|
Нашае ўяўленне аб
беларускім нацыянальным адрадженні пачатку ХХ
стагоддзя будуецца галоўным чынам на вывучэнні
палітычных партый і іх праграмаў і таму пакутуе
ад адсутнасці жывых фарбаў, якія б дапамагалі
адчуць тыя характэрныя час і прастору, што
вызначалі штодзённае жыццё “свядомага беларуса”.
Тым больш, што сам па сабе статус беларускага
грамадска-палітычнага дзеяча ў кантэксце гэтай
самай паўсядзённасці прадугледжваў пэўныя
асаблівасці ня толькі ў эмацыянальна-духоўнай
сферы, але і на побытавам ўзроўні. У першую
чаргу гэта было з'вязана з новым, урбаністычным
асяродзем, у якім апынулася большасць з неафітаў
нацыянальнага адраджэння і ў якім ім прыйшлося
адначасова адшукваць уласную сацыяльную і
нацыянальную ідэнтычнасць [2, с. 247-248].
Напачатку ХХ стагоддзя шмат хто
з беларускіх дзеячоў хадзіў па брукаванцы
гродзенскіх вуліц. Тут нарадзіўся Уладзімір
Пігулеўскі – консул БНР у Латвіі, вучыўся
Уладзімір Тамашчык, пазней адміністратар
Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У
Вяцкім палку ў Гродне служыў Дамінік Аніська,
карэспандэнт і супрацоўнік беларускіх каталіцкіх
выданняў. Летам 1912 года Макар Краўцоў, будучы ў Гродне, піша апавяданне
«Час самагубства». Прыкладна тады ж сюды завітаў
Іван Луцкевіч, а магчыма, і Вацлаў Ластоўскі ды
Янка Купала. Ужо падчас Першай сусветнай вайны ў
лютым 1915 года горад наведала Цётка, каб
пахаваць забітага на фронце брата – падпаручніка
Юзафа Пашкевіча. Уласна кажучы, аднак, да
нацыянальна-творчых цэнтраў беларускага
адраджэння Гродна далучаецца толькі з 1909 года,
калі тут па ініцыятыве кс. Францішака Грынкевіча
пачынае дзейнічаць Гурток беларускай моладзі
[14, с. 16].
У адрозненне ад Вільні, дзе сфармавалася
традыцыя беларускага нацыянальнага руху, у
Гродна беларускае адраджэнне прыходзіла хвалямі,
адшукваючы з кожным разам усё большую колькасць
прыхільнікаў, з тым, каб пазней зноў знікнуць,
амаль не пакідаючы слядоў. У выніку грамадская
актыўнасць на беларускай глебе мела вельмі
кароткачасовы характар і прыходзілася, галоўным
чынам, на некалькі «пікаў», даўжынёю ад пару
месяцаў да аднаго-двух гадоў у залежнасці ад
абставінаў. Для Гродна гэтымі перыядамі былі:
- 1910-1911 гады – час найбольшай актыўнасці
Гуртка беларускай моладзі, праз які прайшло
агулам да сарака чалавек;
- лістапад 1918 – студзень 1921 года, умоўна
звязаны з дзейнасцю Гродзенскага Беларускага
нацянальнага камітэта, калі у горадзе існавалі
беларускія арганізацыі, што мелі
дзяржаўнаўтваральны характар – урад БНР,
Міністэрства беларускіх спраў, 1 Гродзенскі
беларускі полк, Беларуская вайсковая камісія, а
лічба асобаў, актыўна звязаных з беларускім
рухам, у параўнанні з папярэднім перыядам
павялічваецца ў 2-3 разы;
-
сярэдзіна 1922 – першая палова 1923 года –
выбары ў Сейм і беларуская партызанка, на
мясцовым грунце аб'яднанныя ў асобах двух паслоў
– С.Барана і С.Якавюка [15, с. 4; 16, с. 3];
- вясна – восень 1924 – няўдалая
спроба адраджэння антыпольскага падполля ўжо з
выразна камуністычным ухілам, якая скончылася
сецэссіяй, чарговымі рэпрэсіямі з боку польскіх
уладаў і актывізацыяй паланафільскага крыла
сярод мясцовых беларусаў;
- 1925 –1927 год – эпоха
Грамады. Прычым з іх толькі апошнія сем месяцаў
існавання гэтай арганізацыі для горада і павету
сталіся сапраўднаю падзеяй [11, л. 155-156].
Пазней цікавасць да
нацыянальнага адраджэння вяртаецца некалькі
разоў напярэдадні чарговых парламенцкіх выбараў.
Пасля 1931 года беларускі рух амаль поўнасцю
знікае з палітычнага жыцця горада, нават не да
верасня 1939, а значна даўжэй – на дзесяць
гадоў, да часу другой нямецкай акупацыі, калі ў
Гродне паўстае чарговы беларускі нацыянальны
камітэт [10, с. 129-130].
У выніку за перыяд з 1909 па
1939 гады праз беларускі рух толькі ў самім
Гродна прайшло звыш за 500 чалавек, большасць з
якіх былі тут асобамі часовамі, як, напрыклад,
беларускія паслы на Сейм і, акрамя ўжо
ўзгаданных С.Барана і С.Якавюка, прыязджалі сюды
толькі з нагоды на дзень-два. За гэтыя ж
трыццаць гадоў агульная колькасць беларускіх
арганізацый і ўстаноў, існаваўшых ў розныя часы
ў горадзе, сягнула за шесцьдзесят. У сярэднім,
ядро беларускага руху ў Гродне, хаця і змянялася
па свайму складу, увесь час трымалася ў межах
10 – 30 чалавек. Калі напярэдадні Першай
сусветнай вайны тыповы беларускі дзеяч – гэта
навучэнец старэйшых класаў гімназіі, дык пазней
беларускі рух больш сталее, хаця і не перасякае,
за пэўным выключэннем, трыццацігадовай мяжы
[17].
Як кожная сістэма, гродзенскі
беларускі асяродак меў свае функцыі ўваходу і
выхаду. На першых парах нараджэнне нацыянальнай
свядомасці насіла характар вельмі індывідуальны,
амаль інтымны і датычыла не карэнных жыхароў
горада, а амаль выключна выхадцаў з вясковага
асяроддзя [8, с. 7, 259-260].
Летам
1915 года, калі адбылася амаль суцэльная
эвакуацыя краю, адчыняецца новая старонка ў
гісторыі Гродна. Згодна з нямецкаім пераспісам
на 1 чэрвеня 1916 года з 24460 жыхароў Гродна
беларусамі сябе лічыла 465 чалавек, тады як
рускімі – 570, палякамі – 7560, яўрэямі –
15537, інш. – 327 [4,
str.
2].
Вызначальную ролю ў развіцці нацыянальнага руху ў
горадзе падчас польска-савецкай вайны 1919-1920
гадоў адыграў той факт, што Гродна сталася
сваеасаблівым перавалачным пунктам на лініі
Мінск – Вільня – Варшава, дзе кожны раз, калі на
Беларусі мянялася ўлада, канцэнтраваліся значныя
нацыянальныя сілы. У канцы 1918 года,
напярэдадні заняцця бальшавікамі Вільні, у
Гродна, якое усё яшчэ заставалася ў зоне
нямецкай акупацыі, пераязджаюць ўрад БНР і
Міністэрства беларускіх справаў пры літоўскім
урадзе, у выніку чаго колькасць беларускіх
дзеячоў у горадзе раптоўна павялічылася ў
некалькі разоў. Ролю “прытулішча выгнанцаў” [1,
с. 1] Гродна выконвала яшчэ прынамсі двойчы:
спачатку ў ліпені 1920 года падчас савецкага
наступлення і другі раз восенню таго ж года –
калі фронт рухаўся ужо ў адваротным накірунку.
Адносна дынамікі росту беларускіх уплываў на першае
месца высоўваецца грамадоўскі перыяд, асабліва –
лета 1926 года. Калі браць за вызначальны момант
стварэнне на месцах гурткоў Грамады, то трэба
прызнаць, што “беларусізацыя” вёскі на
Гродзеншчыне ў дадзены час прыняла масавы
характар. Цікавым, аднак, падаецца іншае.
Пры усей шырыні грамадоўскага руху, ліквідацыя
самой арганізацыі ў 1927 годзе не выклікала
значных хваляванняў ні ў Гродне,
ні ў наваколлі. Складзенны ІІ аддзелам “Кароткі
нарыс па беларускаму пытанню” адзначаў у гэтай
сувязі, што ў сваёй большасці беларускае
насельніцтва прыняло весткі аб забароне БСРГ
“наогул спакойна”.
Як і мабілізацыя нацыянальных
сілаў, працэс “выхаду” ці адыходу ад удзелу ў
нацыянальным руху праяўляўся ў некалькіх
варыянтах. У першую чаргу гэта выезд з гораду –
на вучобу, па палітычных прычынах, ці ў пошуку
лепшай працы. Значная частка сябраў Гуртка пасля
заканчэння гімназіі апынулася ў Пецярубургу, дзе
яны вучыліся ў мясцовых універсытэтах і
працягвалі цікавіцца беларускай справай; у канцы
1920 года праўленне Гродзенскай Беларускай
губернскай управы амаль у поўным складзе
апынулася ў Літве; праз тую ж Літву ў Савецкую
Беларусь на працягу 1920-х гадоў перабраліся
ўдзельнікі антыпольскага падполля. У канцы 1925
года з Гродна ў Баранавічы пераяздзжае дзеяч
паланафільскага накірунку Я.Міткевіч... Пасля
забароны Грамады, у вёску з Гродна вярнулася і
значная частка дзеячоў БСРГ, якія да гэтага
паспелі асесці ў горадзе.
Ёсць у гродзенскіх беларусаў і
свой мартыролаг з імёнаў тых, што паклалі сваё
ўласнае жыццё на алтар Бацькаўшчыны, служачы
ідэі нацыянальнага адраджэння. Сярод іх першыя
беларускія настаўнікі ў Гродна Тэкля
Станішэўская і Аляксандр Грыкоўскі, загадчыцца
беларускага прытулку і сястра беларускай паэтэсы
Станіслава Буйло, кіраўнік Гродзенскага
павятовага сакратарыяту БСРГ Мікалай Якімовіч,
старшыня Гродзенскай акруговай управы ТБШ Пётр
Сяўрук, сябра Гродзенскай беларускай павятовай
рады Аляксандр Сініла і інш.
Але значна часцей адыход ад
актыўнай грамадскай працы на карысць
нацыянальнай ідэі быў выкліканы пераацэнкаю
ўласных поглядаў і нават уласнай нацыянальнай
самаідэнтыфікацыі.
Так, пачынальнік беларускага руху ў горадзе
Францішак Грынкевіч у час нямецкай
акупацыі ўвесь свой арганізацыйны талент
зварочвае на развіццё польскай адукацыі. Пад яго
кіраўніцтвам была адчынена першая польская
школа, створаны скаўцкая арганізацыя, а ў канцы
1918 года – польскі дэмакратычны камітэт і
мясцовы камітэт Польскай Мацежы Школьнай [ 9, с.
217; 5, с. 5-8 ].
«Ксёндз Грынкевіч, – Чытаем мы у дзённіку
А.Луцкевіча за студзень 1919 года, – сапраўдным
палякам стаўся і ўсю злосць сваю да беларусаў
тлумачыць тым, што яны сацыялісты».
Характэрны у гэтым сэнсе прыклад
Антона
Борыка – сябра
клубу «Беларуская хатка» і кандыдата на выбарах
у Гродзенскую гарадскую раду ад «беларускага
сацыялістычнага блоку».
Вясной 1920
года А.Борык знаходзіўся ў Рызе, дзе
высветлілася, што ён мае два пашпарты: беларускі
пад № 29 ад 29 студзеня 1920 года і рускі пад №
285 ад 13 красавіка 1920 года, выданы рускай
дэлегацыяй у Берліне. Беларускай дыпмісіяй гэты
факт быў расцэнены як дзяржаўная здрада. У адказ
А.Борык заявіў, што не лічыць сябе ні
беларускім, ні рускім грамадзянінам…[12,
л. 10; 13, л. 174].
Часамі
адмова ад беларускасці насіла публічны, адкрыты
характар, як у выпадку
Баляслава Квяцінскага,
які 29 ліпеня 1919 года ў польскай газеце
«Echo»
надрукаваў аб’яву аб сваім выхадзе з Цэнтральнай
беларускай рады Гродзеншчыны і Гродзенскай
настаўніцкай беларускай рады. Агульна кажучы,
“функцыя выхаду” ў сістэме беларускага руху была
больш разнастайнай і працавала значна
эфектыўней, чым функцыя рэкрутацыі новых сяброў.
У большасці выпадкаў на
побытавым узроўні беларускі нацыянальны рух
часцей за ўсё не праяўляўся. Пытанне вопраткі і
знешняга выгляду з’ялялася амаль што тым адзіным
выключэннем, дзе нацыянальная самаідэнтыфікацыя
зноходзіла сабе выхад. Перш за ўсё, гэта
датычыла сытуацыі, калі праз адзенне
падкрэслівалася непасрэдная сувязь з вясковым,
беларуска-сялянскім асяроддзем – ці то падчас
самадзейных прадстаўленняў ды спектакляў, ці
так, як аб гэтым піша Зоська Верас: “Быў у нас у
гуртку Казюк Калышка з-пад Ваўкавыска...
Апранулі мы яго ў беларускі жаночы касцюм,
завязалі на галаву шаляноўку, дзве жанчыны ўзялі
яго пад рукі і павялі ў самую гушчу спацыруючых
па Саборнай вуліцы. Гаварылі паміж сабою, як
заўсёды, па-беларуску, але на гэты раз
спецыяльна гучна, каб звярнуць на сябе ўвагу”
[7, с. 193].
Часамі, аднак, гэткая
“вясковасць” мела характар палітычнага
камуфляжу. Паводле квартальнай справаздачы ІІ
аддзелу за 1925 год, па горадзе курсавалі чуткі,
што ў Гродна канспіратыўна прыязжаў з Ковенскай
Літвы былы пасол С.Якавюк... пераапрануты ў
селяніна [3].
Безумоўна, што публічная
дзейнасць прымушала зварочваць асаблівую ўвагу
на свой знешні выгляд. “Няраз варункі так
складаюцца, – пісала з Гродна П.Мядзёлка ў лісце
да А.Луцкевіча ў канцы кастрычніка 1919 года, –
што трэба пайсці да людзей, знайомасці карысныя
завадзіць – то сям, то там бываць, а я… сапраўды
кельнерка пані Зенько харашэй апранута, чым я.
Прыйшла я са Случчыны пехатою ў Вільню, нічога з
сабою не забрала (ды-й па праўдзе і не было чаго
забіраць ) і цяпер так абнасілася, што і на свой
суботнік нельга пайсці. Троха паскудна робіцца
на душы, гледзячы на іншых – ну, але нічога. Абу
хоць маленькую карысць сабой прынесці
Бацькаўшчыне…” [4, с. 458].
Часамі, аднак, гэтая сувязь
паміж служэннем на карысць Айчыне і элементамі
гардэробу набывала і наогул просталінейны
характар. “…Зрабіўшы перагляд бялізны, выданнай
жаўнерам перад святамі, – гаварылася ў загадзе
камандуючага Гродзенскай беларускай этапнай роты
Плескачэўскага за 29 снежня 1920 года, -
…аказалася, што жаўнеры Гедіч, Бліноў, Шестакоў,
Папоў, Смірноў, Цеафілаў, Кузьменка і Адамовіч
прадалі свае скарпэткі, за што вышапералічаных
жаўнераў арыштоўваю на гарнізоннай гауптвахце на
адзін тыдзень і папярэджваю кампанію, што калі
яшчэ здарыцца гэтакі выпадак, вінаватых пакараю
як мага стражэй. Жаўнераў, якія прадалі гэтыя
рэчы, лічу здраднікамі Бацькаўшчыны, бо яны
добра ведаюць, як цяжка прыходзіцца будаваць
Бацькаўшчыну і што кожная рэч павінна быць
аплочана праз урад і дзеля гэтага мы ўсе павінны
як толькі мага берагчы іх і шанаваць…”.
Ва ўмовах гораду беларускасць у
паўсядзённым жыцці знаходзіла сваё праяўлянне не
ў матэрыяльнай культуры, а ў сферы духоўнай. У
першую чаргу гэта датычыла мовы і рэлігіі.
У першыя
трыццаць гадоў свайго існавання ў Гродна
беларускі рух за межамі ідэалагічнай дактрыны
здолеў сфармаваць свой уласны сусвет, са сваёй
асабістай прасторай, аднак так і не паспеў
уладкавацца ў ім на стала. Беларускасць на фоне
гродзенскага пейзажу першай чвэрці ХХ стагоддзя
ў значнай ступені заставалася з’яваю этнічнаю,
цесна звязанаю з традыцыйнай сялянскай
культурай. Толькі самой вясковай самабытнасці ў
спалучэнні з нацыянальнай ідэяй выразна не
хапіла для таго, каб на побытавым узроўні
замацаваць новую традыцыю нацыянальнага
адраджэння.
|
|