918 - 1919) / Aleksy Deruga. Warszawa, 1969.

7. Казлоў, Леў. Беларусь на сямі рубяжах / Леў Казлоў, Анатоль Цітоў. – Мн., 1993. – С. 30-42.

8. Літаратура і мастацтва. – 1990. – 23 лістапада.

9. Луцкевіч, Антон. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы / Антон Луцкевіч; укл., прадм., камент., анатава. індэкс імёнаў А.Сідарэвіча. – Мн., 2003.   

10. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (НАРБ), ф.62 (Бела­рускай Народнай Рэспублiкi), воп.1. спр. 4.

11. НАРБ. – Ф. 62. – Воп.1.– Спр. 21.

12. НАРБ. – Ф. 62. – Воп.1. – Спр. 31.

13. НАРБ. – Ф. 62. – Воп.1. – Спр. 40.

14. Пашкевіч, Алесь. Выбары ў Віленскі сойм у 1922 г. і адносіны да іх беларускай грамадскасці / Алесь Пашкевіч // Беларускі гістарычны агляд. Том 12. Сш. 1–2 (22–23).– Снежань 2005. – С.111-130.

15. Ponarski, Z. Konfederacja Wielkiego Księstwa Litewskiego 1915–1916 / Z.Ponarski // Białoruskie Zaszyty Historyczne. – 1998. – № 10. 

16. Сідарэвіч, А. Антон Луцкевіч і гісторыя беларускага руху / А.Сідарэвіч // Луцкевіч Антон. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы. – Мн., 2003.

17. Смалянчук, Алесь. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864–люты 1917 г. / Алесь Смалянчук. – Выд. 2-е. – Санкт-Пецярбург, 2004.

18. Снайдэр, Тыматы. Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну / Тыматы Снайдэр // Дзеяслоў. – 2004. – № 12. – С. 191.

19. Турук, Ф. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов / Ф.Турук. – М., 1921. – С. 28. – (Факсимильнае перавыданне 1994 г.).

20. Шыбека, Захар. Нарыс гісторыі Беларусі (1795-2002). / Захар Шыбека.–  Мн., 2003.

 

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

 

 
 

Партнеры проекта

© Проект Гецевича Андрея©Мястэчкі Беларусі©Віртуальная Іўеўшчына 2008 разработка alfas 2006