Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі і культуры

Артыкул/Статья

?>

 
 

  


Городки

 

 

І.В. Соркіна
(Гродна, ГрДУ імя Я.Купалы)

ДА ПРАБЛЕМЫ ДАСЛЕДАВАННЯ УРБАНІЗАЦЫІ І ГОРАДА
ЯК ФАКТАРАЎ ГІСТАРЫЧНАГА РАЗВІЦЦЯ

 

 Праблемы урбанізацыі і гарады прыцягваюць увагу прадстаўнікоў розных галін ведаў – сацыялогіі, філасофіі, гісторыі, культуралогіі, эканомікі, геаграфіі і г.д. Спіс работ айчынных і замежных даследчыкаў, прысвечаных урбанізацыі, мог бы скласці сотні старонак. У бібліяграфіі, складзенай расійскім урбанолагам Г.А.Гольцам, толькі рускамоўных 7000 назваў [1, c. 4]. Даследаванне праблем урбанізацыі  забяспечвае раскрыццё многіх важных асаблівасцей, тэндэнцый і сутнасных сэнсаў развіцця грамадства. Галоўныя пошукі ў даследаваннях праблем урбанізацыі  звязаныя з вызначэннем сувязей урбанізацыі і горада, урбанізацыі і грамадства.

Шматпланавасць, шматузроўневасць тэмы урбанізацыі абумоўліваюць складанасці пры яе даследаванні. Вучоныя многіх краін прапаноўваюць розныя канцэпцыі і падыходы да вывучэння феноменаў урбанізацыі і горада. Даследаванні урбанізацыі ахопліваюць розныя яе ўзроўні і аспекты. Найчасцей характарыстыкі і асаблівасці урбанізацыі разглядаюцца ў рэгіянальных рамках. Значнае месца заняла тэматыка, звязаная з гістарычным паходжаннем і фарміраваннем старажытных гарадоў, з’яўленне якіх успрымаецца як пачатак станаўлення і развіцця урбанізацыі. Асобную сферу даследаванняў складаюць работы, прысвечаныя гісторыі гарадоў як носьбітаў урбаністычных традыцый.  Распрацоўваюцца  праблемы, звязаныя з асэнсаваннем ролі горада і працэсаў урбанізацыі ў розныя перыяды і ў гістарычнай дынаміцы. Пашыраюцца даследаванні, у якіх аналізуецца ўздзеянне урбанізацыі на развіццё грамадства і распрацоўваецца комплекс сацыяльных і сацыяльна-эканамічных праблем, звязаных з ёю. З’яўляюцца работы, у якіх урбанізацыя разглядаецца як асобая з’ява соцыякультурнага працэсу і фактар сацыяльнай эвалюцыі і г.д.  Аднак неабходна падкрэсліць, што пры ўсіх дасягненнях і актыўным разгортванні далейшых даследаванняў праблематыка ўрбанізацыі застаецца яшчэ ў многім нявывучанай.

Адно з найбольш складаных пытанняў  ва урбаністычнай праблематыцы – гэта ўзаемадзеянне горада і урбанізацыі. Па гэтым пытанні праходзіць размежаванне поглядаў на урбанізацыю, яе разуменне. У сучаснай урбаністыцы выдзяляецца накірунак, які арыентаваны на разгляд урбанізацыі як фактара ўплыву горада на развіццё грамадства, распаўсюджання гарадскога ладу жыцця. Гэты накірунак абапіраецца на адпаведную тэарэтычную базу, у ім выкарыстоўваюцца спецыфічныя метады даследавання. Асобны накірунак утвараюць даследаванні урбанізацыі, звязаныя з аналізам асаблівасцей эканомікі, сацыяльных структур, гісторыі гарадоў, характарыстыкі якіх ацэньваюцца як узроўневыя паказчыкі урбанізацыі грамадства.  Тут назапашаны вялізарны патэнцыял навуковых ведаў і сфарміраваліся свае прынцыпы пазнання горада як з’явы урбанізацыі.

Разам з тым усё больш актуальнай становіцца задача раскрыцця соцыякультурнага адзінства горада і працэсаў урбанізацыі як феноменаў, якія маюць адзіную сутнасць і гістарычную абумоўленасць, і як з’яў, якія не толькі знаходзяцца ў глыбокай узаемазалежнасці, але і не існуюць паасобна ў рэальным быцці. Разуменне гэтага, мэтанакіраванае даследаванне ўзаемадзеяння гарадскіх структур і урбанізацыйных працэсаў у іх сутнастным адзінстве можа забяспечыць найбольш поўнае раскрыццё іх гістарычнага значэння ў развіцці грамадства.

Расійскія спецыялісты-урбанолагі, у прыватнасці, Э.Сайко, прапаноўваюць “глабальнае” вызначэнне урбанізацыі, падкрэсліваюць, што урбанізацыя – не толькі паказчык, вынік, але і актыўна дзейнічаючы і пераўтваральны феномен, актыўна дзейнічаючы фактар працэса сацыякультурнага развіцця, сістэмаўтваральны кампанент цывілізацыі. Горад выступае рэальным матэрыяльным носьбітам і транслятарам урбанізацыйных працэсаў. Урбанізацыя з’яўляецца найважнейшым арганізуючым фактарам гістарычнага зместу сацыяльнай эвалюцыі  [1, c. 43 – 44].

Праблема горада распрацоўваецца актыўна і шматпланава: тысячы старонак прысвечаны спецыфіцы гарадскога жыцця, эканамічных структур, матэрыяльнай і духоўнай культуры горада  розных краін і кантынентаў; гістарычным асаблівасцям гарадоў антычных і раннесярэднявечных, Новага часу і сучасных. Такім чынам, у даследаваннях горад “расцягваецца” па эпохах, краінах, рэгіёнах. Горад застаецца не раскрытым як асобы арганізм і субстанцыя – суб’ект урбанізацыйных і сацыякультурных працэсаў.

У цэлым неабходна канстатаваць, што феномены урбанізацыі і горада патрабуюць больш глыбокага асэнсавання, міждысцыплінарных падыходаў у далейшым іх даследаванні. Становіцца актуальным  разгляд праблем урбанізацыі  не толькі ў сувязі з канкрэтна-гістарычнымі формамі і ўзроўнямі яе праяў, але і ў якасці самастойнай з’явы, як пастаянна дзейнічаючага фактара ў гістарычным развіцці грамадства.

Што датычыць праблем урбанізацыі і гарадоў у беларускай гістарычнай навуцы, то неабходна адзначыць, што гэта тэматыка застаецца маладаследаванай. Пры вывучэнні пытанняў урбанізацыі назіраецца тэндэнцыя пераноса акцэнтаў на горад, на даследаванне асаблівасцей яго развіцця ў розныя гістарычныя эпохі. Як правіла, у работах айчынных гісторыкаў разглядаюцца пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадоў Беларусі. Выключэнне складае манаграфія прафесара Захара Шыбекі “Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ – пачатак ХХ ст.)” [2], якая займае асаблівае месца сярод прац нашых гісторыкаў-урбаністаў. Тут горад вывучаецца як пэўная сістэма, як пэўная гістарычная з’ява – комплексна. Эканоміка, палітыка, культура ідуць побач. Горад разглядаецца ў цеснай сувязі з вёскай, вызначаецца роля мястэчак у гэтай узаемасувязі. Высвятляюцца фактары, якія ўплывалі на развіццё гарадоў, вынікі ўздзеяння саміх гарадоў на развіццё грамадскіх працэсаў, што дазволіла вызначыць ролю гарадоў Беларусі ў гісторыі беларускага народа парэформеннага перыяду. Фундаментальнае даследаванне З.Шыбекі прызнанае новай класікай беларускай гістарыяграфіі [3]. Класікай называюць і кнігу З.Шыбекі, прысвечаную старонкам гісторыі дарэвалюцыйнага Мінска [4]. Праца Шыбекі пра гарады Беларусі парэформеннага часу як бы павісла ў вакууме, які знаходзіцца па-за рамкамі абранага даследчыкам перыяду. У гэтай пустаце зоркамі рознай велічыні ззяюць прысвечаныя гарадам Беларусі работы Пятра Лысенкі, Георгія Штыхава, Зіновія Капыскага, Анатоля Грыцкевіча, Яфрэма (Афроіма) Карпачова, Алеся Краўцэвіча, Валянціны Чапко, Анатоля Лютага [5]. Але гэта толькі асобныя зоркі і зорачкі. Комплекснае, з вялікім храналагічным перыядам даследаванне па гісторыі беларускага горада, якое выйдзе за рамкі вывучэння толькі эканомікі гарадскога жыцця, яшчэ чакае свайго часу.

У Беларусі працэсы урбанізацыі былі звязаныя не толькі з гарадамі, але і з мястэчкамі, у іх канцэнтравалася частка гарадскога насельніцтва. Мястэчкі былі шырока  распаўсюджаным на Беларусі тыпам пасяленняў і аказвалі значнае ўздзеянне на фармаванне сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага аблічча нашага краю на працягу ўсяго перыяду іх функцыянавання. У гэтым сэнсе іх вывучэнне мае самакаштоўнае значэнне. Спецыяльнымі даследаваннямі праблемы мястэчак Беларусі з’яўляюцца працы вядомага польскага гісторыка Станіслава Александровіча, кандыдацкія дысертацыі Юрыя Бохана і Іны Соркінай, артыкулы Валерыя Шаблюка [6]. Розныя аспекты развіцця беларускіх мястэчак разглядаліся ў агульнагарадскім рэчышчы ў працах названых вышэй гісторыкаў-урбаністаў.

У беларускай гістарыяграфіі адсутнічаюць не толькі комплексныя даследаванні горада, але і урбанізацыі як з’явы і працэсу гістарычнага развіцця. Паказальна, што 6-томная “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” не ўтрымлівае артыкула, прысвечанага урбанізацыі. Мала месца адводзіцца асвятленню урбанізацыйных працэсаў на беларускіх землях і ў 6-томнай акадэмічнай абагульняльнай працы “Гісторыя Беларусі”, якая пачала выдавацца з 2000 г. і якая заклікана адлюстраваць сучасны стан гістарычнай навукі ў Беларусі. Пэўная ўвага тут нададзена асвятленню сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх гарадоў розных перыядаў: ІХ – ХІІІ стст. (В.Ляўко, Л.Калядзінскі), ХVІІ – XVIII стст. (В.Голубеў, Ю.Бохан), канец XVIII – пачатак ХХ ст. (А.Кіштымаў) [7]. Спробы асэнсавання асаблівасцей і ролі урбанізацыі ў жыцці беларускага грамадства зроблены Захарам Шыбекай (манаграфіі “Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ – пачатак ХХ ст.), “Нарыс гісторыі Беларусі. 1795 – 2002 гг.” [8], шэраг артыкулаў, у прыватнасці, “Семантыка беларускай гарадской традыцыі (пераемнасць і перарыўнасць) у ХІХ – ХХ ст.” [9] і інш.), Андрэем Кіштымавым і Яўгенам Насытка  (адпаведныя раздзелы у 4 томе згаданай “Гісторыі Беларусі” у 6-ці тамах [10]).  

Такім чынам, даследаванне гісторыі гарадоў і урбанізацыі застаюцца актуальнымі праблемамі гістарычнай навукі ў Беларусі. У прыватнасці, патрабуюць глыбокага вывучэння аспекты тэрміналогіі (“горад”, “урбанізацыя”, “урбанізацыйныя працэсы”, “урбанізаванае асяроддзе” і інш.); храналагічных рамак урбанізацыі (пачатак яе звязваюць то з часам узнікнення гарадоў, то толькі з перыядам фарміравання капіталізма); уздзеяння урбанізацыі на сацыяльную, дэмаграфічную структуру грамадства, на ўсе сферы яго жыццядзейнасці. Асаблівай увагі заслугоўваюць пытанні ўплыву урбанізацыі на нацыятворчыя працэсы сярод беларусаў, бо менавіта урбанізацыя ўкшталтавала сучасныя нацыі і нацыянальныя дзяржавы, а гарады з’яўляюцца своеасаблівымі лабараторыямі па самасцвярджэнні і самавыжыванні нацый. Пералік актуальных пытанняў, звязаных з гісторыяй гарадоў і урбанізацыйных працэсаў, можа быць доўгім. Неабходны комплексны падыход да вывучэння шматгранных феноменаў горада і урбанізацыі як фактараў гістарычнага развіцця. Дадзеная канферэнцыя з’яўляецца адным з крокаў да вырашэння задачы актуалізацыі такіх даследаванняў.

 

Крыніцы і літаратура

 

1.        Урбанизация в формировании социокультурного пространства. – М., 1999. – 285 с.

2.        Шыбека, З.В. Гарады Беларусі (60-я гг. ХІХ – пачатак ХХ ст.) / З.В.Шыбека, – Мн., 1997. – 319 с.

3.        Киштымов, А. Проблемы истории экономики Беларуси 19 – начала 20 в. в белорусской советской историографии / А.Киштымов // Гістарычны альманах. – 2001. – Т. 4. – С. 24.

4.        Шыбека, З.В. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада / З.В.Шыбека, С.Ф.Шыбека. – Мн., 1994. – 339 с.

5.        Лысенко, П.Ф. Города Туровской земли / П.Ф.Лысенко. – Мн., 1974; Штыхов, Г.В. Города Белоруссии по летописям и раскопкам (9 – 13 вв.) / Г.В.Штыхов. – Мн., 1975; Штыхов, Г.В. Города Полоцкой земли / Г.В.Штыхов. – Мн., 1978; Копысский, З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии (16 – 17 в.) / З.Ю.Копысский. – Мн., 1966; Копысский, З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в 16 – первой половине 17 в. / З.Ю.Копысский. – Мн., 1975; Грицкевич, А.П. Частновладельческие города Белоруссии в 16 – 18 в. / А.П.Грицкевич. – Мн., 1975; Карпачев, А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии во второй половине 17 – 18 в.: дис...д-ра ист. наук / А.М.Карпачев. – Мн., 1970; Чепко, В.В. Города Белоруссии в первой половине 19 в. (экономическое развитие) / В.В.Чепко. – Мн., 1981; Лютый, А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце 18 – первой половине 19 в. / А.М.Лютый. – Мн., 1987.

6.        Aleksandrowicz, S. Miasteczka Białorusi i Litwy jako ośrodki handlu w 16 i w I połowie 17 w. // Rocznik Białostocki. T.1. Białystok, 1961. S. 63-13; Aleksandrowicz, S. Kierunki produkcji rzemieśłniczej i przemysłowej w miasteczkach Białorusi i Litwy (16 do połowy 17 w.) // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Adama Mickiewicza. Historia. Z. 6. Poznań, 1964. – S. 23-54;  Aleksandrowicz, S. Zaludnienie miasteczek Litwy i Białorusi w 16 i w I połowie 17 w. // Rocznik dziejów społecznych i gospodarczych. Poznań, 1966. S. 35-67; Aleksandrowicz, S. Geneza i rozwoj sieci miasteczek Białorusi i Litwy do połowy 17 w. // Аcta Baltico-Slavicа. Białystok, 1970. T. 7. S. 47-108; Бохан, Ю.М. Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Беразіны ў 15 – 18 ст. (па археалагічных і пісьмовых крыніцах): дыс... канд. гіст. навук. – Мн., 1994; Соркіна, І.В. Роля  мястэчак у сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці Беларусі ў канцы 18 – першай палове 19 ст.: дыс... канд. гіст. навук. – Гродна, 1998; Шаблюк, В.У. Да праблемы даследавання мястэчак феадальпай Беларусі (па матэрыялах Верхняга Панямоння). // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў РБ (новыя  канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. У 2-х ч. Ч. 1. – Мн., 1994. – С. 49 – 57; Шаблюк, В.У. Забудова прынёманскіх мястэчак у 16 – 18 ст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. – Мн., 1995. - № 6. – С. 242 – 256.

7.        Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. – Мн., 2000.; Т. 3. – Мн., 2004.; Т. 4. – Мн., 2005.

8.        Шыбека, З.В. Нарыс гісторыі Беларусі (1795 – 2002) / З.В.Шыбека. – Мн., 2003. – 490 с.

9.        Шыбека, З.В. Семантыка беларускай гарадской традыцыі (пераемнасць і перарыўнасць) у ХІХ – ХХ ст. / З.В.Шыбека // Шуфляда. Часопіс найноўшай гісторыі. – 1999. - № 1. – С. 7 – 24.

10.     Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. – Мн., 2005. – С. 57 – 67, 118 – 137, 199 – 216, 222 – 233, 360 – 374.

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

 

 
 

Партнеры проекта

© Проект Гецевича Андрея©Мястэчкі Беларусі©Віртуальная Іўеўшчына 2008 разработка alfas 2006