|
Не патрабуе доказу тэзіс аб тым,
што эканамічныя ідэі і праграмы заўсёды цесна
звязаны з сацыяльна-эканамічным характарам эпохі
і, па сутнасці, з’яўляюцца тэарытычным
асэнсаваннем яе супярэчнасцей. На эканамічнае
развіццё Еўропы ў другой палове ХVІІІ ст.
рашаючы ўплыў, безумоўна, аказала ідэалогія
Асветніцтва, якая прапаведавала прыярытэт
асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы,
грамадства і дзяржавы [1]. Па ўсёй Еўропе ў
другой палове ХVІІІ ст. пракацілася хваля
рэфарматарскай актыўнасці, якая закранула розныя
галіны жыцця грамадства, у тым ліку і эканоміку.
Сярод прыярытэтаў Асветніцтва важнае месца
займала рацыянальная эканоміка, заснаваная на
ідэе эканамічнага прагрэса [2, с. 443].
Асаблівасцю гэтага перыяду стаў той факт, што
новымі ідэямі ў сваёй дзяржаўнай дзейнасці
кіраваліся многія еўрапейскія манархі. У
гісторыі гэта атрымала назву “асветнага
абсалютызму”.
У еўрапейскай эканамічнай думцы
ХVІІІ ст. панавалі дзве асноўныя тэорыі:
1) меркантылізм, які
прапаведаваў культ прамысловасці і рыначнай
экспансіі і даказваў, што дзяржаўная палітыка
павінна арганізоўваць эканамічны лад і
падтрымліваць індывідуальную гаспадарчую
дзейнасць [3, s.
83];
2) школа фізіякратаў,
згодна з ідэямі якой “чысты прадукт”
(прыбавачная вартасць) ствараецца толькі
сельскагаспадарчай працай і знаходзіцца ў сферы
сельскагаспадарчай вытворчасці [4].
У сувязі з гэтым асноўныя
эканамічныя рэформы ў Еўропе ХVІІІ ст.
заключаліся ў працэсе ўдасканалення сельскай
гаспадаркі, стварэнні дзяржаўных мануфактур і
паляпшэнні гандлю.
Не стала выключэннем і Вялікае
княства Літоўскае, гаспадарчае развіццё якога ў
другой палове ХVІІІ
ст. таксама праходзіла пад знакам эканамічных
рэформ. Гэта стала магчымым дзякуючы тром
асноўным прычынам:
1)
аднаўленню і пэўнай стабілізацыі
гаспадарчага жыцця пасля двух глыбокіх крызісаў,
выкліканых войнамі другой паловы ХVІІ і пачатку
ХVІІІ ст.;
2)
распаўсюджванню ідэй Асветніцтва на ўсёй
тэрыторыі Рэчы Паспалітай у першую чаргу праз
павелічэнне колькасці эканамічных выданняў;
3)
і, напэўна, самае галоўнае – усведамленню
часткай палітычнай эліты самой неабходнасці
прагрэсіўных змен як абавязковай і першаснай
умовы захавання бяспекі дзяржавы.
У другой палове ХVІІІ ст. на
тэрыторыі ВКЛ у адпаведнасці з еўрапейскай
традыцыяй адбывалася актыўная інтэграцыя
дзяржаўных інстытутаў у эканамічнае жыццё,
дзяржаўная ўлада пачала выступаць як
прапагандыст гаспадарчых рэформаў. Так, рашэннем
канвакацыйнага сойма 1764 г. для ВКЛ была
створана Эканамічная Рада Літоўскага скарбу
(Скарбавая камісія) – спецыяльны дзяржаўны
орган, які адказваў за эканамічнае развіццё
краіны. Фарміраванню новых эканамічных адносін
садзейнічала таксама прыняцце шэрагу важных
эканамічных законаў, сярод якіх можна адзначыць
абмежаванне права liberum
veto па эканамічных
пытаннях, дазвол мяшчанам набываць феадальныя
маёнткі, а шляхце – займацца прадпрымальніцкай
дзейнасцю і гандлем без страты сваіх шляхецкіх
правоў. У гэтых рашэннях знайшло рэальнае
ўвасабленне перакананне часоў Асветніцтва ў тым,
што для больш рашучага развіцця эканомікі яе
трэба вызваліць ад штучных абмежаванняў.
У дадзеным артыкуле зроблена
спроба вызначыць і прааналізаваць месца і ролю
гарадоў у агульным працэсе рэфармавання
эканомікі на землях ВКЛ у другой палове ХVІІІ
ст. Паколькі рэформы гэтага часу былі
ініцыіраваны “зверху” (дзяржаўнай уладай і
блізкімі да яе коламі) і праводзіліся ў асноўным
у сталовых эканоміях, то аб’ектам даследавання ў
гэтай працы з’яўляюцца менавіта каралеўскія
гарады.
У адрозненне ад сельскай
гаспадаркі, якая дзякуючы дзяржаўнай палітыцы
льгот і цяжкай працы сялян да сярэдзіны ХVІІІ
ст. пераадолела наступствы ваенных разбурэнняў,
становішча гарадоў Вялікіга княства Літоўскага
было значна горшым. Яно нават стала прадметам
спецыяльнага разгляду на канвакацыйным сойме
1764 г. У канстытуцыі сойма адзначалася, што
“гарады Вялікага княства Літоўскага: Вільня,
Гродна, Менск, Навагрудак, Віцебск, Коўна, Брэст
і ўсе іншыя каралеўскія галоўныя гарады ўшчэнт
спустошаны і разбураны ў выніку частых пажараў,
кватэрнай павіннасці на карысць службовых асоб,
гандлю, які вядуць кляштары і іншыя асобы,
парушэння юрысдыкцыі гарадскіх судоў,
распараджэнняў па тэстаментах гарадскімі
ўладаннямі і абцяжарвання гэтых уладанняў
даўгавымі абавязацельствамі, продажу права на
атрыманне чыншу ад мураваных і іншых дамоў,
нарэшце, з-за нявыплаты ў тэрмін падаткаў” [5,
s.
74].
Для паляпшэння становішча
гарадоў і з мэтай урэгулявання жыцця ў іх
пастановай сойма адмяняліся кватэрныя павіннасці
на карысць службовых асоб, якія абавязваліся
наймаць сабе жыллё на дагаворных умовах;
манастырам “абоіх веравызнанняў” забаранялася
трымаць кабакі і прадаваць розныя тавары і
спіртныя напоі; забаранялася перадача
духавенству па тэстаменту або дароўнаму
дакументу гарадской нерухомай маёмасці як
грамадскай уласнасці Рэчы Паспалітай і інш. [5,
s.
74-75].
Такім чынам, менавіта на
канвакацыйным сойме 1764 г. быў закладзены
падмурак, неабходны для пачатку актыўных
эканамічных рэформ ва ўсёй Рэчы Паспалітай і ў
ВКЛ у прыватнасці, а адносная гаспадарчая
стабілізацыя сярэдзіны ХVІІІ ст. і паляпшэнне
кан’юнктуры на еўрапейскіх рынках стваралі
спрыяльныя ўмовы для развіцця гарадоў на
тэрыторыі ВКЛ. Гэтаму таксама павінен быў
садзейнічаць “вялікі мануфактурны план”, які быў
прапанаваны генеральным адміністратарам
каралеўскіх сталовых эканомій і надворным
падскарбіем ВКЛ Антоніем Тызенгаўзам. Стварэнне
мануфактур стала галоўным стратэгічным напрамкам
эканамічнай палітыкі ўладаў у другой палове
ХVІІІ ст., паколькі дзяржава востра адчувала
патрэбу ў высокаякаснай прамысловай прадукцыі,
неабходнай як для войска, так і для асабістага
ўжытку пануючага саслоўя.
Даследаванне становішча
каралеўскіх гарадоў ВКЛ у адзначаны перыяд
паказала, што іх месца і роля ў рэфармаванні
эканомікі не былі аднолькавымі. Па сваім
значэнні ў гэтым працэсе каралеўскія гарады ВКЛ
умоўна можна падзяліць на тры групы (катэгорыі).
Бясспрэчным фаварытам сярод усіх
гарадоў ВКЛ быў горад Гродна – цэнтр Гродзенскай
каралеўскай сталовай эканоміі, які стаў
пляцоўкай для ажыццяўлення мануфактурнага плана.
На тэрыторыі горада і яго прадмесці Гарадніцы да
1777 г. было пабудавана 16 прамысловых
прадпрыемстваў, якія выпускалі сукно і палатно,
гарбарныя і залатыя вырабы, гарматы і стрэльбы,
панчохі і шоўк, карункі і капелюшы, ігральныя
карты і карэты і інш.
Гродна стаў не толькі
прамысловым, але і палітычным, адукацыйным і
культурным цэнтрам у Вялікім княстве. У горадзе
было створана шмат школ, а таксама першыя ў ВКЛ
батанічны сад, тэатр, аптэка, пачала выдавацца
перыядычная газета і інш. Займаючы пасаду
генеральнага адміністратара сталовых эканомій у
ВКЛ, А.Тызенгаўз атрымаў ад караля права
распараджацца даходамі з гэтых уладанняў у
інтарэсах каралеўскага скарбу. У дадзеным
выпадку прыбыткі з каралеўскіх эканомій
А.Тызенгаўз пераразмеркаваў на карысць Гродна.
Другую групу гарадоў складалі
Брэст, Кобрын, Магілёў і Шаўлі, якія таксама, як
і Гродна, з’яўляліся цэнтрамі каралеўскіх
сталовых эканомій, але не сталі пры гэтым
важнымі прамысловымі асяродкамі.
Сярод гэтых гарадоў некалькі
вылучаецца Брэст, у прадмесці якога было
створана 5 мануфактур, а таксама вялася актыўная
забудова горада. Аб гэтым сведчаць штогадовыя
рапарты службовых асоб з падсумаваннем усіх
пабудоў у горадзе і цэлай эканоміі [6; 7].
Будаўніцтва вялося ў Шаўлях,
Кобрыне і Магілёве. Для апошняга быў нават
створаны генеральны план забудовы горада.
З’яўленне такога плану, хутчэй за ўсё, было
выклікана цяжкім становішчам Магілёва ў
параўнанні з іншымі каралеўскімі гарадамі ў ВКЛ,
што пацвярджаецца шматлікімі суплікамі
магілёўскіх мяшчан. Змяненне дзяржаўнай палітыкі
на пачатку кіравання Станіслава Аўгуста ў бок
эканамічных рэформаў абудзіла ў мяшчан Магілёва
надзею на паляпшэнне іх дабрабыту. Толькі ў 1765
г. сіламі каралеўскага скарбу ў горадзе было
пабудавана 3 камяніцы, скончана будаўніцтва
бровара, карчмы, млына, пачаўся рамонт
гарадскога валу і інш. [7, арк. 279 адв.].
Відавочна, што на фоне Гродна змены ў іншых
цэнтрах каралеўскіх эканомій ВКЛ былі
непараўнальна меншымі.
Зразумела, што праведзеныя ў
адным горадзе пераўтварэнні не маглі кардынальна
змяніць агульны стан развіцця эканомікі ў
краіне. Таму ў Скарбавую камісію ВКЛ сталі
паступаць праекты, у якіх ўтрымліваліся
прапановы па больш радыкальным рэфармаванні, у
прыватнасці, Брэсцкай і Шавельскай эканомій і іх
адміністрацыйных цэнтраў. Аўтарам гэтых праектаў
быў генеральны мернічы каралеўскіх эканомій у
ВКЛ Людвік Кройц. Тэарытычна магчымасць падаць
свае праекты на разгляд Скарбавай камісіі была
ва ўсіх, і розныя зацікаўленыя асобы маглі
прыняць удзел у іх абмеркаванні. Аднак у лісце
да караля генеральны мернічы скардзіўся на тое,
што не ведае, “да каго звярнуцца са сваімі
праектамі, бо мяне адзін да другога пасылае і
кожны не мае часу мяне выслухаць” [8]. У
канчатковым выпадку праекты Л.Кройца не былі
прыняты да рэалізацыі, галоўным чынам, з прычыны
суб’ектыўных фактараў – надзелены шырокімі
паўнамоцтвамі А.Тызенгаўз адмовіўся нават
правесці апрабацыю праектаў Л.Кройца.
Усе астатнія каралеўскія гарады
і мястэчкі складалі трэцюю групу. Фактычна на
самым пачатку эканамічных рэформ насупраць
існаваўшым прывілеям пачалося наступленне
адміністрацыі эканомій на правы гэтай групы
гарадоў. У першую чаргу, гэта праяўлялася ў
павелічэнні падаткава-павіннаснага ціску і
адабранні пад фальваркавае заворванне часткі
зямель, якія належалі гарадам. Ужо ў 1766 г.
мяшчане г. Скідзеля Гродзенскай эканоміі
скардзіліся каралю на тое, што ў горада забралі
ворыўныя землі [9]. А мяшчане г. Крынкі гэтай жа
эканоміі ў супліцы да караля адзначалі, што яны
“ўжо не жыхары г. Крынкі, а жабракі нешчаслівага
жыцця, якія павінны адрачыся ад сваіх дамоў і
ўроссыпку пайсці” [10]. Як вынікае са скаргі,
прычынай такога становішча было тое, што іх
продкі былі вызвалены ад усялякай паншчыны і
акрамя чыншаў нічога не выконвалі, а яны самыя з
1768 г. “да астатняй галечы дайшлі”, паколькі
прысланыя з Крынкаўскага двору жаўнеры і
прыставы іх на паншчыну выпраўляюць,
“нялітасціва б’юць людзей, ад чаго многія людзі
пакінулі свае дамы і гаспадаркі і ў іншыя гарады
выйшлі….а таксама мяшчан пабоямі да частых
падарожжаў з падводамі…і да іншых ніколі
нечувальных рабацізнаў насуперак нашым правам
гвалтам прымушаюць” [10].
Падобнага зместу суплікі
захаваліся з гарадоў Сакулкі, Адэльска, Кузніцы
Гродзенскай эканоміі, а таксама Мялейчыц, Воіна
Брэсцкай эканоміі і шэрагу іншых каралеўскіх
гарадоў і мястэчак. Па свайму зместу скаргі
мяшчан не адрозніваліся ад сялянскіх суплік,
паколькі да рэформы А.Тызенгаўза і сяляне
каралеўскіх эканомій не адпрацоўвалі паншчыну.
Мяшчане горада Мялейчыцы ў сваёй супліцы
паведамлялі каралю, што ў іх забралі трэцюю
частку грунтаў, у тры разы павялічылі дзяржаўныя
падаткі, але пры гэтым яны дадавалі, што больш
за ўсё скардзяцца на тое, што іх “поўнасцю з
сялянамі параўналі” [11,
s.
357-358].
Польскі даследчык В.Куля назваў
дзейнасць А.Тызенгаўза “антыгарадской” не толькі
ў дачыненні да каралеўскіх, але і да іншых
гарадоў ВКЛ [11, s.
422]. Ён лічыў, што менавіта А.Тызенгаўз дамогся
скасавання ў 1776 г. прывілеяў на Магдэбургскае
права дробным гарадам і мястэчкам Беларусі і
Літвы. Магдэбургскае права пакідалася толькі ў
11 гарадах ВКЛ: Вільні, Лідзе, Коўне, Троках,
Навагрудку, Ваўкавыску, Пінску, Менску, Мазыры,
Брэсце і Гродне. Скасаванне прывілеяў
тлумачылася тым, што жыхары гарадоў і мястэчак,
выключаных са спісу прывілеяваных, “не цікавяцца
купецкімі заняткамі, гандлем і рамяством,
няўмела займаюцца земляробствам, судовыя справы
вырашаюць няправільна, няўмелымі радцамі” [5, Т.
VІІІ, s.
567]. У адпаведнасці з пастановай сойма, у
гарады і мястэчкі накіроўваліся спецыяльныя
люстратары, якія павінны былі скласці
люстрацыйныя інвентары з ацэнкай нерухомай
маёмасці мяшчан і крыніц іх даходаў. На падставе
гэтых дакументаў вызначаўся памер выплат у
каралеўскі скарб і “на грамадскія патрэбы” [12].
У выніку страты гарадамі і
мястэчкамі Магдэбургскага права становішча іх
яшчэ больш ускладнілася. Суплікі мяшчан за
перыяд 1776 – 1790 г. сведчаць аб тым, што,
акрамя павелічэння чыншу, у гарадах былі
ўведзены і новыя павіннасці – гвалты,
падарожчына, падводная павіннасць, камунальная і
інш., у сувязі з чым з гарадоў “людзі
разыходзяцца, будынкі пусцеюць і развальваюцца і
гарады Вашай Каралеўскай Міласці прыходзяць да
ўбоства” (з суплікі мяшчан г. Скідзеля) [13].
Такім чынам, у правядзенні і
аграрнай, і мануфактурнай рэформ на тэрыторыі
ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст. відавочна
прасочваецца адна заканамернасць: іх
ажыццяўленне адбывалася ў першую чаргу за кошт
адміністрацыйнага рэсурса – павелічэння
падаткава-павіннаснага ціску як на сялян, так і
на мяшчан. Пераважная большасць вялікіх і малых
каралеўскіх гарадоў і мястэчак ВКЛ, па сутнасці,
былі крыніцай фінансавання рэформ, ініцыіраваных
надворным падскарбіем ВКЛ.
Праведзеныя А.Тызенгаўзам
рэформы ішлі ўразрэз з ідэямі, якія
прапагандаваліся эканамічнай літаратурай перыяду
Асветніцтва: свабода гандлю, змяншэнне
падаткаў, эканамічная свабода вытворцы і г.д.
Прычына гэтага заключалася ў тым, што
эканамічныя рэформы ў ВКЛ былі падпарадкаваны ў
першую чаргу палітычнай мэце – умацаванню
каралеўскай улады і забеспячэнню яе фінансавай
незалежнасці ад сойма любым коштам. У гэтым
выпадку для А.Тызенгаўза ідэалогія Асветніцтва
была толькі лозунгам, паколькі ажыццяўленне яго
рэфарматарскіх праграм адбывалася з ужываннем
прынцыпаў, далёкіх ад Асветніцтва.
Крыніцы і літаратура
1.
Дарашэвіч, Э.К. Асветніцтва /
Э.К.Дарашэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі:
У 6 т. Т. 1. – Мн., 1993. – С. 211-212.
2.
Дэвис, Н. История Европы /
Н.Дэвис. – М., 2005.
3.
Baszkiewicz, J.
Władza / J.Baszkiewicz. –
Wrocław-Warszawa-Krakόw, 1999.
4.
Кенэ, Ф. Избранные экономические
произведения / Ф.Кенэ. – М., 1960.
5.
Volumina legum.
– T. VII. – Petersburg, 1860.
6.
Archiwum Glówny
Akt Dawnych (AGAD), Archiwum Kameralne (AK),
sign. III/177, a.44-45.
7.
AGAD, Archiwum
Tyzenchauzów (AT), D-1/XIV, a. 199-200.
8.
AGAD, Zbiόr
Popiełόw, № 310, арк.
199.
9.
AGAD, AK, III/35,
a. 118.
10.
AGAD, AT, D-16,
a. 54а.
11.
Kuła, W. Szkice o
manufakturach w Polsce XVIII wieku / W.Kuła. –
Warszawa, 1956.
12.
Гісторя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларусь
у часы Рэчы Паспалітай. – Мн., 2004. – С. 190.
13.
AGAD, AK, III/165,
а. 24-25.
|
|