Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі і культуры

Артыкул/Статья

?>

 
 

  


Городки

 

 

В.Ф. Голубеў
(Мінск, Інстытут гісторыі НАНБ)

ГОРАД І ВОЛАСЦЬ У ТЭРЫТАРЫЯЛЬНАЙ АБШЧЫНЕ Ў БЕЛАРУСІ ХVІ ст.: АД СУПОЛЬНАСЦІ ДА САМАСТОЙНАСЦІ

 

У феадальную эпоху абшчына ўяўляла сабой даволі складаны грамадска-вытворчы механізм. Яна з’яўлялася арганізацыяй, што склалася гістарычна па суседскай прыкмеце ў першую чаргу для сумеснай барацьбы за выжыванне. Напачатку, калі побач з селішчамі з’явіліся ўмацаваныя гарадзішчы, жыхары тых і другіх працягвалі захоўваць адзінства: разам бараніліся ад ворагаў, сумесна палявалі, супольна карысталіся землямі, лясамі, рыбнымі ловамі і звярынымі ўваходамі, працягвалі жыць у складзе адной абшчыны. Але паступова асноўны сродак вытворчасці тагачаснага грамадства – зямля аказалася ва ўласнасці феадалаў, а большасць насельніцтва стала спачатку ў эканамічным плане, а потым і юрыдычна залежнай ад іх. Вярхоўным уласнікам зямлі ў Вялікім княстве Літоўскім быў гаспадар (вялікі князь), таму ў рознай ступені залежнасці ад яго знаходзілася практычна ўсё насельніцтва краіны, асабліва людзі простага стану, сяляне і гараджане.

Дзяржава як землеўласнік і вялікі князь як яе галоўны адміністратар і кіраўнік заўсёды імкнуліся як мага больш дакладна ўрэгуляваць сістэму падаткавага і павіннаснага абкладання насельніцтва. Ёсць меркаванне, што падчас княжання вялікага князя Вітаўта ў ВКЛ адбылася першая спроба звесці разам усе павіннасці насельніцтва, якія выконваліся на карысць вялікняжацкага двара. У якасці адзінкі павіннаснага і падаткавага абкладання была ўзята гаспадарка, якая вялася асобнай індывідуальнай сям’ёй (тады былі распаўсюджаны не малыя нуклеарныя, а вялікія складаныя сем’і). Гэтая адначасова фіскальная і гаспадарчая адзінка атрымала назву “служба”. А паколькі “адна сялянская гаспадарка напачатку адпавядала паняццю адной сям’і (і нават аднаго чалавека), адной зямлі, сяльцу, жэрабю ці дворышчу, таму і служба адпавядала усім тым тэрмінам і паняццям” [1, с. 85]. Усё, што адпраўлялася на карысць дзяржавы ці вялікага князя з дадзенага ўладамі надзела (грашовыя платы, даніна, работы, вайсковыя ці спецыяльныя паслугі) мела агульную назву “служба”. Назва гэтая аўтаматычна пераходзіла і на надзел, з якога згаданыя службы выконваліся. Такім чынам, служба ХV ст. не з’яўлялася пазямельнай адзінкай, у адрозненне ад таго, як гэта было ў ХVІ ст. з валокай ці дакладна вымеранымі службамі на ўсходзе Беларусі. У ХV ст. “службе” магла адпавядаць самая розная колькасць зямлі. Адрознівацца па памерах службы маглі не толькі ў розных рэгіёнах ВКЛ, а нават ў межах аднаго населенага пункта. Між тым улады імкнуліся прытрымлівацца нейкай сярэдняй нормы ў сваіх наданнях, таму размешчаныя побач гаспадаркі атрымлівалі напачатку прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, ды і службы-павіннасці прызначаліся з улікам нейкага сярэдняга надзела. Памеры службы-надзела часта залежалі ад фактараў як аб’ектыўных (месцапалажэнне, якасць зямлі, і да т.п.), так і ад суб’ектыўных (воля манарха, жаданне кагосці выдзеліць над іншымі, неведанне рэальных памераў надаваемага надзела і да т.п.). Падагульняючы, можна зрабіць выснову, што ў фіскальным сэнсе “служба” аб’ядноўвала ўвесь комплекс павіннасцей і падаткаў, якія прызначаліся з гаспадаркі пэўнай сям’і, а ў эканамічным плане служба не ўяўляла сабой зямельнага надзела дакладна вызначанай плошчы, хаця яе памеры набліжаліся да нейкага сярэдняга стандарта.

Для нас важна, што прыблізна ў першай трэці ХV ст. у ВКЛ праз увядзенне службы адбыўся першы этап індывідуалізацыі сістэмы падаткавага і павіннаснага абкладання. Гэта вяло да пэўнага адасаблення насельніцтва, якое да гэтага здавала даніны і выконвала павіннасці ў асноўным толькі супольна, грамадой. Служба магла быць “цяглай” (работы ці даніны), ці спецыяльнай, якая называлася па асноўнай павіннасці насельніцтва (баброўніцкая, цяслярская, стралецкая, асочніцкая і да т.п.).

Разам з тым насельніцтва, у складзе служб ці без іх, па-ранейшаму заставалася ў складзе адной тэрытарыяльнай абшчыны, якую тагачасныя дакументы называлі тэрмінам “воласць”. Нягледзячы на тое, што правядзенне ў сярэдзіне XVІ ст валочнай памеры з выдзяленнем зямельных надзелаў канкрэтным сялянскім сям’ям і прызначэннем для іх дакладных павіннасцей прывяло да другога этапа індывідуалізацыі сацыяльна-эканамічнага жыцця на вёсцы, воласць аказалася своеасаблівай аб’яднальніцай насельніцтва ў першую чаргу ў яго супрацьстаянні з дзяржавай і землеўласнікамі. Да таго ж воласць стала паказчыкам пэўных стандартаў у арганізацыі абшчыннага жыцця на тэрыторыі Беларусі. Як на захадзе, так і на ўсходзе асобныя сельскія абшчыны афіцыйна былі ўключаны ў склад значна большых тэрытарыяльных арганізацый – валасных абшчын ці проста “воласцей”. Калі ў XVІ ст. фактычна завяршылася афармленне адміністратыўна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы (ваяводства – павет), “воласць” як тэрытарыяльная адзінка (частка павета) ў большасці выпадкаў стала супадаць з воласцю-абшчынай. Тут выразна назіраецца як імкненне дзяржавы ўключыць грамаду ў афіцыйна сфармаваныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя структуры (воласці), так і вымушанае прызнанне ўладамі права грамады на існаванне як самаарганізаванай грамадска-тэрытарыяльнай супольнасці. Воласці ў гэты час, па трапнаму выразу В. Насевіча, з’яўляліся асноўнымі структурнымі адзінкамі грамадства і дзяржавы [2, с. 56].

Такім чынам, з ХVІ ст. тэрмін “воласць” абазначаў не толькі грамадскую структуру, якая размяшчалася на пэўнай тэрыторыі, а таксама саму гэтую тэрыторыю як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. Да таго ж “воласць” стала і тэрмінам фіскальным, прызначаным ужо не для індывідуальнага, а для калектыўнага, грамадскага абкладання. Якраз на воласць, валасную грамаду прызначаліся сумесныя поплаты і даніны на карысць дзяржавы ці асобных феадалаў. Як бачым, уведзенне службы і валокі вяло да большай індывідуалізацыі насельніцтва, у першую чаргу ў справе павіннаснага і падаткавага абкладання. Валасная прывязка, наадварот, некалькі ўзмацняла абшчынныя традыцыі, а дзяржава з яе дапамогай гарантавана атрымлівала даніны, падаткі і да т.п.

Да сярэдзіны ХVІ ст. сельскае і гарадское насельніцтва воласці, як на захадзе, так і на ўсходзе Беларусі, звычайна складала адзіную гаспадарчую і павіннасную адзінку. У гэты час гандаль і рамяство яшчэ не сталі асноўным відам гаспадарчай дзейнасці большасці жыхароў гарадоў і мястэчак. У горадзе, таксама як і ў вёсцы, значнымі, а то і пераважаючымі былі заняткі сельскагаспадарчай дзейнасцю, што гарантавала забеспячэнне і сялян і гараджан асноўнымі прадуктамі харчавання. Дарэчы, такая з’ява была характэрнай для гарадоў і мястэчак ВКЛ нават у пазнейшыя часы [3]. Таму, як, напрыклад, на Магілёўшчыне да сярэдзіны ХVІ ст. горад ці замак не быў для насельніцтва воласці цэнтрам гаспадарчага жыцця, а толькі месцам размяшчэння адміністрацыі воласці, пунктам, куды прывозілася прызначаная на воласць даніна [4, с. 58].

Насельніцтва, якое складала тэрытарыяльную абшчыну, называлася «мужамі», «людзьмі», «валашчанамі». Акрамя таго, яно мела агульную саманазву па назве зямлі, у якой яны пражывалі, ці па адміністрацыйнаму цэнтру воласці “магілёўцы”, “палачане”, “мазыране”, “рэчычане” і да т. п. Жыхары горада і воласці звычайна не толькі разам выплочвалі падаткі ці адраблялі павіннасці на карысць дзяржавы, яны і сумесна карысталіся землямі і ўгоддзямі, разам супраціўляліся ўціску з боку ўраднікаў і вялікакняжацкіх намеснікаў, падавалі супольныя скаргі. Так, напрыклад, у 1565 г. Чачэрскія мяшчане і валашчане разам не толькі дабіліся таго, што вялікі князь вызваліў іх ад давання даніны на старасту звыш уставы.

Разам напісалі ў 1563 г. скаргу на імя вялікага князя Жыгімонта Аўгуста мяшчане горада Барысава і жыхары Барысаўскай воласці: “… били нам чолом подданые наши мещане и волощане замку нашого Борисовского…” [6, арк. 379 адв.] на тое, што дзяржаўныя ўраднікі, калі ехалі да войска праз Барысаў, а таксама паслы, што накіроўваліся ў Маскву, бралі у іх бясплатна (“даром кгвалтом”) падводы [6, арк. 379 адв.]. У выніку яны атрымалі станоўчы адказ. Вялікі князь адзначыў: “… ино мы хотечи абы в том месте пры замку потребном панствам нашим люди можные заседали, а ведаючи же межи Борисовскими помера влочная и устава платом достаточная вже постановена есть, с которое и на подводы пенязи дают, тогды з ласки нашое господарское от даванья даремных подвод и стацей так панам гетманом, яко и паном послом ,ротмистром, гонцом и коморником нашим и чужоземским московским послом и гонцом от даванья стаций тым же станом вызволили есмо и сим листом нашим вызволяем вечно, не мают и не будут повинни никому мещане и волощане подвод и стаций даром давати, за пенязи водле часу и потребы по Уставе нашой…” [6, арк. 379 адв.].

Нават некаторыя гаспадарчыя і судовыя спрэчкі насельніцтва грамады-воласці традыцыйна вырашаліся самімі абшчыннікамі на падставе звычаёвага права. Вядомы выпадкі, калі гэта фіксавалася і ў дакументах, што зыходзілі ад вышэйшых улад. Так, Жыгімонт Стары ў 1540 г. у грамаце насельніцтву Свіслацкай воласці (“мяшчанам і валашчанам свіслацкім”) адзначаў, што справы, звязаныя з бортніцтвам, яны будуць вырашаць паміж сабой самі: “А о дерево бортное и о бчолы мают ся они сами межи собою судити») [7, с. 409].

У матэрыялах Метрыкі ВКЛ за першую палову ХVІ ст. захаваліся сумесныя скаргі гаспадарскіх сялян і мяшчан і адказы на іх службовых асобаў ці нават самаго кіраўніка дзяржавы. Так, напрыклад, у лісце вялікага князя Жыгімонта Старога да крычаўскага намесніка князя Васіля Сямёнавіча Жылінскага ад 22 лістапада 1522 г., выдадзенага ў адказ на скаргу крычаўскіх мяшчан і валашчан, было выразна зафіксавана эканамічнае адзінства воласці і горада. Вялікі князь адзначыў, што «Вжо неоднокроть жалують нам мещане и вся волость Кричовская о том, што ж, ты им кривды великие чиниш и новины уводиш, и береш на них мыто и узвестное так, как бы на чужоволостцох, чого на них здавна не биривано… и на полюде, до них у великим почте ездиш, а перед тым, первые державцы н(а)ши до них на полюде не езживали» [8, с. 64]. Гэты дакумент цікавы і тым, што паказвае як насельніцтва збірала ў грамадзе ўскладеныя на іх падаткі: “они межи собой розмет складуть” [8, с. 65].

Вядомы выпадкі, калі валасныя абшчыны разам з гаражанамі, спрачаючыся за зямлю, лясныя ці сенажатныя ўгоддзі, пераходзілі да сілавога супрацьстаяння з насельніцтвам іншых воласцей і гарадоў. Скаргі, судовыя справы ўтрымліваюць прыклады нападаў (“наездаў”) членаў абшчын на чале са старцамі (часта з ініцыятывы мясцовых ураднікаў) на суседнія грамады, ці чужыя прыватнаўласніцкія вёскі і рабаванне іх. Напрыклад, аб такім выпадку апавядае скарга на пана Івана Федаравіча Быкоўскага, бабруйскага ўрадніка, які 6 чэрвеня 1582 г. з “мещаны бобруйскими помочниками своими, а з волости Бобруйское половицы Виленское старца волосного на йме Якова Вороновича з села Демидович … и сими волощаны тое половицы Виленское и з иншыми многими помочниками своими з ручницами, з рогатинами, з сагайдаками и з иншыми военными бронями моцно кгвалтовне наслал на власное его мсти имение… прозываемое Зубаревичи” [9, a. 1].

У XVI ст., з хуткім пашырэннем грамадскага падзелу працы практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі адбываецца аддзяленне гарадской абшчыны ад валасной. Праўда, часцей за ўсё гэта назіралася ў дзяржаўных уладаннях. Прыватным ці духоўным землеўласнікам часта было выгодна ў павіннасным плане не раздзяляць горад і воласць і яны нават захоўвалі іх “адзінства” сваімі распараджэннямі.

Верагодна, першымі пачалі адасабляцца ад воласці буйныя гарады, якія пачалі атрымліваць Магдэбургскае права [7, с. 409.]. Дарэчы, такія гарады і да атрымання Магдэбургскага права звычайна вялі некалькі адасобленае ад воласці жыццё, у прыватнасці, мелі ўласную грамадскую структуру, з вышэйшым органам самакіравання – “веча”. Невялікія гарады і мястэчкі арганічна ўваходзілі ў воласць, іх жыхары нават маглі ўдзельнічаць ў копных сходах, якія ў некаторых выпадках выконвалі функцыю вышэйшага органа самакіравання адначасова для некалькіх суседскіх абшчын.

Яскравым прыкладам працэса аддзялення горада і вёскі была Магілёўская воласць разам з Магілёвам, сваім адміністрацыйным цэнтрам. Так, менавіта ў XVI ст. і раней за іншыя гарады Падняпроўя, Магілёў атрымаў Магдэбургскае права, раней за іншыя воласці і на падставах Уставы на валокі тут прайшла аграрная рэформа. Значны эканамічны ўздым Магілёва ў XVI ст., калі ён стаў асноўным гаспадарчым цэнтрам рэгіёна, паўплываў на канчатковае размежаванне сельскай грамады і горада.

Да сярэдзіны XVI ст. насельніцтва Магілёва і воласці складала адзіную гаспадарчую і павіннасную адзінку. М.В. Доўнар-Запольскі лічыў, што горад і воласць  уяўлялі сабой арганізацыю, аб’яднаную валасною зямлёю і самакіраваннем [10, с. 25]. Аб тым, што насельніцтва Магілёва і воласці успрымалася і ўладамі як адзінае цэлае, сведчыць устаўная грамата, складзеная пры аддачы ў 1514 г. Магілёва з воласцю пану Юръю Зяноўевічу і адрасаваная “бояром и мещаном Могилевским, и старцом серебреному и медовому и всим людям волости нашое Могилевское”[11, с. 105].  

Надалей выразна праяўляецца палітыка дзяржавы на падтрымку горада Магілёва ў яго барацьбе за незалежнасць ад валасной грамады, з аднаго боку, і імкненне яшчэ больш падпарадкаваць уладам сельскую абшчыну, з другога. Можна вылучыць тры асноўныя этапы такой палітыкі адносна Магілёва і воласці ў XVI ст.: 1561, 1577 і 1594 гг.

Устава Магілёву, падпісаная вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам 20 лютага 1561 г. падзяліла горад і воласць у адміністрацыйным плане, поўнасцю аддзяліўшы яго ад сельскай абшчыны. У горадзе ўтваралася самастойная ад воласці сістэма самакіравання, якую ўзначальваў войт з сотнікамі. Гараджане перасталі ўдзельнічаць у размеркаванні павіннасцей і платаў, прызначаных на валасную грамаду: “Мещане в месте мают вже от того часу перестати розрубов и розметов класти на мещан наших: бо вже мещане от того вызволены и выняты суть” [11, с. 343].

Поўную адасобленасць ад воласці і сапраўднае самакіраванне Магілёў атрымаў паводле прывілея на Магдэбурскае права ад 28 студзеня 1577 г. Тлумачэнне такога рашэння ўтрымлівае сам дакумент: горад атрымаў права на самакіраванне не толькі для ўмацавання свайго гаспадарчага становішча і “скарбу нашому (ВКЛ – В.Г.) примножения пожитков”, але і як пагранічны горад, з паляпшэннем становішча якога Вялікае княства Літоўскае “лепей бы обваровано и болшую безпечность против кождого неприятеля оттуль мети могло” [11, с. 350].

Такім чынам, на прыкладзе Магілёва і Магілёўскай воласці даволі выразна прасочваецца агульная тэндэнцыя на змяншэнне ў жыцці тагачаснага грамадства ролі абшчыны як грамадска-тэрытарыяльнай супольнасці, паступовае яе падпарадкаванне землеўласніку. Адным з этапаў такой палітыкі было выдзяленне горада са складу тэрытарыяльнай абшчыны і пераходу ад даўняй традыцыі (“старыны”) ў яго гаспадарчым, сацыяльна-палітычным і прававым жыцці да самаарганізацыі, заснаванай на пісаным праве. Падобная тэндэнцыя назіралася па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Аднак трэба заўважыць, што былі выпадкі нават у ХVII і ХVIII ст. калі мяшчане і жыхары воласці, як правіла, паводле распараджэння землеўласніка, сумесна адбывалі некаторыя павіннасці.

 

Крыніцы і літаратура

 

1.       Kamieniecki, W. Rozwój własnosci na Litwie w dobie przed I. Statutem (Studia historyczno-gospodarcze) / W.Kamieniecki. Kraków.: Nakładem Akademii Umiejętnosci, 1914.

2.       Носевич, В. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе / В.Носевич. Мн., 2004.

3.       Ochmański, J. W kwestii agrarnego charakteru miast Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI wieku / J.Ochmiański // Studia Historica w 35-lecie pracy naukowej Henryka Łowmiańskiego. Warszawa, 1958. S. 279 – 294.

4.       Кітурка, І.Ф. Магілёў і Магілёўская воласць у XVI стагоддзі / І.Ф.Кітурка SYMBOL 47 \f "Symbol" \s 12/SYMBOL 47 \f "Symbol" \s 12/ Старонкі гісторыі Магілёва: зборнік навуковых прац удзельнікаў навуковай канферэнцыіГісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”.Магілёў, 1998.

5.       Arhiwum Główny Akt Dawnych (AGAD). Archiwum Radziwiłłów (AR), dzial II, suplement, 8 (21).

6.       Российский государственный архив древних актов (РГАДА). Ф. 389, кн. 290.

7.       Łowmiański, H. “Wchody” miast litewskich  / H.Łowmiański // Ateneum Wileńskie. Rok I. Nr. 3-4. Wilno, 1923. S. 398 - 466.

8.       Литовская Метрика (1522 1530). 4-я книга судных дел. (Копия конца XVI в.). – Вильнюс: Издательство Вильнюсского Университета, 1998.

9.       AGAD. AR, dz. X, nr. 99.

10.    Довнар-Запольский, М.В. Очерки по организации западно-русского крестьянства в ХVІ веке / М.В.Довнар-Запольский. – Киев: 1-я артель Печатного дела. 1905.

11.    Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах.  Т. 1. ІХ – ХVІІІ ст. – Мн.: АН БССР, 1936.

 

 

 

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

 

 
 

Партнеры проекта

© Проект Гецевича Андрея©Мястэчкі Беларусі©Віртуальная Іўеўшчына 2008 разработка alfas 2006